Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
Шрифт:
I, нібы адразу страціўшы ўсякую цікавасць да Алеся, чалавек сказаў:
— Так таму і быць… Хадзем, князь…
Гэтае "князь" прагучала роўна, спакойна.
Вежа кінуў качак на гарматны ствол і пайшоў паперадзе, выціраючы далоні. Пайшоў, не цікавячыся, ідзе за ім нехта ці не.
Касюнька асталася сярод двара, і толькі Алма пабегла за дзедам, зрэдку азіраючыся на ўнука, быццам не разумеючы, што звязвае яго са старым і што наогул трэба з ім рабіць: кусаць за лыткі ці падціскаць хвост…
— Сабака?..
— Ніхто, — сказаў Алесь, гледзячы проста яму ў вочы. — Я падумаў, што калі вы не хочаце бачыць людзей, дык, можа, сабака зробіць хоць трохі разнастайным наша баўленне часу?
— Маеш рацыю, — сказаў стары князь. — Сабачая нізасць не так рэжа вока. Яна — прыроджаная… Даволі мілы сабачка.
Выйшлі з тунеля, і тут вачам адкрыўся партэрны фасад палаца, вялізны, трохпавярховы, з круглым бельведэрам, што быў укрыты золатам.
— 3 паўднёвага фасада ёсць каскад, — сурова сказаў князь. — Сотня статуй. Некаторыя з механізмамі. Не будзеш даглядаць, загубіш — шэлег табе цана.
Алесь маўчаў. Яму не хацелася гаварыць з гэтым чалавекам. А князь, здавалася, не заўважаў.
Чацвёртая балюстрада абрывалася над адхонам. Уніз вялі сходы, паўз якія праязджаў Алесь. А далей алея, бераг Дняпра, далячынь. Без канца.
…Князь спяшаўся. Ён ужо шкадаваў, што вырашыў пазнаёміць гэтага чужога чалавека з яго будучымі ўладаннямі. Гэта было ўтомна.
— Надумаешся прыехаць… па неадкладнай справе — адразу ж едзь, — суха сказаў князь.
— Наўрад ці надумаюся прыехаць.
— Чаму гэта?
— Дома весялей.
— Магчыма. Але забаўляць цябе мне, летнаму чалавеку, не да твару. У мае часы дваране твайго ўзросту валілі дзікоў… У вас замест гэтага, здаецца, царква?.. Ёсць яна?
— Ёсць.
— Табе, вядома, там цікавей. Прыедзеш — пастаў там за мяне свечкі Кур'яновым святым, Кукшы, ды Сергію, ды яшчэ якой-небудзь святой Матруне Мокрападоліцы.
— Пастаўлю, — суха сказаў Алесь. — Чаму не зрабіць паслугі таму, хто веруе.
Удар быў несправядлівы, пад самае сэрца, але хлопец не ведаў гэтага.
Князь, падціснуўшы вусны, паглядзеў на яго, але нічога не сказаў.
Строгі будынак з вузкімі вокнамі стаяў у парку, прымыкаючы да пляцоўкі, абкружанай мурам.
— Мой арсенал, — сказаў Вежа. — Зброя, як кажуць, з часоў Гастамысла і да нашых дзён. Тут яе чысцяць, берагуць… Тут вучаць — у тым двары за мурам — коней, каб не баяліся стрэлаў… Усё гэта нікому не патрэбна… Як усё на зямлі.
…У арсенальнай зале адбылася сутычка.
Князь паказваў шаблі, старыя мячы, кінжалы, корды. І вось адна шабля, лёгкая нават на выгляд, з похвамі, інкруставанымі чырвонай яшмай і мядовым бурштынам, здалася Алесю такой прывабнай, што ён пацягнуўся да яе і пачаў абмацваць інкрустацыю рукамі.
Князь цярпець не
— Віншую, — сказаў ён. — Гэта цябе на дзядзькаванні навучылі такім манерам, каб усё церці? Ды, можа, яшчэ, папляваўшы, крысом світкі?
Алесевы шчокі запунсавелі. Чапаць можна было ўсё, акрамя яго мужыцкага мінулага. Хлопец узняў вочы:
— А чаму б і не ўзяць у рукі?
— Гэта інкрустацыя.
— Гэта — сталь, — сказаў Алесь. — Усё астатняе толькі прывесак да яе. А яго можа і не быць.
— Гэта парадная зброя, — суха растлумачыў стары. — Аздоба.
— Зброя не можа быць аздобаю.
— Ого, — сказаў князь. — Дзе ж гэта ты вучыўся павазе да зброі?
Алесь глядзеў проста ў вочы гэтаму чалавеку, якога ён, здаецца, пачынаў ненавідзець.
— У мужыкоў, — сказаў ён. — У тых, у каго яе мала, але ўся яна пры справе.
— Пры спра-аве, — сказаў князь. — Панскія дровы сячэ.
— Мала што яна можа секчы, — сказаў Алесь.
Халодная ярасць аж звінела ў ягоных вушах. А князь падбаўляў жару:
— Каб яна пры справе была, як ты кажаш, не сядзелi б мы тут з табою. Так што ты мне сваiх чарнапятых не хвалi.
Са скрухаю паківаў галавою:
— Аддалі, называецца. Адно цікава было б ведаць: чаму цябе там для душы навучылі? У што ты верыш, акрамя "лусне пан па шчацэ — падстаў другую"?
— Я веру ў каня святога Міколы, — збялеўшы, сказаў Алесь. — І я пайду пры гэтым кані…
— Я шмат бачыў маладых людзей, смелых на язык, — сказаў дзед. — Яны, на жаль, не былі смелыя на справу… Ён "пры кані"… А ты не баішся, што гэты конь цябе ўбрыкне?
— Ён ведае сваіх.
— Ён ведае тых, хто ўмее ездзiць…
Яны выйшлi з арсенала ва ўнутраны двор i спынiлiся ля ўвахода на круглы манеж. Жэрдкi адгароджвалi iх ад арэны.
Якраз у гэты момант некалькі конюхаў вывелі са стайні каня. Яны часта пераступалі нагамі і нацягвалі вяроўкі, не даючы жывёле магчымасці кінуцца ўбок або павярнуць галаву і схапіць зубамі.
Конь дрыжаў ад ярасці. Маленькія вушы былі прыціснуты, белыя ноздры раздзьмуты. Ён ірваўся, але тыя, што так крыўдна прыніжалі яго, моцна нацягвалі вяроўкі.
— Тромб! Тромб! — пяшчотна шапнуў дзед.
Адзін з конюхаў здалёк звярнуўся да пана:
— Збіў усіх і ў стайню заляцеў. Як пачуе стрэл — вар'яцее.
— Паспрабуйце некалькі дзён страляць амаль няспынна, пакуль не атупее.
— Спрабавалі, княжа.
— Паспрабуйце яшчэ раз. Іначай які ж з яго конь? Ні на паляванне, нікуды. Татарам хіба на махан…
Пачуліся стрэлы. Жывёла прысядала на заднія ногі. Высакародны белы дрыкгант, увесь у дробных чорных плямах і смугах, як леапард.
— Пусціце! — нечакана крыкнуў Алесь. — Вы што ж, не бачыце? Ён не хоча.