У балоце (на белорусском языке)
Шрифт:
Якуб Колас
У балоце
I
Загразла ў балоце панская брычка разам з панскаю сям'ёю, слугамi, коньмi, з усiм панскiм скарбам. Урэзалася яна ў гразь па самыя калодкi, засела на сярэдзiне балота. Паляглi на чэравах конi i... нi тпррру!.. нi но!
Нiхто не чакаў такога здарэння. Сядзяць паны, як мурашкi, на купiне сярод лужыны. Бяда прылучылася, нiбы з грому. Але не век жа сядзець, злажыўшы рукi, трэба ж даваць якую раду. Першы апомнiўся пан i ўзяўся за работу. Перш-наперш трэснуў ён кулаком фурману ў спiну,
Ясна, што трэба злазiць з воза. Злез фурман, слугi, пан, панi, паненкi. Месяцца па гразi, як мухi па смятане, тупаюць вакол брычкi, бядуюць, вохкаюць, ахкаюць. Адзiн радзiць тое, другi - другое; крычаць, таўкуцца, - толькi рэха ходзiць па балоце.
Больш за ўсiх працаваў фурман: ён махаў рукамi, аддаваў каманду, аж сам пан пачуў нейкi страх i скакаў пад фурманову дудку.
– Пхайце ззаду!
– крыкнуў фурман ва ўсё горла i сам уляпiўся за аглоблю.
Пан упёрся плячом збоку; лёкай, панi i паненкi ззаду пхалi.
– Рразам!
– крыкнуў фурман.
Нiхто не разлiчыў свае сiлы: панi так моцна налягла, што ў гразь уляцела па каленi; фурман сарваўся з аглоблi i ляпнуўся чэравам у балота, аж капялюш з галавы скiнуўся. А пан як павярнуў плячом, дык аж брычку сарваў са шворна i палажыў яе на бок. Цяпер малюнак змянiўся: панi, цярэбячыся з гразi, згубiла чаравiк, фурман поўзаў ракам па балоце, а пан стаяў, узяўшыся ў бокi, i сам сабе не даваў веры, што ён абярнуў брычку.
Бяда, як бачыце, разрасталася: конi ў гразi, брычка на баку без шворна, i толькi два колы пазiралi ў неба, як бы просячы ратунку.
II
А ратунак прыйшоў не з неба, а з вёскi ў вобразе простых сялян. Яны даўно ўжо стаялi каля балота, збiўшыся ў кучу, на ўзгорку.
– Ось нялёгкая занесла яго сюды!
– Папаўся, як у нерат, нi ўзад нi ўперад!
– Як ты думаеш: вылезуць яны цi не?
– пытаў адзiн барадаты другога вусатага.
– Без помачы самi не вылезуць, - важна гаварыў вусаты.
У другiм гуртку жартавалi з пана.
– Кепскае месца абабралi яны для маёўкi.
– Цi не думалi яны з брычкi рыбу лавiць?
– Як вiдаць, прыехалi сюды траву жаць цялятам.
Жарты сыпалiся за жартамi, - толькi смех разлiваўся па балоце.
– Скiдай, Андрэй, боты, цi што; iдзi, хоць паненак вынесi на бераг.
Худы, высокi Андрэй вынуў з зубоў люльку, выпусцiў з рота дым i засмяяўся, замахнуўшыся цыбуком на таго, хто падаў яму такую параду.
– А ўсё ж такi трэба памагчы.
– Пойдзем, паможам!
I з пяцьдзесят сялян паскiдалi лапцi, падкасалiся i смела рушылi ў балота; толькi пырскi ляцелi з-пад ног ды ўздымалiся булбаткi.
– Памагай Бог!
– гукнулi сяляне.
– Дзякуй вам, хлопцы.
Няскора сяляне прыступiлi да работы.
Адзiн разглядаў панскую брычку, шараваў рукою, хвалiў, што добра памалёвана.
– Ну, хлопцы, годзе языкi мянцiць!
– сказаў стары Пятрусь.
– А то i сонца нам зойдзе ў балоце. Бярэцеся!
– Бярэцеся? Куды ж ты возьмешся?
– I як ты ездзiш, каб ты жыватом ездзiў? Дзе твае вочы?
– накiнуўся Антось на фурмана.
– А ты не лайся...
– Не лайся, не лайся!
– перакрывiў яго Антось.
– Дурня павучыць не шкодзiць.
– Калi прыйшоў памагаць, то памагай, бо вас нiхто не прасiў, мы i самi выратуемся, - важна сказаў пан.
– Годзе, хлопцы, сварыцца, - умяшаўся зноў стары Пятрусь.
– Грыгор! камандуй ты.
З сялянскай чарады выступiў Грыгор, шыракаплечы, з рудою барадою.
III
Грыгор борзда павёў рэй.
– Хлопцы, адвернем наўперад брычку. Ну, жыва! Вы, Антось, Яська, Базыль i Кiрыла, бярыце збоку, а ты, Iгнась, Карусь, Данiла, i ты, Алесь i Гаўрыла, - з другога. О, так! А цяпер ты, Гiлёрык i Хлёрка, пад зад падтрымайце. Ну, рразам!
Мужчыны дружна падхапiлi каляску i адвярнулi, але, адварочваючы, выкiнулi панскае сядзенне, адкуль пасыпалiся бутэлькi з выпiўкамi i вяндлiна, заверчаная ў паперу.
– Мядзведзi вы!
– крыкнуў пан.
– Толькi шкоды наробiце.
– Эх, пане, дзе чубы трашчаць, там i пэйсы ляцяць, - сказаў Грыгор.
– Пусцi свiнню пад стол, то яна захоча i на стол, - не вытрымаў фурман.
– Ну, годзе!
– работа не скончана, - камандаваў Грыгор.
– Адцягнем покi што брычку, а перадок няхай тут пабудзе. Жыва, хлопцы, жыва, - будзе водка i пiва.
– Нашто цягнуць, - зыкнуў пан, - прышварнуйце толькi да перадка.
– Не, не так: наўперад адцягнем брычку на груд, каб спраўней было каля коней завiнуцца. Выпрагаць трэба.
– А нашто?
– Ну, гэта мы ўжо лепей ведаем.
– А нi чорта вы не ведаеце!
– Слухай толькi нас - усё добра будзе, - казаў Грыгор, - мы жыва адцягнем брычку на груд, выпражам конi, бо з брычкаю не ўстануць.
– Пся крэў!
– вылаяўся пан.
– Рабiце, як я вам кажу!
Брычку прышварнавалi да перадка.
Пан узяў пугу i закамандаваў:
– Пхайце, пхайце, хлопцы!
– а сам хвошча па конях ды крычыць: - Но! но!
Iрванулiся конi, забiлi нагамi ды глыбей у гразь аселi.
– Ды слухай ты разумных людзей, вар'ят!
– ускiпеў стары Пятрусь.
– Пхайце, пхайце, пся маць!
– Куды пхаць? Гэта табе не гладкая дарога!
– Iдзьце да д'ябла, хамове!
– узлаваўся пан.
– Лепш ты сам з д'яблам застанься.
– Пойдзем, хлопцы, дадому!
I пайшлi. На балоце стала цёмна. А брычка i паны ўсё глыбей у гразь лезуць.