Хмарка (на белорусском языке)
Шрифт:
Якуб Колас
Хмарка
Не шукай ты шчасця, долi
На чужым далёкiм полi.
Янка Купала
Нiякага клопату i гора не ведала гэта прыгожая белая Хмарка. Яна не ведала, з чаго i як радзiлася на свет, адкуль узялася яна; не ведала нават, цi ёсць у яе мацi. Можа, затым яна i была такая шчаслiвая, што нiчога не ведала аб белым свеце.
Той дзень, праўдзiвей, тая ранiца, калi з'явiлася яна на небе, была вельмi ж цiхая - такая цiхая, што нават чутно было, як спявалi, седзячы на круглым лiсцiку зялёнай лотацi, два прыўдалыя конiкi. Сiваваронка,
У ветра, вiдаць, было нейкае свята ў гэту ранiцу, або добра нагуляўся ён дзе за ўчарашнi дзень, бо яшчэ не варушыўся i спаў, хоць сонейка падбiралася пад поўдзень.
I гарачая была гэта ранiца. Грэчка, якая зачынала ўжо зацвiтаць, i даўно акучаная бульба проста млелi ад гарачынi i ў знемажэннi тужлiва паапускалi сваё лiсце. I лiсточкi iх таксама пачыналi жаўцець. Маленькi, беленькi камячок, якiм спярша была гэтая Хмарка, пачынаў тым часам павялiчвацца, шырыцца i рабiцца болей грузкiм.
Добра было гэтай Хмарцы плыць высока-высока ў безгранiчных разлогах светаў i акiдаць поглядам прыгожыя малюнкi зямлi, што ляжала пад ёю.
З тэй страшэннай высачынi, на якой плыла Хмарка, усё выглядала вельмi хораша, вельмi прыгожа: здалёку ўсё з'яўляецца нам iначай, як яно ёсць папраўдзе, бо такая ўжо натура i схiльнасць нашай душы - бачыць усё добрае i прыгожае ў тым, што далёка ад нас, што не з намi. I паплыла паволi шчаслiвая хмарка ў далёкую-далёкую дарогу, дзе застанаўляючыся, як прыемная думка, дзе кiруючыся на малюнкi, што найбольш зацiкаўлялi яе; а поле з пясчанымi схiламi сваiх узгоркаў, зялёныя лугi з пакручастымi стужкамi блiскучай вады, адвечныя лясы-бары - адным словам, усе тыя з'явы, якiя першымi кiнулiся ў вочы нованароджанай Хмарцы, аставалiся ўсё далей i далей, i сама гэта даль акрывалася ў намiтку сiняватай смугi. Уласнае шчасце бязроднай Хмаркi (яна не памятала роду) не давала ёй мажлiвасцi прымецiць чужое гора. Ёй здавалася, што ўсе на свеце, як i сама яна, радуюцца i цешацца сваёй доляй. Па гэтай прычыне Хмарка не ведала, якую тугу i жаласць пакiдае яна за сабою на зямлi, з якой прагавiтасцю чакала поле задаволення свае смагi. Унь там, за вёскаю, чуць-чуць калышацца ў межах пажоўклае жыта. Гэта вецер, толькi што абудзiўшыся, пачынае пазяхаць, пацягацца. Бедныя каласкi пiльна прыглядаюцца да Хмаркi. Калi-нiкалi iх ажыўляе надзея ўздужаць з ласкi шчодрай Хмаркi. Але Хмарка iдзе далей, толькi цянёк ад яе праплыве, як здань якая, па жыце, i яно нiкне каласкамi, стаiць, нiкому не скардзiцца, як бы самлеўшы. I сумна рабiлася ўсюды, i нейкая крыўда i жаласць бруiлiся над усiм, што пакiдала Хмарка. Два прыўдалыя конiкi перасталi спяваць i пахавалiся пад лiсток лотацi. Гэта яны спявалi песню ў чэсць Хмаркi, а яна так зняважыла iх.
Пташкi
А Хмарка, шчаслiвая, радасная, ясная, як майская ранiца, усё iшла, iшла далей i далей да невядомых краёў свету, i толькi ёй рабiлася крыху сумна, ёй шкода было пакiдаць тыя малюнкi, да якiх ужо прывыкла, але жывая натура гнала яе i гнала, не даючы супачынку. Так iшла яна ўвесь дзень. Пад вечар, як сонейка схiлiлася блiзка да захаду, Хмарка зайшла ў такi край, якi непадобен быў да тых краёў, адкуль яна выбралася ў дарогу.
Перад ёю пачалiся высокiя горы, вярхi якiх пакрывалi адвечныя снягi. Сонейка пачало хавацца за край зямлi, апошнiя стрэлы яго праменняў ахварбавалi яе ў агнявiсты колер i патухлi. Востры холад пустых i жудасных верхавiн дзiкiх гор моцна сцiснуў Хмарку. Яна скурчылася ўся, зрабiлася маленькай i тонкай, знайшла зацiшак мiж гор i спынiлася, прыхiлiўшыся да старой Скалы. Страшна стала Хмарцы.
– Адкуль прыпаўзла, нябога?
– спытала Скала Хмарку.
Яшчэ большы страх агарнуў яе.
– Не ведаю, - боязна адказала яна.
– Што робiш, чым займаешся?
Хмарка зрабiлася яшчэ меншай i маўчала.
– Я люблю паслухаць, што робiцца на свеце, - апраўдвала Скала сваё пытанне.
– Што ж ты бачыла, раскажы мне.
Хмарка крыху асмелiлася i пачала расказваць, як хораша на зямлi, як усе там шчаслiвы i радасны, як спяваюць мошкi, конiкi, травы, збажына.
– Хто сам шчаслiвы, таму здаецца, што i ўсе шчаслiвы, - сказаў Арол на гутарку Хмаркi.
– Быў i я ў тых краях, адкуль прыблуталася iмасць. Там, гаворыш, - шчасце? А што ж, па-твойму, няшчасце? Там палi выплакалi апошнiя слёзы, каб даць табе жыццё, шчаслiвая Хмарка! I цяпер там нават расы не бывае. Але не для таго назначалiся слёзы, каб радзiць цябе на свет для бадзяння па чужых краях...
– I доўга яшчэ гаманiў Арол, наракаў на Хмарку.
Слухала Хмарка нараканнi Арла i прыкра зрабiлася ёй. Прайшла ноч, зачаўся новы дзень, зноў пайшла ў дарогу Хмарка. Цяпер яна ўжо не чула сябе шчаслiвай i вольнай, як наўперад: так глыбока запалi ёй арлiныя словы.
Днi iшлi, праходзiлi тыднi, а яна, як заклятая, усё хадзiла па свеце. I дзе толькi не была яна! Якога гора не прыйшлося зажыць ёй у дарозе! Насiлася яна над пустэлямi, перад ёю рассцiлалiся моры, якiя не мелi берагоў. Ганялi яе ветры, iрвалi на кусочкi яе тонкiя валаконцы. I нiдзе на свеце не было ёй супакою. I вярнулася яна зноў у той край, адкуль i выйшла. Пажоўклыя палi, сухiя травы, пагарэлая збажынка гаротна вiталi Хмарку; пацямнела яна, зажурылася, паапускала пасмы i заплакала халоднымi слязьмi над роднымi палямi...
Стары Дуб, абмыўшыся дажджом, павесялеў i сказаў да Бусла, з якiм даўно ўжо быў у дружбе:
– От навука для тваiх дзяцей. Моцна ж накажы ты iм, дружа, каб не лёталi дарэмна па свеце, не бадзялiся: у сваiм родным кутку работы досыць для кожнага.
Бусел маўчаў. Вiдаць, ён iначай пазiраў на гэту з'яву, а можа, i недачуў слоў свайго сябра.