Дэмакратыя i этычнае жыццё
Шрифт:
Аргументы, прапанаваныя Русо ў «Грамадскім пагадненні», будуць, магчыма, больш зразумелымі, калі звярнуцца да яго аўтабіяграфічных твораў і афіцыйных трактатаў. Нярэдка даводзіцца чуць, што вельмі цяжка і нават немагчыма вызначыць, дзе Русо выступае як чалавек, а дзе — як філосаф. Адкрыта апісаныя ім факты «ўласнага» жыцця і думак павінны разглядацца хаця б як частка ягонай філасофіі жыцця. Джудыт Шклар, напрыклад, лічыць, што «Споведзі» маюць надзвычайную каштоўнасць для разумення філасофіі Русо, таму што сам аўтар ставіўся да гэтага свайго твора як «грамадскага акту і неад'емнай часткі сваёй маральнай пазіцыі»8. Такім самым чынам можна ахарактарызаваць і іншыя яго біяграфічныя ці паўбіяграфічныя творы, як, напрыклад, «Летуценні самотніка», якія Русо называў «дадаткам» да «Споведзяў»9.
3 тэкстаў Русо відавочна, што свой уласны характар, тэмперамент і агульнае стаўленне да жыцця ён нярэдка падае як ідэальныя. Шмат дзе на ўвесь голас ці прыглушана гучыць яго высокая самаацэнка: «Я... заўсёды быў перакананы і лічу па-ранейшаму і цяпер, што ў рэшце рэшт я — найлепшы з людзей»10. А каб удакладніць і зрабіць гэтае сцвярджэнне яшчэ больш катэгарычным, ён адзначае «перакананасць, што сярод людзей, якіх я напаткаў на працягу жыцця, не было лепшых за мяне»". Русо прызнае, што не пазбаўлены заганаў, але дае зразумець, што адносіць іх «у значна большай ступені на кошт умоў майго жыцця, а не маёй асобы»12. Ці варта здзіўляцца таму, што асоба, якая настолькі прыхільна ставіцца да сябе і, больш таго, пераканана ва ўласнай унікальнасці настолькі, што лічыць, быццам у яе стварэнні прырода адышла ад звычайнага сцэнарыя", мяркуе, што яе ўласнае жыццё таксама ўяўляе значны інтарэс і вартае пераймання.
Пры аналізе «Грамадскага пагаднення» і іншых прац Русо трэба памятаць пра яшчэ адзін элемент яго самаацэнкі: усюдыіснае адчуванне, быццам «сэрца маё і розум належалі розным асобам». Пад сэрцам Русо разумее свой «гарачы тэмперамент і жывыя і непаслухмяныя эмоцыі»14. Шмат дзе ў сваіх творах Русо малюе сябе як асобу, якая заўсёды імкнецца дзейнічаць на аснове імпульсаў і якой уласцівыя моцныя пачуцці, якія нярэдка цалкам паглынаюць адчуванні і ўяўленні, ад пастаральных летуценняў да пантэістычнага погляду і «галавакружнага захаплення»15. Наўрад ці патрабуе каментарыяў добра вядомае ўсёпаглынальнае раздражнёнае стаўленне Русо да ўсяго, што замінае ягоным памысным імпульсам. Сутнасць такіх адносінаў утрымлівае наступнае сцвярджэнне: «Наўрад ці самаабмежаванне ёсць частка маёй натуры»16. У «Эмілю» тэма скасавання любых абмежаванняў у дачыненні да спантанных імпульсаў чалавека набывае форму праграмы выхавання, адным з прынцыпаў якога з'яўляецца «дапушчэнне ў дзіцяці толькі адной звычкі — адсутнасці ўсялякіх іншых»". 3 гэтай тугой па неабмежаванай свабодзе цесна пераплецена перакананне ў «прыроднай дабрадзейнасці чалавека»18. Такую павучальную каштоўнасць Русо надае не толькі сваёй асобе, але і сваім філасофскім поглядам: «Я саступаю імкненням моманту без супраціўлення і [нават] без ваганняў, паколькі цалкам перакананы, што маё сэрца схільнае толькі да таго, што добрае. Усё зло, што я рабіў на працягу свайго жыцця, атрымлівалася ў выніку разважанняў, а за тую невялікую колькасць дабра, на якую я аказаўся здольны, я павінен быць удзячны імпульсам»19.
Спасылка на «сэрца» надае думцы Русо відавочна ўтапічны і рамантычны ўхіл. Незадавальненне грамадствам, якое часам пераходзіць у варожасць, і нібыта прыроджаная няздольнасць знайсці з ім згоду прымушаюць яго з дапамогай «творчага ўяўлення» насяляць свет істотамі па абліччы і падабенстве, што былі створаны яго «сэрцам».
Але гэта тэндэнцыя да ўцёкаў ад недасканалай рэчаіснасці ў «ідэальны свет», які, на думку Русо, у большай ступені «заслугоўвае майго захаплення»20, іншы раз перапыняецца момантамі ўзважанай і рэалістычнай ацэнкі. Разважаючы наконт таго перыяду свайго жыцця, які ў першую чаргу быў адзначаны рамантычнымі летуценнямі і абагаўленнем прыроды, ён піша: «Аднак я павінен прызнацца, што ва ўсім гэтым запале іншы раз раптам востра адчувалася і засмучала пустэча маіх хімерычных мараў»21. Проста дзіўна, як «галава» Русо, яго розум, што кіруецца пачуццём рэалізму, даганяе «сэрца» і спараджае пераацэнку ці дадатак да сцвярджэнняў больш летуценнага кшталту, што прагучалі раней. Цвярозы аналіз аднаўляе ў Русо ўсведамленне недасканаласці жыцця. У розных яго творах можна сустрэць праніклівыя, змястоўныя, непрымірымыя заўвагі адносна людской прыроды, якія надзіва пазбаўлены рамантычна-утапічнага ўхілу адпаведнага твора ўвогуле. Аднак гэтыя пробліскі рэалізму так і застаюцца нават не часовай, а выпадковай процівагой неадольнаму імкненню даць слова «сэрцу».
Аналіз рамантычна-утапічнай тэндэнцыі ў поглядах Русо ўскладняецца яшчэ і тым фактам, што ягонае «сэрца» не заўсёды паслядоўнае ў сваіх вымаганнях. Ягоныя кнігі перапоўнены ўхваленнямі ідылічнага, пастаральнага і анархічнага існавання, але некаторыя з іх, кшталту «Першага трактату», «Грамадскага пагаднення» і «Ураду Польшчы», змяшчаюць таксама праявы настрою, які можна было б назваць спартанскім і пад уплывам якога Русо ўхваляе каштоўнасці палітычнай дысцыпліны, патрыятызму і салдацкага ладу жыцця. Трэба адзначыць, што ў абедзвюх сваіх праявах думка Русо ўтрымлівае заклапочанасць свабодай у сэнсе адсутнасці абмежаванняў. Анархія адлюстроўвае гэтую схільнасць у дачыненні да асобнага чалавека. Спартанскі лад жыцця гэтую ж заклапочанасць пераносіць на калектыўны ўзровень, дзе свабода робіцца часткай агульнай волі, у якой абмежаванняў быць не павінна.
«Грамадскае пагадненне» сапраўды небеспадстаўна разглядаецца як адна з найбольш цвярозых і найменш рамантычных прац Русо. Эмацыянальнай і імпрэсіянісцкай афарбоўкі яна змяшчае менш за іншыя ягоныя даследаванні. Аднак нават сцвярджэнне Русо, што ў «Грамадскім пагадненні» ён збіраецца «карыстацца толькі розумам»22, ні ў якой ступені не азначае замаху на ролю, адведзеную «сэрцу». 3 тае прычыны, што «Грамадскае пагадненне» з'яўляецца трактатам аб палітычнай маралі, вельмі важна мець на ўвазе напамін Русо аб тым, што «з дапамогаю аднаго розуму, без удзелу сумлення, мы няздольныя пабудаваць адпаведны прыродзе парадак, і ўсе натуральныя добрыя памкненні — дарэмная мара, калі яны не заснаваныя на інстыктыўнай патрэбнасці чалавечага сэрца»23.
Але нават «Грамадскае пагадненне» нельга разглядаць як цалкам рэалістычны маральны і палітычны трактат. Утапізм, якім ён прасякнуты, я і буду імкнуцца паказаць. Увогуле, «Грамадскае пагадненне» можна разглядаць як спробу аб'яднаць «розум» і «сэрца» (дарэчы, апошняе ў гэтай працы мае ўплыў пераважна спартанскі), і яна шчыльна звязана з тым, што можна лічыць асноўнаю мэтай Русо ў «Грамадскім пагадненні», — вызначэннем умоў, у якіх магчыма аднаўленне ў сацыяльным асяроддзі натуральнай дабрадзейнасці і свабоды, уласцівых чалавеку ў яго яднанні з прыродай. На думку Русо, розум адыгрывае слабую ролю ў гэтым прымітыўным, але шчаслівым стане; яго патэнцыял пры спрыяльных абставінах цалкам рэалізуецца ў грамадскай супольнасці. Трэба будзе толькі дамагчыся, каб розум не спрыяў разбашчванню грамадства і чэрпаў сваё натхненне з сапраўднай прыроды чалавека. Цікава адзначыць, што гэтая спроба спалучыць «розум» і «сэрца» не можа прэтэндаваць на тое, што яна заснавана на прынцыпе, трансцэдэнтным абодвум падыходам. Уважлівы аналіз паказвае, што «Грамадскае пагадненне» таксама пастулюе неабходнасць следавання «розуму» за «сэрцам», а не наадварот. Уласцівая ўтапічнаму ўхілу Русо тэндэнцыя абыходзіць цяжкія месцы і змазваць адрозненні ў гэтым трактаце часта абмяжоўваецца, але вартай замены не знаходзіць.
Заўвагі
1 Robert Nisbet. Community and Power (New York: Oxford University Press, 1962), 140.
2 Irving Babbitt. Democracy and Leadership (New York: Houghton Mifflin Co., 1924), 76.
3 JeanJacques Rousseau. The Confessions. Пераклад J. M.Cohen, (Harmondsworth: Penguin Books, 1953), Bk. IX, 377.
4 JeanJacques Rousseau. Oeuvres Completes (4 vols.; Paris: Bibliotheque de la Pleiade, 195964), I, 934. Перакладзена ў Roger D. Masters. The Political Philosophy of Rousseau (Princeton: Princeton University Press, 1968), xii.
5 Rousseau. Con/essions. Bk. IX, 379.
6 JeanJacques Rousseau. Correspondance Cenerale de J.}. Rousseau. Ed. T. Dufour and P. P. Plan (16 vols.; Paris: Armand Colin, 192434), VII, 233. Перакладзена ў Masters. The Political Philosophy of Rousseau. xiii, 26n.
7 Rousseau. Confessions. Bk. IX, 377.
8 Judith N. Shklar. Men and Citizens: A Study of Rousseau's Social Theory (Cambridge: Cambridge University Press, 1969), 219.
9 JeanJacques Rousseau. The Reveries of a Solitary. Пераклад John Gould Fletcher (New York: Lennox Hill, 1971), Bk. 1,39.
10 Rousseau. Confessions. Bk. X, 479. It Rousseau to Malesherbes, January 4, 1762, ў Charles W.Hendel. Citizen of Geneva: Selections from the Letters of JeanJacques Rousseau ("New York: Oxford University Press, 1937), 206.
12 Rousseau to Malesherbes, January 12, ў Hendel. G&zen of Geneva. 209.