Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Шрифт:
Вялікі горад, тысячы людзей, моцныя муры, крамы, замак, з дзесятак цэркваў ды яшчэ манастыры, ды капліцы, ды унь званіца курыі — глянеш — шапка валіцца, ды унь будуюць вялізны касцёл бернардынаў з кляштарам. А унь узвышаецца Святая Ганна. А там, далёка ўлева, зіхаціць, як вясёлка, Каложа, у імя Барыса і Глеба.
На ўсё хапае. А ў мужыкоў няма хлеба. Ды і ў мяшчан не лепей. Колькі іх?! Унь вуліца Кавальская, Мечная, Піўная, Калёсная, вуліца Стрыхалёў*, вуліца Адвеса**, Утэрфінавая***, вуліца Абадранага Бабра, Страменная, Багамазная, Разьбярны кут,
* Вапеннікаў.
** Грунтвагі.
*** Суконная.
І ўсе гэтыя магершчыкі, кацельшчыкі, маляры, саладоўнікі, сталяры сядзяць і не маюць да чаго прыкласці рукі, і тымі ж вачыма, што і ён, Зянон, праводзяць кожны хлебны воз.
Ад нязвыклага гарадскога шуму ў мужыка дурэла галава. Спакойнымі, глыбока пасаджанымі шэрымі вачыма ён глядзеў, як круцяцца колы берагавых млыноў (Нёманава плынь адводзілася на іх плятнямі), як паўзуць па блоках у верхнія паверхі складаў цюкі з таварам, чуў, як гарлаюць гандляры, як вухае васкабойка, як звіняць малаточкамі па сталі чаканшчыкі ў мечных майстэрнях.
Пахла шкурамі, гноем, невядомымі, нетутэйшымі пахамі, гарэлкай, мёдам, сенам, салёнай рыбай, дзёгцем, хмелем, рыбаю свежай, каноплямі, іншым, незнаёмым Зянону.
Трапляліся насустрач воіны ў медзі і сталі, магнаты ў золаце, парчы і галандскім сукне, гаспадыні ў шаўках — і Зянон збочваў сваімі скуранымі поршнямі ў пыл. Не таму, што баяўся (ён быў вольны), а проста, каб не запэцкаць гэтага дарагога хараства. Гэта ж падумаць толькі, на якія каштоўныя рэчы ўзбіліся людзі!
На Старым рынку ён падышоў да крамы хлебніка.
— Выручы.
Хлебнік, нібы складзены са сваіх уласных хлябоў, агледзеў здаравеннага, трохі нехлямяжнага мужыка ў вышыванай кашулі і з сякеркай-кляўцом* за поясам (вольны!), белавалосага, хударлявага.
* Клявец — востраканечны малаток для насякання жорнаў.
— Чаго табе?
— Хлеба.
Хлебнік зірнуў на рудога суседа. Замест адказу спытаў:
— Дзяцей у цябе многа?
— Хопіць.
— Ну вось, каб у мяне так зернеек было… А чаго ты да каго з паноў не пойдзеш ды купу* не возьмеш?
* Пазыка.
Рука Зянонава паказала на клявец:
— Гэта ўсё адно што вось адразу г э т а аддаць… Гэта ўсё адно што вось зараз яго табе аддаць ды пайсці.
— Гэтую цацку?
— Гэта т а б е яно — цацка.
— Бач, горды… Няма ў мяне хлеба.
Зянон уздыхнуў, зразумеўшы, што пазычыць не выйдзе. Была ў яго ў хаце шкура срэбнай лісіцы, яшчэ зімовая, ды ўсё бярог, і вось толькі ўчора, жадаючы прадаць даражэй, заквасіў апошнюю жменю мукі ды намазаў шкуру з мяздранага боку. Не выпадала аддаваць апошнюю манету, мала што можа здарыцца за два тыдні, пакуль не прадасць лісіцу (мог прыехаць, напрыклад, поп, і тады не абярэшся лаянкі, а можа, і горшага),
Ён выцягнуў манету з-за шчакі, лінуў на яе вадою з цэбра, што стаяў на зрубе.
— Чаго мыеш?
— Я-то здаровы. А бываюць розныя, пракажоныя хаця б. Хоць усё гэта і ад Бога, а ў рукі браць брыдка.
— Ну, гэта як каму, — усміхнуўся хлебнік.
— То дасі?
Хлебнік пачухаў галаву:
— Дынарый кесара. Любы ты мой чалавек. Чалавек ты ўжо дужа харошы. Горды. Ну, можа, наскрабу. — І манета знікла, нібы яе й не было.
Зянон стаяў і чакаў. Праехаў паўз яго воз з сенам да брамы бернардынаў. Побач ішоў здаровы дурыла-манах. Калматы сялянскі конік пацягнуўся быў да воза — манах ударыў яго па храпе. Конік звыкла — нібы заўсёды так было паложана — апусціў галаву са слёзнымі вачыма.
І тут Зянон убачыў, як напярэймы возу ідзе знаёмы каваль, Кірык Вястун, боўдзіла, можа, толькі на галаву ніжэйшы за славутага Пархвера. Твар адмыў, а рукі — чорт ты іх нават за тыдзень адмыеш. Смяецца, зубы прадае. Жоўты ў пшанічны колас, як агонь у ягонай кузні. Вочы ястрабіныя. Скураны фартух цераз плячо, у адной руцэ молат. А з ім ідзе яшчэ адзін здаравіла (ох, і здаровы ж гародзенскія мяшчане, дый паўсюль па Белай Русі не горшыя!), толькі што худзейшы ды валасы занадта доўгія. Гэты — у бялюткай, як снег, світцы і ў данельга заляпаных гразёю поршнях. Цераз плячо — казіныя мяхі вялізнай дуды.
Дудар глянуў на сцэну з конікам, пайшоў да воза і скубануў адтуль вялікі ахапак сена. Манах сунуўся быў да яго, але тут павольна падышоў Вястун.
— Чаго табе, чаго? — спытаў нявінным голасам.
Дудар ужо кінуў сена коніку.
— Еш, Божая худоба, — і трапануў яго па грыўцы, што звісла на вочы. Жывёла прагна пацягнулася да сена.
— Сена шкадуеш, куражэр? — спытаў Кірык. — От так табе чэрці ў пекле халоднай вады пашкадуюць.
— Сам у пекле будзеш, дысыдэнт*, — сказаў бернардынец.
* Хрысціянін, не каталік.
— За што? За тое, што не так жагнаюся? Патрэбна гэта Пану Богу, як тваё мінулагодняе дзярмо.
— Блюзнер! — круцячы вачыма, як баран перад пратэсамі, прахрыпеў мніх.
— Скубі яшчэ ахапак! — скамандаваў Кірык.
Валыншчык марудзіў, бо манах пацягнуўся да корда. І тады каваль узяў яго за руку з кордам, хвіліну павагаўся, адольваючы немалое супраціўленне, і павёў руку з кордам да мніхава лба:
— А вось я цябе навучу, як схізматы хрысцяцца. Хаця раз ды саграшы.
Каб не параніцца, бернардынец расціснуў кулак. Корд змейкаю бліснуў у пыле. Дудар падумаў, узняў яго, з сілаю шпурнуў у студню. Там гулькнула. Ён паправіў дуду і пайшоў да воза.
— Вось так, — Вястун з сілаю прыпячатаў мніхаў кулак да ягонага лба. — І вось так, — мніх сагнуўся ад штуршка ў жывот. — А цяпер правы плячук… Куды ты, куды? Не левы, а правы. А вось цяпер — левы.
І з сілаю адкінуў мніха ад сябе.
— Блюзнерства гэта, Кірык, — няўхвальна сказаў дудар. — Гарэзаванне.