Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне
Шрифт:
А голас Тані знямеў, вусны змярцвелі, нічога яна не можа сказаць.
І чалавек у палярынцы падыходзіць да яе бліжэй, а Таня адступае да сцяны. Яна са страхам пазнае ў ім Гогаля, партрэт якога вісіць над дзвярыма.
— Якая я няшчасная! — шэпча яму ледзь чутна Таня. — Хто абароніць мяне? Я нічога не ведаю.
Яна пераводзіць свой позірк вышэй і бачыць: светлыя аблокі, якія плылі па небе, зазірнулі паціхеньку ў акно. Усе яны высокія, апрануты ў бліскучыя латы, і бляск іх латаў, падаючы на падлогу, цурчыць і струменіцца падобна
Яна падбірае ногі і лёгка адрываецца ад зямлі.
Яна ляціць, як лётаюць усе ў сне. І пакоя даўно ўжо няма, і любімае дрэва Тані, што расце ў двары пад акном, застаецца далёка ўнізе. Як лоўка абагнула яна яго вяршаліну, не закранула ніводнага лісціка!
Шырокі свет прасціраецца на ўсе бакі ад сцяжынкі, па якой яна цяпер ідзе.
Яна ўзнімаецца ўгору. Кусты дурніцы шумяць у яе пад нагамі. І ўсё круцей сцяжынка — вада і каменне коцяцца па ёй са звонам.
І з вяршыні адкрываецца перад Таняй лес. Яна ніколі не бачыла такога. Гэта не лес і не драбналессе, якое яна ведае з маленства. Нізкія дрэвы трымаюць свае галіны распасцёрта над самай зямлёй. І ўсе яны пакрытыя белымі кветкамі. У ціхім паветры кружацца пялёсткі, пяшчотна ружавеючы на сонцы.
— Што гэта? — пытаецца Таня ў захапленні.
У звоне вады і камення чуецца ёй адказ:
— Гэта цвітуць сады, Таня.
«А дзе ж піхты? — хочацца Тані папытацца. — Я не бачу іх зусім».
Але лес знікае.
Яна накіроўваецца далей і ступае цяпер па роўнай дарозе, дзе няма ні камянёў, ні схілаў, і спыняецца на краі жытняга поля. Цені знаёмых арлоў плывуць па ім, і перад вачыма Тані поле калышацца ўверх і ўніз, як неба ў час гайданкі. А каласы шоргаюць і труцца адзін аб адзін.
— Як прыгожа! Што гэта? — пытаецца Таня, заміраючы.
І ў роўным шуме поля чуюцца ёй словы:
— Гэта выспявае наш хлеб.
— Ах, я люблю, я люблю, — бязгучна шэпча Таня. — Ці гэта ўсё сон! Ну, вядома, я сплю. Мы ж жывём так далёка.
Але сонца раптоўна цямнее. І Таня бачыць, як чорная хмара ў клубах туману імчыцца над полем проста на яе. Ніколі не бачаныя, тонкія, як волас, маланкі скачуць у шумлівае жыта, і Таня з жахам падае на калені. Доўгі гром пракатваецца па небе з краю ў край.
Сон скончыўся, але Таня не прачнулася, і гром працягваў грымець.
У калідоры пад дзвярыма пакоя стаяла маленькая дзяўчынка. На шыі ў яе вісеў барабан. Яна стукала, уважна гледзячы, як лёгкія палачкі скачуць у яе ў руках.
Яна практыкавалася.
І на гэты гром, на водгук яго, што разносіўся ў гулкім калідоры, падняліся па лесвіцы дзеці, спачатку Коля, а за ім Філька і Жэня, і тоўсты хлапчук, які цяжка ступаў па прыступках. А Косця-важаты ішоў побач з Аляксандрай Іванаўнай, і галасы іх былі сцішаныя — яны не будзілі рэха пад столлю.
Коля спыніўся каля дзвярэй і пачакаў, калі падыдуць іншыя.
— Вось вольны пакой, — сказаў ён, — мы зможам тут правесці сход нашага звяна.
Ён адчыніў дзверы і зайшоў першы ціха, не азіраючыся па баках. Але і не гледзячы, ён шукаў Таню і думкай і сэрцам, увесь час думаючы пра яе. І нечакана ўбачыў яе ў кутку на тоўстым сенніку, які падсцілаюць пад ногі пры вельмі высокіх скачках.
Ён адкрыў вусны, каб вымавіць яе імя, і не вымавіў. Ён прысеў на кукішкі, каб крануць яе за плячо, і не крануў, таму што яна моцна спала, і вейкі яе былі вільготныя, а твар ужо высах ад слёз.
І Коля, звярнуўшыся да іншых, замахаў на іх рукамі. Усе спыніліся і паглядзелі, як Таня спіць.
— Няхай спіць. Не чапайце яе ніхто, — сказала шэптам Жэня, таму што ў яе было не такое ўжо злоснае сэрца, хаця часцей, чым другія, яна гаварыла слушна і прымушала Таню плакаць. — Няўжо мы не можам правесці гэты сход без яе? — дадала яна. — Коля ж нам усё расказаў, мы ведаем праўду.
Аляксандра Іванаўна падумала крышку. Яна зазірнула кожнаму ў твар і ўбачыла, што гэта жаданне было добрае. Яна прыкрыла вусны рукой — яны насуперак яе волі ўсміхаліся.
— Вядома, мы можам, дзеці, — сказала яна. — Я дазваляю вам гэта. Мне здаецца, што Косця згодзен са мной.
І Косця-важаты, таксама паглядзеўшы кожнаму ў твар, убачыў, што гэта жаданне было агульнае.
— Хаця я і за піянерскую дысцыпліну, — сказаў ён, — але ў дадзеным выпадку мы, вядома, можам. Гэта рашэнне агульнае. А калі так, то мы можам усё.
Тады Коля падазваў да сябе Фільку і сказаў яму:
— Калі мы можам усё, то выйдзі адсюль і шапні на вуха барабаншчыку, што я яго зараз заб'ю.
Філька выйшаў.
Ён злёгку ўдарыў дзяўчынку па спіне паміж лапаткамі. Але і ад гэтага слабага ўдару яна прысела, ногі яе падагнуліся. Яна перастала стукаць.
— Чалавек заснуў, — сказаў ёй Філька, — а ты грыміш на ўвесь свет. Няўжо ты не маеш ніякага сумлення? Хоць самага маленькага, якое павінна быць у цябе па твайму малому росту?
І ўсе пайшлі, нягучна пакрочыўшы адзін за адным, а за імі ішла дзяўчынка з барабанам, падняўшы палачкі ўгару.
XIX
Дзеці не разбудзілі Таню. Яна прачнулася ў цішыні і пайшла сама, і румянае ад захаду паветра праводзіла яе да самага дому. Яно асвяжыла ёй грудзі, галаву, плечы, але сумленне ныла болем.
Як раскажа яна пра ўсё гэта маці, як зможа яе засмуціць?
Але дома, акрамя старой, яна зноў нікога не застала.
Яна не папрасіла гарбаты ў старой, нічога не з'ела і, не здымаючы вопраткі і абутку, легла ў ложак, хоць маці заўжды забараняла ёй гэта рабіць.
«Няхай, — рашыла Таня. — І што я зрабіла благога — хто вінаваты, што ўсё так выйшла, што няма ў мяне ні сясцёр, ні братоў, што я чакаю зараз невядомую кару, што бабуля старая і ў цэлым доме няма каму слова вымавіць? Што заўсёды адна, што заўсёды сама? Хто ў гэтым вінаваты? Ці не маці? Чамусьці ж пакінуў яе бацька і пайшоў. Чаму?»