Буранны паўстанак (на белорусском языке)
Шрифт:
Так i мiналiся гады адзiн за адным...
А пярэдадзень пяцьдзесят трэцяга на Баранлы-Буранным быў сапраўдным святам. Пра свята паклапацiлася, вядома, сям'я Кутыбаевых. Урэшце, i Едыгея забраў той святочны клопат. Пачалося ўсё з таго, што Кутыбаевым захацелася агораць дзецям ёлку. А дзе ўзяць ёлку ў саразеках, прасцей знайсцi яйка якога-небудзь дыназаўра. Гэта Елiзараў гаварыў пра тыя яйкi. Нiбы камянi тыя яйкi, кожнае ўвелькi з кавун. Ён iх i знайшоў. Знаходку адвезлi ў алма-ацiнскi музей. Пра тое i ў газетах пiсалi.
Давялося Кутыбаеву ехаць
Едыгей стаяў якраз ля склада, браў у начальнiка раз'езда новыя рукавiцы для работы, калi, рыплiва тармозячы, спынiўся на першым пуцi пабраны ранiшнiм iнеем таварняк. Доўгi састаў, спрэс запламбiраваныя чатырохвосныя вагоны. З адкрытай пляцоўкi апошняга вагона, з цяжкасцю перастаўляючы адубелыя ногi ў каляных ботах, спусцiўся на зямлю Абуталiп. Кандуктар саставу, што суправаджаў цягнiк, у вялiзным кажусе, у завязанай пад бараду зiмовай шапцы, няўклюдна соўгаючыся па пляцоўцы, пачаў падаваць яму нешта гламаздаватае i, мусiць, нецяжкае. Ёлка, здагадаўся Едыгей i здзiвiўся надта.
– Гэй, Едыгей! Буранны! Хадзi сюды, памажы чалавеку!
– гукнуў яму кандуктар, навiсаючы аграмадным целам над прыступкамi вагона.
Едыгей заспяшаўся, i калi падышоў, збаяўся за Абуталiпа. Белы да брывей, увесь аблеплены снегам, здранцвеў Абуталiп так, што вуснамi пашавялiць не мог. А побач ёлка, гэтае калючае дрэўца, праз якое Абуталiп ледзь не патрапiў на той свет.
– Як гэта людзi ў вас ездзяць!
– хрыплаватым голасам сказаў кандуктар. Хiба можна? Усю душу холад выцiсне.
Ледзь варушачы вуснамi, Абуталiп сказаў прабачлiва:
– Прабачце, так выйшла. Я зараз сагрэюся. Тут недалёка.
– Я ж яму казаў, - звяртаючыся да Едыгея, бурчаў кандуктар.
– Я ў кажусе, а пад кажухом цёплае адзенне, у валёнках, у шапцы, i то, пакуль здам перагон, вочы на лоб лезуць. А ён... Хiба так можна?
Едыгею было нiякавата:
– Добра навука, Трахiм! Едзь сабе. Добрай табе дарогi!
Ён падхапiў ёлку. Яна была халодная, невялiкая, увелькi з чалавекам. Тхнула ад ёлкi зiмовым лясным духам. Сэрца ёкнула - успомнiлiся франтавыя лясы. Там такога ельнiку было процьма. Танкамi валiлi, снарадамi карчавалi. Але ж не думалася, што калi-небудзь дарагiм падасца гэты пах.
– Хадзем, - сказаў Едыгей i зiрнуў на Абуталiпа, ускiдваючы ёлку на плячо.
На апалым ад холаду, з застылымi слязьмi на шчоках шэрым твары Абуталiпа ззялi з-пад белых брывей жвавыя, радасныя, урачыстыя вочы. Едыгею раптам зрабiлася страшна: цi ацэняць дзецi бацькоўскую адданасць? Бо ў жыццi спрэс i заўжды бывае зусiм наадварот. Замест удзячнасцi - абыякавасць, а то i нянавiсць. "Беражы бог ад такога. Хопiць яму i iншага гора", - падумаў Едыгей.
Першы ўбачыў ёлку старэйшы з Кутыбаевых - Давул. Ён радасна закрычаў i праслiзнуўся ў барачныя дзверы. Адтуль выскачылi лёгка апранутыя Зарыпа i Эрмек.
– Ёлка, ёлка! Глядзi, якая ёлка!
– радаваўся Давул, дурэючы ля ёлкi i смеючыся.
Зарыпа была ўзрадавана не меней:
– Ты ўсё-ткi здабыў яе! Якi малайчына!
А Эрмек, выяўляецца, нiколi яшчэ не бачыў ёлкi. Ён так i ўталопiўся вачамi ў яе.
– Мама, гэта ёлка, ёлка? Яна будзе жыць у нас?
– Зарыпа, - сказаў Едыгей, - паглядзi на мужа. Давай хутчэй адаграваць яго. Боты найперш трэба зняць.
Боты зрабiлiся калянымi. Абуталiп моршчыўся, сцiснуўшы зубы, стагнаў, калi з яго каторы раз спрабавалi сцягнуць боты. Дзецi шчыравалi асаблiва. То так, то гэтак хапалiся яны кволымi рукамi за тыя цяжкiя каляныя боты, што нiбы прымерзлi да ног.
– Дзятва, не замiнайце, дзецi, дайце я сама!
– адганяла iх мацi. Але Едыгей на тое цiха сказаў:
– Не чапай iх, Зарыпа. Няхай, няхай iм усцешна будзе. Ён душой сваёй адчуў, што для Абуталiпа найвялiкшая радасць - дзiцячая ўцеха. Асаблiва расчулiў малодшы. Эрмек чамусьцi называў бацьку папiкам. I нiхто яго не папраўляў, усе пагадзiлiся з ягонай выдумкай.
– Папiка! Папiка!
– радасна мiтусiўся ён, расчырванеўшыся ад марных намаганняў. Ягоныя валосiкi аж сталi стырчма, вочкi прагавiта гарэлi, а сам ён быў такi сур'ёзны, што мiжволi хацелася засмяяцца.
Трэба было неяк малым памагчы.
– Ану, хлопцы, сядайце за мной. Будзем як цягнiк - адзiн аднаго цягнуць. Давул, ты трымайся за мяне, а ты, Эрмек, хапайся за Давула.
Абуталiп зразумеў Едыгеевы хiтрыкi i ўхвальна закiваў галавой, заўсмiхаўся скрозь слёзы, што навярнулiся мо болей ад таго, што быў ён нядаўна з марозу.
Едыгей сеў насупраць Абуталiпа, за iм расселiся, пабраўшыся рукамi адзiн за аднаго, дзецi, i Едыгей, даўшы каманду, пачаў сцягваць бот. I прыгаворваў:
– Ану, хлапцы, мацней, дружней! Вось гэтак. А то мне аднаму не пад сiлу. Давай, давай! Давул! Эрмек! Мацней!
Хлапчукi яшчэ як старалiся памагчы! Зарыпа была балельшчыцай. Едыгей знарок рабiў выгляд, што яму цяжка, i калi нарэшце першы бот быў зняты, хлапчукi пераможна закрычалi. Зарыпа кiнулася была расцiраць мужу ступню, але Едыгей сказаў:
– Ану, хлапцы, ану, мама! Вы што ж гэта? А другi бот хто будзе сцягваць? А мо так i пакiнеце бацьку з адной разутай нагой? Цi добра так будзе?
I ўсе рассмяялiся нечага. Доўга смяялiся, аж качалiся па падлозе. Асаблiва хлапчукi i сам Абуталiп.
I хто ведае, думаў потым пра гэта Буранны Едыгей, шмат разоў стараючыся адгадаць страшную загадку, хто ведае, магчыма, менавiта ў той момант недзе вельмi далёка ад Баранлы-Бураннага iмя Абуталiпа Кутыбаева зноў усплыло ў паперах i людзi, што атрымалi тыя паперы, вырашалi на iх падставе пытанне, пра якое нiхто нi ў сне, нi наяве не здагадваўся - нi ў гэтай сям'i, нi на раз'ездзе.
Бяда звалiлася знянацку. Хаця каб Едыгей быў больш вопытны ў такiх справах, хiтрэйшы каб быў, можа, хоць бы i не здагадаўся, але хоць трывогу якую адчуў у душы.