Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
Шрифт:
— Алесь, — сказала яна. — Алесь…
Была ноч і вярба. Быў усход. А потым было сонца.
І, калі яно ўзнялося над дрэвамі, ад круглых лістоў вадзяных гарлачыкаў ляглі на дно цені.
І цені белых вадзяных лілей на дне става былі, як заўсёды, чамусьці не круглыя, а нагадвалі разарваныя пальмавыя лісты.
XXXII
Лета было летам шчасця. Не разумеючы яшчэ да канца, што такое каханне, Алесь ведаў, што яго кахаюць і ён сам кахае. Майка часта бывала ў Загоршчыне і была такая ласкавая, такая
Бываў ён у Раўбічах. І там таксама ўсе любілі яго. Нават Франс супакоіўся. Асабліва пасля таго, як упэўніўся, што Алесь ні ў чым яму не пагражае, а Ядзечка, хаця і сумуе, усё ж мірыцца з новым становішчам і ставіцца да Франса памяркоўна і мякка, бо ён харошы хлопец і ёй добра з ім.
Мсціслаў месяца паўтара жыў у Алеся. Таму ўсім было весела. Ездзілі ўсім хаўрусам і да Кагутоў, і да Клейнаў, і да Мнішкаў. Паўсюль было весела.
А ў Раўбічах асабліва. Таму што Вацлаў і Стась пасябравалі, выкідвалі, разам з Наталяй, розныя дурыкі.
Да таго ўсё было добра, што нават Майчына нянька, старая Тэкля, палюбіла Алеся і, калі чула, што ён павінен прыехаць, буркатала:
— Во і сонейка маё прыедзе. Бог таму дасць, хто яго любіць. А хто такому дачку аддасць — таму бог дасць удвая.
Бывалі і ў дзеда, і там было лягчэй за ўсё. Вежа не перашкаджаў нічым. Хіба што трохі іранізаваў над маладымі людзьмі. І здзіўляўся сам сабе. Чаго гэта ён, стары сугней, якому пакутай было бачыць людзей, аніяк не пакутуе з той прычыны, што дом поўны моладзі, што паўсюль гучаць галасы, песні, смех, што нельга сесці ва ўлюбёнае крэсла, не сеўшы пры гэтым на партабак Франса, нельга зайсці ў галерэю, каб не перашкодзіць юнакам, якія наладзілі там танцы. Дзіўна, гэта аніяк яму не перашкаджала. Наадварот, нават падабалася.
Пакутаваў спачатку адзін Мсціслаў. Гэтаму, нават пры ягонай легкаважнасці, даводзілася дрэнна. Падабаецца табе дзяўчына, а ёй падабаецца твой лепшы сябра. Гэта яшчэ няхай! З сябрам, тым больш пастрыжным братам, біцца не палезеш. Але пастрыжны брат адступіўся. Дык што б вы думалі? Знайшла другога сябра. Каго хочаце, абы не яго.
Ён быў лёгкі чалавек, але такой ганьбы нават для яго было занадта. Таму хлопец крута змяніў сваё жыццё. Замест весялосці і танцаў браў сабаку і ішоў з ім у палі. Блукаў там, поўны меланхоліі, вёў размовы з сабакам, чытаў сентыментальныя раманы, якія яму зусім не падабаліся. Паспрабаваў нават пісаць вершы, поўныя тугі і сардэчных уздыханняў. Уздыханняў было шмат, рыфмаў — трохі меней, складу і мілагучнасці — зусім мала. Плюнуў.
Скончылася гэта зусім нечакана. Рытуал патрабаваў, каб закаханы наведаў тыя месцы, дзе ён бываў шчаслівы. Мсціслаў меў такіх месцаў няшмат, асабліва ў Азярышчы, куды сябры прыехалі наведаць Кагутоў. Маеўскі пайшоў да вялізнай адрыны, дзе калісьці ён і Алесь лазілі па сене, точачы ў ім хады між стогам і латамі страхі.
Прыйшоў туды і ўбачыў там дзевак, што якраз тапталі сена. Дзеўкі заўважылі хлопца і ўзрадаваліся магчымасці падурэць.
— Паніч прыйшоў! Вой, ды які ж харошанькі!
Дзеўкі спаймалі яго, пакацілі па сене
Бараніла яго толькі дзевяцігадовая Янька Кагут. Крычала на дзевак, штурхала іх як магла і цягнула за ногі. Гаравала, што напалі на аднаго.
Мсціслаў вызваліўся як мог ад сена, а потым стаў нападаць на дзевак па адной. Раскідваў і валяў іх, як коз. Падстаўляў ножку, скідаў са стога і не даваўся, каб зноў схапілі.
Урэшце зразумеў, што ўсё адно спаймаюць, і разам з Янькай уцёк дамоў. З таго часу хадзіў з ёю і на рыбу, і па маліны, і "глядзець ласёў". Жартам называў "нявестай".
— А што? На восем год маладзейшая. Скончу вось універсітэт — ажанюся. Я дваранін, з невялікіх, яна — вольная сялянка. Рамантыка! Карамзін!
Рабіў выгляд, што падыходзіць да хаціны. Скідаў шапку:
— Здравствуй, добрая старушка. Чувствительное сердце твое не может отказать стрелку. Ибо и старые поселянки любить умеют, под сению дерев пляша. Не можешь ли ты дать мне стакан горячего молока?
Усе рагаталі. А ён з таго часу пакінуў гуляць у расчараванага каханка.
У жніўні Алеся і Вацлава запрасілі ў Раўбічы.
Пан Яраш сустрэў іх ветліва і цёпла, але дзіўна. Алесю адразу здалося, што Раўбіч быў бы куды больш узрадаваны, каб яны прыехалі праз дзень або паслязаўтра. Нешта такое было ў ягонай усмешцы, у залішняй гасціннасці, у тым, што ён, здаецца, не ведаў, куды яму падзець вочы.
Таму Загорскі адразу папрасіў дазволу пакінуць Вацака з Наталяй і Стасем, а самому ўзяць Майку і паехаць з ёй вярхі. Да вечара. Ён казаў гэта, не зводзячы позірку з вачэй пана Яраша. І ён упэўніўся ў тым, што яму сапраўды лепей знікнуць адсюль да самай ночы. І Майцы — таксама. Таму што пан Яраш зусім няўлоўна для старонняга вока, але ўзрадаваўся.
— Магчыма, мы заедзем да Басак-Яроцкага, — не адводзячы вачэй, сказаў Алесь. — Тады ён, вядома, не адпусціць нас.
— Не, сынок, — сказаў пан Яраш, — гэтага не трэба. Вядома, калі вы захочаце астацца ў пана Яроцкага, тады справа іншая. Думаю, у яго можа быць цікава, тым болей што ні Міхаліна, ні ты там яшчэ не былі. Але толькі ў тым выпадку, калі вам сапраўды захочацца там астацца.
— Добра, — сказаў Алесь. — Мы астанемся, толькі калі заедзем туды.
Пан Яраш першы адвёў вочы. Яму на хвіліну стала страшна ад недзіцячай пранікласці хлопца.
— Добра, — сказаў ён, — я дам Майцы загад збірацца. Пачакаем, пакуль тое, на стайні.
У тыя часы на Прыдняпроўі ў багатых дзедзіцаў заўсёды існавалі пры стайні, манежы, праварыне і бегавых дарожках — словам, пры ўсім, што складала конскі завод — некалькі пакояў, штосьці накшталт мужчынскага клуба.
Там заўсёды былі канапы, каб госці маглі адпачыць. Госці ацэньвалі коней, спрачаліся, мянялі і куплялі, заключалі пагадненні, пілі каву, закусвалі.
У пакоі, куды Раўбіч прывёў Алеся, стаяла вялізная турэцкая сафа, стол з бутэлькамі і закускай і некалькі крэслаў.