Дэмакратыя i этычнае жыццё
Шрифт:
Аналіз «асабістых жаданняў» грамадзян суправаджаецца ў Русо сцвярджэннем, што «калі мы выкінем з гэтых самых волей узаемавыключныя плюсы і мінусы, то розніцай паміж імі будзе агульная воля». Пастулат Русо аб тым, што агульная воля можа быць агульнай толькі «з улікам усіх галасоў», таксама адзначаны імкненнем да колькаснага выражэння. Больш агульны характар і выказванне Русо аб працы заканатворцы, у якім ён сцвярджае, што «без свабоднага волевыяўлення людзей няма ніякай гарантыі, што воля асобнага індывідуума будзе адпавядаць агульнай волі». У іншым кантэксце ён недвухсэнсоўна заяўляе, што «любы закон, які не ратыфікаваны персанальна самім народам, не мае сілы; гэта ўвогуле не закон». Падаплёка відавочна тая, што агульная воля не існуе асобна ад сапраўднага галасавання ва ўсенародна выбраным органе. Элемент эгалітарнага індывідуалізму ў філасофіі Русо прыкметны яшчэ больш у яго прыкладзе з дзяржавай,
Хоць моцная сувязь паміж эгалітарным індывідуалізмам Русо і ягонай ідэяй агульнай волі відавочная, ён, тым не менш, прызнае, што абсалютная ўлада не можа належыць ніякай колькаснай большасці. Павінна быць ясна, піша Русо, што «агульная воля свой універсальны характар чэрпае ў значна большай ступені з таго, што аб'ядноўвае людзей, чым з колькасці тых, хто выказаўся». Адрозніваючы агульную волю ад волі ўсіх, Русо бачыць уласцівае адносінам паміж уласнымі інтарэсамі і агульнай воляй супрацьстаянне, але ў развіцці паслядоўнасці і яснасці гэтай ідэі не ідзе далей за наступнае выказванне: «У цэнтры ўвагі агульнай волі знаходзіцца толькі агульны інтарэс, у той час калі волю ўсіх цікавіць толькі інтарэс асабісты і яна з'яўляецца не больш чым сумай жаданняў індывідуумаў»3. Дарэчы, за гэтай фразай адразу ідзе цытаваны крыху вышэй сказ, дзе агульная воля апісваецца як вынік працэсу ўзаемавыключэння станоўчых і адмоўных момантаў і арыфметычнага складання воляў асобных людзей.
Прадстаўляючы агульную волю як абсалютную норму, Русо адначасова спрабуе прывесці яе ў залежнасць ад згоды асобнага індывідуума. На падставе яго часткова супярэчлівых поглядаў можна зрабіць выснову, што пунктам найбольшага набліжэння да спалучэння гэтых двух намаганняў з'яўляецца меркаванне, быццам у пэўных абставінах згода большасці пацвярджае наяўнасць схаванай у людзях волі, якая выяўляецца як агульная толькі ў выпадку галасавання ва ўсенародна выбраным органе ўлады. Такі паварот у разважаннях не здымае, а толькі падкрэслівае двухсэнсоўнасць поглядаў.
Цяжкасці, з якімі сутыкаецца Русо, тлумачацца ў значнай ступені тым, што ён не ставіцца да чалавека як да сацыяльнай па сваёй прыродзе істоты. Ен лічыць чалавека «цалкам самадастатковым і самотным». Такім чынам, агульная воля не можа быць тым прынцыпам, на якім грунтаваўся б стрыжань прыроды чалавека — яна павінна стаць нейкай сумай, падоўжаннем ці паглынаннем асобных індывідуумаў. Толькі на гэтым падмурку можа быць пабудавана сацыяльная прырода чалавека. «Арганізацыя чалавека — твор прыроды, арганізацыя грамадства — умелае вынаходства»4. Вось як Русо пісаў на гэтую тэму больш падрабязна:
Добра ведаць, якім чынам абыходзіцца з людзьмі, але значна лепей рабіць іх такімі, якімі ёсць патрэба іх бачыць. Абсалютнай уладай з'яўляецца тая, што пранікае ў самую глыбіню асобы чалавека і за мэту лічыць уплыў на ягоную волю ў ступені не меншай, чым на ягоныя ўчынкі. Безумоўна, народы ў рэшце рэшт ператвараюцца ў тое, што робіць з іх урад... Такім чынам, рабіце чалавека, калі хочаце распараджацца ім, калі хочаце зрабіць яго законапаслухмяным, выгадуйце ў ім любоў да законаў і, у завяршэнне, падкажыце яму яго абавязкі5.
Русо запэўнівае нас, што агульная воля — гэта не універсальны прынцып, які існаваў заўсёды, і нават не пачуццё палітычнага напрамку, якое вынікае з такога прынцыпу, а створаная чалавекам норма. Як кажа Русо ў «Грамадскім пагадненні», агульная воля ёсць закон, які чалавек вызначае, каб кіравацца ім у далейшым. Ад абвінавачанняў у поўнай адвольнасці Русо выратоўвае толькі імкненне звязаць агульную волю з дабрадзейнасцю ад прыроды. Агульная воля, лічыць Русо, мае маральную ўладу з тае прычыны, што вынікае з натуральных імкненняў індывідуума.
Адной з найбольш адметных адзнак аргументацыі Русо ў «Грамадскім пагадненні» з'яўляецца жорсткае размежаванне заканатворчых і выканаўчых функцый у дзяржаве. Згодна з яго меркаваннем, уся заканатворчая ўлада павінна належаць агульнай волі, якая павінна мець характар «агульны ў дачыненні як да сваёй мэтанакіраванасці, так і да сваёй прыроды» і «стварацца ўсімі і для ўсіх». Агульная воля «не можа быць звязана з канкрэтным аб'ектам»6. Ужыванне агульных правілаў у канкрэтных абставінах — функцыя выканаўчай улады, якую Русо напераменку кліча ўрадам, магістратам ці ўладаром. Выканаўчая функцыя цалкам падпарадкавана вярхоўнай агульнай волі. У адрозненне ад заканадаўчай улады, якая, каб быць дэмакратычнай, павінна забяспечваць волевыяўленне ўсіх грамадзян, прыняцце выканаўчых рашэнняў можа даручацца ў залежнасці ад абставін аднаму інстытуту (або манархіі), ці некалькім (або арыстакратыі), ці кожнаму грамадзяніну (апошняя схема ёсць тое, што Русо разумее як дэмакратыю). Можна сказаць, што настойлівасць Русо адносна жорсткага размежавання выканаўчай і заканадаўчай дзейнасці з'яўляецца сімптомам філасофскай блытаніны, якая ўзнікае падчас спробы сцвердзіць у якасці абсалютнай нормы палітычны парадак, які вельмі далёкі ад універсальнасці. Часткова гэтую блытаніну можна выявіць, прааналізаваўшы погляд Русо на прадстаўніцтва.
Што датычыць заканадаўчай функцыі, Русо рашуча адхіляе ідэю прадстаўніцтва, якое выключаецца самою прыродай агульнай волі. «Незалежнасць не можа быць прадстаўлена з той самай прычыны, з якой не можа быць адабрана; сутнасць незалежнасці ў агульнай волі, а воля не можа быць дэлегавана — гэта або агульная воля, або нешта іншае». Далей Русо піша: «Паколькі закон ёсць не што-небудзь іншае, як праява агульнай волі, то зразумела, што прадстаўніцтва народа ў заканадаўчай уладзе немагчыма».
Сэнс таго, што ён мае на ўвазе, Русо тлумачыць на прыкладзе імкнення да свабоды ў англічан. На справе, сцвярджае ён, народ свабодны, толькі калі выбірае членаў Парламента. «Як толькі Парламент выбраны, народ зняволены»7.
Адмоўнае стаўленне Русо да прадстаўніцтва, далей, умацоўвае той погляд, што агульная воля неаддзельная ад рашэнняў грамадства. Калі б яна была трансцэдэнтная рашэнням такога ўзроўню і магла быць спасягнутая на ўзроўні індывідуальным, то можна было б весці размову аб прадстаўніцтве грамадзян заканадаўцамі. Русо наадрэз гэта адхіляе і, тым не менш, па-ранейшаму быццам не заўважае тую праблему, што наўрад ці магчыма, каб кожны грамадзянін прысутнічаў у галоўным органе ўлады на кожным галасаванні. Больш за тое, прынятыя заканадаўчай уладай законы будуць уплываць і на тых, хто яшчэ малады для абрання ў яе. Калі не скасоўваць усё дзейнае заканадаўства з-за таго сцвярджэння Русо, што законы павінны «стварацца ўсімі і тычыцца ўсіх»8, то патрэбен, здаецца, механізм, які забяспечваў бы нейкае прадстаўніцтва ў заканадаўчым органе тых, хто не ўдзельнічае ў галасаванні.
Цікава, што ў разважаннях наконт выканаўчай функцыі дзяржавы месца свайму гарачаму адмаўленню прадстаўніцтва Русо ўжо не находзіць: «Такое прадстаўніцтва можа і павінна быць у выканаўчай уладзе, якая ёсць толькі інструмент ажыццяўлення закона»9. Каб зразумець значнасць размежавання ў філасофіі Русо заканадаўчай і выканаўчай уладаў, варта бліжэй разгледзець ягоную ідэю агульных законаў і прыкладаў іх канкрэтнага ўжывання.
Паняцце агульных законаў, г.зн. праяў агульнай волі, у Русо надзвычай цяжка прасачыць. Прычына такой цяжкасці ў напружанасці, да якой у яго філасофіі прыводзіць спроба зблізіць да поўнага атаясамлення тое, што не можа быць аб'яднана: абсалютны крытэрый маральнасці, з аднаго боку, і праявы палітычнай волі — з другога. Невыразна адчуваючы, што галоўны прынцып дабра і зла не можа атаясамлівацца з канкрэтнымі палітычнымі актамі, Русо адначасова імкнецца прадставіць волю большасці як асноўны крытэрый маральнасці, у выніку чаго законы, прынятыя агульнай воляй, набываюць у яго надзвычай абстрактны характар. Па словах Русо, каб заканадаўчы акт зрабіўся сапраўдным законам, яго прадмет павінен быць «агульным у той жа ступені, што і агульная воля, якая стварыла яго». Далейшае тлумачэнне гэтая ідэя атрымлівае ў яго сцвярджэнні, што «кожны акт вярхоўнай улады, г.зн. кожны сапраўдны акт агульнай волі, у аднолькавай абмежавальнай ці спрыяльнай ступені паўплывае на ўсіх грамадзян; для вярхоўнай улады існуе толькі народ, і ніякіх падзелаў сярод грамадзян яна не робіць». «Закон разглядае ўсіх суб'ектаў разам і ўсе дзеянні — у абстрактным уяўленні», — працягвае Русо так, нібыта выведзены ім крытэрый без усялякіх цяжкасцяў ужывальны ў сапраўдным палітычным жыцці. У адмоўнай фармулёўцы агульная воля «страчвае ўсю сваю прыродную маральнасць, калі скіроўваецца на канкрэтны і акрэслены аб'ект»10.