Буранны паўстанак (на белорусском языке)
Шрифт:
Едыгей выехаў на сваiм Буранным Каранары ранiчкай, каб дома быць увечары. Канечне, ён мог бы пад'ехаць i цягнiком. Але ён не хацеў гэтага рабiць, шкадуючы Абуталiпавых малых. Абодва яны, i старэйшы, i малодшы, усё гэтак жа дзень пры днi чакалi каля чыгункi бацьку. У iхнiх размовах, гульнях, ва ўсiм немудрагелiстым дзiцячым быццi чаканне бацькi было самым найгалоўным. А памагчы iм тут мог толькi Едыгей, якi ўсё мог i ўсё ведаў.
Едыгей i сам разумеў гэта i таму ўсяляк стараўся, каб малыя меней думалi пра бацьку. Помнячы, што Абуталiп наказваў гаварыць малым пра мора, ён успамiнаў усё новыя i новыя падрабязнасцi свайго дзяцiнства i рыбацкай маладосцi, усялякае рознае пра Аральскае мора. Эрмек
– А на Аральскiм моры ёсць такiя азёры з берагамi, ля якiх расце трыснёг. А ў тым трыснягу хаваюцца паляўнiчыя з ружжамi. I вось качкi ляцяць вясной на Аральскае мора. Зiмой яны жылi на другiх морах, дзе цяплей было, а калi расталi льды на Арале, ляцяць як найхутчэй i днём i ўначы, бо вельмi засумавалi па тутэйшых мясцiнах. Ляцяць яны вялiкай чарадой, хочуць паплаваць у вадзе, пакупацца, пакуляцца, i ўсё нiжэй яны i блiжэй да берага, а тут раптам агонь i дым з-за трыснягу - пах-пах! То страляюць паляўнiчыя. Качкi з крыкам падаюць у ваду. А каторыя залятаюць аж на сярэдзiну мора i кружаць там над хвалямi i крычаць. Бо яны прывыклi плаваць ля берагоў. А да берагоў ляцець баяцца.
– Дзядзька Едыгей, але ж адна качка адразу паляцела назад, туды, адкуль прыляцела.
– А чаму яна туды паляцела?
– Дык мой жа папiка там матросам, ён плавае там на вялiкiм караблi. Ты ж сам казаў, дзядзька Едыгей.
– Ну так, усё правiльна, - успамiнае Едыгей, не цямячы, што да чаго.
– Ну i што потым?
– А гэтая качка прыляцела i сказала майму папiку, што паляўнiчыя схавалiся ў трыснягу i стралялi ў iх. I што iм няма дзе жыць!
– Глядзi ты. I праўда!
– А папiка сказаў той качцы, што скора ён прыедзе, што на раз'едзе ў яго два хлопчыкi - Давул i Эрмек, i яшчэ ёсць дзядзька Едыгей. I калi ён прыедзе, мы ўсе збярэмся i пойдзем на Аральскае мора i прагонiм з трыснягоў паляўнiчых, якiя страляюць качак. I зноў качкам будзе добра на Аральскiм моры... Будуць плаваць у вадзе i куляцца вось так, цераз галаву...
Ад расказаў Едыгей пераходзiў на варажбу з каменьчыкамi. Цяпер ён пастаянна насiў пры сабе сорак адзiн каменьчык увелькi з буйную гарошыну. Гэты даўнi спосаб варажбы меў свае сакрэты, свае назвы. Калi Едыгей раскладваў каменьчыкi, прыгаворваючы, каб яны адказвалi без маны i адразу, цi жывы чалавек, iмя якога Абуталiп, дзе ён i цi скора дарога ляжа перад iм, i што на думцы ў яго, i што на душы, малыя засяроджана маўчалi, цiкуючы за тым, як клалiся каменьчыкi. Аднойчы неяк Едыгей неўпрыкмет падышоў да хлапчукоў, якiя гэтак сцiшылiся недзе ў кутку, што не заўважылi яго. Яны цяпер самi варажылi на каменьчыках. Эрмек раскладваў iх як умеў, перад тым кожны каменьчык падносiў да вуснаў i да iлба i кожнаму казаў:
– I цябе я люблю. Ты таксама вельмi разумны, добры каменьчык. I ты не памыляйся, не збiвайся, а кажы сумленна i праўдзiва, гэтак кажы, як гавораць каменьчыкi дзядзькi Едыгея.
– Вось бачыш, Давул, паказваюць яны няблага. Вось гэта дарога. Дарога трохi затуманена. Але нiчога. Дзядзька Едыгей кажа, што гэта дарожныя клопаты. У дарозе бывае. Бацька толькi i думае пра дарогу. Ён хоча сесцi ў сядло, але падпруга трохi саслабла. Яе трэба падцiснуць ямчэй. Пачакаем. А цяпер паглядзiм, што на правай рабрыне, што на левай рабрыне. Рэбры цэлыя. Гэта добра. А на лбе што ў яго? На лбе хмурнасць нейкая. Надта ён трывожыцца за нас. На сэрцы, бачыш гэты каменьчык, на сэрцы боль i туга надта сумуе па дому. Цi скора ў дарогу? Скора. Але адна падкова на заднiм капыце каня адстала, трэба перакаваць. Трэба пачакаць яшчэ. А што ў дарожных сумках? О, пакупкi з базару! А цяпер - цi будуць яму спрыяць зоры? Вось бачыш, гэтая зорка - Залатая канавязь. А ад яе пайшлi сляды. Яны яшчэ не зусiм выразныя. Але зразумела, што скора ў дарогу.
Буранны Едыгей неўпрыкмет адышоўся, расчулены, збянтэжаны i здзiўлены ўсiм гэтым. З таго дня ён пачаў пазбягаць браць у рукi каменьчыкi.
Але дзецi дзецьмi, iх яшчэ можна было неяк суцешыць, абнадзеiць, а калi на тое, узяўшы на душу грэх, i падманiць да пары да часу. Iншая дума, iншы клопат грызлi Едыгееву душу. Надта ён перажываў за мацi iх, Зарыпу. Ён не проста шкадаваў яе, спачуваў, як любы i кожны, ён як бы супакутаваў з ёй, ён думаў пра яе з любоўю, з неадступнай тугой i ўнутранай гатоўнасцю стаць для яе чалавекам, на якога яна магла бы пакласцiся ва ўсiм, што тычылася яе жыцця. I ён быў бы шчаслiвы, каб даведаўся, што яна, скажам, так i думае, што менавiта ён, Едыгей, самы адданы i самы шчыры да яе чалавек на свеце.
Гэта было пакутлiва - рабiць выгляд, што нiчога асаблiвага ў яго да яе няма, што памiж iмi нiчога i не павiнна быць!..
Па дарозе ў Кумбель ён заняты быў такiмi вось думкамi. Даймаў сябе iмi. Спахоплiваўся на тым, што дзiўнае ў яго нейкае прадчуванне - цi то скорага свята, цi то непазбежнай хваробы. А то здавалася яму часам, што ён адчувае сябе як бы на моры. Там заўсёды чалавек адчувае сябе па-другому, не як на зямлi, нават калi ўсё спакойна наўкол i, здавалася б, нiчога не пагражае. Як нi вольна, як нi радасна падчас адольваць хвалi, якiмi б прыгожымi нi былi адлюстроўкi ранiшняга i вечаровага сонца на вадзе, але ўсё адно трэба было вяртацца да таго цi iншага берага. Усё жыццё на вадзе не пратрымаешся. А на беразе чакае зусiм iншае жыццё. Мора - на час, суша - назаўсёды. Або на шляху да берага знайсцi выспу, асесцi там i ведаць, што тут тваё месца. I яму выразна ўявiлася: знайшлася такая выспа, забраў ён з сабой Зарыпу з малымi i жыве там. Да мора прывучыў бы малых i сам супакоiўся б на той выспе, не скардзячыся на лёс, а толькi радуючыся. Толькi б ведаць, што ў любы час можаш убачыць Зарыпу i быць для яе патрэбным, жаданым, самым родным чалавекам...
Але тут жа рабiлася сорамна перад сабой ад такiх жаданняў - ён адчуваў, як чырвань залiвала шчокi, хоць на сотнi кiламетраў наўкол i духу чалавечага блiзка не было. Кiнуўся ў летуценнi як хлапчук, на выспу, бач, захацелася, а чаго, спытаць, навошта? I цi яму пра такое марыць, яму, якога жыццё звязала па руках i нагах сям'ёй, дзецьмi, працай на чыгунцы, нарэшце, саразекамi, да якiх прырос, сам таго не заўважаючы, душой i целам... Дый цi патрэбны ён Зарыпе, нават калi i цяжка ёй, чаму ён павiнен думаць, што яна неабыякавая да яго? Малыя цягнулiся да яго, а Зарыпа?
Буранны Каранар iшоў знаёмай сцягой, колькi ўжо ходжанай, i, ведаючы, колькi яшчэ дарогi наперадзе, без гаспадаровай прынукi трухаў даволi жвава, ускрыкваючы i час ад часу стогнучы, пакiдаючы за сабой нямераныя саразекскiя адлегласцi, мiнаючы ўзвалкi, лагi, перасохлыя некалi азёры. А Едыгей, седзячы на iм, пакутаваў, думаючы сваё... I так поўнiлi яго гэтыя супярэчлiвыя пачуццi, што не знаходзiў ён сабе месца i душа яго таксама не знаходзiла прытулку ў нямеранай прасторы Сары-Азекаў... Так невыносна было яму...
У такiм настроi дабраўся ён у Кумбель. Хацелася, вядома, каб Зарыпа атрымала нарэшце адказ сваякоў на пiсьмы, але ад здагадкi, што сваякi могуць прыехаць па асiрацелую сям'ю i забраць яе, Едыгею рабiлася не па сабе. На пошце ў акенцы да запатрабавання адказалi, што паштовак для Зарыпы Кутыбаевай няма. I ён нечакана для самога сябе ўзрадваўся гэтаму. Мiльганула нават нядобрая думка: "Вось i добра, што няма". Потым ён добрасумленна выканаў яе даручэнне - адправiў тры тэлеграмы па трох адрасах. З тым i вярнуўся пад вечар...