Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
Шрифт:
Наталя прытулілася мацней, як паратунку шукаючы. У Майкі сціснула сэрца:
— Матулечка, возьмем Наталю, возьмем Стася… Загорскія крыўдуюць, калі не бяром…
Цёмна-блакітныя вочы пані Эвеліны глядзелі на сёстраў. Потым усмешка кранула яе вусны:
— Н-ну…
— Едзем, едзем… Наталечка, едзем… — і Майка заскакала вокол маці.
…Выехалі ўсе разам, у дзедаўскай карэце-прорве, якую трымалі спецыяльна на такія выпадкі.
Майка адчувала сябе дзіўна. Сэрца захлыналася ад чакання. Чаго яна чакала — яна не ведала і сама. Хутчэй
З Алесем яны мала бачыліся ўсе гэтыя гады. Разы два. Бо яна была ў інстытуце. Ён — у гімназіі. А ўлетку, калі ён жыў у Загоршчыне, бацька вазіў яе то на воды, то ў госці да цётак. За гады міжволі вырасла нейкая дзіўная адчужанасць. Чужым і чамусьці маладзейшым за яе здаваўся ёй суседскі хлапец, якому яна калісьці падарыла свой жалезны медальён.
І ўсё ж яна чакала.
У яе быў такі шчасны выгляд, што Яраш Раўбіч схіліўся да яе. Вочы без райка вінавата ўсміхнуліся.
— Што з табою, доня?
— Нічога, — ніякавата сказала яна. — Мне здаецца, павінна нешта здарыцца.
— У цябе заўсёды павінна нешта здарыцца, — сказаў паважны Франс.
А пан Раўбіч глядзеў на дзяцей і думаў, што Франс дарослы хлапец. Ды і Майка ўжо амаль дарослая паненка… Ён думаў і з пакутлівай усмешкай, нібы катаржнік свой ланцуг, круціў жалезны бранзалет з трыліснікам, коннікам і шыпшынай на капцы. Круціў вакол запясця рукі.
…Італьянскія аркады белага палаца, перакрэсленыя чорнымі факеламі таполяў, адкрыліся ў канцы алеі. Палалі суцэльныя вокны. Па крузе павольна пад'язджалі да сходаў карэты і брычкі. Плыў прыступкамі ўгору стракаты натоўп.
Майка сышла на зямлю і, побач з Франсам, рушыла насустрач музыцы, святлу, духмянай цеплыні. Музыка спявала нешта весняе, такое мяккае і страснае, што слёзы прасіліся на вочы.
На верхняй прыступцы стаяў Вежа з панам Юрыем і паняй Антанідай.
— Раўбiч, — цiха сказаў ён. — Радасць, радасць мне… А ты чуў, што царок сказаў на прыёме маскоўскiх дваранскiх маршалкаў [75] ?
Падняў палец:
— "Существующий порядок владения душами не может остаться неизменным…" О! Як думаеш, радасць?
75
30 сакавіка 1856 года.
Шыракаватае ў сківіцах аблічча Раўбіча загуляла жорсткімі мускуламі. Цень лёг у вачніцах.
— Каб гэта ад шчырага сэрца — радасць была б. А так гэта, па-мойму, нешта накшталт прапановы Браніборскага. Гаворыць аб радасці, а ў самога шчэлепы, як у галаўня. Прагныя.
— І я думаю, — іранічна ўсміхнуўся дзед. — У лібералізм гуляе. Як ягоны дзядзька. Ну і скончыць таксама… адпаведна… Гулі ўсё… Les merveilles gymnastiques [76] .
Вузкая, да смешнага маленькая ручка пані Антаніды кранула дзеда за локаць.
76
Дзівосы
— Бацька, тут дзеці.
Дзед замаўчаў. Потым зірнуў на нявестку і даволі лагодна ўсміхнуўся. Ён вельмі памякчэў да нявесткі за гэтыя гады: быў удзячны за ўнука.
— Пані Эвеліна, — усміхнуўся Юры, — радасць райская, што прыехалі… Франс, вы паважны, як магістр масонаў…А Стах… Не, глядзіце вы, які наш Стах… А ты, Наталечка, усё маладзееш. Што ж з табой далей будзе, алянятка?
Смяяліся снежныя зубы.
— І Майка, — нечакана сур'ёзна сказаў ён. — Вы сёння дзівосная, Майка… Алесь зараз прыйдзе. Ён пайшоў размясціць хлопцаў.
Вежа глядзеў на Майку.
— Ты! — спытаў ён. — Колькі ж гэта?
— Шаснаццаць, — сказала пані Эвеліна.
— Та-ак. Бадай што, цяпер ужо цябе не назавеш чорцікам…
— Што дзіўнага, — сказаў Раўбіч. — Скончыла інстытут.
Дзяцей адвялі ў іхнюю залу, у тую самую, дзе калісьці дзеці разбілі вазу. Майка ўспомніла: чарапок з хвастом сіняй рыбкі і дагэтуль ляжыць у скрыначцы.
У зале лёкаі скрэблі васковыя свечкі на дубовыя цагліны падлогі. Дзеці потым, танцуючы, разнясуць усё нагамі. Будзе лепей, чым назнарок нацерці.
Майцы адразу падумалася: "А нам цяпер сюды, у гэты пакой, ужо нельга. Мы цяпер дарослыя".
На хвіліну прыйшоў жаль. А потым зноў вярнулася радасць.
Яна ўступала ў залу з тым самым пачуццём, што і раней. Бачыла, як ад дзвярэй глядзяць на яе вочы пана Юрыя і пані Антаніды. Глядзяць з нейкім асцярожным чаканнем. І ў сэрцы нарадзіўся неасэнсаваны пратэст: "Нашто яны так глядзяць на мяне?"
Думка адразу ж знікла. Бо стракатая чародка людзей абкружыла яе.
— Гэта хто? Бог мой! Ядзя! Ядзечка!
Ядзечка стаяла ўсё такая самая, усё гэтак жа падобная на ляльку. Але яна была… яна была ледзь не з Майку ростам. Тоненькая, зграбная…
— Маюнька! Маюнька! — смяюцца сінія вочы.
А потым пайшло. Чорны ўсмешлівы Янка і ягоныя рукі, што моцна сціскаюць яе далонькі.
— Майка! Майка! — глядзіць у вочы, нібы не верыць. — Як мы рады! Як узрадуецца Алесь!
— Табе добра, Янка?
— Мне добра. Я цяпер сын, рачоны Ян Клейна.
…Куды гэта глядзіць паўз яе доўгі, такі "састарэлы" Янка?
Міхаліна паглядзела туды, і ў той самы момант на хорах заспявалі скрыпкі. Нібы назнарок. І ад іхняга задуменнага спеву зноў глыбока ўпала сэрца.
За пяць крокаў ад яе стаяў Алесь і дзіўна, нібы спалохана, нібы не пазнаў, глядзеў ёй у вочы.
Яна таксама не адразу пазнала яго. Зусім дарослы. Выцягнуўся амаль з пана Юрыя і, відаць, будзе вышэйшы. І такі самы загарэлы. Аблічча аж аліўкавае, і на ім асабліва светлыя — аж свецяцца — цёмна-шэрыя шырокія вочы.
Але чаму ён так разгубіўся, нібы ўбачыў дзіва? І што гэта ў ім такое новае?