Шрифт:
Асобы
Сцяпан Крыніцкі - засцянковы шляхціц, 45 г.
Альжбета - яго жонка, 40 г.
Паўлінка - дачка Крыніцкіх, 19 г.
Пранцісь Пустарэвіч - сваяк Крыніцкіх, 50 г.
Агата - яго жонка, 43 г.
Якім Сарока - настаўнік, 25 г.
Адольф Быкоўскі - 24 г.
Госці, музыкі.
Рэч адбываецца да рэвалюцыі, у хаце Крыніцкіх.
Акт першы
Абшырная святліца. Направа ад публікі вокны ў сад, бліжэй да аркестра - стол; каля стала - лавы і табурэцікі, над сталом - вісячая недарагая лямпа, на сцяне - абразы.
З’ява I
Паўлінка адна.
Стройная і досыць прыгожая дзяўчынка. Адзеўшыся ў недарагую крамніну, але чысценька; без хусткі - у валасах колькі грабеньчыкаў. Сядзіць на ложку і пільна шые крамны кафтанік. Як падымаецца заслона - Паўлінка пяе.
Паўлінка.
Ой, пайду я лугам, лугам,
Дзе мой мілы арэ плугам;
Ой, пайду я лугам, лугам!
Ён арэ поле валамі,
А я плачу ўсё слязамі;
Ён арэ поле валамі.
(Перастаўшы пець.)
Э-э! штось не пяецца сягоння. Неяк сэрцайка трасецца, як бы хто яго знячэўку перапужаў. А мо гэта песня вінавата? Даліпантачкі, аніяк не магу сама з сабой да ладу прыйсці. Ану, на шчасце зачну другую. Якую ж бы тут? Ага!.. (Пяе.)
Дый чаго ж ты, дуб зялёны,
Пахінаешся?
Дый чаго ж ты, мой міленькі,
Задумляешся?
(Пеючы, падыходзіць да акна і паглядае, пасля зноў садзіцца.)
А ўсё-такі нешта нецікава на сэрцы. І чаго яму, бедненькаму, не стае? Піць і есці, дзякаваць Богу, хватае, часам татка дае грошы і на сукенкі… Чаго, чаго, здаецца, тут хацець?.. Ох, ох, як жа маркотненька! Прост хоць збірай манаткі ды йдзі ўпрочкі з хаткі. Ужо вечарэе: зараз не будзе як шыць, а трэба сягоння канешне кончыць. Заўтра Пакровы… у Міхалішках кірмаш… Эх, эх, каб хаця той прыйшоў, каго так хочацца сягоння пабачыць. (Садзіцца пры акне і пачынае зноў, шыючы, пець.)
Ой, ляцелі гусі дый з-пад Беларусі,
Селі яны, палі на сівым Дунаі!
Селі яны, палі, ваду замуцілі
Дый нас, маладзенькіх, з сабой разлучылі.
Бадай тыя гусі марне запрапалі,
Як мы любіліся - цяпер перасталі.
(Паглядзеўшы ў акно.)
Ну, ужо зусім няма як без агню шыць! Зараз трэба запаліць лямпу. Цямнее і цямнее, ночка набліжаецца, а яго як няма, так няма! А шчыра абяцаўся, шэльма, напэўна прыйсці. (Шукае запалак і запальвае лямпу.) І што гэты тата да яго мае. З таго часу як даведаўся, што ён на мяне мілым вокам паглядае, усё роўна як чорная кошка між імі перабегла. Ён-то нічога, але тата - дык жыўцом бы яго з’еў. Ну, але тата сваё, Якім сваё, а я - сваё. Паглядзім, чый верх будзе: таткаў, ці мой, ці яго? (Падумаўшы.) Казаў, прыйдзе сягоння, каб там і ліха гарэла. «Трэба, кажа, сякую ці такую зрабіць пастанову. Мы, кажа, не дзеці - маем свой розум і можам сабой пакіравацца. Толькі ты, кажа, Паўлінка, павінна на гэта прыстаць канешне, бо іначай, кажа, згінем, як рудыя мышы…» (Ускочыўшы.) Ай! нехта ідзе. Ён, ён, напэўна ён!
З’ява II
Паўлінка, Якім.
Якім. Вось і я - як тут быў! Добры вечар ясне-пекнай панне Паўлінцы. Што, золатца маё ненагляднае, прачакалася трохі мяне, ненавісніка? (Глянуўшы на бакі.) А ці нікога няма? (Гаворачы, набліжаецца да Паўлінкі, вітаецца і хоча абняць яе.)
Паўлінка (баронячыся). Ой, ой! памалу! Усе дома, усе дома. Толькі ў Якіма не ўсе дома, бо поначы ходзіць да маладых дзяўчат. Дадуць, дадуць зараз пытлю старыя. (Тупаючы нагой.) Пазваленне ёсць гэтак позна прыходзіць?
Якім (садзячыся). Ёсць, ёсць, мая ты сакатушка, шчабятушка! Кажы толькі хутчэй, галубка мая бяскрылая: тата твой дома ці не? Бо ж сама ведаеш, якая ў нас з ім страшэнная любасць…
Паўлінка (садзячыся за шыццё). Ой, чаму ж не ведаю: як між катом і сабакам якраз. Але, але смела будзь, як у Бога пад прыпечкам. Паехалі абое на торг і, пэўна, позна вернуцца, бо маюць трохі сяго-таго да прадання і маняцца сякія-такія зрабіць пакупкі. Бачыш, заўтра мае быць трохі гасцей з кірмашу. (Абнімае Якіма, раптам знаходзіць у кішэні кнігу.) А гэта што? (Чытае няўмела першыя радкі з «Песні аб Сокале» М. Горкага. Потым ён забірае ў яе кнігу і сам чытае.)
Якім. Та-а-к! Значыцца, тым кшталтам, вечарынка будзе.
Паўлінка. Так, так! Вечарынка быць-то будзе, але не ўсе на ёй будуць.
Якім. Эх, Паўлінка! Ты ўсё сваё; мне і так горка на душы, як бы хто там палын засеяў, а ты яшчэ прытычкамі сваімі соліш. Вазьму на злосць ды прыйду. Што ж яны са мною зробяць?
Паўлінка. Зрабіць-то нічога не зробяць, але і ты сам нічога не зробіш, а толькі пераробіш…
Якім (робячы папяросу). Ці ясне-панна Паўлінка пазволіць мне закурыць пры ёй?
Паўлінка. Ого, скуль такая далікатнасць? Рукам каля дзяўчыны дае волю без пытання, а як папяроску закурыць, дык пазвалення просіць. Не пазваляю затое, вось і ўсё тут!
Якім. А я закуру.
Паўлінка. А я не дам!
Кідае шыццё і хоча адабраць папяросу. Нейкі час тузаюцца, бегаюць адно за адным па хаце і няўмысля раскідаюць на ложку падушкі.
Якім (бегаючы). Ну, ужо годзе, годзе, Паўлінка! Болей нічому без твайго пазвалення даваць волі не буду.
Паўлінка. Ну, калі так, то згода!
Садзяцца. Якім курыць. Паўлінка шые.
Якім (памаўчаўшы). Паўлінка!
Паўлінка. Га! Ці пан Якім забыўся, як я завуся?
Якім. Ды не! Я хацеў бы, золатца, сур’ёзна з табой пагаварыць.
Паўлінка. І-і!!! Ведаю я гэтыя сур’ёзнасці. Перш-наперш будзе, ці я люблю, пасля - ці вельмі моцна, а пасля - ці гатова ўсё чысценька зрабіць, што чарнабрывы Якім захоча, а там, а там… і паехала, як на непадмазаных калёсах… Ці ж не праўда?
Якім. Праўда-то праўда, але ўсяму мусіць быць канец.
Паўлінка. Ну, дык слухаем, вашэці. А вось, можа, і новую песеньку нам спяіцё. Адно толькі за ўмовай: або надта вясёлую-вясёлую, каб аж лявоніху захацелася ісці, або такую сумна-сумненькую, што, выслухаўшы яе, - раз, два ды бухтыль у вір галавою! вось так!
Паказвае і чуць не валіцца; Якім падхоплівае і садзіць яе на лаве.
Якім. Гэта будзе ад цябе, маё ты сонейка, залежаць. Як захочаш - такая і песенька выйдзе: або вясёлая, радасная, як бы самое неба яснае, або сумная, гаротная, як асеннія хмары над гэтай зямелькай чорнай. (Памаўчаўшы.) Эх, эх! І дакуль жа ўсё гэта будзе цягнуцца? Дакуль, як сухавей, сушыць і мучыць нас будзе?