Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
Шрифт:
З цяжкасцю выцягнулі іх дрыгавічанскія мужыкі…
— Т-так, — суха сказаў дзед. — Заплаціў ты, значыцца, першую даніну свайму вар'яцтву. Скончылі, іх высокасць, курс навук.
— Я ж расказваў вам, дзеду.
— Ухваляю. Годна. І па-рыцарску. Але мне не лягчэй. Бацькам таксама. Ды яшчэ ў яры палез. З баязлівасці? Каб хутчэй насустрач небяспецы?
— Не.
— Што ж рабіць?
— Нічога, — сказаў Алесь. — Я не разумею, чаго вы напалі, дзеду. Ніхто, акрамя мяне, не пацярпеў. Ну добра, ну я тыдзень лічыў, што выключылі. А потым проста, "улічваючы
— Не яны далі, — сказаў дзед. — Імя тваё дало.
— Не імя, — сказаў Алесь. — Боязь. Баяліся камісіі. Баяліся, што Лізагубавы словы ўсплывуць.
На вуснах у Вежы з'явілася іранічная усмешка.
— Ну і што? Ну і выпхнулі б Лізагуба ў Пензу, а цябе ў Арзамас. Яго за нянавісць да рускіх, цябе — за нянавісць да імперыі, да прыгону. Лягчэй бы гэта было?
Унукавы вочы ліхаманкава блішчалі.
— А вы хацелі б, каб мяне сямёра білі за тое, што я — гэта я, а я не адбіваўся б, а даў сябе біць?
Вежа глядзеў на Кірдуна.
Змрочны, добры Кірдун стаяў ля сценкі і чырванеў усё больш. Ці ад гарэлкі, ці мо ад сораму.
І раптам Кірдун, а па мянушцы "Халява", замест таго каб апраўдвацца, тлумачыць, словам, рабіць усё тое, што было асвячона традыцыяй, раптам зароў на поўны голас і перайшоў у наступ:
— У гімназію анахцемскую аддалі. А там усямёх паніча біць хацелі… Дзякуй богу, не далі добрыя людзі.
Дзед збіраўся быў прыкрыкнуць, але спыніць Халімона было немагчыма.
— Карактарыстыку дрэнную далі… — роў Кірдун. — Дзеля чаго? Дзеля смярдзючкі той. Будучы, бачыце, царскі злачынец знайшоўся. Невядома яшчэ, хто з іх злачынец, панічык ці цар.
— Ідзі, Кірдун, — нечакана мякка сказаў Вежа. — Ідзі, выпі яшчэ. За любоў — мецьмеш ад мяне.
Кірдун, прыхліпаючы, рушыўся да дзвярэй.
Алесь глядзеў, як Вежа невідушчымі вачыма таропаецца на чорны мокры парк, на голыя дрэвы, на лапікі снегу і на сіні ўздзьмуты Дняпро.
Трывожна крычалi ў галiнах гракi.
І раптам дзед груба вылаяўся. Упершыню за ўвесь час, што ведаў яго Алесь:
— Маці іхнюю так… маці іхнюю гэтак і разгэтак… Не пусцяць ва універсітэт — у Оксфард адвязу. Загорскі, бачыце, патэнцыяльны цароў злачынец… Пляваў я на іх…
XXXI
— Майка — май, Майка — май, — звінелі за вокнамі кроплі. І Майка Раўбіч, рассмяяўшыся ад шчасця і прадчування, прынікла да акна. Зеленаватыя, як марская вада, вочы дзяўчыны прагна глядзелі на мокрыя дрэвы, на бялюткі сад, на чорныя куртыны, ля краёў якіх ужо цвілі аксамітныя браткі.
Прыцемак насоўваўся на сад. Мяккі, вільготны, майскі.
Толькі што адгрымела першая навальніца. Нястрашная, грамыхліва-радасная, майская навальніца. І цяпер пад вокнамі старога цёплага дома аж шалеў ліловы і сіні бэз.
Мокры і салодкі вецер ляцеў у вокны.
Увесь гэты
Міхаліна стаяла ля акна, паклаўшы рукі на падвоканне, нібы аддаўшы іх пяшчотным пацалункам свежага паветра.
Гэта ўсё ж было шчасце. Шчасце першага "дарослага" балю, шчасце першай "дарослай" бальнай сукенкі, белай у амаль белым, толькі трохі блакітным карункавым чахле.
І сорамна, і трошкі ганарліва было глядзець на аголеныя плечы і рукі, яшчэ тонкія, але ўжо не дзіцячыя, на бела-ружовую ружу ў попельных, з няўлоўным залацістым адценнем валасах.
Яна не ведала, ці прыгожае гэта ўсё: матава-белы, з празрыстым глыбінным румянцам твар, рот — адным краёчкам трохі ўгору, бровы — доўгія і вычварна зламаныя, і таму трошкі ганарлівыя.
Але яна бачыла сябе нібы новай, чужой, і гэтая чужая шаснаццацігадовая дзяўчына падабалася ёй.
Вялізныя, цёмна-блакітныя, як марская вада, вочы глядзелі на яе з люстэрка насцярожана, дапытліва і шчасна.
І гэта было такое шчасце, што яна засмяялася.
А ў суседнім пакоі дурная нянька Тэкля раскатурхвала Наталю. Не магла пачакаць, пакуль паедуць.
— Уставай… Устань, ласачка… Заснула, не памаліўшыся… Нельга спаць без малітвы…
Наталя мармытала нешта і адпіхвала рукі старой. Божа мой, ну нашто гэта. Во дурная нянька. Дзеля малітвы будзіць дзіця. Нічога не скажаш, рэзон.
— Трэба аці божачку сказаць… Іначай ваўчаня за бачок ухопіць.
А бадай ты… Пільная патрэба ўзяла.
— Ды я не хач-чу, — хныкала Наталя. — Я… спаць.
— Чытай-чытай.
Майка прыслухалася. Сонны галасок чытаў у суседнім пакоі:
Среди ужасного тумана Скиталась дева по скалам. Кляня жестокого тирана, Хотела жизнь предать волнам.— Так-так, — ухваляла яе Тэкля.
І зноў шапацеў сонны галасок:
Теперь куда я покажуся, Родные прочь меня бегут. Нет, лучше в море погружуся, Пускай оно меня пожрет.Майка прыснула.
— Усё, — з уздыхам сказала Наталя.
І раптам добры жаль ахапіў Майчына сэрца. Яна хутка прайшла ў сястрын пакой. Наталя, заспаная і ружовая ад сну, торкала чарнявай галоўкай у падушку.
Дзяўчына, адчуваючы нейкую вельмі блізкую, зусім не сястрынскую, шкадобу да Наталі, падышла да яе і ўзяла на рукі, зусім не баючыся, што самне сукенку. Наталка расплюшчыла чорныя вочы, ахапіла Майчыну шыю гарачымі танюткімі рукамі.
— Майка, — сказала за спіной пані Эвеліна. — Зараз жа пакладзі. Самнеш сукенку.