Буранны паўстанак (на белорусском языке)
Шрифт:
I зноў жа сэнс тых намаганняў Абуталiпа Буранны Едыгей зразумеў пазней, калi здарылася бяда. Тады яму стала ясна, што ў становiшчы Абуталiпа гэта было адзiнае, што ён мог зрабiць для сваiх дзяцей у баранлiнскiх умовах. Ён як ведаў, ён спяшаўся даць iм ад сябе як можна больш, ён нiбы хацеў такiм чынам застацца ў iх памяцi, жыць нанова ў сваiх дзецях. Вечарамi, калi Абуталiп прыходзiў з работы, ён i Зарыпа стваралi нешта накшталт школы - дзiцячага сада для сваiх i Едыгеевых дзяцей, дзецi вучылi лiтары, склады, гулялi, малявалi, спаборнiчаючы, у каго лепш атрымаецца, слухалi кнiгi, якiя чыталi iм бацькi, а таксама ўсе разам развучвалi розныя песенькi. Гэта было так цiкава, што i сам Едыгей стаў заходзiць i дзiвавацца, як гэта ўсё ў iх цудоўна выходзiла. I Укубала забягала часта нiбы па справе,
– Добры вечар! Вось i пяты вучань ваш з'явiўся ў дзетсад.
I дзецi прывыклi да яго наведванняў. Дочачкi яго былi шчаслiвымi. У прысутнасцi бацькi яны вельмi старалiся. Едыгей з Укубалай па чарзе тапiлi iм печ, каб па вечарах у бараку было цяплей i ўтульней для дзяцей.
Вось якая сям'я прытулiлася ў той год на Баранлы-Буранным. Але што дзiўна - такiм людзям звычайна не шанцуе.
Бяда Абуталiпа Кутыбаева была ў тым, што ён пабываў не толькi ў нямецкiм палоне, але, на шчасце цi няшчасце сваё, збегшы разам з групай ваеннапалонных з канцлагера ў Паўднёвай Баварыi, аказаўся ў сорак трэцiм годзе ў радах югаслаўскiх партызан. У югаслаўскай вызваленчай армii Абуталiп праваяваў да канца вайны. Там яго ранiлi, там вылечылi. Быў узнагароджаны югаслаўскiмi баявымi ордэнамi. Пiсалi пра яго ў партызанскiх газетах, змяшчалi фатаграфii. Гэта вельмi дапамагло, калi сталi разбiрацца з яго справай у кантрольна-фiльтрацыйнай камiсii па вяртаннi на радзiму ў сорак пятым годзе. Жывых iх засталося з тых, хто ўцёк з канцлагера, чацвёра, а было дванаццаць. Усiм чатыром пашанцавала яшчэ ў тым сэнсе, што савецкая кантрольная камiсiя прыбыла непасрэдна ў распалажэнне падраздзяленняў вызваленчай армii Югаславii i югаслаўскiя камандзiры далi пiсьмовыя сведчаннi аб баявых i маральных якасцях быўшых савецкiх ваеннапалонных, аб удзеле iх у партызанскай барацьбе з фашыстамi.
Нарэшце, праз два месяцы шматлiкiх праверак, апросаў, вочных ставак, чаканняў, спадзяванняў i адчаю Абуталiп Кутыбаеў вярнуўся ў свой Казахстан не тое каб абвiнавачаным, але без тых прывiлей, якiя былi ў звычайных дэмабiлiзаваных. Абуталiп Кутыбаеў не крыўдзiўся. Ён зноў, як i да вайны, стаў настаўнiкам геаграфii. I тут у адной са школ райцэнтра ён сустрэў маладую настаўнiцу пачатковых класаў Зарыпу. Бываюць такiя выпадкi ўзаемнага шчасця, рэдка, але бываюць. Не без гэтага ў жыццi.
А тым часам адшумелi ў свеце першыя пераможныя гады. Услед за трыумфальнай радасцю ў паветры замiльгалi першыя сняжынкi "халоднай вайны". А потым i падмарозiла. I сцiснулiся спружыны свядомасцi ў розных частках свету, у розных балючых кропках...
На адным з урокаў геаграфii гэтая спружына спрацавала. Рана цi позна, так цi iнакш, тут цi ў iншым месцы, але гэта павiнна было здарыцца. Не з iм, дык з некiм другiм, такiм, як ён.
Расказваючы вучням восьмага класа аб эўрапейскай частцы свету, Абуталiп Кутыбаеў спамянуў пра тое, як аднойчы вывезлi iх з канцлагера ў Паўднёва-Баварскiя Альпы на каменяломнi i як адтуль iм удалося, абяззброiўшы ахову, збегчы да югаслаўскiх партызан, расказаў, што ён прайшоў паў-Эўропы ў час вайны, бываў на берагах Адрыятычнага i Сяродземнага мораў, добра знаёмы з той прыродай, з жыццём мясцовага насельнiцтва i што ўсё гэта ў падручнiку немагчыма апiсаць. Настаўнiк лiчыў, што тым самым узбагачае прадмет жывымi назiраннямi вiдавочцы.
Яго ўказка хадзiла па сiне-зялёна-карычневай геаграфiчнай карце Эўропы, што была вывешана на школьнай дошцы, яго ўказка прасочвала ўзвышшы, раўнiны, рэкi, часта датыкаючыся да тых месц, што i цяпер снiлiся яму начамi, дзе кожны дзень iшлi баi, многiя леты i зiмы, i, магчыма, указка датыкнулася да той нябачнай на карце кропкi, дзе пралiлася яго кроў, калi збоку нечакана паласнула чарга варожага аўтамата, i ён павольна пакацiўся па схiле, пакiдаючы крывавы след на траве i каменнi, тая алая кроў магла б залiць усю вучэбную карту, i яму нават здалося на iмгненне, як закружылася тады галава i пацямнела, паплыло ў вачах, як, пераварочваючыся, падалi горы i ён закрычаў, клiчучы на дапамогу сябра-паляка, якi разам з iм мiнулым летам збег з баварскiх каменяломняў: "Казiмiр! Казiмiр!" Але той яго не чуў, таму што яму толькi здавалася, што ён крычыць з усёй сiлы, а на самай справе не абазваўся нi адным гукам i апрытомнеў толькi ў партызанскiм шпiталi пасля пералiвання крывi.
Расказваючы вучням аб эўрапейскай частцы свету, Абуталiп Кутыбаеў здзiўляўся сам сабе, таму, што можа пасля ўсяго перажытага так дзелавiта, так абстрактна гаварыць толькi пра тое, што мае дачыненне да элементарнай школьнай геаграфii.
I тут рэзка паднялася рука на першай парце i перапынiла яго:
– Агай*, значыць, вы былi ў палоне?
* Агай - настаўнiк.
На яго глядзелi з халоднай яснасцю жорсткiя вочы. Твар падлетка быў крыху адкiнуты назад, ён стаяў па стойцы "смiрна", i на ўсё жыццё запомнiлiся чамусьцi яго зубы, у яго быў адваротны прыкус - нiжнi рад перакрываў, выступаючы, верхнi рад.
– Так, а што?
– А чаму вы не застрэлiлiся?
– А чаму трэба было сябе забiваць? Я i так быў паранены.
– А таму, што нельга здавацца ў палон, ёсць такi загад!
– Чый загад?
– Загад зверху.
– Адкуль гэта табе вядома?
– Я ўсё ведаю. У нас бываюць людзi з Алма-Аты, з Масквы нават прыязджалi. Значыць, вы не выканалi загаду зверху?
– А твой бацька быў на вайне?
– Не, ён займаўся мабiлiзацыяй.
– Тады нам з табой цяжка гаварыць. Магу толькi сказаць, што iншага выбару ў мяне не было.
– Усё роўна вы павiнны былi выканаць загад.
– А ты чаго прычапiўся?
– З месца ўстаў другi вучань.
– Наш ваяваў разам з югаслаўскiмi партызанамi. Чаго табе трэба?
– Усё роўна ён павiнен быў выканаць загад!
– катэгарычна сцвярджаў той.
I тут клас загудзеў, лопнула мёртвая цiшыня: "Павiнен быў!", "Не павiнен!", "Мог!", "Не мог!", "Правiльна!", "Няправiльна!". Настаўнiк грымнуў кулаком па стале.
– Спынiць размовы! Iдзе ўрок геаграфii! Як я ваяваў i што са мной было, гэта ведаюць каму трэба i дзе трэба. А цяпер вернемся да нашай карты!
I зноў нiхто з класа не ўбачыў тую, можа, i не прыкметную кропку на карце, адкуль зноў паласнула збоку аўтаматная чарга, i настаўнiк, якi стаяў з указкай ля дошкi, памалу пакацiўся па схiле, залiваючы сваёю крывёю сiне-зялёна-карычневую мапу Эўропы...
Праз некалькi дзён яго выклiкалi ў райана. Там Кутыбаеву без лiшнiх слоў прапанавалi падаць заяву аб звальненнi з работы па ўласным жаданнi: былы ваеннапалонны не меў маральнага права вучыць падрастаючае пакаленне.
Давялося Абуталiпу Кутыбаеву з Зарыпай i з першынцам Давулам перабiрацца ў другi раён, далей ад абласнога цэнтра. Уладкавалiся ў аульнай школе. Нiбы прыжылiся, з жыллём уладкавалiся, Зарыпа, маладая здольная настаўнiца, стала завучам. Але тут адбылiся падзеi сорак восьмага года, звязаныя з Югаславiяй. Цяпер на Абуталiпа Кутыбаева глядзелi не толькi як на былога ваеннапалоннага, але i як на чалавека з няпэўным мiнулым, якi доўгi час быў у Югаславii. I хоць ён даказваў, што толькi партызанiў з югаслаўскiмi таварышамi, гэта не бралася на ўвагу. Усе разумелi i нават спачувалi, але нiхто не смеў браць на сябе якую-небудзь у гэтым сэнсе адказнасць. Зноў выклiкалi ў райана, i зноў паўтарылася гiсторыя з заявай аб звальненнi па ўласным жаданнi...
Пераязджаючы яшчэ многа раз з месца на месца, сям'я Абуталiпа Кутыбаева ў канцы пяцьдзесят першага года апынулася сярод зiмы ў саразеках, на раз'ездзе Баранлы-Буранны...
У пяцьдзесят другiм годзе лета было незвычайна спякотным. Зямля высахла, спражылася так, што саразекскiя яшчаркi i тыя не ведалi куды падзецца, прыбягалi, не баючыся людзей, на парог з дрыжачымi горламi i шырока разяўленымi ратамi - толькi б куды-небудзь схавацца ад сонца. А каршуны, шукаючы прахалоды, падымалiся немаведама як высока - iх немагчыма было ўбачыць вокам. Толькi час ад часу яны напамiналi аб сабе рэзкiмi адзiнокiмi ўскрыкамi i надоўга змаўкалi пасля ў гарачым, дрыжачым марыве.