Ксю
Шрифт:
– Усё роўна хочацца туды, да бяспамяцтва.
– Дык прыедзь. Гэта ж не цяжка. Ці занятая вельмі? Спраў многа?
– Ды не сказаць... Усё ў мяне о’кей. Муж, дзеткі... Большай дзесяць, меншай пяць. Працую псіхолагам. І выкладаю псіхалогію.
– “Лексус”, - не без з’едлівасці заўважыў ён.
– І “Лексус”.
– Муж таксама псіхолаг?
– Амаль што, - усміхнулася яна.
– А колькі тваім дзецям?
– Я не жанаты.... У сэнсе, халасты... Адзін... кажу ж.
На яе твары адначасова з’явіліся недавер, здзіўленне
– Ты жартуеш? Ніколі не паверу! Такі мужчына...
Яна задумалася, потым, апусціўшы вочы, ціха спытала:
– Гэта... з-за мяне?
– Ну што ты! Так склалася, так стала пытанне: жонка ці маці. Ды нідзе і не бываю, дзе мог бы пазнаёміцца з жанчынаю, а калі б і бываў, і пазнаёміўся - хто цяпер захоча жыць у глухой вёсцы, з хворым чалавекам?
– А чаму ты мне не пісаў, не адказваў на лісты, не шукаў мяне?
– паўшчувала яна мяккім, як колер вачэй, голасам.
– Навінаў не было.
– Хіба ж мне навіны трэба? Мне ты трэба быў. Я шукала цябе па розных сацыяльных сетках... Ці ты не займаешся гэтым?
– Чаму - у мяне ўсё ёсць. Тэлевізар з “талеркаю”, кампутар, усе навароты... Машына, дарэчы, - пахваліўся ён.
– Не “Лексус”, канечне, але таксама іншамарка. Маці ў паліклініку звазіць, па прадукты ў горад з’ездзіць...
Ён загаварыў пра адлегласці, якія цяпер не маюць вялікага значэння, пра сацыяльны статус, узрост і месца пражывання - як ўсё гэта знівеліравана, наколькі ўраўнялася.
– Так што неабавязкова дзікуны жывуць у вёсцы, - сказаў ён.
– Зазіраю я і ў кампутар, і ў сацсеткі, але не люблю. Агрэсіі многа. Лепш ужо старая добрая кніга, якую ведаеш на памяць...
– Колькі ў цябе часу?
– перабіла яна.
– Гадзіны дзве, можа, больш.
– Слухай, тут тлумна, музыка. Хадзем да мяне? Я цябе запрашаю ў госці. Гэта зусім блізка. Кавы пап’ем...
Тыя ж вочы, тыя ж словы, сказаныя адным і тым жа голасам, на міг перанеслі яго на пятнаццаць гадоў назад, у тое самае лета.
– Ксю... Даўно хацеў у цябе спытаць. Запрашэнне “на каву” - я тады быў упэўнены, што яно толькі адно азначае.
– Яно толькі адно і азначала. Малая была, дурная. Рыхтавалася, хацела, каб лепш, прыгажэй, рамантычна... Набівала сабе цану, вылучыцца хоць нечым хацела... А як перажывала потым!
Яна зноў пацягнулася да пачка з цыгарэтамі, але не закурыла.
– Дык паедзем? Дома нікога няма. Пустая кватэра.
– А дзеці?
– Большая ў школе, меншая ў садзе.
– А праца?
– Я пазваню ім зараз.
– А муж?
– Ты што, зноў баішся? Шукаеш прычыны не ехаць? Дзе тут муж? Пакажы мне яго. Людзі існуюць, пакуль яны ў полі нашага зроку. А знік з вачэй - значыць, няма яго ў прыродзе. Ну, а калі з’явіцца - з балкона будзеш скакаць. Жартую, на працы муж. Да таго ж у нас першы паверх.
IX.
У салоне “Лексуса” стаяла ватная цішыня. А ў яго “Кіа” хоць зачыняй вакно, хоць адчыняй - аднолькава, кожны гук звонку чуваць. Не больш
– Бесталковы, - сказала Ксю, адчыняючы дзверы.
– Не разумею, як гэта паехаць у вёску і прабіць галаву?
У калідорчыку адразу кінуліся ў вочы чужыя мужчынскія туфлі пад вешаком, а побач - дзіцячыя сандалікі. У ванным пакоі на шнуры, на нікеляванай трубе сохлі шкарпэтачкі, калготкі, трусікі, маечкі - усё яркіх дзявочых колераў, у кветкі, мячыкі, слонікі; і зноў - пад люстрам на палічцы ў празрыстым пластыкавым футарале - дарослы, непрыемны, чужы тут станок для галення.
– У вас адны дзеўкі нараджаюцца, - сказаў Дарафей, выходзячы на кухню з ручніком, выціраючы рукі.
– Добра - вайны не будзе...
Яна ўжо збірала стол, ставіла віны, гарэлкі, закускі. Ён, крыху засаромеўшыся, што ўся гэтая мітусня з-за яго, папрасіў сабе толькі гарбаты, чорнай, моцнай...
– І, калі ласка, лусту белага хлеба з маслам. Больш нічога. Прывык толькі такое.
– Сапраўды. Здаровы мужчына, фізічная праца... А я віна вып’ю. Пад цыгарэту. Мне цыгарэты памагаюць трымаць фігуру, - апраўдваючыся, патлумачыла яна.
– Закурыш, дык не так есці хочацца. А памятаеш, як я цябе карміла тады, даўно? Макаронамі з катлетаю?
– Гэта мой самы светлы ўспамін.
– І мой....
Так яны ільсцілі адно аднаму, і яшчэ больш раставала, знікала насцярожанасць паміж імі. Ён падумаў, што павінен пахваліць яе - хоць з ветлівасці госця перад гаспадыняю, ды і чаму толькі з ветлівасці?
– ён шчыра зайзросціў ёй, ганарыўся ёю, рад быў за яе.
– Ксю, якая ты малайчына. Такая кватэра, у такім месцы, машына, праца... Выглядаеш свежа, як кветка. І сама ж выйшла ў людзі - без блатаў, без грошай, з такой глушэчы, усяго дабілася розумам, прыгажосцю...
– Ага. Дабілася. Успамінаць не хачу. Эканоміла па капейцы. Кожныя канікулы, яшчэ студэнтамі, на ўсё лета ў Фінляндыю клубніцы збіраць... Света памагла. Усё дзякуючы ёй - і кватэра, і машына. Я да іх часта езджу, у Прагу.
– А як яна сама?
– спытаў ён.
– Яна? Цвіце і пахне! Не п’е, не курыць, выглядае маладзей за мяне. Дзіця свайму чэху нарадзіла. Таксама, дарэчы, дзяўчынку. Хочаш у кампутары здымкі паглядзець?
– Не, не хачу.
– Разумею... Прабач.
– Я калі-небудзь бачуся з Жэневымі дочкамі, прыязджаюць у вёску, ды і ў іх - таксама дзеўкі. Памятаеш, як твой дзядзька Жэня казаў? Кім ён акружаны?