Млын на Сініх Вірах
Шрифт:
Далёкі выбух.
За гэту цішыню даў бы яму па галаве, – праз рэбры ўласныя бы глядзеў на свет белы, бандзюк. А то б галавою ў вір – і садухі.
Каляда (пасуровеўшы). Добрая ўмоўная назва: “Млын на Сініх Вірах”. Мне няма чаго гаварыць, што гэтага патрабуе ад вас Радзіма – вы ведаеце самі. На вашых плячах баяздатнасць партызан цэлай акругі. Лаўрановіч, пры поўнай рабоце млына на два паставы колькі насельніцтва
Лаўрановіч. Я не ваенны інтэндант, але раней у нас такі, прыблізна, млын працаваў на два сельсаветы, у тым раёне, адкуль я зараз прыехаў. I нічога, не вельмі скардзіліся.
Каляда. Вось бачыце. Сытасць такой колькасці людзей будзе ў вашых руках. Таму таямніцу млына берагчы, як зрэнку вока, а самы млын трымаць да самага скону, як гонар свой. Вы, Цыкмун Пятровіч, працавалі да рэвалюцыі на млыне братоў Лапіных?
Асінскі. Так, а пасля ў млынтрэсце.
Каляда. Дык вось, Цыкмун Пятровіч Асінскі, як майстра, будзе млынаром.
Асінскі. Добра. Праца будзе ладная, дык я і дачку вазьму з сабою, як гаспадыню. I падсыпку дайце такога, каб сала еў мала, а мяхі варочаў вялікія.
Каляда. Добра. Андрэй Лаўрановіч тут?
Андрэй. Тут... Таварыш Каляда, мне неяк нязручна. Руку, бачыце, асколкам раздзёрла ў першы ж налёт. Дазвольце лепей стрэльбу ўзяць. Мяхі цягаць мне цяжка будзе.
Лаўрановіч. І я лічу, што правільна. Няма чаго на млыне ацірацца, няхай ваюе разам з іншымі ў лесе.
Каляда. А я думаю іначай. Мяхі яму цягаць цяжка, а па шэсцьдзесят вёрст рабіць, у багне гадзінамі ляжаць, на дрэвы лазіць – гэта не цяжка?.. Гэта зараз найважнейшае. Зразумеў, Андрэй? Ты з адзінай здаровай рукою будзеш за дваццаць інсургентаў ваяваць.
Андрэй. Калі трэба, я пайду.
Марыся. А можа... можа б, Віцю... Віктара Сміхальскага на млын, а Андрэя... задаволіць яго просьбу (саромеецца). Усё ж гэта будзе лепей, бо Сміхальскі мацнейшы.
Сміхальскі. Не, дазвольце адмовіцца. Я гераізму жадаю, рамантыкі. Радзіма ў такім становішчы, а мяне на млын, кулі цягаць.
Асінскі. Гэта ён таму адмаўляецца, што думае: хлеб на вярбе расце.
Сміхальскі. Не, я ўсё ведаю. Я толькі думаю, што на млыне кожная пасрэднасць працаваць можа. А я больш карысці прынясу, калі буду партызанам. Да таго ж, як адзін з працаўнікоў райкома камсамола я не магу так: крычаць на зборах пра Карчагіна, а як пачалося сапраўднае, дык на млын.
Каляда. Глупства ты вярзеш, хлопча. Ты і ў райкоме быў не таму, што ў цябе з дня нараджэння шышка чыноўнасці на галаве развілася, і тут будзеш ваяваць у атрадзе не таму, што ў райкоме камсамола працаваў. Ты проста больш спрактыкаваны чалавек, ніж Андрэй. I запамятай, будзеш чакаць дзіва, пацягнеш людзей на “рамантычны” ўчынак, нешта накшталт нападу на танкі са стэкам у руках – зганю. I наогул, вельмі рамантычнага месца не дам. А вось што. Будзеш, малец, трымаць сувязь з Дзюбкай. Будзеш на гэтым самым млыне жыць, хадзіць па атрадах і ў горад. Тут табе будзе выгодна. I паветра галаву халадзіць, і лясны водар прадухіляе чалавека ад разліцця чорнай жоўці. Ну і яшчэ... мне старому за гэта, некаторыя людзі “дзякуй” скажуць.
Сміхальскі. Таварыш Каляда! Радзіма гіне, а я...
Каляда. Што ты, што ты. Крый цябе божа. На Радзіму хан Койдан нападаў, – яна не загінула, Літва з палякамі ішла, – таксама не загінула. Палякі і немцы ў грамадзянскую ішлі – яна не загінула. I цяпер, калі працаўнік райкома Віктар Сміхальскі, які яшчэ хварэе адцягненым, трохі вонкавым гераізмам, добры хлопец, падабаецца многім, падобны на Дэмана, – не пойдзе проста ў атрад, а будзе сувязным – яна таксама, я думаю, неяк вытрымае, не загіне. Так што досыць размаўляць. Значыцца так, мы вырашылі, Цыкмун Пятровіч з Марысяю адразу ж, разам са мною, едуць у аколіцы Чорнага Бору і стуль дабіраюцца да Млына на Сініх Вірах. А вы ўсе пабачыцеся са мною праз тыдзень. Цяпер выйдзіце ў залу і атрымайце там дакументы і іншае. У Лаўрановіча.
Усе ідуць да дзвярэй у залу, Асінскі ідзе апошні.
Цыкмун Пятровіч, пачакайце. Вось што, патрэбна, каб нехта меў сувязь асабіста з вамі на той выпадак, калі ў гэтых небяспечных Чарнабогах з’явяцца немцы. Можа, там трэба кагось пасяліць, скажам, пад выглядам бежанкі, жанчыну якую-небудзь?
Асінскі. Пасяляць там нікога не трэба. Там у мяне жыве сваячка, Тэкля Каваль. Я і то збіраўся спытаць, ці нельга, каб яна калі-нікалі прадуктаў падкінула. Дый небяспека ад немцаў з гэтага боку вялікая.
Каляда. А вы за яе можаце паручыцца?
Асінскі. Вы давяраеце мне – давярайце і ёй. I выйці з вёскі яна можа так, што ніхто не заўважыць. Дый прафесія ў яе такая, патрабуе бадзянняў у лесе.
Каляда. Чакайце, Тэкля, Тэкля Каваль? Нешта знаёмае.
Асінскі. Гэта тая... ну... “вядзьмарка”.
Каляда (шчыра разрагатаўся). Памятаю, памятаю, гэта тая, знахарка, чараўніца. Што гэта ў нас такі народ падбіраецца... цікавы. Ноеў каўчэг нейкі. Сем пар чыстых, сем пар нячыстых.
Асінскі. Дарэмна вы так. Недарэчны смех. Яна не замовамі лечыць, яна адмыслова ведае травы. I ўрэшце (раззлаваўся), што ёй было рабіць? Што, я вас пытаю? Мужа забілі на Мазурскіх азёрах, старэйшых сыноў легіянеры закатавалі за партызаншчыну. Думаеце, яна менш надзейная, ніж гэтае фу-фу Сміхальскі, хоць ён і камсамольскае начальства.
Каляда. Ну, дарэмна гэта вы так, ён яшчэ малады, ён як малады хорт: гоніцца за ваўком, абгоніць зграю і не ведае, што ваўку раз кляцнуць зубамі і – гамон яму.