Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Шрифт:
Але зоркі былі вечныя.
Ракеты згасалі. Рассыпаючы залатыя іскры, памкнулася ўніз апошняя.
Усё стала на сваё месца. Блакітныя снягі, сінія цені, чорнае неба і на ім вострыя сінія зоркі. І цень у вачніцах і мілы рот, з якога ён не слыхам, а хутчэй пяшчотным дотыкам дыхання да яго вуснаў лавіў словы:
— Мілы мой, мілы, што ты?
Яна хавалася ў яго руках, і ён з невыказнай радасцю адчуваў, якая яна: бязважкая, слабая, моцная. Уся як сама свежасць і моц. Сумная і пяшчотная, халодная і жывая, як падснежнік.
І, хутчэй не па сабе, а па тым, як ён
Яна не ведала, яна ніколі не паверыла б, што пасля гэтага дня прыйдуць іншыя, калі яна не будзе верыць у гэты дзень і захоча забыць яго.
II
Пачалося з павятовых дваранскіх збораў у Сухадоле.
Дваране з'ехаліся пагаварыць аб зменах, якія хутка павінны былі адбыцца ў валоданні душамі. У немінучасці гэтых змен ужо ніхто не сумняваўся, і спрачаліся толькі аб тым, калі і якія яны будуць, а таксама аб тым, як усім паводзіцца. Усе ведалі, што з трэцяга студзеня ў Пецярбургу, пад старшынствам самога імператара, засядае новы сакрэтны камітэт па сялянскай справе і што гэты камітэт рыхтуе "паступовае, без крутых і рэзкіх паваротаў вызваленне сялян".
Усё было яшчэ наперадзе, але сама чутка нібы надламала нешта.
Стары Мікіта Хаданскі з аднадумцамі заклікаў, калі ўжо нічога не зробіш і давядзецца вызваліць, дабівацца вызвалення душ без зямлі. Хоць сёння. Зараз.
Алесь упершыню прыехаў з бацькам на зборы і затлумліваўся, слухаючы спрэчкі. А бацька прыходзіў кожны вечар у гасцініцу злосны як чорт, бледны. Сінія вясёлыя вочы нібы пацямнелі і глядзелі суха. Князь лаяўся.
— Ах, пяюць! Ах, пяюць пеюны! Старцамі задумалі народ пусціць. У жабракоў кій адабраць. Ну, я ім у гэтай брыдкай справе не памагаты…
Маленькі чысценькі гарадок аж кіпеў. У будынку тэатра, у камяніцы дваранскай зборні, у гарадскім садзе, дзе стаяла рэстарацыя, на цвінтарах трох цэркваў і кляштара і проста на драўляных тратуарах віравалі страсці. Пілі і елі як не ў сябе, спрачаліся, нібы справа ішла пра іхнія ўласныя душы.
У замку Боны Сфорцы, двухпавярховай каменнай будыніне з магутнымі кантрфорсамі і вузкімі, як байніцы, вокнамі, у сутарэнні, дзе быў цір, збіраліся найбольшыя крыкуны.
Спрачаліся і лаяліся. А потым стралялі ў мішэнь са злосцю, нібы ў галаву ворагу.
І наогул усё пайшло вірам: спакой, сяброўства, звыклыя чалавечыя адносіны. Ціхае Паддняпроўе ад Сухадола да Дошчыцы нібы раптам ашалела. Прахам ішлі прыхільнасці і сімпатыі, узнікала варожасць. Нібы хварблівы мікроб раздражнення ўразіў людзей. Трывога вісела ў паветры.
Гэта і Алеся прывяло да найбольшага ўзрушэння ў ягоным жыцці. Прывяло невядома з якой прычыны, прывяло недарэчна, слепа.
Пачалося з агіднага здарэння, якому нават падобнае цяжкавата было знайсці за апошнія пяцьдзесят год. Прыдняпроўе заўсёды вызначалася адносна мякчэйшым характарам прыгону. Прычына гэтаму была ў тым, што тутэйшае звычаёвае права казала толькі аб уладанні зямлёй і праз яе чалавекам, а не так, як у цэнтральных губернях, целам і душой падданых, якія ўладаюць
І вось графіня Альжбета Хаданская вычварыла такое, што ў людзей валасы на галаве заварушыліся. Дзеўка-пакаёўка прыбірала пані і, прышпільваючы ёй ток, выпадкова ўкалола. Вечна раздражнёныя нервы злоснай румзы не вытрымалі, і яна ўстраміла дзеўцы вялізую шпільку ў грудзі. Дзеўка страшна закрычала, выбегла з пакоя, а праз якую гадзіну аб гэтым ведаў ужо ўвесь горад.
Пан Юры, даведаўшыся, кінуўся шукаць Хаданскага. Граф гуляў у ломбернай зале з сябрамі ў віст.
— Пан граф гуляе ў віст?
— А чаму мне не гуляць у віст?
— Ты звар'яцеў, — сказаў князь. — Калі ў цябе няма жалю, успомні, што цяпер трэба сядзець цішэй вады і ніжэй травы. Пугачоўшчыны хочаш? Васька Вашчыла па тваёй хаце не хадзіў?
— Князь…
— Што, цірам абыходзіцца абрыдла? Н-ну добра… Дык вось, калі не хочаш, каб тваю жонку — віламі, скажы ёй, каб маўчала… У апеку вазьму!
— Гэта не ад адных вас залежыць, — сказаў Ілля Хаданскі.
— Я з табою што, парсюкоў хрысціў, што ты ў размову дарослых лезеш?
З моладдзю ніхто так не гаварыў, але князь ужо не мог іначай.
— Вось што, — сказаў Загорскі. — Вось што, граф. Можа, я тую падзею і замну. Але дзеўцы зараз жа волю з зямлёй, дый то ці даруе яшчэ. Зараз жа! Іначай каб вы не пашкадавалі.
— Лухта, — сказаў стары граф.
— Вы пашкадуеце таму, што гэтым займуся асабіста я. Вы разумееце? Асабіста я.
Хаданскі спужаўся. Усё было зроблена па загаду пана Юрыя.
На тым бы, здаецца, усё магло і скончыцца. Але тут нібы чорт уткнуў у справу малодшага Загорскага.
Алесь прыйшоў у зборню. Хацеў знайсці Мсціслава. Перад дзвярыма курыльні пачуў галасы і сярод іх голас Іллі Хаданскага. Ён павярнуўся быў да дзвярэй, але прыслухаўся і спыніўся. За дзвярыма весела брахаў нешта нахабны голас Мішкі Якубовіча.
— Не можа быць? — з удаванай наіўнасцю спытаў Ілля.
— Я табе кажу. I вось нiбыта стаў наш князь перад Мiхалiнай на каленi дый прызнаўся ў каханнi. А тая глядзiць на яго непаразумела i нiц не ўтаропае. Ён да яе: "Люблю". А яна яму: "Што ты, Алесiк, я не магу цябе любiць. Я Наташу люблю… i Ядзечку".
Кампанія зарагатала. Тон гэтых нібыта Майчыных слоў быў такі наіўны, што рабілася ясна: дурніца дурніцай.
Загорскі штурхануў дзверы і зайшоў. Кампанія сціхнула.
— Пан Якубовіч, — сказазў Алесь, — хто вам дазволіў разносіць лапцявую пошту? Хто вам дазволіў бузаваць па брудных корчмах дзявочае імя? Маніць?
Чорныя вочы гусара нахабна і дзёрзка глядзелі на Алеся.
— Гэта што ж, наша высакародная зборня — карчма, ды яшчэ і брудная? — спытаў, дрэнна валодаючы сабой, Ілля Хаданскі.