Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
Шрифт:
Тое, што бойкi не мiнуць, ён зразумеў адразу. Iначай на якога д'ябла iм быў патрэбен Корвiд?
— Пачакайце, князь, — сказаў Лізагуб.
Алесь спыніўся.
Лізагуб мякка, амаль па-сяброўску, так, што смешна было вырывацца, узяў Алеся пад руку і адвёў ад сходаў.
— Мне хацелася б атрымаць ад вас некаторыя тлумачэнні наконт вашых учарашніх слоў.
— Я нікому не хачу іх даваць, сказаў Алесь. — Што сказана, тое сказана.
— Прабачце, не тлумачэнні, а працяг спрэчкі і, магчыма, некаторае неўразуменне
Лізагуб паспеў давесці яго да самага акна ў тупіку калідора, і толькі тут Алесь вызваліў локаць.
— Ваша неўразуменне мяне мала датычыць. Збянтэжанасць — таксама. Учора я сказаў тое, што хацеў.
Алесь вырашыў пайсці, а калі затрымаюць — прабіцца, адкінуўшы кагосьці з дарогі. Тут не магло быць і размовы аб тым, што ўцякаць — ганебна.
І тут адчыніліся дзверы прыбіральні, і з яе з'явіліся, нібы чэрці з табакеркі, яшчэ трое. Першыя крочылі Язэп і Гальяш Цялкоўскія. Браты. Не блізнюкі. Проста абодва мелі звычай па два гады сядзець у кожным класе. Гальяш аднойчы зрабіў подзвіг: не астаўся. І такім чынам дагнаў брата.
Яны стаялі побач. Здаравенныя, з фальварковымі атлусцелымі мордамі. Напаўідыёты.
За імі выслізнуў Воранаў, маленькі, бескаляровы, як белая мыш, сын буйнага акцызнага чыноўніка.
Убачыўшы гэтых трох, Алесь зразумеў: прарвацца не ўдасца. І адразу — ад злосці на тое, што яго так спрытна ашукалі, і ад непаразумення — страх некуды знік, а ў сэрцы нарадзіўся гнеў. Яны не мелі права нападаць на аднаго. Ну што ж, тады трэба біцца. Прайшло, відаць, хвілін дзесяць вялікай рэкрэацыі. Трэба яшчэ хаця б столькі ж заняць размовай аб усім тым, што стаіць паміж імі, а потым яшчэ десяць хвілін пратрымацца. Аднаму супраць сямёх. Не ўпасці, не даць ім рабіць з сабою ўсё, што яны захочуць.
— Калі ласка, — сказаў ён, стаўшы спіною да цёплай грубкі і адчуваючы патыліцай медны люфт. — Што вы маеце мне сказаць, граф Лізагуб?
— Я хачу спытаць, з якога такога права вы ўчора ганьбілі Польшчу, князь Загорскі? Вы ж ведаеце, гэта вельмі высакародна — лаяць тое, што ў гэты момант лае ўрад.
Нахабная хлусня абурыла Алеся. Але ён стрымаўся.
— Я не ганьбіў Польшчу, — магчыма, занадта высакамерна, каб не падумалі, што спалохаўся, сказаў ён. — Вам варта было б бліжэй трымацца да ісціны.
Алесь толькі тут успомніў, што са збораў у Кіркора Лізагуб і Ходзька пайшлі разам. Не можа быць, вядома, і размовы, каб дарослы чалавек нацкаваў юнака на юнака. Відаць, проста выказаў раздражненне, абурыўся "мужыцкім сепаратызмам здрадніка". Гэтага і хапіла. Знайшоў сабе добраахвотнага ланцужнага сабаку. А можа, і не ў "мужыцкім сепаратызме" корань усяго, а ў ягоных неасцярожных словах аб прыгоне. Напэўна так.
— Я не кручу перад вамі хвастом, — сказаў Алесь. — Але я далёкі ад думкі агулам ганьбіць ці агулам хваліць нейкі народ. Я, калі вы хочаце тлумачэнняў, скажу,
— Закруціўся, як уюн на патэльні, — сказаў Дэмбавецкі.
— …Акрамя, вядома, такіх палякаў, як наш Дэмбавецкі. Што зробіш, бываюць сумныя выключэнні, —сказаў Алесь.
Корвід пасунуўся бліжэй.
— Але, — сказаў Алесь, — я не разумею, якія адносіны да Польшчы мае немец Фан дэр Фліт, рускі Воранаў, літовец Корвід, беларусы Цялкоўскія і вы, граф Лізагуб? Мне здаецца, гэта справа пана Цыпрыяна Дэмбавецкага. Я гатовы пагаманіць з ім на гэтую тэму. З ім адным.
— Я паляк, — сказаў Лізагуб.
— За колькі? — спытаў Алесь. — І з якога часу?
— З таго часу, калі мае бацькі зразумелі, што ад двараніна, які называе сябе беларусам, смярдзіць стайняй і дзярмом.
— Не здрадай, прынамсі, — сказаў Алесь. — Не сабачым хвастом.
— Гноем, — сказаў Лізагуб. — І вы, кня-азь, яшчэ асмельваецеся лаяць парадак, заведзены слаўнымі дзядамі! Крычаць нешта аб "прыгоне".
Алесь засмяяўся.
— Вось яно што, — сказаў ён. — Я так і думаў, што не ў нацыі тут справа, што я стукнуў вас не па нацыянальным гонары, а па кішэні.
Цяпер яму ўсё было ясна. І ён, з невымоўнай пагардаю, сказаў:
— Прыгоннік.
— Чуеце? — спытаў Лізагуб.
— Чуем, — змрочна сказаў Гальяш Цялкоўскі. — Я думаў — ты хлусіў.
— Я таксама думаў аб перабольшванні, — сказаў Фан дэр Фліт. — Прабачце, граф.
— Ясна, — змрочна сказаў Корвід.
Запанавала маўчанне. Потым Лізагуб прашыпеў, увесь трасучыся ад ярасці:
— І ты яшчэ хочаш, каб я назваў сябе тваім быдлячым імем, хаме з тытулам?
— Не. Для цябе гэта занадта вялікі гонар.
— Хто вас прымае ўсур'ёз? — схіляў галаву Лізагуб. — Хто вас паважае, абыякавыя да сябе людзі? Правільна сказаў Ходзька: мы вас церпім як фарпост супраць варвараў. Усе вам выказваюць ласку, апякаючы ды прыядноўваючы. Проста шкада, што прападзяце. І дарэмна, бо толькі залішні клопат з вамі. Кіруй, па-бацькоўску апякай, гадуй…
— Сволач! — Алесевы вусны збялелі. — Рабавалі, жэрлі ды яшчэ…
— Што ў вас рабаваць? — кпіў Лізагуб.
Алесеў твар быў страшны. Прыступ жахлівага дзедаўскага шаленства падступаў аднекуль знутры.
— Кінь, — спалохаўся Фан дэр Фліт. — Яны небяспечныя.
Але Ігнацы не зважаў.
— Ласку! Ласку вам усе робяць! Што б вы былі без нас?
Адчуваючы, што цяпер ён не стрымаецца ад гневу, Алесь размахнуўся і, уклаўшы ўсю сваю сілу, ляснуў па гэтай шчацэ левай рукой, насунуўшы пад сківіцу знізу правай.
Лізагуб віскнуў, адлятаючы.
Вочы, вусны, увесь Алесеў выгляд былі такія страшныя, што хаўрус марудзіў кінуцца на яго. Адзін толькі Корвід мільгнуў недзе ўбаку, наносячы, відаць, адзін са сваіх страшных, непрыкметных удараў.