Буранны паўстанак (на белорусском языке)
Шрифт:
Едыгей пачырванеў. Не ад сораму. Гневам поўнiлася ягоная душа, бо гэткай несправядлiвасцi, жахлiвай несправядлiвасцi ў адносiнах да Абуталiпа не чакаў. I ён сказаў, ледзь стрымлiваючы сябе:
– Ты вось што, не ведаю, якi ты там начальнiк, але ты да яго не чапляйся. Дай бог кожнаму быць такiм бацькам i мужам, i кожны табе скажа, якi ён ёсць чалавек.
– Добра, добра, супакойся, - адказаў вiрласты.
– Затуманiў ён вам тут мазгi. Вораг заўсёды прыкiдваецца.
Едыгей падняўся. Нiякавата надзяваў шапку.
– Дык як гэта... што цяпер будзе з iм? I праз гэтую пiсанiну браць чалавека, так?
Вiрлавокi порстка прыўстаў з-за
– Слухай, я табе яшчэ раз кажу: гэта не твая справа! Якое пакаранне вынайсцi ворагу - гэта мы ведаем! Няхай табе не балiць! Ведай сваё месца! Iдзi!
У той жа дзень на раз'ездзе Баранлы-Буранны позна ўвечары яшчэ раз спынiўся пасажырскi цягнiк. Але цяпер цягнiк iшоў у другi бок. I таксама стаяў нядоўга - хвiлiны тры.
Чакаючы ў цемначы яго падыходу, стаялi трое ў хромавых ботах - забiралi з сабой Абуталiпа Кутыбаева, а ў баку ад iх, за iх спiнамi, стаялi баранлiнцы Зарыпа з малымi, Едыгей i Укубала ды начальнiк раз'езда Абiлаў, якi ўсё нечага мiтусiўся, дагодлiва i брыдка, бо цягнiк спазняўся цi не на паўгадзiны. А Казангап, якога таксама дапрошвалi з выпадку няшчасных Абуталiпавых запiсаў, быў тым часам на стрэлцы. Гэта яму належала накiраваць сваiмi рукамi цягнiк на той пуць, па якiм павiнны былi везцi Абуталiпа як далей ад саразекаў. Букей заставалася дома з Едыгеевымi дзяўчынкамi.
Тыя трое ў ботах, з адчужана паднятымi ад ветру каўнярамi, напружана маўчалi. Баранлiнцы маўчалi таксама.
Вецер гнаў шархоткi снег з ледзь улоўным посвiстам. Бадай, на мяцелiцу бралася. Набракла, цяжарам гусцiлася шэрань у саразекскiх нябёсах. Дзiка, паныла, пуста свяцiў месяц - нейкая няпэўная да раздражнення пляма. Мароз апякаў шчокi.
Зарыпа цiхутка плакала, трымаючы ў руках вузельчык з ядой i адзеннем. Клубы пары ахутвалi Укубалу, што раз-пораз цяжка ўздыхала. Да яе цiснуўся Давул, якi нешта, мабыць, прадчуваў, бо трывожна маўчаў. I кроiў болем сэрца Эрмек на руках у Едыгея - малеча нiчога не разумеў.
– Папiка, папiка!
– клiкаў ён бацьку.
– Хадзi сюды, да нас. Чаго ты там адзiн?
Абуталiп уздрыгваў ад ягонага голасу, мiжволi парываўся адказаць нешта малому, але яму не дазвалялi азiрацца. Адзiн з тых траiх не вытрымаў:
– Не стойце тут! Чуеце? Iдзiце адсюль, потым вернецеся!
Давялося адступiць як далей.
Але вось паказалiся здалёк агнi паравоза, i ўсе заварушылiся, узнепакоiлiся. Зарыпа не вытрывала, заплакала ўголас. I разам з ёй заплакала Укубала. Цягнiк прарочыў разлуку. Прабiваючы святлом тоўшчу марознай iмглы, ён грозна насоўваўся, вырастаючы з клубаў туману ўсёй сваёй цёмнай i няўмольнай масай. I ўсё вышэй над зямлёй узнiмалiся, палалi ягоныя фары, усё выразней было вiдаць, як круцiлiся пасмы снегу на рэйках, усё чутней i трывожней быў шум таго паравоза. Вось ужо вiдны сталi i ягоныя абрысы.
– Папiка, папiка, глядзi - цягнiк iдзе!
– крычаў Эрмек i змаўкаў, здзiўлены тым, што бацька не абзываецца. I зноў спрабаваў дакрычацца да яго: Папiка, папiка!
Начальнiк раз'езда Абiлаў падбег да тых траiх:
– Паштовы вагон будзе ў галаве саставу. Прашу, прайдзiце, калi ласка, наперад. Вось туды.
I яны рушылi, цягнiк ужо наганяў. Наперадзе, не аглядваючыся, iшоў вiрлавокi з партфелем, за iм, суправаджаючы Абуталiпа, два яго шыракаплечыя памочнiкi, i на блiзкай адлегласцi ад iх подбежкам Зарыпа, за ёй Укубала, трымаючы за руку Давула. Едыгей iшоў збоч i трохi ззаду з Эрмекам на руках. I пакуль яны iшлi, змагаўся з сабой, стараўся саўладаць з цяжкiм пераселым горла камяком.
– Ты разумны хлопчык, Эрмек? Праўда, га? Ты разумны, не будзеш плакаць, скажы?
– мармытаў ён, прыцiскаючы да сябе малога.
А цягнiк тым часам, запавольваючы ход, наблiжаўся. Хлопчык на руках у Едыгея спалохана ўздрыгнуў, калi паравоз, раўняючыся з iмi, але ўсё яшчэ не спыняючыся, з рэзкiм шумам выпусцiў пару i калi пачуўся прарэзлiвы свiсток кандуктара.
– Не бойся, не бойся, - сказаў Едыгей, - нiчога не бойся, калi я з табой.
Цягнiк спынiўся з доўгiм, цяжкiм скрыгатам, заiнелыя, падслепаватыя ад наледзi на шкле вагоны застылi на месцы. I зрабiлася цiха. Але паравоз з шыпеннем тут жа выпусцiў пару, гатовы зноў крануцца з месца. Паштовы вагон быў наступны пасля багажнага. Вокны паштовага былi забраны кратамi, дзверы адчынiлiся з сярэдзiны. Выглянулi мужчына i жанчына ў форменных паштовых фуражках, у ватных штанах i целагрэйках. Жанчына з лiхтаром была, мусiць, за старшую. Грузная i шыракагрудая.
– Гэта вы?
– сказала яна, трымаючы лiхтар ля галавы так, каб святло падала на ўсiх.
– Чакаем вас. Месца гатовае.
Першы падняўся вiрлавокi з вялiзным партфелем.
– Ну давайце, давайце, не затрымлiвайце!
– загаманiлi адразу тыя двое.
– Я скора вярнуся! Гэта нейкае непаразуменне, - таропка казаў Абуталiп. Скора вярнуся, чакайце!
Укубала не вытрывала. Уголас зарыдала, калi Абуталiп пачаў развiтвацца з дзецьмi. Ён iх з усяе сiлы прыцiскаў да сябе, цалаваў i нешта казаў iм, напалоханым i няўцямным. А паравоз ужо быў гатовы ў дарогу. I тут пачуўся зноў пранiзлiвы, аж рваў душу, свiсток.
– Ну ўсё, давай-давай садзiся!
– пацягнулi тыя двое Абуталiпа да прыступкаў вагона.
Едыгей i Абуталiп паспелi на развiтанне моцна абняцца, скалануўшыся ў нейкi момант сэрцам, усёй iстотаю сваёй, прыцiскаючыся адзiн да аднаго мокрымi няголенымi шчакамi.
– Расказвай iм пра мора!
– шапнуў Абуталiп.
То былi ягоныя апошнiя словы. Едыгей зразумеў. Бацька прасiў расказваць сынам пра Аральскае мора.
– Ну хопiць тут, давай, ану давай!
– расцягнулi iх.
Падпiраючы ззаду плячмi, тыя двое ўпiхнулi Абуталiпа ў вагон. I тут толькi дайшла да свядомасцi малых страшная сутнасць расстання. Яны заплакалi ўголас, закрычалi:
– Папiка! Папiка!
I тады рвануўся Едыгей з Эрмекам на руках да вагона.
– Ты куды? Ты куды? Бог з табой!
– гарачлiва адпiхвала яго жанчына з лiхтаром, засланяючы цяжкiмi плячамi праход да дзвярэй.
Але нiхто не разумеў у тую хвiлiну, што Едыгей гатовы быў, каб на тое, сам паехаць замест Абуталiпа, каб па дарозе прыдушыць таго вiрластага ўласнымi рукамi, гэтак яму стала невыносна балюча, калi заплакалi, закрычалi малыя.
– Не стойце тут! Iдзiце адсюль, iдзiце!
– крычала жанчына з лiхтаром. I ад яе тхала тытунём i цыбуляй.
Зарыпа ўспомнiла пра вузельчык.
– Перадайце, перадайце, гэта яда!
– кiнула яна вузельчык у вагон.
I дзверы паштовага вагона зачынiлiся. Усё змоўкла. Паравоз даў сiгнал i крануўся з месца. Ён пайшоў, рыпуча раскручваючы колы, паволi набiраючы ход на марозе.
Баранлiнцы мiжволi памкнулi за цягнiком, iдучы побач з наглуха закрытымi дзвярамi. Першая ачомалася Укубала. Яна схапiла Зарыпу, прыцiснула да грудзей i не адпускала.
– Давул! Стой, стой тут, трымай маму за руку, - загадала яна, уся там, дзе ўсё мацней, усё часцей грукаталi колы...