Буранны паўстанак (на белорусском языке)
Шрифт:
Вясна тым часам павярнула на лета. Пабляклi, выпетралi саразекi. Нiякага знаку марагi-травы. Адвеку жоўты стэп зноў стаў жоўты. Гарачэйшым рабiлася паветра, неўзабаве павiнна была падступiцца спёка. А ад сваякоў Кутыбаевых не было нiякай весткi. Нi пiсьма, нi тэлеграмы. А цягнiкi iшлi праз Баранлы-Буранны, а жыццё iшло сваiм парадкам...
Зарыпа ўжо i не чакала адказу, зразумела, што нельга разлiчваць на дапамогу сваякоў, што не варта надакучаць iм пiсьмамi i просьбамi аб дапамозе. I, пераканаўшыся ў гэтым, жанчына кiдалася ў роспач - куды памкнуцца цяпер, як быць? Як сказаць дзецям пра iхняга бацьку, з чаго пачынаць, як наладжваць раскiданае жыццё? Адказу пакуль не было.
Магчыма, не менш чым сама Зарыпа, перажываў за iх Едыгей. Iхнi лёс быў неаддзельны ад ягонага лёсу. Цягам кожнага дня жыў цяпер
Колькi разоў мерыўся Едыгей прызнацца ёй, сказаць шчыра i проста, што любiць яе, што гатовы ўсе клопаты яе ўзяць на сябе, - толькi вось як гэта сказаць? Якiм чынам? Ды i цi зразумее яна? Бо не да таго, мусiць, цяпер ёй. Пастаянна ва ўладзе такiх думак, ён змрачнеў, губляўся, яму каштавала намаганняў хаваць свой настрой ад людзей.
Аднойчы ён усё ж адважыўся зрабiць намёк. Вяртаючыся з абходу па перагону, заўважыў яшчэ здалёк, як Зарыпа пайшла з вёдрамi да цыстэрны з вадой. Нешта падштурхнула яго да яе. I ён пайшоў. Не таму, што нiбыта зручны выпадак надарыўся. Але таму, што менавiта ў тую хвiлiну адчуў Едыгей неадольнасць жадання падысцi да яе i сказаць тое, што немагчыма ўжо было хаваць у сабе. Ён падумаў нават, што гэта найлепшае - няхай будзе як будзе, няхай адрыне, але затое з часам, можа, астыне, супакоiцца душа... Яна не бачыла i не чула, як ён падыходзiў. Стаяла спiной, адкруцiўшы кран цыстэрны. Адно вядро было поўнае ўжо i стаяла ўбаку, а пад струменем стаяла другое, з якога вада пералiвалася праз край. Вада пенiлася, ускiпала, плюхала праз край, бралася каля вядра лужынай, а яна быццам не заўважала гэтага, стаяла панура, прыхiнуўшыся плячом да цыстэрны. Зарыпа была ў паркалёвай сукенцы. Едыгею кiнулiся ў вочы пасмы кудзерыстых валасоў на скронi i за вухам, запалы твар, патанчэлая шыя, прыапушчанае плячо i паўсагнутая рука, што падпiрала бядро. Мо шум вады зачараваў яе, нагадаўшы горныя рэчкi i арыкi Сямiрэчча, цi проста глыбока задумалася ды так i засталася надоўга ва ўладзе гэтага роздуму. Хто ведае! Але толькi Едыгею сцiснула грудзi, калi прыняў у сэрца ўсё гэта, зразумеўшы, якое яно бясконца роднае яму, i захацелася раптоўна прылашчыць яе, абаранiць ад усяго, што прыгнятала i непакоiла. Але рабiць гэта нельга было. Ён толькi моўчкi закруцiў венцiль крана, перакрыўшы шапоткую ваду. Яна зiрнула на яго без здзiўлення, невiдушчым поглядам, нiбыта ён быў не побач, а недзе далёка ад яе.
– Ты чаго? Што з табой?
– сказаў ён спагадлiва.
Яна нiчога не сказала, усмiхнулася толькi куточкамi губ i няпэўна прыўзняла бровы над праяснелымi вачмi, нiбы казала пры тым: нiчога, маўляў, добра... так сабе...
– Табе дрэнна?
– зноў спытаўся Едыгей.
– Блага, - прызналася яна, цяжка ўздыхнуўшы.
Едыгей разгублена варухнуў плячмi.
– Чаму ты так не шкадуеш сябе?
– дакараў ён яе, хаця збiраўся гаварыць не пра тое.
– Як можна? Гэтым бядзе не пасобiш. I нам цяжка (ён хацеў сказаць - i мне) глядзець на цябе, i дзецям таксама. Зразумей. Трэба нешта рабiць, гаварыў ён, iмкнучыся падабраць словы, якiя, як таго хацеў ён, павiнны былi сказаць, што менавiта ён болей, чым хто на свеце, перажывае за яе i любiць яе.
– Ты вось сама падумай. Ну не адказваюць на пiсьмы, дык такой бяды, не прападзем. Бо з табой (ён хацеў сказаць - я) мы ўсе тут як свае. Ты толькi не кiдайся ў роспач. Працуй, трымайся. А хлопцы падрастуць (ён хацеў сказаць пры мне). I ўсё будзе дзякаваць богу. Навошта табе куды ехаць? Мы ж як свае. А я, ты сама ведаеш, без малых тваiх не магу.
– I змоўк, таму што сказаў столькi, колькi дазваляла яму яго становiшча.
– Я ўсё разумею, Едыке, - адказала Зарыпа.
– Дзякуй, вядома. Я ведаю, ты гатовы памагчы нам. Але нам трэба ехаць адсюль. Каб забылiся дзецi на тое, што тут было. Можа, тады прасцей будзе сказаць iм праўду. Цi тут сказаць? Вось i думаю, як быць...
– Можа, i так, - вымушана згадзiўся Едыгей.
– Толькi ты не спяшайся. Падумай. Ну куды ты з гэткiмi малымi, што iх там чакае? Я як сам падумаю, страшна робiцца, што застануся тут без цябе...
А праз колькi дзён пасля гэтай размовы надарыўся яшчэ выпадак, калi ён выдаў сябе з галавой i доўга каяўся, мучыўся, не знаходзячы гэтаму апраўдання.
З той памятнай паездкi ў Кумбель, калi Эрмек, спалохаўшыся цырульнiка, не даў сябе пастрыгчы, прайшло шмат месяцаў. Хлопчык так i хадзiў патлаты, валасы даходзiлi ўжо яму да плеч i замiналi ў гульнях. Але стрыгчыся не хацеў, пакуль Казангап не ўгаварыў яго. Калi ж скончылася стрыжка, добрая Букей, каб суцешыць малога, сказала: "Паглядзi, якi чысценькi стаў", - дала яму люстэрка. Ды выйшла не так, як яна разлiчвала. Хлапчук зiрнуў, не пазнаў сябе i яшчэ больш зарумзаў. Такiм сплаканым вяла яго Зарыпа з Казангапавага двара, калi сустрэўся на сцежцы Едыгей.
Эрмек умомант вырваўся з матчыных рук i кiнуўся з плачам да Едыгея.
– Паглядзi, паглядзi, што яны зрабiлi са мной!
Едыгей падхапiў малога на рукi i, прыцiскаючы яго да сябе, усёй iстотай сваёй адгукнуўся на яго бяду, на яго безабароннасць i давер, нiбыта ўсё гэта адбылося з iм самiм, i нечакана для сябе самога пачаў цалаваць малога i гаварыць, прыгаворваць хрыплаватым ад горычы i пяшчоты голасам, не разумеючы, можа, сэнс сваiх слоў:
– Супакойся, родны мой! Не плач. Я нiкому не дам цябе ў крыўду, я буду табе за бацьку! Толькi не плач!
– I зiрнуўшы на Зарыпу, якая стаяла перад iм уражаная, ён зразумеў, што перасяг нейкую забароненую рысу, i разгубiўся, паспяшаўся ад яе, з хлопчыкам на руках, мармычучы адны i тыя ж словы: - Не плач! Вось я зараз гэтаму Казангапу, вось я зараз яму пакажу! Вось я зараз!
Колькi дзён пасля таго Едыгей пазбягаў Зарыпу. Дый яна, як ён зразумеў, пазбягала сустрэч з iм. Каяўся Буранны Едыгей, што гэтак неасцярожна прагаварыўся, што збянтэжыў тым харошую жанчыну, у якой i без таго было даволi клапот. Але на ўсё жыццё запомнiў тое iмгненне, калi зайшлася ў iм душа ад пяшчоты да малога, запомнiў, якiмi поўнымi недаўмення i тугi вачамi глядзела на яго Зарыпа.
Ацiх на нейкi час Едыгей пасля гэтага выпадку, ўсё, што вымушаны быў у сабе затаiць, перанёс на Зарыпiных дзяцей. Ён бавiў з iмi кожную вольную хвiлiну, працягваючы расказваць, то паўтараючыся, то ўспамiнаючы нешта новае, усё пра мора ды пра мора, бо гэта было самай любiмай тэмай для iх. Пра чаек, пра рыб, пра пералётных птушак, пра аральскiя астравы, дзе жылi яшчэ такiя жывёлiны, якiх не пабачыш у iншых мясцiнах. I ўласная быль усё часцей прыгадвалася Едыгею, тое, пра што ён не расказваў бадай нiкому. Тым больш дзецям. Зналi пра тое толькi двое, ён i Укубала, але i памiж сабой яны нiколi не загаворвалi пра тое, пра свайго першынца, якi памёр. Каб ён быў жывы, гэты малеча, быў бы ён цяпер старэйшы нават за Казангапавага Сабiтжана гады на два. Ды не выжыў.
У пару той рыбацкай паласы, у маладыя гады, незадоўга да вайны перажылi яны з Укубалай дзiвосны выпадак. Такое здараецца, можа, аднойчы i нiколi не паўтараецца.
Едыгей памятае, як заўсёды хацелася яму як хутчэй вярнуцца з мора да Укубалы. Ён любiў яе. Ён ведаў, што яна яго таксама чакала. Больш жаданай жанчыны для яго тады не было. Яму здавалася часам, што ён iснуе толькi дзеля таго, каб увесь час думаць пра яе, накоплiваць у сабе пяшчоту мора i сонца затым, каб аддаваць ёй, жонцы, якая чакала яго, бо з гэтай аддачы вынiкала вялiкае шчасце, якое поўнiла абаiх. I калi яна адчула, што ў ёй нешта адбылося, што яна зацяжарыла, што скора быць ёй мацi, да ранейшага чакання мужа з мора дадалося яшчэ трывожлiвае чаканне дзiцяцi. Але ўсё адно то была найлепшая пара ў iх жыццi.
Аднойчы яна спытала яго, якая такая рыба алтын мекрэ: ледзь чула пра яе, але не бачыла. Ён сказаў ёй, што гэта вельмi рэдкая рыба з асятровых, глыбакаводная, даволi вялiкая, але знакамiтая яна найперш прыгажосцю: сама рыба сiнявата-рабая, а цемя, плаўнiк i грэбень на спiне - ад галавы да пачатку хваста - як з чыстага золата, дзiвосна гэтак блiшчыць i пералiваецца. Таму i завецца алтын мекрэ, залатая мекрэ, якая не кожнаму даецца ў рукi, але пра якую марыць кожны рыбак.
Наступным разам Укубала сказала, што ёй прыснiлася гэтая залатая мекрэ. Рыба нiбыта плавала наўкол яе, а яна спрабавала яе злавiць. Ёй надта хацелася злавiць тую рыбiну, а потым адпусцiць. Але абавязкова патрымаць тую рыбiну ў руцэ. Толькi рыбiна не давалася, i, прачнуўшыся, Укубала доўга не магла супакоiцца: ёй прыкра было, нiбыта i сапраўды нешта важнае абмiнула яе.