Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Шрифт:
Лотр развёў рукамі. Пасля ён і Жаба выйшлі, пакінуўшы Юстына ў цэлі.
— Непатрэбна мне суцяшэнне, — ужо іншым тонам сказаў Хрыстос. — І прычасць з брудных рук. Голы чалавек на зямлі без чалавека. І нашто яму багі?
Свяцільнік кідаў чырвонае святло на выснажаны твар Хрыста і шырокае, пасечанае шнарамі, Юстынава аблічча. Стаяў пачатак месяца верасоў, і праз краты павявала аднекуль з-за замка, з-за Нёмана, цеплынёй і мёдам.
— Ты ведаеш, што цябе спаляць? — глуха спытаў Юстын.
— Н-не, —
— Спаляць. Калі войт паўторыць на эшафоце словы аб вогнішчы. Калі нешта яму перашкодзіць — знойдуць іншы сродак.
— Няхай, — сказаў Хрыстос.
— Баішся? — дапытліва сказаў бурмістр.
— Ясна — баюся. Але ж хаця б я парадзіхаю галасіў — нічога не зменіцца.
— Я загадаю класці сырыя дровы. Каб страціў прытомнасць да агню, — буркнуў Юстын.
— Дзякуй.
Панавала няёмкае маўчанне. І раптам Юстын са скрухаю крэкнуў:
— Казаў жа я табе, нядоўга гэта будзе. Чаго ты мяне жывога пакінуў? Каб сумленне балела? Ранейшы я, ранейшы… Нічога ж ты і ніхто іншы не зробяць з людзей.
— А ты не ранейшы.
— Няхай так. Мне ад гэтага не лягчэй, калі чалавек менавіта такая свіння, як я і думаў.
Хрыстос глядзеў і глядзеў Юстыну ў вочы. Жудасныя гэта былі вочы. Усё яны бачылі: вайну, інтрыгі, сутычкі, распусту, яд і вераломства. Усяму на свеце яны ведалі цану. Але, відаць, не ўсяму, таму што бурмістр не вытрымаў і апусціў галаву.
— Разумееш, Юстын, — сказаў Братчык, — быў і я накшталт бязгрэшнага анёла. Глядзеў на ўсё цялячымі вачыма і ўсміхаўся ўсяму. Не разумеў. Пасля махляром быў. Такой свіннёй мяне зрабілі, — ды не, і сам сябе зрабіў! — успомніць страшна. Бог ты мой, якія бязодні, якое пекла я прайшоў! Але цяпер я в е д а ю. Гляджу на неба, на зоры, так, як і раней глядзеў, але толькі ўсё памятаю, усё ведаю. І в е д а н н я свайго ніколі не аддам.
Памаўчаў.
— Думаеш, я адзін так?
— Не, не думаю, — з цяжкасцю выціснуў бурмістр.
— Бачыш? Нараджаецца на гэтай цвердзі новая парода людзей. З веданнем і чысцінёй думак. Што ты з імі зробіш? Знішчыш хіба? І тое не дапаможа. Памяць… памяць аб іх куды дзенеш? Вось Іуда. Тумаш, Кляонік, сотні іншых… Дый ты робіш першы крок.
— Позна. Стары я. Віны зашмат на мне.
— Не ва ўсім вы вінаватыя. Іншага не бачылі. Часіны быдла. Саборы, як дыямент, халупы, як гной. Ды толькі ў гэтым гноі нараджаецца золата душ. А ў алмазных саборах — дзярмо. На тым стаім. Ды толькі ўбачаць людзі. Заззяе святло ісціны.
Бурмістр хрыпата, бязгучна засмяяўся. Падстрыжаны пад гаршчок цень калаціўся за ім. Ды толькі смех не быў падобны на смех:
— Гэх, браце, што ёсць ісціна? Бачыш, Пілата паўтараю. Толькі сучаснага Пілата, які памудрэў трохі. Няма такой ісціны, якой нельга не загадзіць,
— Хіба ісціна з гэтай прычыны перастала быць ісцінай?… Не забі.
— А калі за веру, за бацькаўшчыну, за ўладара?… А ноч «крыжоў»? А распяцці на лідскай дарозе? — Твар у бурмістра быў страшны.
— Не любадзейнічай.
— Эг-ге. Не паграшыш — не пакаешся… У ложкі іхнія зірні… Толькі кажуць аб чысціні нораваў, аб маралі, а… Тфу!… Ды яшчэ каб па згодзе — палова бяды. А то гвалтуюць, залежнасць скарыстоўваюць, грошы.
— Не ўкрадзі.
— А дзесяціна? А дань? А падаткі?
— Не сведчы лжыва. — Хрыстос гаварыў спакойна, нібы мацаючы душу субяседніка.
— А цябе як абвяшчалі?! А судзілі як?! А ўсе суды?!
— Любі бліжняга свайго, — сурова сказаў Юрась.
Юстын скочыў з месца:
— Любі?! — Вочы ягоныя вуголлямі гарэлі з-пад валасоў. — А гэта? — рука торкнула ў апёкі на Юрасёвых грудзях. — А тое?! — За акном, на абвугленых шыбеніцах віселі, пагойдваліся трупы. — Ты іх спаліць хацеў, а яны… А допыты? А эшафоты? Кожны дзень мы гэтую любоў ад начальных людзей княства бачым!
— А Чалавек? — ціха спытаў Юрась.
Запанавала маўчанне. Потым Юстын ціха сказаў:
— Божа мой, што ты юродзівы такі? Чалавек. Хто Чалавек? Хлебнік? Іллюк? Сляпыя гэтыя? Басяцкі?
— Не пра іх кажу. Пра цябе.
— Як пра мяне?
— Калі ты хлусню ў кожным запавеце бачыш — хто ж ты, як не чалавек? Калі разгледзеў за высокімі словамі бессаромную брахню — значыцца, чалавек. Калі прагнеш іншага і святога, хай сабе не ведаючы, дзе яно, — значыцца, ёсць жа Чалавек на Зямлі? Не толькі ваўкі. Не толькі звяры, паскуды і хлусы.
Юстын маўчаў.
— А пра тых — што сказаць. Вось таму, што яны штогадзінна забіваюць гэтую прагу іншага, прагу святога — адбярэцца ў іх праўда і дадзена будзе Чалавеку. Мабыць, няскора! Але ж адкуль ён народзіцца, Чалавек, калі ўсе мы зараз будзем таптаць у сабе ягоныя іскры?
— Значыцца…
— Значыцца, умацуйся ў мужнасці сваёй, сурова сей пасеў свой, не давай яго затаптаць, не спадзявайся, што лёгка аддадуць праўду. Чакай кожную хвіліну бойкі і плахі. Вось — вера. А іншай няма. Іншая вера — ад нячыстага, ад сатаны.
Стала так ціха, што чуць было, як звонка плёскае ў місу вада з рукамыйніка.
— Слухай, — Юстын раптам спаймаў Хрыстову руку. — Яшчэ перад судом гэтая… Магдаліна… угаворвала мяне, каб я… Я вагаўся. Што змянілася б ва ўсім гэтым свінстве? Але цяпер бачу: з самага пачатку не рабілі ў Гародні больш чорнай справы. — Ён заглядаў Юрасю ў вочы амаль умольна. — Слухай, уцякай. Слухай, я падрыхтую вазок. Выпушчу цябе. Скажу — узнёсся. Няхай чысты будзе канец маіх дзён.