Паўлінка
Шрифт:
Дый чым жа твая, дзеванька,
Галоўка занята? (і г. д.)
З’ява IV
Паўлінка, Сцяпан, Альжбета.
Сцяпан (п’янаваты, уваходзіць з Альжбетай з сенцаў і прыпявае).
Дзе мы едзем, дзе мы йдзём,
Карчмы не мінаем;
Дзе заедзем, дзе зайдзём, -
Там і пагуляем.
Альжбета (кладучы пакупкі на
Сцяпан. Маўчы, баба!.. Ты, каханенькая, родненькая, нічога не разбіраеш… Валасы доўгія, а розум кароткі. (Прыпявае.)
Ой, там, на гарэ,
Мужык жонкай арэ,
А другая падбягае:
«Запражы ж ты мяне».
(Хоча абняць Альжбету.)
Альжбета (адпіргнуўшы). Ах ты, гнілая качарэжка! Яшчэ, можа, табе чаго захочацца?..
Сцяпан (выкручваючы нагамі).
Дзед боб малаціў,
Баба падсявала…
Паўлінка. Тата! Ды кіньце ўжо!.. Ось лепей раздзявайцеся ды, можа, чаго з’ясцё.
Сцяпан. А можа, гэта і добра, каханенькая, родненькая… Каб так кіслай ды гарачай капусты. (Скідае вопратку і кладзе на куфар.)
Скіну бурку, скіну боты
Дый надзену лапці;
Кожны дурань ці разумны -
Пан у сваёй хаце.
(Садзіцца за стол.)
Паўлінка (кінуўшы шыццё на ложак, да Альжбеты). Мамка, дастаньце з куфра настольнік, а я прынясу вам з’есці. (Выходзіць.)
З’ява V
Сцяпан, Альжбета.
Альжбета (дастаючы настольнік з куфра). З кім ты гэтак намурзаўся?
Сцяпан (закурваючы люльку). Я і з тым, я і з сім, а ты, каханенькая, родненькая, згадай, - з кім?
Альжбета. А немач цябе ведае, з кім!
Сцяпан. Ці ж я не казаў, што ў цябе тут (торкаючы сабе пальцам у лоб) не ўсе дома? Але слухай: з зяцем!
Альжбета (здзівіўшыся). З зяцем?!
Сцяпан. Так, так, каханенькая, родненькая. Хто з сватам, хто з сваццяй, а як Сцяпан Крыніцкі, дык з родным зяцем.
Альжбета (накрываючы стол). Такі праўду кажуць, што гарэлка людзей з поля зводзіць. Калі ж ты ўспеў яго нажыць?.. Дачка яшчэ замуж не вый-шла, а бацька ўжо зяця мае!
Сцяпан. Калі не маю цяпер, дык буду мець у чацвер. Гэта, бачыш, ён яшчэ толькі збіраецца падмазацца да нашай Паўлінкі; ну, а каб слізчэй усё пай-шло, дык перш мяне ён падмазаў.
Альжбета (садзіцца). Так бы і казаў адразу. А хто ж гэта такі?
Сцяпан. Адольф Быкоўскі!
Альжбета. Э-э! Я думала, хто там!.. Ажно нічога людскога. Толькі ездзіць ды нюхае, якая дзяўчына пасагу больш мае, а сам дык голы як бізун.
Сцяпан. Пасаг нюхае, бо нос мае. Але ўсё-такі гэта для нас блін, ды яшчэ маслам падмазаны. Ён сам мне, каханенькая, родненькая, хваліўся, што яго гаспадарка ў сто раз лепшая ад усіх тутэйшых гаспадароў. За аднаго каня толькі, казаў, заплаціў сёлета тры сотні. «На гэтым жа кані, кажа, заўтра да васпанства заедуся з кірмашу». (Мацаецца па кішэнях, сам сабе.) Дзе ж бы яна падзелася?.. (Да Альжбеты.) Ты, баба, ці не бачыла кніжкі, што я купіў сягоння? Дзе яна прапала?
Альжбета. А што я, пастушка над тваімі кніжкамі? Прапіў, можа, з гэтым сваім зяцем.
Сцяпан (ідзе к куфру, знаходзіць у бурцы кніжку і кладзе яе за абраз, дзе Паўлінка палажыла фатаграфію). Каханенькая, родненькая, не думай, што я якую дрэнь выбраў сабе на зяця. Заўтра ён прыедзе, паглядзіш, дык адразу што другое запяеш. Адным словам, хлапец: шляхоцкага заводу, з рызыкай, з усякай далікатнасцяй і ўсё такое…
З’ява VI
Паўлінка, Сцяпан, Альжбета.
Паўлінка (уваходзячы з міскай, з лыжкамі і хлебам пад пахай). Аб кім гэта, татка, гаворыце, што мае ўсякую далікатнасць і ўсё такое? (Ставіць яду на стол і садзіцца за шыццё.)
Сцяпан (ядучы). Вельмі васпанна цікавая! Скора састарышся, каханенькая, родненькая, як усё будзеш ведаць.
Паўлінка (просячы). Скажыце, скажыце, татачка!
Сцяпан. Ага, ні села ні пала, захацела баба сала! Калі ўжо табе, каханенькая, родненькая, так хочацца, дык скажу. (З павагай.) Знакам тым, гэты паніч з далікатнасцяй і з усякім такім - мой зяць.
Паўлінка (пырснуўшы смехам). Зяць?!
Сцяпан. Знакам тым, ён не саўсім яшчэ зяць, але скора на яго выкіруецца.
Паўлінка. А як жа годнасць гэтага… гэтага, ну, як яго… што некалі татавым зяцем зробіцца?
Альжбета. Дык гэта ж, гэты… Ты, пэўна, яго бачыла некалі… Адольф Быкоўшчык.
Паўлінка. Быкоўшчык!!
Сцяпан. Але. Але! Пан Адольф Быкоўскі!
Паўлінка. Ну, хіба, татка, для яго другой дачкі пастараецеся або самі з ім ажэніцеся, каб перарабіць яго з простага чалавека на свайго зяця.
Сцяпан. А ты што? Зломак?
Паўлінка. Зломак - не зломак, але і за ламаку не пайду.
Сцяпан. А дзяга нашто?
Паўлінка. На ўсё, толькі не на паганяку к за-мужству.
Сцяпан. Каханенькая, родненькая, яшчэ па-глядзім, дзе каго пасадзім.
Альжбета (ядучы, да Сцяпана). Еш вот лепей, чымся з пустога ў парожняе пераліваць. Як прыедзе сватацца, тады тое і будзе.
Паўлінка. Татка, ведаеш не сягоння, за каго я толькі пайду або за нікога.
Сцяпан (змяніўшыся, кідаючы лыжку аб стол). Што?.. За каго?..
Паўлінка (устаючы і ідучы к ложку). За каго? За Якіма.
Сцяпан (стукаючы кулаком па стале). Маўчы, гадаўка! Раз сказаў, каб гэтага шэльмы і звання не было ў маёй хаце, каб яго імені я не чуў ніколі… гэтага недавярка, гэтага… гэтага забастоўшчыка! Дык і не забывайся аб гэтым, каханенькая, родненькая…