Чорны замак Альшанскі
Шрифт:
— Ясна, — сказала Сташка.
— Трубіць яму ўрачысты марш, — сказаў Сядун.
— Маршы — паскудства, — сказаў раптам Мультан. — Не люблю маршаў. Дрэнь. Што ваенны, што вясельныя. Усё адно бойка будзе. І невядома яшчэ, якая будзе страшнейшая. З ворагам ці з бабай. Так што мне нават дзіўна, з чаго гэта некаторыя (няўлоўны позірк у мой бок) самі ў мех лезуць.
— Ваісціну, — падтрымаў яго Вячорка. — Так ужо я кавалерам зайздрыў. Думаю, вось разумныя людзі.
— А далей? — спытаў Шчука.
— А калі быў арыштаваны і асуджаны Ўладак Высоцкі? Мы ведаем, першыя два гады ён недзе па-за Кладна. Пасля з'яўляецца. Служыць у пашпартным
— Так, кажа, што была размова з нейкім членам арганізацыі аб Альшанцы і гэтак далей. Той, здаецца, таксама не трапіў у гестапа. Але твар ягоны ксёндз памятаў невыразна, — сказаў Шчука.
— Дык калі быў пан Уладак арыштаваны і асуджаны?
— Шаснаццатага ліпеня, здаецца, — сказаў Шаблыка. — «Прысуд выканаць у дваццаць чатыры гадзіны».
— Нашы калі горад узялі?
— Васемнаццатага, — буркнуў Шчука. — Усё адно не супадае. Паспелі б яго пусціць у расход.
— Так, — сказаў я. — А што адбылося семнаццатага?
— Ах, чорт, — узвіўся Хілінскі. — Паўстанне ў горадзе. Вось пра гэта, Шчука, неяк ты і не падумаў. Цяпер ясна, чаму раптам выскачыў жывы, як чорт з табакеркі.
— Верна, паўстанне, — сказаў я. — Ноччу на семнаццатае. Перадчаснае паўстанне, бо нашы былі яшчэ на досыць дальніх пераходах. Ну так, крымінальныя пазбівалі замкі якраз у той час, калі паўстанцы выламалі турэмную браму. Ахова ўцякла. Так што горад быў наш. Палову ночы і палову дня. Усіх арыштаваных выпусцілі. Але тут паўстанне падавілі пагранічныя войскі, што адступалі, і паліцаі. Частку нашых абяззброілі і пасадзілі ў турму назад. І пачаліся спешныя расстрэлы. У адзін з іх трапіў наш Высоцкі. А калі не трапіў? Васемнаццатага нашы ўзялі горад.
— І што? — спытаў Вячорка.
— А тое, што, акрамя іншага, таго, аб чым я ім казаў і вам цяпер сказаў, я падумаў: а раптам Крыштоф, адзін раз уцёкшы ад смерці, мог і другі раз уцячы… І адразу пасля вызвалення зноў аджыла банда Куляша. Не ведаю, з кім ён там супрацоўнічаў, каго прадаваў, перад кім прыніжаўся… Але адно ясна. Аднаго забойства хлопца ў Замшанах хопіць, каб на тым чалавеку паставіць крыж. І ўжо не сумнявацца, што ён на кожнае, на самае страшнае злачынства здатны. Ну а як вы ішлі?
— Аб гэтым пасля, — сказаў Шчука. — Мы ішлі прыблізна той самай дарогай, што і ты. Але мы перш за ўсё шукалі. Ты — думаў. Ды яшчэ дапамог нам азартам, на які мы не маем права. Словам, знайшлі мы ўсё ж людзей. Знайшлі сведкаў.
— І што сказалі сведкі? — спытаў Мультан.
— А сведкі, — нявесела сказаў Шчука, — тыя, што засталіся, мала чым нас парадавалі. Цётка была з ім на апошнім спатканні. Усё ж гэта яна канчаткова штурхнула Крыштофа на ягоны шлях. Спатканне далі. У моры справядлівай нянавісці яна была таксама і адзіным чалавекам, які яму спачуваў… Не дапамагло яе спачуванне. Вайна. Агульнае замяшанне, збянтэжанасць. І ён у гэтым тлуме пакінуў турму. І след ягоны згубіўся ў натоўпе. Дзе ён быў, калі мы прыйшлі, — бог ведае. Можа, тады і склалася ядро яго будучай банды. А калі прыйшлі немцы, ён ужо дзейнічаў па лясах. І адначасова быў звязаны і з акупантамі. Таксама двайная бухгалтэрыя. Пра гібель падполля мы ўжо ведаем сёе-тое, а даведаюцца яшчэ больш. Перад прыходам нашых ён дзейнасць сваю часова прыпыніў.
— А сучасныя іхнія ўчынкі?
— Сучасныя — ужо факт. Ну, уставайце, хлопцы. Час.
Мы развіталіся з экспедыцыяй і пачалі спускацца з гарадзішча.
Маўчалі, дый не хацелася болей гаварыць пасля перажытага і перадуманага сёння.
— А ўсё ж без тваёй галавы ім цяжка давялося б, — сказаў Хілінскі, паклаўшы далонь мне на плячо. — Без расшыфроўкі таго тайнопісу.
— Без першай трывогі, якую падняў бедалага Мар'ян.
— Цяпер яны даведаюцца. Цяпер лягчэй.
Месяц, што пачаў ужо хіліцца, заліваў касцёл пранізлівым і бязмерна журботным святлом, рабіў чорны гмах замка менш грувасткім. Ён здаваўся ўжо ў гэтым святле і не такім чорным, а нібыта адліваў крыху ў блакітнае.
— Пройдзем праз замкавы двор, — нечакана сказаў я.
— Гэта нашто? — спытаў Мультан.
— А раптам дама з манахам…
— Ты што, у глупствы гэтыя верыш? — здзівіўся Шчука.
— Веру не веру, але праз гэта не здолею я паехаць адсюль зусім супакоены. Не можа быць, ведаю. Але ж я сам бачыў.
— Хадзем, — вельмі ціха сказаў Хілінскі. Я ведаў, што толькі ў яго не было скептычнага недаверу (як у Шчукі, Велінца і Шаблыкі), паэтычнай здатнасці верыць, якая больш за жаданне верыць у неверагоднае (як у Змагіцеля) і забабоннай веры Мультана і Вячоркі («Цалкам магчыма. Янку Целюку аднойчы патрызнілася, ды і я нешта такое бачыў»).
Толькі ў ім быў несапсуты ніякімі меркаваннямі і акалічнасцямі просты давер да мяне. Давер, які перш за ўсё прагнуў праверыць, а што там робіцца на самай справе.
Давер, які і ёсць фундамент усякага навуковага і ненавуковага поступу. Той давер, які не дазволіў Марыну Гетальдзічу смяяцца з вопыту Марка Антонія дэ Дамініса над лінзамі і геаметрычнай оптыкай, а Галілею не дазволіў узяць пад сумненне навуковую сумленнасць абодвух (аж да разгадкі імі таямніцы «божага моста», «брамы новага свету», вясёлкі), прадоўжыць іхнія доследы і ўрэшце стварыць і ўдасканаліць тэлескоп*.
* Марын Гетальдзіч (1568-1626) — славуты югаслаўскі матэматык, астраном і фізік, які шмат увагі аддаў аптычным даследаванням. Марк Антоній дэ Дамініс, або Маркантун Гасподнетіч (1560-1624) — славуты харвацкі грамадскі дзеяч і вучоны, аўтар тэорыі прыліваў і адліваў, тэорыі вясёлкі і праламлення святла. Памёр у сутарэннях інквізіцыі.
Гэты верыў і ведаў, што калі я так кажу, то «нешта напэўна было, а вось што — трэба памацаць».
Наша кампанія, што якраз уваходзіла ў цёмны тунель брамнай аркі, збоку, відаць, моцна нагадвала «Начны дазор» Рэмбранта. Такія сабе нашчадкі кашчавых гёзаў, крыху ацяжэлыя гараджане з прэтэнзіяй на ваяўнічасць і мужнасць (гэта дзеля прыгажунечак, якія глядзяць на іх праз шчыліны ў аканіцах).