Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі
Шрифт:
Комплекс нацыянальнае непаўнавартасьці, вось як гэта называецца.
Адсюль і сучасныя ідэалы: “нармалёвая эўрапейская дзяржава”, “маленькая, але ўтульная (мірная, мілая, - патрэбнае падкрэсьліць) рэспубліка”, “Краіна ня горш за Чэхію” і да т.п. Сярэдненькія такія арыентыры. А калі арыентыр сярэдненькі – гэта ўжо не ідэал.
Адсюль і відавочная слабасьць большасьці існых ідэяў. Адсюль – кволасьць і бясплоднасьць сёньнішняга нацыянальнага руху. Усе сучасныя замяняльнікі нацыянальнай ідэі – і дзяржаўная ідэалёгія, і побытавы гонар “хвалі сваё”, і нават прасунуты апазыцыйны “нацыяналізм” ёсьць усяго толькі бледным водбліскам сапраўднай нацыянальнай ідэі. Той адзінай гістарычна і сьветапоглядна апраўданай ідэі, у якой звышмэтай зьяўляецца Сам Ісус Хрыстос.
Невялічкая, сьціплая Беларусь баіцца прызнацца самой сабе, што мае Вялікую Нацыянальную Ідэю. Што нічога “нармалёвага” няма ў тых страшных пакутах і ахвярах, якія выпалі на яе долю. Што нічога выпадковага
Такі эфэкт заўжды спрацоўваў і ў самым паказальным моманьце беларускае гістарыяграфіі – расейскім.
Мы ўвесь час ацэньвалі дачыненьні з Масквой то ў праекцыі адвечнае вайны, то ў плоскасьці штучнае роднасьці, не спрабуючы сыстэмна й глыбока адказаць на пытаньне: якую ролю адыгрывае Беларусь у Расеі? Але нават кароткі агляд і супастаўленьне фактаў расхінае перад намі велізарнае сілы й дынамізму місію.
Расея – найбольш важнае пытаньне беларускае геапалітыкі. Вырашальнае.
Стагодзьдзі войнаў і акупацыяў прызвычаілі нас глядзець на яе па-рабску, спадылба, сьціскаць кулакі й бясьсіла аглядацца вакол: скрозь расейшчына, хамства, мат і падсьвядомая ўлада імпэрыі. Але невыпадкова Госпад Бог даў нам супэрсуседа – самую вялікую краіну ў сьвеце. Нашае заплечча – Эўропа? Тады трэба адважыцца стаць адкрытым тварам да Крамля. Калі добра падумаць і перабраць гісторыю, Беларусь – адзіная, хто можа кінуць Расеі выклік.
Беларусь – найлепшы кірунак удару. Сходу – і пад дых. Ува ўмовах інфармацыйнае цывілізацыі мы маем доступ да ўсіх сакрэтаў расейскае прасторы: выдатна ведаем іх мову, культуру, глядзім іх тэлевізію й слухаем іхнія сьпевы. Мы вялі змаганьне 600 гадоў, а гэта гіганцкі досьвед. Мы маем мільённую дыяспару – у Маскве, на Смаленшчыне, у Піцеры, Карэліі й Сібіры... І галоўнае, Беларусы ў Расеі – браты. Эвангельскі падтэкст яўны: нас чакаюць са Сьвятым Пісьмом, малітвай і пропаведзьдзю. Збавіць Расею! – лёзунг, варты моцнае беларускае стратэгіі. Бо менавіта ідэя адкрытае Хрысту, пакаяннай, духовай Расеі, якая добраахвотна адмаўляецца ад прыгнёту – фантастычнае відовішча! – натхняла дзесяткі пакаленьняў беларусаў ад Рэфармацыі і дасёньня. Пераўтварэньне РПЦ, падрыхтоўка місіянераў, беларускія хрысьціянскія праекты і пастаянная малітва за няшчасных людзей, што там прападаюць – так выглядае сёньня справа, на якую Беларусь ахвяравалася стагодзьдзямі.
Я веру ў тое, што масавая эвангелізацыя й Слова Божае могуць перамагчы самую змрочную й барбарскую імпэрскую дэспатыю. Я ведаю, што гэта мацней за генштаб, ФСБ, ядзерную зброю і ўсю тамтэйшую д’ябальшчыну. І я бачу, што менавіта мы можам быць зброяй Божай у апошнім паходзе на Маскву.
Менавіта ў гэтай кропцы Расейская й Савецкая імпэрыі фатальным чынам атрымалі сьмяротныя прабоіны. Сто гадоў таму тут упершыню сабралася партыя расейскіх рэвалюцыянераў, якая потым з паражальнай хуткасьцю стварыла на 1/6 сушы найвялікшую за ўсе часы чалавецтва таталітарную сыстэму. У лютым 1917-га адсюль, са стаўкі ў Магілеве, тэрмінова выехаў у Петраград цар Мікалай ІІ, і дарогаю ў чыгуначным вагоне выракся прастолу. Назаўтра Расея выбухнула ў трэскі. Потым быў правальны Берасьцейскі мір. Потым пакт Молатава-Рыбэнтропа. Нарэшце, у канцы 1991 г. рухнуў СССР, і здарылася гэта ў Белавескай пушчы. Заўважце, парэшткі Саюзу незалежныя дзяржавы цырымонна пахавалі ў тым жа Менску. Але на гэтым гісторыя ня скончылася: тут жа з магілы на поўны рост падняўся прывід Імпэрыі зла. Усё з такой убойнай пасьлядоўнасьцю клінам сыходзіцца на Беларусі, што міжволі, як дрыжыкі, прабірае падазрэньне: праўда. Чаму так баяліся Беларусі і крыжакі, і Залатая Арда, і Трэці Рэйх, і Расея? Таму што хрысьціянская нацыянальная ідэя ў прынцыпе (і беларуская ідэя ў прыватнасьці) – галоўная небясьпека для імпэрыяў. Сэнсам нацыі ёсьць адасабленьне дзеля кшталтаваньня чалавека і шанаваньня Бога, а сэнсам імпэрыі – зьмяшаньне і зьнішчэньне нацыяў дзеля падпарадкаваньня асобы і замяшчэньня Бога ідалам. Менавіта праз нацыю Ізраіля прыйшоў у сьвет і Закон, і Збаўца Ісус Хрыстос, і менавіта імпэрыі былі вечным ворагам народу Божага. Больш таго – вынікам усталяваньня ўлады Антыхрыста, паводле Бібліі, будзе не што іншае як сусьветная імпэрыя.
Дзякуй Богу, усе імпэрыі рана ці позна развальваюцца.
У свой час паў і Рым, грандыёзная праэўрапейская мэтраполія. Не засталося й сьледу ад граніцаў, крэпасьцяў, жалезных легіёнаў. Але з разбурэньнем фізычнага цела імпэрыі хрысьціянства вызваліла аграмадную духовую энэргію. І вось ужо самі пераможцы, гаспадары Сярэднявечча, пераймаюць інфраструктуру рымскай цывілізацыі. Антычная культура й каталіцызм, лаціна й рымскае права, сыстэмнасьць і камунікацыі ахапляюць палову зямнога шара. Цэзару й ня мроіліся такія заваёвы. Пакуль мы яшчэ ня здольныя ў поўнай меры асэнсаваць спадчыну Савецкага Саюзу, але ўжо зараз ясна: наколькі бездухоўным і платаядным быў сам СССР, настолькі ўбогім будзе ягоны ўнёсак у чалавечую гісторыю. А вось Ірляндыя ніколі нікога не акупавала, не спусташала й не абвяшчала тысячагадовых рэйхаў. Маленькая зялёненькая выспа ў Атлянтыцы, зь якой жыхары ратаваліся куды далей. Сёньня Стары й Новы сьвет моляцца на яе. Скрозь ірляндзкія тэмы ў кіно, ірляндзкі стыль у кнігах, ірляндзкі рок у навушніках. Найвялікшы раман усіх часоў і народаў родам з Дубліну. Вось так, уявіце сабе: не з Парыжу, Лёндану ці Нью-Ёрку – з Дубліну. Шэсьць нобэлеўскіх літаратараў. Знакамітае О з апострафам у прозьвішчах, быццам бы з коскай перад нулямі гіганцкае лічбы, знакуе сусьветнае захапленьне: О!.. Ірляндыя сталася краінай духу. А гэта навечна.
Зьместам духовай краіны ёсьць ня культ мяжы, не ксэнафобія, не фізыялягічнае паглынаньне народаў ды тэрыторыяў – а наадварот, бязьмежнасьць у суіснаваньні, у імкненьні зрабіць сьвет больш дасканалым. Гэта не элемэнтарная функцыя захопленых квадратных кілямэтраў, а інтэграл куды вышэйшага парадку.
Яшчэ адна краіна духу ў нас пад нагамі. І мы, няўдзячныя, топчам яе штодня, дасадліва азіраючы далягляды ў пошуках свае ўласнае Ідэі.
* * *
Беларуская нацыянальная ідэя – сфэра выключнае духовасьці. І Беларусі, пагарджанай, уцісканай, гнанай за праўду, ня трэба апраўдвацца, камусьці штосьці даводзіць і шукаць пасьведчаньне асобы. Варта проста ўчытацца ў Нагорную пропаведзь Ісуса Хрыста:
“Дабрашчасныя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябёснае. Дабрашчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца. Дабрашчасныя пакорлівыя, бо яны ўспадкуюць зямлю. Дабрашчасныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца. Дабрашчасныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць. Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. Дабрашчасныя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца. Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябёснае. Дабрашчасныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць і ўсякім словам ліхім несправядліва зьневажаць за Мяне. Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гналі прарокаў, што былі перад вамі. Вы – соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, дык чым асоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдатная, хіба што выкінуць яе прэч на патаптаньне людзям. Вы – сьвятло сьвету: ня можа схавацца горад, які стаіць на версе гары. І запаліўшы сьвечку, ня ставяць яе пад пасудзінаю, а на сьвечніку, і сьвеціць усім, хто ў доме. ТАК НЯХАЙ СЬВЕЦІЦЬ СЬВЯТЛО ВАША ПЕРАД ЛЮДЗЬМІ, КАБ ЯНЫ БАЧЫЛІ ВАШЫЯ ДОБРЫЯ ЎЧЫНКІ І ЎСЛАЎЛЯЛІ АЙЦА ВАШАГА, ЯКІ ЁСЬЦЬ У НЯБЁСАХ.” (Мацьвея 5:3-16)....І зразумець, што гэта Слова для нас, беларусаў.
Па ўсім былым Саюзе да беларускага й Беларусі пачуцьццё асаблівае, дзіўнае і шчымлівае. Знакаміты працаўнічок трактар, родныя “Песьняры”, вайна па-быкаўску – гэта сьвятое, вам скажа кожны савецкі чалавек. Вельмі характэрна ў расейцаў: ім так няёмка, што часам яны стараюцца заглушыць сваю віну перад беларусамі грубым, армейскага кшталту, пакрыкваньнем. Але нават горкая маскоўская інтэлігенцыя раз-пораз, пасьля трэцяе-чацьвертае чаркі, уроніць сьлязу за Беларусь, самую чыстую, самую славянскую краіну крыніцаў з самай празрыстай у сьвеце мовай.
Гэта вельмі нагадвае мне адзін жыцьцёвы вобраз. Мой сябра, ціхенькі аднакурсьнік, са сьціжмай такіх жа бяскрыўдных, як першыя хрысьціяне, братоў, прапаведваў Біблію ў мэтро й пераходах. Зь яго бязьлітасна кпілі, грэбавалі амаль усе – і трэба было бачыць прыніжэньне гэтых людзей, калі ён шчыра й пакорліва дапамагаў ім у бядзе! Ува ўсіх справах, якія патрабавалі справядлівасьці й сумленьня, аўтарытэтам заўсёды аказваўся ён, самы траваядны, пастаянна крыўджаны.
Штосьці найвышняе ёсьць у гэтай пяшчотнай беларускай цярплівасьці, у гэтай вечна вінаватай усьмешцы. Пасьля ўсіх зьдзекаў, катастрофаў і кашмарнага генацыду гэта ўражвае, аж да дрыжыкаў. Гэта ня проста забітасьць, і не забытасьць. Гэта нашмат глыбей. Беларус, братка. Братні народ. Не такія ўжо пустыя словы, як здаецца – ці ня праўда?