Эглея
Шрифт:
Данііл ЖУГЖДА
ЭГЛЕЯ
Апавяданне
— Ведаеш, сёння Ён быў значна халаднейшы, чым звычайна. Я ажно спужалася — можа, з Ім што-небудзь здарылася?.. Але што з Ім можа здарыцца?! — сама з сябе ўсміхнулася Эглея. — Дарэчы, Ён мог бы болей часу праводзіць з намі. Ён жа можа! Час для Яго нічога не варты. Ён жа можа?
Я без Яго сумую.
Марана,
***
— Марана, ці не ў дзверы гэта стукаюць?
Дзяўчына паціснула плячыма, але калі зноў пачуўся
грукат, падскочыла і пабегла адчыняць.
Эглея ўстала з крэсла і, стоячы, пачала прыслухоўвацца да гукаў у калідоры.
— Прывітанне, — пачуўся мужчынскі голас, — а ці ёсць хто дома?
У пакой увайшоў мужчына з карымі вачыма.
— Добры дзень, гаспадыня. Маё імя Глеб. Я падарожны. Дзякуй Богу, натрапіў на вашу хату, бо інакш стаўся б гэтай ноччу ахвярай ваўкоў.
— На працягу трох дзён вакол няма ніводнай жывой душы. Ні ваўкоў, ні птушак, — суха прамовіла Эглея.
— Ды няўжо гаспадыня адмовіць мне сярод ночы ў сухім куточку?
Нейкі час Эглея стаяла моўчкі, уважліва разглядаючы госця. Потым звярнулася да дачкі:
— Марана, зрабі гарбату.
***
Увесь час, пакуль Глеб наталяў першы голад, Эглея ўважліва сачыла за госцем. Гэтак жа ўважліва назірала за Глебам і Марана. Пад цяжарам іхніх поглядаў ежа застравала комам у горле. Але, заліўшы той ком настоем, госць стаў значна лепш сябе пачуваць.
— Як так сталася, што ты заблудзіў сюды? — крыху адсунуўшыся ад стала, спытала Эглея.
— У жыцці рознае здараецца. Часам лёс так матляе, што не ведаеш, дзе апынешся заўтра, — віхлянуў Глеб.
Гэтак гаворачы, ён падняў вочы на Эглею. Марана, непакоячыся, імкнулася бліжэй падсесці да маці.
— Добрая ваша настойка! — сказаў Глеб, асушыўшы яшчэ адну шклянку. — А вы так і жывяце, адны ў лесе? — зрабіўшыся смялейшым ад настою, падарожны разглядаў Эглею.
— Мы не адны. Муж. увесь час на працы і прыходзіць раз у тры дні.
Погляд Глеба з прыгожага твару Эглеі паступова апусціўся па шыі ўніз і потым, затрымаўшыся на плячах, спрабуючы прабіцца праз адзежу, слізгануў па грудзях.
Эглея адчувала гэты погляд ды не ўхілялася ад яго. Жанчына ўстала з-за стала і падышла да шафы, дазваляючы Глебу разгледзець яе цалкам. Позірк мужчыны апусціўся па стройным стане, зрабіў прыпынак на сцёгнах, пасля чаго доўга слізгаў уверх-уніз па спадніцы, што прыкрывала прыгожыя ногі.
Эглея ўзяла з паліцы цукерніцу, поўную цукерак, зноў падышла да стала, паставіла яе і звярнулася да Мараны:
— Дачушка, схадзі пагуляй. Сёння маляўнічая ноч.
Вочы дачкі акругліліся ад здзіўлення. Марана адмоўна заматляла галавой.
— Марана!..
Вочы дзяўчыны поўніліся крыўдай.
***
Глеб аніяк не мог заснуць. Хмельны настой выветрыўся, вярнуўшы пачуццё няёмкасці ды непакою. Эглея таксама не спала — ён гэта адчуваў.
— Дзіўная ў цябе дачка. З ёю нічога не здарыцца? Адна ўночы, пасярод лесу.
— З ёю? А што з ёю можа здарыцца? Яна пайшла ў бацьку. Парода ў яе такая.
Цішыня. Яму больш не было чаго сказаць, а спаць не маглося. А яна прывыкла
да цішыні. Глеб перавярнуўся на другі бок.
— Хвалюешся, што хутка вернецца муж? — зноў усмешка. — А ты ведаеш, хто Ён? Ён — Смерць.
Глеб зацікавіўся.
— ...Ён прыходзіць раз у тры дні, але час тут бяжыць па-рознаму. Ён прыходзіць, і я саграю Яго сваім цяплом, бо без таго цяпла Ён не зможа выконваць сваю працу. Я Яму аддаю крыху сваёй чалавечнасці, каб людзі не вельмі пакутавалі ў свой апошні час. Гэта вельмі далікатная справа.
Ён не чалавек, таму спрабуе ўвесь час вучыцца, каб быць падобным да людзей. Таму Ён узяў мяне за жонку. Ён звычайна вяртаецца такім халодным, а я Яго саграю.
Глеб устаў з ложка і пачаў пры святле поўні, якая роўна свяціла праз акно, шукаць сваю адзежу.
— ...А Марана і на самай справе незвычайная. Яны ўсе такія. Яго дзеці.
***
Дзверы захлопнуліся за Глебам. Эглея змоўкла. Але праз хвіліну зноў пачала:
— .Яны такія ж, як і Ён, толькі смяротныя. Незвычайныя дзеці. Дзеці Смерці. Смерць у іх крыві. І яны пакутуюць праз гэта.
А яна маўчыць не таму, што нямая. Яна маўчыць таму, што яна дачка Смерці. Першае яе слова ўголас заб’е ўсё жывое на зямлі. Таму яна і маўчыць.
Марана. Мая Мараначка.
Ты любіш кветкі, але яны адразу вянуць, як ты возьмеш іх у рукі. Ты прыходзіш з лесу заўсёды ў вянку з сухіх кветак. І маўчыш. Усміхаешся і маўчыш. Я ведаю, у цябе вельмі прыгожы голас. Ён прагне размовы, смеху, спеваў. Але ты будзеш маўчаць да самае смерці. Маўчаць і ўсміхацца. Да Смерці.
Тваё шчасце, што ты смяротная. Смерць — гэта тваё самае найвялікшае багацце Марана. Тваё збаўленне ад пакут, твой адпачынак.
***
Смерць. Мая мроя. Супакой. Ты так блізка. Але.
Але я сама абрала такі лёс. Згадзілася быць бясконца маладой. Бясконца нешчаслівай. Калі б я толькі ведала, што будзе так невыносна, так немагчыма жыць. Жыць без мілосці і кахання, бо Ён кахаць не здольны. Ён спрабуе, але не здольны. Яму належыць іншае, супрацьлеглае каханню. Але і сваю справу Ён не можа выконваць без кахання, майго кахання. Яно неабходна Яму. Я зараджаю Яго цяплом, каб Ён добра выконваў свой абавязак. Ён пераймае маю чуллівасць, каб як мага далікатней прымаць чужое жыццё.