Ксю
Шрифт:
– Яшчэ як памятаю!
– Ён не са злосці, бяскрыўдны быў.
– Я ведаю. Я табе больш скажу, як псіхолаг: самыя страшныя мае пацыенты не хамы, не п’яніцы, не пахабнікі, не цынікі, а - ханжы. Іх пазнаеш адразу, з першага позірку; на людзях - ліслівыя, ветлівенькія, вочы бегаюць, пальцы не знаходзяць месца, а дома, у сям’і, з жонкай ці з дзецьмі - тыраны, монстры, і гэтае ўвесьчаснае двайное жыццё, ці гульня ў жыццё, хаванне сябе сапраўднага, сваёй сутнасці разрывае іх, як бомба замаруджанага дзеяння. А ў выніку - мне іх слухаць, лячыць... Зрэшты, гэта мой хлеб. Без працы не застануся.
Ён піў, стараючыся не сёрбаць,
– А раскажы яшчэ пра сябе, - папрасіла яна.
– Мне страшэнна цікава ўсё, з табой звязанае. Як, чым ты жывеш?
– Як жыву? Не сказаць, каб о’кей. Як у цябе, напрыклад. У каго ні папытай: цудоўна, шчасліва... Моташна ад гэтага фальшывага аптымізму. Ну, які о’кей, калі мы старэем, хварэем і паміраем? Прычым не ў будучым, а кожную хвіліну, вось, напрыклад, у гэтую самую.
– Цяпер не модная філасофія хваробы і смерці, - гулліва заўважыла яна.
– Калі гадамі жывеш з хворым чалавекам, яшчэ не да такой філасофіі прыйдзеш. Зрэшты, я ні аб чым не шкадую. Стараюся задавальняцца тым, што маю. І веру, што ўсё да лепшага. А смерць, можа быць, самае лепшае.
– О-о! Вось як? Колькі я такога наслухалася! Да таго ж ты сабе супярэчыш. Калі ўсё да лепшага, а смерць - самае лепшае, дык тады ва ўсіх і сапраўды о’кей. Чаму тады аптымізм фальшывы? Ён якраз-такі натуральны паводле тваёй тэорыі.
– Ксю, - пакорліва здаўся ён, - я дылетант. Ты мяне разаб’еш па ўсіх пунктах. Давай без прафесійных тэрмінаў. Я ж пакуль не на прыёме ў цябе.
Яна засмяялася.
– Я, калі казала о’кей, мела на ўвазе цела. Можна быць шчаслівай матэрыяльна, а з душою трэба яшчэ разбірацца.
– На псіхатрэнінгах?
– Хоць бы. Да таго ж я проста павінна быць шчаслівая. Прафесія вымагае. Уяві - прыходзіш ты да псіхолага і бачыш знерваванага, няшчаснага чалавека з абкусанымі пазногцямі і скрушным паглядам. Чым такі паможа?
– Дзякую, - сказаў ён, дапіўшы гарбату і збраючы крошкі хлеба са стала.
– Не чапай. Хадзем на балкон, я курыць хачу - не магу...
З балкона, коса закратаванага, відаць быў той самы дворык, у які яны ўехалі. Каля дрэў, паміж клумбаў з кветкамі бегалі са смехам дзеці. Ксю, знарок ці выпадкова, стала блізка і так, што Дарафей вымушаны быў глядзець не на дворык, а толькі на яе, і ўдыхаць дым яе цыгарэты.
– Дык ты праўда ні аб чым не шкадуеш? І ўсё ў цябе да лепшага? На кожнае “чаму” ёсць гатовае “таму”? Ты шчаслівы?
Ён паціснуў плячыма.
– Што значыць: шчаслівы - нешчаслівы? Удачлівы - няўдачлівы? Я ведаю толькі, што багаты можа быць добрым, бедны - злым, хворы - шчаслівым, здаровы - няшчасным...
– Яшчэ - не красці, не зайздросціць, даглядаць хворую маці...
– Прыблізна, - кіўнуў ён.
– Не можа быць. Не веру. Няўжо ты ўсім задаволены? І нічога не хацеў бы вярнуць, паправіць?
Усё ж яна заводзіла яго. Яму таксама захацелася пагаварыць сур’ёзна.
– Ведаеш, Ксю, мне кожны год здаецца, што я быў шчаслівы акурат у такі ж час у мінулым годзе. Я калі-нікалі спрабую зафіксаваць гэта, хачу замарозіць адчуванні, спыніць імгненне, ухапіць нюхам, зрокам, рукамі ўсе незлічоныя дэталькі, каб яны не сплывалі так хутка, так непазбежна...
– А казаў, мы кожную хвіліну паміраем.
– ...І пачынаю разумець, што быў шчаслівы менавіта ў тыя моманты, калі здаваўся сабе няшчасным, што кожная сённяшняя нязначная дэталь,
– Смешны ты, - прамовіла яна.
– Ніяк не змяніўся. Цяжка цяпер такім.
– Наадварот! Калі я думаю пра маладых, пакаленне 15-гадовых - вось каму не пазайздросціш! Як яны разбіраюцца ў гэтай каты? Колькі ў іх спакусаў, колькі верагоднасцей краху, катастрофы!.. Увесь час у стане выбару, усюды трэба паспяваць, круціцца, ірваць, хапаць, ні ў чым не сумнявацца, быць упэўненым, “паспяховым”, жорсткім... У іх няма нашага вопыту, мы хоць ведалі, што такое добра, што - кепска, яны і гэтага не ведаюць. Як ім элементарна ацалець, выжыць, не звар’яць, колькі трэба мець у запасе цынізму і подласці - што, можа, і някепска для выжывання, але дзе іх узяць, гэтыя цынізм і подласць, яны ж таксама талент, не кожнаму дадзены. Не паверыш, я радуюся, што мне пашанцавала, і гэты час заспеў мяне не маладым, а пад сорак. Дай мне цяпер 15-гадовыя мазгі - прападу, звіхнуся. А так - вазьміце мяне цяпер, можна ўмыць рукі і адысці ўбок.
Ён заўважыў, што Ксю хвалюецца. Яна ўжо трэцюю цыгарэту дакурвала.
– У цябе, аказваецца, выдатна адладжаны абарончы механізм. Ты як віеўскім кругам сябе абвёў, і ні пераступіць яго, ні прабіць. Усё ў цябе роўна, гладка, складна, распланавана, разлічана.
– Ну што ты, Ксю, - сумеўся ён.
– У мяне акурат-такі нічога не атрымалася. Гэта ў цябе ўсё здорава, роўна і гладка, гэта ты ў параўнанні са мной усяго дабілася...
– Спытай, якой цаною. Я прайшла праз усё, што ты зараз казаў. Даводзілася і круціцца, і рваць, і кусацца, і быць цынічнай, і подлай... Так што дарэмна ты мяне хваліш. Ты нічога не страціў, толькі набыў, ты стаў лепшы, а я - горшаю.
Х.
Яны вярнуліся на кухню. Настала няёмкая паўза, якая сведчыла, што трэба мяняць тэму.
– А прызнайся, ты крыўдуеш на мяне, - ціха сказала Ксю.
– Я падабалася табе, ты хацеў мяне. Я помню тую ноч, я сядзела ў цябе на каленях... Мы глядзелі на дождж... Памятаеш тыя залатыя часы?
Яна, не міргаючы, глядзела на яго. Чырвань на шчоках, паўраскрытыя вусны. Складзенымі накрыж рукамі яна абдымала сябе за плечы, нібы ёй холадна было. Тут, на кухні, пры такім асвятленні і ў такім ракурсе Дарафей упершыню ўбачыў, што яна змянілася; гэта ўжо не дзяўчынка, не яго Ксю, што і праўда яна, відаць, прайшла праз многае, перш чым стаць такой.
Раптам яму страшнавата зрабілася ад немігаючага позірку гэтых вачэй. Нешта гіпнатычнае, вядзьмарскае, містычнае з’явілася ў ёй (а можа, і заўсёды было). Нічога дзіўнага, што яе кліенты ніякавеюць перад ёю, яна не хваліцца, а так і ёсць, - і пачынаюць распранаць перад ёю душы. Яшчэ яму прыйшло ў галаву, што сярэднявечную інквізіцыю можна ў некаторых рэчах калі не апраўдаць, дык зразумець.
Яна адвяла вочы.
– Аляксей, у нас мала часу. Я хачу сказаць... Ты можаш святкаваць перамогу, - сказала з разгубленай, бездапаможнай усмешкай.
– Ты выйграў. Божа, якая я дурная была! Якая вінаватая! Усе гады адчуванне, што зрабіла балюча чалавеку, які адзін па-сапраўднаму кахаў мяне... Я ведаю - гэта з-за мяне ты не жаніўся. Аляксей, пакуль у нас ёсць час... Мы адныя. Трэба карыстацца момантам. Дай мне шанец выправіць віну. Цяпер ужо я ў цябе прашу. Пайтттлі? Вунь пакой, там ложак.