Буранны паўстанак (на белорусском языке)
Шрифт:
Едыгей саскочыў на зямлю, скiнуў шубу на снег i так - у ватоўцы i ватных штанах - раскруцiў бiч з пугаўя, якое трымаў у руках.
– Ты глядзi, Едыке, калi што, я яго звалю, - сказаў Каспан, узнiмаючы ружжо.
– Не, нi ў якiм выпадку. За мяне не турбуйся. Я гаспадар, я сам адказваю... Калi на цябе нападзе, тады страляй...
– Добра, - згадзiўся Каспан, застаючыся верхам на вярблюдзiцы.
Едыгей, стрэльнуўшы бiчом, пайшоў насустрач свайму Каранару. Каранар жа, убачыўшы, як ён наблiжаецца, яшчэ больш раз'ятрыўся i патрухаў, крычучы i пырскаючы слiнай, насустрач Едыгею. Тым часам маткi ўсталi з лежбiшча i таксама неспакойна забегалi кругом.
Ляскаючы бiчом, Едыгей iшоў па снезе i гукаў здаля Каранара, спадзеючыся,
– Эй, эй, Каранар! Не будзь дурнем! Чуеш, кажу! Гэта я! Ты што, аслеп? Гэта я, кажу!
Але Каранар не зважаў на ягоны голас, i Едыгею стала вусцiшна, калi ўбачыў пагрозлiвы, з-пад касмылёў, зiрк вярблюда i тое, як ён насоўваўся на яго ўсёй сваёй чорнай аграмадай, чорным гломаздам. I тады, як шчыльней насунуўшы на лоб малахай, Едыгей крутнуў бiчом. Бiч быў доўгi, метраў сем, плецены з цяжкой, прасмоленай скуры. Вярблюд крычаў, наступаў на Едыгея, стараючыся ўхапiць яго зубамi цi павалiць на зямлю i растаптаць, але Едыгей не падпускаў яго да сябе i паласаваў бiчом з усяе сiлы, адступаў i наступаў i ўсё крычаў яму, каб той апомнiўся i прызнаў гаспадара. Так бушавалi яны кожны сам па сабе, i кожны быў пры сваёй праўдзе. Аднаго толькi баяўся Едыгей: каб не выбiць Каранару вочы. Настырнасць Едыгеева змагла, нарэшце, Каранараву волю. Ляскаючы бiчом, крычучы, Едыгею ўдалося наблiзiцца да вярблюда, кiнуцца да яго, схапiцца за верхнюю губу са страшнай сiлай i тут жа налажыць на яе прыгатаваную ўжо закрутку. Каранар замычэў, застагнаў ад нясцерпнага болю, i ў яго спалоханых, вырачаных ад страху i болю вачах Едыгей убачыў выразны свой адбiтак i схамянуўся быў ад раптоўнага страху. Яму захацелася кiнуць усё i бегчы прэч, але ён тут жа адумаўся: яго чакалi ў Баранлы-Буранным, i нельга было вяртацца без Каранара. I ён перабораў сябе. Пераможна ўскрыкнуў i пачаў пагражаць вярблюду, прымушаючы яго легчы на зямлю. Трэба было яго асядлаць. Буранны Каранар усё яшчэ не паддаваўся, стагнаў i крычаў, дыхаючы на гаспадара горача i хрыпла, але гаспадар не шкадаваў яго. Ён прымусiў вярблюда скарыцца.
– Каспан, кiнь сюды сядло i адганi гэтых вярблюдзiц як далей, за сопку, каб ён iх не бачыў!
– крыкнуў Едыгей Каспану.
Той адразу скiнуў сядло з верхавой вярблюдзiцы, а сам пабег адганяць Каранараў статак. Тым часам усё было скончана.
Едыгей хутка ўсклаў сядло на Каранара i, калi прыбег Каспан i прынёс Едыгею кiнуты кажух, апрануўся i, не марудзячы, сеў верхам на асядланага i пацiшэлага Каранара.
Раз'ятраны вярблюд яшчэ рабiў спробу вярнуцца да адлучаных ад яго матак, хацеў нават, закiдваючы галаву набок, дастаць зубамi гаспадара. Але Едыгей ведаў сваю справу. I нягледзячы на рык i на зласлiвыя стогны, на раздражнёную жальбу некаму i на некага, Едыгей настойлiва гнаў Каранара снежным стэпам i ўсё стараўся даць яму рады.
– Перастань! Хопiць!
– казаў ён яму.
– Змоўкнi! Усё адно назад не вернешся, дурная твая галава! Думаеш, я табе зла хачу? Ды каб не я, застрэлiлi б цябе, як шалёнага звера. I справядлiва. Бо ты ашалеў! Матак табе сваiх мала. Дабярэмся дамоў - на ланцуг пасаджу!
Гразiўся Едыгей найбольш дзеля таго, можа, каб апраўдацца перад сабой. Бо сiлай забiраў Каранара ад ак-майнакскiх вярблюдзiц. I гэта было, калi на тое, несправядлiва. Але ж каб не Каранараў нораў!
Праз нейкi час Каранар пагадзiўся з тым, што зноў адчуў на сабе сядло, i з тым, што зноў прызнаў гаспадараву ўладу. Крычаў ужо меней, раўнейшай рабiлася яго хада, а потым перайшоў на трот, стрыгучы нагамi саразекскiя адлегласцi. I Едыгей супакоiўся, усеўся як зручней памiж гарбамi, захiнуўся ад ветру, падцiснуў ямчэй малахай i цяпер з нецярплiвасцю чакаў, калi будуць баранлiнскiя мясцiны.
Але было яшчэ даволi далёка да дому. Дзень выдаўся нiчога сабе. Трохi ветраны, трохi хмарны. Завiрухi ў блiжэйшы час не павiнна было быць, хоць не пра ноч тое сказана. Буранны Едыгей вяртаўся задаволены, што ўдалося ўтаймаваць Каранара, а яшчэ i вечар у Каспара ўспамiнаўся i спевы Эрлепесавы.
I Едыгей мiжволi вярнуўся думкай да няўдалага свайго жыцця. Што ж гэта такое! Як зрабiць, каб нiхто не пацярпеў i каб боль сваю не таiць, а сказаць адразу - так i так, маўляў, Зарыпа, люблю цябе. I калi Абуталiпавым дзецям не будзе ходу з прозвiшчам бацькi, дык няхай толькi захоча, запiшам гэтых малых на яго, Едыгеева, прозвiшча. Ён будзе толькi шчаслiвы, калi ягонае прозвiшча прыйдзецца на добрае Давулу i Эрмеку. I няхай iм будзе бесклапотна ў жыццi. Поспех няхай прыйдзе да iх, упэўненасць i ўменне. Хiба шкада дзеля гэтага прозвiшча аддаць? I такiя вось думкi круцiлiся ў Едыгеевай галаве.
Дзень ужо хiлiўся на вечар. Нястомны Каранар, як яму нi мулiла, рахмана iшоў пад ездаком. Вось наперадзе азначылiся баранлiнскiя лагi, вось знаёмыя яры, замеценыя снегам, вось узгоркi - i наперадзе, на выгiнастай падкове чыгункi вунь ён, ягоны раз'езд. Дым паўзе над комiнамi. Як там родныя ягоныя сем'i? Адлучыўся на дзень, а трывога такая, быццам цэлы год тут не быў. I засумаваў-такi, асаблiва па малых. Убачыўшы наперадзе селiшча, Каранар прыспешыў хаду. Пакуль Едыгей наблiжаўся да дому, на раз'ездзе паспелi сустрэцца i размiнуцца два таварнякi. Адзiн пайшоў на захад, другi на ўсход...
Едыгей быў ужо на двары, спяшаўся надзець ланцуг на пярэднюю нагу вярблюда. Хутчэй пайшоў ад яго. "Няхай ахалодае, рассядлаю пасля". Ён ужо выходзiў з загона, як насустрач - старэйшая дачка. Едыгей абняў яе, пацалаваў.
– Замерзнеш, - сказаў ён ёй. Яна была лёгка апранутая.
– Бяжы дамоў. Я зараз.
– Тата, - сказала Саўле, лашчылася да яго, - а Давула i Эрмека няма.
– Як няма?
– Паехалi. Назусiм. З мацi. Селi на цягнiк i паехалi.
– Калi паехалi?
– усё яшчэ не разумеючы, пра што гаворка, перапытаў ён, гледзячы ў даччыны вочы.
– Ды сёння ранiцай яшчэ.
– Вось як!
– дрыготкiм голасам азваўся Едыгей.
– Ну ты бяжы дадому, бяжы, - адпусцiў ён дзяўчынку.
– А я потым, потым... Iдзi, я зараз...
Саўле пабегла. А Едыгей, нават не зачынiўшы за сабой лаз у загоне, пакiраваў проста да барака. Iшоў i не верыў. Малая магла што-небудзь наблытаць. Не павiнна быць такога. Але на ганку было шмат слядоў. Едыгей з усяе моцы таргануў дзверы i, пераступiўшы парог, убачыў пустэльны пакой - тут не было нiкога. Нi дзяцей, нi Зарыпы!
– Як жа так?
– прашаптаў Едыгей у пустату, усё яшчэ не жадаючы зразумець да канца, што адбылося.
– Значыць, нiкога. Нiкога?
– сказаў ён здзiўлена i пужлiва, хаця i вiдно было, што людзi пакiнулi гэтае жытло.
I яму стала не па сабе, так блага, як нiколi за ўсё пражытае жыццё. Ён стаяў у кажусе пасярод пакоя, ля халоднай печы, не разумеючы, што рабiць, як быць далей, як задушыць у сабе боль i страту. На падваконнi ляжалi каменьчыкi, забытыя Эрмекам. Едыгей згроб каменьчыкi ў жменю, зацiснуў iх у далонi, - вось i ўсё, што засталося. Сiлы пакiдалi яго, ён адвярнуўся да сцяны, прыцiснуўся гарачым тварам да халодных дошак i зарыдаў сутаргава i няўцешна. I пакуль ён плакаў, з рукi яго падалi на падлогу каменьчыкi, падалi на падлогу з глухiм стукатам адзiн за адным, падалi i кацiлiся хто ў якi кут...
Потым ён абярнуўся, але раптам пачаў асядаць, спаўзаць долу, затрымаўся на кукiшках i сядзеў так, падпёршы спiной сцяну i ўсхлiпваючы... Дастаў з кiшэнi шалiк, падораны нядаўна Зарыпай, i выцiраў iм слёзы...
Так сядзеў ён у пакiнутым бараку i стараўся зразумець, што адбылося. Значыцца, Зарыпа паехала з дзецьмi ў яго адсутнасць назнарок. Значыць, яна баялася, што ён не адпусцiць iх. Ды ён i не адпусцiў бы iх нi ў якiм выпадку, нiзавошта. Чым бы гэта нi скончылася, не адпусцiў бы. Але цяпер было позна меркаваць, як i што было б, каб ён быў тут. Не было Зарыпы! Не было малых! Ды хiба ж ён разлучыўся б з iмi! Гэта ўсё Зарыпа, рашыла, што лепш паехаць у яго адсутнасць. Аблягчыла сабе ад'езд, не падумала пра яго, пра тое, як страшна будзе яму застаць апусцелы барак.