Дэмакратыя i этычнае жыццё
Шрифт:
У кантэксце супольнасці канцэпцыя ўсеагульнага дабра больш чым проста тэрмін, які акрэслівае паспяховы кампраміс паміж канфліктуючымі своекарыслівымі інтарэсамі. Прынцып дабра для ўсіх тычыцца таго элементу зносін паміж людзьмі, які трансцадэнтны да асабістай выгады. На гэтых прынцыпах павінна грунтавацца сумеснае жыццё ва ўмовах нейкай этычнай высакароднасці пры падтрымцы агульнага культурнага росту. Такі тып жыцця не патрабуе абароны з дапамогай аргументаў на карысць уласнага інтарэсу, хоць людзі, аб'яднаныя такім ладам жыцця, атрымліваюць ад яго задавальненне. Яно самаапраўдальнае. Усё, што працуе на яго, можа быць апраўдана, але не абслугоўваннем інтарэсаў той ці іншай групоўкі або асобы, a скіраванасцю на каштоўнае ад прыроды існаванне. Чалавек разумее, што прызначэнне яго — быць часткай супольнасці. Ва ўмовах грамадства людзі аб'ядноўваюцца вакол агульнага каштоўнаснага стрыжня. Паводле
Трэба дадаць, што супольнасць як этычную мэту грамадства нельга здзейсніць цалкам. Яе ажыццяўленне азначала б поўнае знікненне з зямлі своекарыслівых матываў. Ha ўсім працягу свайго пабудавання супольнасць суіснуе з эгаізмам. На падставе таго, што прагучала падчас абмеркавання адносін паміж маральнасцю і своекарыслівасцю,4 мы можам сцвярджаць, што імкненне да ўласнай выгады ніколі не будзе маральным. Этычныя сілы супольнасці, якія змяшчае грамадства, здольныя, аднак, у пэўнай ступені прыстасаваць імкненне да ўласнай выгады да мэтаў маральнага жыцця і зрабіць эгаістычнасць падкантрольнай. Калі прыводзіць прыклад, дык бізнесмен, які заклапочаны выключна сваім уласным дабрабытам і задавальненнем і імкнецца да прыбытку як да сродку набліжэння гэтай мэты, можа ў пэўных абставінах садзейнічаць прасоўванню мэтаў больш высокіх. Калі патрабаванні рынку, якія бізнесмен імкнецца задаволіць, акультураны і хаця б часткова вынікаюць з жадання пакупнікоў ажыццявіць маральныя мэты, то ягонае жаданне атрымаць прыбытак, які з'яўляецца ўзнагародай за эфектыўнае абслугоўванне патрэб спажыўцоў, можа быць на карысць этычнага жыцця грамадства. Нягледзячы на нізкую маральную якасць уласнага канчатковага матыву, ягоныя эканамічная рызыкоўнасць і ўяўленчыя здольнасці прасоўваюць больш высокія мэты. Ці возьмем, напрыклад, прагнага на ўладу дэмакратычнага палітыка, удзел якога у палітыцы заснаваны на адзіным матыве — пашырэнні свайго ўплыву. Нават яго своекарыслівае расшаркванне перад выбаршчыкамі можа быць на карысць маральнасці, калі імкненні яго прыхільнікаў маюць пэўны этычны змест5.
На ўсім працягу пошуку чалавекам свайго сапраўднага прызначэння паступова складаецца агульнае адчуванне таго, якая дзейнасць спрыяе дасягненню гэтай мэты, а якая — замінае. У грамадстве, для якога такі пошук — адна з асноўных спраў, увесь гістарычны погляд чалавецтва з'яўляецца каштоўнай крыніцай аналізу і арыенціраў, на якой грунтуецца ўсталяванне канкрэтных нормаў выхавання і адукацыі, а таксама інтэлектуальнай, творчай і палітычнай дзейнасці, якія, у сваю чаргу, падтрымліваюць той тып гуманістычных грамадскіх адносін, які цалкам залежыць ад індывідуальных валявых актаў. У такім грамадстве традыцыя з'яўляецца адначасова праявай і апорай дабрадзейнага жыцця. Яна дапамагае скіраваць волю і ўяўленчыя здольнасці чалавека на здзяйсненне вечнай духоўнай мэты. Яна ёсць стваральная, фарміруючая сіла, што стрымлівае спантаннае распаўсюджванне дачасных і памылковых меркаванняў і паводзін. Можна сказаць, што, заахвочваючы чалавека на пэўную стабільнасць учынкаў, традыцыя дапамагае прызвычаіцца весці дабрадзейнае жыццё. Па словах Арыстоцеля, «маральная дабрадэейнасць вынікае са звычкі»6.
Тут, аднак, неабходна падкрэсліць, што традыцыя хоць і ўтрымлівае вельмі каштоўныя арыенціры жыцця, але не з'яўляецца ўвасабленнем вышэйшага прызначэння чалавека. Здаровая традыцыя заснавана на імкненні напоўніць станоўчым зместам людское адчуванне духоўнай мэты, але гэтае адчуванне трансцэдэнтнае да любых канкрэтных формаў грамадскага і індывідуальнага існавання. I тым не менш, дабрадзейнае жыццё па-за традыцыяй — з'ява немажлівая. Недасканалы чалавек здольны дасягнуць цывілізаванасці толькі дзякуючы таму, што прыйшоў у гэты свет у пэўнае культурнае асяроддзе, якое ўвасабляе досвед і праніклівасць продкаў. Дабрадзейнае жыццё ёсць грамадскае тварэнне не толькі ў тым сэнсе, што вымагае супрацоўніцтва жывых, але і таму, што ўтрымлівае намаганні пакаленняў мінулага. I аднак з прычыны недасканаласці людскіх здзяйсненняў і зменлівасці абставін традыцыяналізм, маючы сапраўдную каштоўнасць, не можа разглядацца як вызначальная догма ў дачыненні да статус кво. Начэпліванне на дух цывілізацыі культурных шораў пазбавіць яго свабоды развіцця і можа нават прывесці да яго канца. Сфарміраваныя перакананні і нормы павінны пастаянна ацэньвацца адносна той мэты, ажыццяўленне якой яны прызначаны прасоўваць і якую непасрэдна ўсведамляе чалавек.
Той факт, што найбольшыя цаніцелі культурнай традыцыі часцей за ўсё адстойваюць і неабходнасць уяўленчага і крытычнага аналізу сучаснага грамадства, — ніякае не парушэнне логікі. Сярод такіх людзей — Эдмунд Бэрк. У ягоным класічным выказванні пра «схільнасць захоўваць і здольнасць паляпшаць» як першай характарыстыкі дзяржаўнага дзеяча відавочна прасочваецца спалучэнне павагі да звычаяў мінулага і гатоўнасць аспрэчваць лад жыцця сучаснага грамадства. Той жа погляд знаходзіць адлюстраванне ў сцвярджэнні Бэрка пра тое, што «дзяржава, якая не ведае, як здзяйсняць змены, пазбаўлена сродкаў свайго захавання»7. Аналагічныя погляды выказвае адзін з вядучых амерыканскіх паслядоўнікаў Бэрка Расэл Керк, калі піша, што «ў здаровым грамадстве ўплыў традыцыі павінен быць зраўнаважаны моцным элементам дапытлівасці і індывідуальнага бунту»8. Нельга ігнараваць той факт, што «ў свеце адбываюцца змены; у кожным жыццяздольным грамадстве адбываецца пэўнае адмаўленне ад традыцый і гатовых рацэптаў і пэўны ўклад кожнага пакалення ў атрыманую спадчыну меркаванняў і поглядаў»9.
Часам у грамадстве ўзнікае моцнае непрыманне ўжо занадта даўніх культурных традыцый. Гэта праблема вымагае тэрміновага рашэння — ці вынікае спроба парваць з прынцыпамі, якія доўгі час паважаліся, з высноў, зробленых у выніку больш глыбокага аналізу. Цалкам магчыма, што гэтая спроба з'яўляецца вынікам няздольнасці засвоіць культурную спадчыну і адлюстроўвае нішто іншае, як аслабленне волі і здольнасці адпавядаць высокім патрабаванням сапраўднай цывілізаванасці. Відавочна, што неабходнасць ацэнкі вымагае не толькі ведання новага погляду, але і дакладнага разумення старажытных традыцый, якія нібыта аджылі сваё.
Такім чынам, захавання, на самай справе, патрабуе ўсведамленне высокага прызначэння чалавека, а не традыцыя як недакладнае яго тварэнне. Адзнакай стваральнай культуры будзе яе здольнасць выдаліць са сваіх традыцый усё часовае, абумоўленае патрэбай імкнення і не маючае сапраўднай каштоўнасці, і беражліва захоўваць тое ў традыцыях, што адпавядае асноўнаму і вечнаму імкненню чалавека. Прынцыпы дабрадзейнага жыцця атрымліваюць сваё адлюстраванне ў традыцыі, паколькі з'яўляюцца сталым кампанентам гісторыі на фоне пастаянных зменаў. У адрозненне ад культурнай інерцыі здаровая традыцыя заключаецца ў тым, што ўвасабляе этычныя, інтэлектуальныя, творчыя і палітычныя адкрыцці чалавека дзеля здзяйснення яго прызначэння. Цывілізаваны чалавек ёсць бенефіцыярый гістарычнага працэсу, атрымліваючы ад апошняга магчымасць замяніць часовае ў сваім асяроддзі і сабе самім на тое, што мае вечны сэнс і вечную каштоўнасць. Гэты аргумент можна звязаць з паняццем адзінкавасці і мноства Платона, якое дало тэму нашаму абмеркаванню этычнага жыцця, наступным чынам: прыхільнасць да традыцыі ёсць частка спробы чалавека захаваць сваё ўспрыманне адзінства сярод разнастайнасці форм людскога досведу.
Заўвагі
1 Такі спосаб класіфікацыі чалавечай дзейнасці быў прапанаваны Бенэдэта Крочэ. Гл. яго «The Philosophy of the Practical», пераклад Douglas Ainslie (New York: Biblo and Tannen, 1967). Чытачу варта ведаць, што пераклад гэтай працы слабы.
У адрозненне ад чатырох прапанаваных Крочэ катэгорый я не прымаю яго манісцкія філасофскія пасылкі. Падлягае сумненню і тое, ці сапраўды дакладны малюнак чалавечага жыцця прапануюць распрацаваныя Крочэ катэгорыі. Нават калі яны і апісваюць той узровень жыцця, які Арыстоцель называў «палітьгчным», а Ірвінг Бэбіт — «гуманістычным» або «цывілізаваным», ці даюць яны гэтаксама поўнае ўяўленне аб тым, што знаходзіцца вышэй за гэты ўзровень, а менавіта — святасці?
2 Aristotle. The Nichomachean Ethics. Пераклад David Ross (London: Oxford University Press, 1954), 228 (1166a). Тэорыя сяброўства Арыстоцеля распрацавана, у асноўным, у кнігах VIII і IX.
3 Irving Babbitt. Democracy and Leadership (New York: Houghton Mifflin Co., 1924), 9.
4 Гл. раздэел I гэтага даследавання, ст. 1925.
5 Безумоўна, гаворка не аб тым, што ўсе бізнесмены з'яўляюцца ўвасабленнем хцівасці, а палітыкі прагнуць улады.
6 Aristotle. Nicomachean Ethics. 28 (1103a).
7 Edmund Burke. Reflections on the Revolution in France (London: Everyman's Library, 1964), 153, 19.
8 Russell Kirk. A Program for Conservatives (Chicago: Henry Regnery Co., 1954), 305.
9 Russell Kirk. «Prescription, Authority and Ordered Freedom», змешчана ў: Frank S. Meyer (ed.) What Is Conservatism? (New York: Holt, Rinehart & Winston, 1964), 31.