Буранны паўстанак (на белорусском языке)
Шрифт:
Ад'ехаўшыся даволi далёка, Найман-Ана схавалася ў глыбокiм яры, што парос па краях палыном. Тут яна спешылася, паклала Акмаю на дно яра. I адсюль пачала наглядаць. Так яно i ёсць. Убачыў-такi. Праз некаторы час, падганяючы вярблюда рыссю, паказаўся той жуаньжуан. Ён быў узброены пiкай i стрэламi. Вiдаць было, як жуаньжуан няўцямна азiраўся кругом - куды падзеўся верхавы на белым вярблюдзе, якога ён убачыў здалёк. Ён не ведаў нават, у якiм баку шукаць. Пратрусiў адзiн, другi раз туды-сюды. Апошнi раз праехаў зусiм блiзка ад яра. Добра, што Найман-Ана здагадалася звязаць хусткай пысу Акмаi. Крый божа, вярблюдзiца падасць голас. Хаваючыся за палыном на краю абрыва, Найман-Ана добра разгледзела жуаньжуана. Ён сядзеў на махнатым вярблюдзе,
Парыскаўшы ўзад-уперад, жуаньжуан неўзабаве паехаў назад да чарады.
Быў ужо вечар. Сонца зайшло, але зарыва яшчэ доўга свяцiла над стэпам. Потым ураз сцямнела. I наступiла глухая ноч. I такой адзiнокай была Найман-Ана ў тую ноч у стэпе недзе недалёка ад свайго гаротнага сына-манкурта. Вярнуцца да яго пабаялася. Учарашнi жуаньжуан мог застацца на ноч пры статку...
I яна вырашыла не пакiдаць сына ў рабстве, паспрабаваць забраць яго з сабой. Няхай ён манкурт, няхай не разумее, што да чаго, але лепш няхай ён будзе ў сябе дома, сярод сваiх, чым у пастухах у жуаньжуаней у бязлюдных саразеках. Так падказвала ёй мацярынская душа. Прымiрыцца з тым, з чым прымiралiся iншыя, яна не магла. Не магла яна пакiнуць кроў сваю ў рабстве. А раптам у родных мясцiнах да яго вернецца розум, успомнiць, можа, дзяцiнства?..
Ранiцай Найман-Ана зноў села на Акмаю. Здалёк, робячы кругi, паступова наблiжалася яна да чарады, якая за ноч адышлася даволi далёка. Убачыўшы жывёл, доўга ўглядалася, цi няма каго з жуаньжуаней. I, пераканаўшыся, што нiкога няма, паклiкала сына:
– Жаламан! Жаламан! Добрай ранiцы!
Сын азiрнуўся, мацi ўскрыкнула ад радасцi, але адразу зразумела, што ён абярнуўся толькi на голас.
Зноў паспрабавала мацi прабудзiць у сына аднятую памяць.
– Успомнi, як цябе зваць, успомнi сваё iмя!
– малiла i пераконвала яна. Твой бацька Даненбай, ты хiба не ведаеш? А тваё iмя не манкурт, а Жаламан*. Мы назвалi цябе так таму, што ты нарадзiўся ў дарозе ў час вялiкага качэўя найманаў. I калi ты нарадзiўся, мы спынiлiся на тры днi. Тры днi святкавалi.
* Жаламан - iмя, утворанае ад двух слоў: "жол" - шлях, "аман" - здароўе, па сэнсу - будзь здаровым у дарозе (кiрг.)
I хоць яе словы нiяк не ўспрымалiся сынам, мацi ўсё ж працягвала расказваць, дарэмна спадзеючыся - раптам нешта мiльгне ў яго згаслай свядомасцi. Але яна бiлася ў наглуха закрытыя дзверы. I ўсё ж такi працягвала даводзiць сваё:
– Успомнi, як тваё iмя? Твой бацька Даненбай!
Потым яна накармiла, напаiла яго з сваiх прыпасаў i стала спяваць яму калыханкi.
Яе песнi яму вельмi спадабалiся. Яму прыемна было слухаць iх, i нешта жывое, нейкае пацяпленне з'явiлася на яго застылым, задубелым да чарнаты твары. I тады мацi стала пераконваць яго, прасiла пакiнуць гэтае месца, пакiнуць жуаньжуаней i паехаць з ёй да сваiх родных месц. Манкурт не ўяўляў, як можна ўстаць i паехаць некуды, - а як жа чарада?.. Не, гаспадар загадаў увесь час быць пры статку. Так сказаў гаспадар. I ён нiкуды не адлучыцца.
I зноў, каторы ўжо раз, спрабавала Найман-Ана прабiцца ў глухiя дзверы разбуранай памяцi i ўсё паўтарала:
– Успомнi, чый ты? Як тваё iмя? Твой бацька Даненбай!
Не заўважыла мацi, колькi часу прайшло, пакуль яна дарэмна ўгаворвала сына, спахапiлася толькi, калi на краю чарады зноў з'явiўся жуаньжуан на вярблюдзе. На гэты раз ён аказаўся намнога блiжэй i спяшаўся, усё хутчэй паганяючы вярблюда. Найман-Ана як найхутчэй села на Акмаю i пусцiлася наўцёкi. Але з другога боку, наперарэз, паказаўся яшчэ адзiн жуаньжуан на вярблюдзе. Тады Найман-Ана, разганяючы Акмаю, пайшла памiж iмi.
Быстраногая белая Акмая паспела вынесцi яе ўперад, а жуаньжуаны даганялi, крычучы i трасучы пiкамi. Куды iм было да Акмаi. Яны ўсё больш адставалi, трухаючы на сваiх махнатых вярблюдах, а Акмая, набiраючы дыханне, неслася па саразеках з недасягальнай хуткасцю, ратуючы Найман-Ану ад смяротнай пагонi.
Не ведала яна, што, вярнуўшыся, азлобленыя жуаньжуаны бiлi манкурта, спаганялi сваю злосць. Але што з яго возьмеш? Толькi i сказаў:
– Яна гаварыла, што яна мая мацi.
– Нiякая яна табе не мацi! У цябе няма мацеры. Ты ведаеш, чаго яна прыязджала? Ты ведаеш? Яна хоча садраць тваю шапку i адпарыць тваю галаву! застрашылi яны беднага манкурта.
Пры гэтых словах манкурт спалатнеў, яго чорны твар стаў шэрым-шэрым. Ён уцягнуў шыю ў плечы i, схапiўшыся за шапку, стаў азiрацца кругом, як звер.
– Да ты не бойся! На вось, трымай!
– Старэйшы жуаньжуан даў яму ў рукi лук са стрэламi.
– Ану цэлься!
– Малодшы жуаньжуан падкiнуў свой капялюш высока ў неба. Страла прабiла капялюш.
– Глядзi!
– здзiвiўся ўладальнiк капелюша.
– У руцэ памяць засталася!
Як спуджаная птушка, што выпырхнула з гнязда, кружыла Найман-Ана па саразекскiх ваколiцах. I не ведала, што рабiць, чаго чакаць. Цi пагоняць цяпер жуаньжуаны ўвесь гурт, а з iм i яе сына-манкурта ў другое месца, недаступнае для яе, блiжэй да сваёй вялiкай арды, цi будуць падпiльноўваць яе, каб злавiць? Мучачыся здагадкамi, яна аб'ездамi, хаваючыся, падгледзела i вельмi ўзрадавалася, што тыя два жуаньжуаны пакiнулi статак. Паехалi побач не азiраючыся. Найман-Ана доўга не спускала з iх вачэй i, калi яны схавалiся ўдалечынi, вырашыла вярнуцца да сына. Цяпер яна хацела абавязкова, што б там нi было, забраць сына з сабой. Якi ён нi ёсць - не яго вiна, што лёс такi выпаў, што так паглумiлiся над iм ворагi, але ў рабстве мацi яго не пакiне. I няхай найманы, убачыўшы, як калечаць захопнiкi палонных джыгiтаў, як знiшчаюць iх i забiраюць розум, няхай разгневаюцца i возьмуцца за зброю, каб помсцiць. Не толькi за зямлю. Зямлi ўсiм хапiла б. Але за такое зло нельга цярпець iх нават як далёкiх суседзяў.
З такiмi думкамi вярталася Найман-Ана да сына i ўсё думала-перадумвала, як яго пераканаць, угаварыць збегчы гэтай жа ноччу.
Ужо змяркалася. Над вялiкiмi саразекамi апускалася, непрыкметна ўкрадваючыся, хаваючыся па лагах i далiнах чырванаватым змрокам, яшчэ адна ноч з бясконцых мiнулых i будучых начэй. Белая вярблюдзiца Акмая лёгка несла сваю гаспадыню да вялiкага табуна. Промнi сонца, што цiха згасалi на даляглядзе, выразна высвятлялi яе постаць на вярблюджым мiжгорб'i. Найман-Ана была бледная i строгая. Сiвiзна, маршчыны, самотныя думкi ў вачах, як той змрок саразекскi - боль яе незагойны. Вось яна дасягнула статка, паехала памiж жывёлiнамi, стала аглядвацца, але сына не вiдаць было. Яго верхавы вярблюд з паклажай чамусьцi вольна пасвiўся, цягнучы за сабой повад па зямлi... Але самога яго не было. Што з iм?
– Жаламан! Сын мой Жаламан, дзе ты?
– стала зваць Найман-Ана.
I, трывожна азiраючыся па баках, не заўважыла яна, што сын яе, манкурт, хаваючыся ў цянi вярблюда, ужо цэлiўся, стаўшы на калена, нацягнутай на цецiве стралой. Бляск сонца перашкаджаў яму, i ён чакаў толькi зручнага для выстралу моманту.
– Жаламан! Сын мой!
– звала Найман-Ана, баючыся, што з iм нешта здарылася. Павярнулася ў сядле.
– Не страляй!
– паспела ўскрыкнуць яна i толькi панукнула белую вярблюдзiцу, каб павярнуцца тварам, але страла коратка свiснула, упiваючыся ў левы бок пад руку.