Чалавек ідзе
Шрифт:
Вось патроху ўсе пад'елі, супакоіліся. І разам з тым пачаў змяняцца іх выгляд. І позірк, і выраз твару, і кожны рух зрабіліся іншымі. Зноў было відаць, што гэта ўсё ж такі людзі.
Толькі вось крывавыя вусны і наогул кроў на целе рабілі непрыемнае ўражанне. Гэта нават адчувала і адна дзяўчына, гадоў пятнаццаці, крыху зграбнейшая за другіх. Яна ўвесь час старалася адцерці гэтую кроў. Потым, падышоўшы да крыніцы, каб напіцца, яна неяк паспрабавала пацерці цела мокрай рукой і зараз жа заўважыла, што кроў лягчэй адстае. Тады яна яшчэ і яшчэ пачала чэрпаць ваду і такім чынам
Гэты дзень яны скончылі зусім «па-чалавечаму». Яны былі пад'еўшыя і спакойныя, што рэдка здаралася ў іхнім жыцці. Яны не адчувалі цяпер ні холаду, ні голаду, не бачылі небяспекі. Ім не трэба было ўжо думаць аб ежы, яны мелі вольны час.
І цяпер яны ўжо не сядзелі так моўчкі і сумна, як раней. Яны хадзілі і наглядалі то за тым, то за другім. Час ад часу яны звярталіся адзін да аднаго з нейкім гукам, нібыта словам.
Праўда, не заўсёды сусед разумеў, што хацеў выказаць яго таварыш, але гэта невялікая бяда. Добра ўжо тое, што яны спрабавалі выказаць сваё ўражанне.
Вось нізка над галавой з шумам праляцеў бусел. Чалавек паглядзеў, і ў яго неяк сам сабою вырваўся гук «жу». Сусед яго таксама заўважыў птушку і таксама механічна паўтарыў «жу». І вось яны ўжо зразумелі адзін аднаго, абодва ведаюць, што гэтае «жу» азначае вось гэтую лятучую жывёлу. А калі пасля таго праляціць нейкі шпак ці грак, то яны таксама могуць сказаць «жу».
Праўда, можа, у гэты самы час другія два чалавекі сказалі другое «слова», можа, яны сказалі «гу». Але гэта не бяда: усё роўна і ў тых, і ў другіх гэтае слова зараз жа вылеціць з галавы і трэці раз яны знойдуць ужо зусім новае слова...
Адзін, другі, трэці, дзесяты раз так здарыцца, але ўрэшце ўсё ж такі застанецца нейкае слова, якое ўхопяць ужо больш людзей, якое потым будуць усе ведаць. Гэтае слова будзе ў іх азначаць наогул усё тое, што ляціць.
Але не з такіх паасобных і выпадковых слоў стварылася мова чалавека. Яна пачала развівацца толькі тады, калі людзі свядома ўзяліся за калектыўную працу. Калі пазней яны, скажам, капалі вялізную яму, каб злавіць маманта, то тут ужо аніяк нельга было абысціся без слоў, якія неабходны ў працэсе такой работы. Без такіх слоў яны не толькі не маглі б зрабіць агульную работу, але нават і прыступіць да яе.
Аднак гэта было значна пазней. А цяпер мы прысутнічаем пры самых першых кроках чалавека, пры самых першых яго гуках. Цяпер яны не маглі б сказаць многіх слоў, нават і прыдумаўшы іх, бо язык і горла не былі яшчэ да гэтага прыстасаваны.
Тым часам надыходзіў вечар, ціхі, мяккі. Можа, першы раз у сваім жыцці гэтыя людзі маглі звярнуць увагу на хараство прыроды: і на ружовы колер захаду, і на стройныя кіпарысы, што выразна вызначаліся за рэчкай, і на першыя зоркі, што адбіваліся ў вадзе.
Паказаўся месяц. Ён таксама здаваўся сёння нейкім ласкавым і добрым. Людзі сачылі за ім вачыма, і думка іх, якой бы яна яшчэ ні была, усё ж такі падымалася крыху вышэй і далей ад штодзённых клопатаў. У глыбіні душы нараджалася больш высокае
Пад такім уражаннем яны сёння і на дрэвы не лезлі, а паляглі спаць тут жа, пад кустамі, на сухім беразе крыніцы.
Не ведалі яны, што нядоўгае будзе іх шчасце.
III
Напад гіенаў.
– Барацьба за здабычу.
– Мастадонты.
– Засталіся людзям «рогі ды ногі».
– Чарапаха.
– Вялікія вынаходкі, якія засталіся незаўважанымі.
– Чалавек у багне.
– Бойка насарога з махайродамі.
Ноч праходзіла. Людзі спакойна сабе спалі і не чулі, што нешта набліжаецца. Ужо некаторы час здалёк былі чуваць нейкія непрыемныя галасы, нібы гаўканне, нібы рогат. Гукі паўтараліся, мацнелі, але ніхто з людзей іх яшчэ не чуў.
Прайшло яшчэ некалькі хвілін - і вось у цемры замільгалі постаці нейкіх жывёл, трохі падобных да сабак, але больш прыткіх, з тоўстай шыяй, са спадзістай спіной. Уздоўж усёй спіны тырчала нібыта грыва, а папярок бакоў відаць былі рудыя палосы.
Гэта былі гіены, якія і цяпер жывуць у Афрыцы. Гэтыя агідныя звяры кормяцца больш усялякай падлаю і рэдка нападаюць на людзей, нават калі тыя і спяць. Гіены пачулі труп аленя і асцярожна пачалі падбірацца да яго. Адна за адной падышлі і сталі прагна грызці мяса.
Бурчанне і хруст разбудзілі людзей. Яны трывожна закрычалі, паўскаквалі на ногі.
Гіены спалохаліся і адбегліся назад.
Людзі сабраліся каля аленя і нарыхтаваліся абараняць сваю здабычу.
Але гіены раззлаваліся і не хацелі адыходзіць; яны толькі зайшлі з другога боку і зноў пачалі набліжацца. Вось яны ўсё бліжэй і бліжэй, вось ужо відаць бліскучыя вочы, чуецца скрыгат зубоў, вось ужо засталося некалькі крокаў...
Што было рабіць няшчасным, бяззбройным людзям? Адысці і аддаць сваё багацце? Не, гэтыя звяры не такія ўжо страшныя, каб адступаць перад імі. Лепш кулакамі ды зубамі абараняцца...
І ўсе разам, нібы дагаварыўшыся, кінуліся яны на разбойнікаў. Напад быў такі грозны і шумны, што гіены перапалохаліся, завярнуліся назад і зніклі ў цемры.
Лёгка ўздыхнулі нашы людзі. Поспех надаў ім бадзёрасці і смеласці. Лішні раз яны пераканаліся, якую перавагу дае дружны агульны наступ. Да гэтага часу толькі гэта адно іх і падтрымлівала, замяняла ім зброю.
Але гіены зусім не думалі пакідаць поле бойкі. Праз нядоўгі час яны зноў пачалі набліжацца, праўда, больш асцярожна і павольна, але няўхільна. Калі надышоў крытычны момант, людзі зноў кінуліся на іх.
Так было некалькі разоў. Усю ноч гіены трымалі людзей у трывозе.
Набліжалася світанне. Становішча не змянілася.
Тады з лесу пачуўся новы шум, як быццам набліжалася цэлае войска. Трашчала галлё, ламаліся дрэвы. Нарэшце паказаліся нейкія велізарныя звяры, падобныя да сланоў. Яны ішлі якраз у гэты бок, відаць, на вадапой. Гіены адышліся крыху далей, а людзі пабеглі назад. Але, убачыўшы, што звяры не звяртаюць на іх аніякай увагі, людзі супакоіліся, спыніліся і пачалі назіраць, што будзе далей.