Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне
Шрифт:
Толькі Таня ішла і ішла.
Аднойчы яна хадзіла ўжо гэткай парой і па гэтай дарозе. Але тады побач ішоў Філька, ён нёс яе вуды на плячы. Абое яны трохі дрыжалі ад холаду, таму што была восень і на світанні лісты зрываліся і даганялі вецер, не датыкаючыся да зямлі. І зоркі гарэлі тады толькі на самым краі небасхілу. А цяпер яны не пакідалі неба, чакаючы зару, каб знікнуць з яго.
А пакуль яны гарэлі ў цішыні, Таня ўсё ішла пры іх святле, накіроўваючыся да лясістага мыса.
Яна ўвайшла ў лес і выбрала сабе
Яна думала: што рабіць, калі Коля скажа ёй аб каханні? Што рабіць? Учора ён прыйшоў да яе і сказаў: «Прыходзь. Я прашу цябе, прыходзь дзеля мяне. Я не бачыў яшчэ сапраўднага світання ў лесе. Прыходзь».
І вось праз імгненне яна прыйдзе.
Што рабіць? Што рабіць наогул, калі табе гавораць пра каханне, а ў цябе ёсць толькі маці, для якой ты ў жыцці адна, і няма ў яе нікога болей?
Яна злёгку дрыжала, думаючы пра гэта, і хуталася ў доктарскі халат сваёй маці, які надзела крадком.
А лес ішоў усё далей і далей, ведучы яе па сваіх сцяжынках да мыса, дзе былі рассеяны вялізныя камяні.
Коля выбраў сабе месца сярод іх. Ён сядзеў і чакаў, гледзячы ў бок лесу. А пад патухлымі зорамі ўжо бялеў пясок і, быццам пад дажджом, блішчала каменне.
Таня з'явілася перад ім раптоўна. Ён не пазнаў яе ў белым халаце і кінуўся прэч ад яе. Таня клікнула яго. Ён азваўся. Але бянтэжлівасць яго прайшла не адразу.
Час цягнуўся павольна. Яны моўчкі ішлі назад да ўзлеску, дзе, быццам верацёны, ахутаныя пражай, стаялі ў дыме востраканечныя елкі.
Яны выбралі лістоўніцу з шырокімі галінамі і спыніліся пад ёй.
— Навошта ты надзела гэты халат? — запытаў Коля.
Таня адказала:
— У мяне цяпер няма той прыгожай сукенкі, якая так падабалася табе.
— Нашто ты гаворыш пра сваю прыгожую сукенку, я яе зусім не памятаю. Я думаю толькі пра цябе.
— Заўсёды? — спытала Таня.
— Заўсёды. Нават тады, калі я цябе не бачу. Вось што для мяне дзіўна.
— Так, гэта дзіўна, — сказала яна.
Потым яны прыселі ля падножжа лістоўніцы і прыслухоўваліся да трэску галін над галавой. Гэта прачыналіся птушкі ў сваіх сховішчах. Над вяршалінай суседняй елкі замахала крыламі арэхаўка і паляцела, пакінуўшы за сабой у цёмным паветры цьмяны след.
— Гэта вельмі дзіўна, — паўтарыла Таня, сочачы за яе палётам. — Вось яна правяла між галін, тут, на елцы, доўгую ноч. А цяпер на зары паляцела… Але гэта добра. Значыць, ты будзеш думаць пра мяне заўсёды і тады, калі мяне тут не будзе? Хутка я паеду.
Коля ціхенька ўскрыкнуў. Ён не пасаромеўся крыкнуць, пачуўшы гэтыя словы, якія за адну секунду перавярнулі яго душу.
Таня ж, наколькі хапала сілы, старалася стрымаць свой голас.
— Хіба ты хочаш паехаць адсюль? — спытаў ён.
— Так, я вырашыла. Няхай бацька застаецца з табой і цёткай Надзяй — яна ж таксама добрая, ён яе любіць. Але я ніколі не пакіну маму. Нам трэба паехаць адсюль.
— Але чаму, скажы мне? Ці ты ненавідзіш мяне, як раней?
— Ніколі не кажы мне пра гэта, — глуха сказала Таня. — Што было са мной спачатку, я не ведаю. Але я так баялася, калі вы прыехалі да нас. Гэта ж быў мой бацька, а не твой. І, відаць, таму я была несправядлівая да цябе. Я ненавідзела і баялася. Але цяпер я хачу, каб ты быў шчаслівы, Коля…
— Не, не! — у хваляванні закрычаў ён, перабіваючы яе. — Я хачу, каб і ты была шчаслівая, і твая маці, і бацька, і цётка Надзя. Я хачу, каб былі шчаслівымі ўсе. Хіба нельга так зрабіць?
— Можа быць, можна, — у роздуме адказала Таня, — не ведаю.
І яна змоўкла, думаючы пра сваё ўласнае шчасце, і пра шчасце бацькі, і пра маці.
Яна сядзела ціха, прыціснуўшыся спіной да цёмнага ствала шырокай лістоўніцы, нібыта ёй хацелася абаперціся на нешта непарушнае, больш надзейнае, чым яе няясныя думкі, што смутна плылі ў яе галаве.
Але і лістоўніца ледзь калыхалася пад сілай ранішняга ветру. Ён ішоў ад кары па вяршалінах, гойдаючы іх.
Світанак каціўся за ім, як прыбой, б'ючыся ў стромую сцяну лесу.
А ў небе над ракой не было ўжо ніводнай зоркі.
— І мне б хацелася, каб усе былі шчаслівыя, — сказала Таня, неадступна гледзячы ўдалячынь, на раку, дзе ў гэты час паднялося і ўздрыгнула сонца. — І вось я прыйшла да цябе. І цяпер пайду. Бывай, сонца ўзышло.
І Таня паднялася з травы, павярнулася спіной да ракі і пайшла па лесе, не разбіраючы дарогі.
Коля дагнаў яе на сцяжынцы, дзе ўбаку між ялін стаялі кедры.
— Таня, не ідзі! — крыкнуў ён. — Хіба сказала ты мне ўсё? Няўжо гэта ўсё?
— Вядома, усё, — адказала яна са здзіўленнем. — А хіба яшчэ што-небудзь трэба табе, Коля?
Ён не асмеліўся зірнуць на яе пяшчотна: ён баяўся пачырванець і апусціў вочы.
Яна ж працягвала глядзець у яго твар з мілай і рахманай увагай.
Тады ён нахіліўся і наблізіў свае вусны да яе шчакі.
Яна не адсунулася ад яго.
Было ціха з усіх бакоў.
І ў тое ж імгненне два гучныя стрэлы прайшліся ў цішыні па лесе. Потым у гарах быў водгук.
Невысокі кедр узмахнуў галінамі, і вялізны фазан у зялёных і залатых пёрках упаў да ног дзяцей.
Яны спалохана разбегліся.
А фазан пачаў біцца ў траве і сціх. І другі фазан з белымі вушамі, праляцеўшы трохі наўскось, зігзагамі, мёртвы прыпаў да зямлі каля Тані.
З-за тоўстых елак выйшаў на сцяжынку бацька. А за ім з'явіўся Філька.
У абаіх былі ружжы ў руках, і блакітны дымок курыўся над іх галовамі між дрэў.