Новая зямля (на белорусском языке)
Шрифт:
Як расчвартованы "начаткi"!
Пад лавай дзядзька вядзе следства.
– Якое зроблена калецтва!
I мацi прасцi перастала,
Глядзiць i дзiвiцца нямала.
– Каты напэўна, - кажа мацi,
Бо гэтак бегаюць па хаце,
Калi разыдуцца часамi!
Алесь падзячан добрай маме,
Бо мацi ў тон яму трапляе
I на катоў вiну ўскладае.
I бацька ўстаў на гэту справу
Пабачыць дзiўную праяву.
"Ўсё будзе добра, калi
Не надта возьмецца заўзята",
Алесь пад коўдрай разважае,
I страх мацней яго шугае.
Да кнiжак тут усе сышлiся,
I разважаннi пачалiся.
"Начаткi" доўга разглядалi,
Як iх "каты" пашматавалi.
Алесь за печчу весялее,
Але падняцца ён не смее,
Каб там чаго не наплясцi,
На след старэйшых не ўзвясцi...
"Не: трэба ўстаць, устаць, канечна,
Бо так ляжаць, брат, небяспечна!"
Яго аж коле пад лапаткi.
Ўстае, глядзiць ён на "начаткi",
Глядзiць ды ў слёзы! Як заплача!
"Ах ты, халерына кацяча!"
Алесь прыйшоў у гнеў, у дзiкi,
I ў абурэнне, жаль вялiкi,
Катоў ён бедных б'е, ганяе,
За хiб у сенi выкiдае,
Як бы яму тыя "начаткi"
Мiлей i бацькi, мiлей маткi.
– А гэта Каiну не шкодзiць:
Нашто ён Бога ў зман уводзiць?
Няхай братоў не забiвае!
"Начаткi" дзядзька разглядае,
Кiвае хiтра на Алеся:
– Няма нi Сiма, брат, нi Хама,
Падралi ў дрэбезгi Адама,
А Ева дзесь сядзiць на стрэсе,
Нiдзе не знойдзеш Саламона,
Кот на хвасце панёс Самсона.
Тут, брат, Iсая i Агей,
Прарок Iлья i Елiсей.
Пастаў цяпер ты Богу свечку,
За цэп бярыся ды за грэчку,
"Начаткi" ж сунь iдзi пад стрэху!
I аж заходзiцца ад смеху.
– А каб яны павыдыхалi!
Чаму задачнiка не рвалi?
Сказаў Уладзя ў засмучэннi:
– Дае ж такiя Бог здарэннi,
Але не мне яны трапляюць,
Мяне заўсёды абмiнаюць.
Тут нават бацька не стрымаўся
I нечакана засмяяўся.
Алесь пачуў - мiнула лiха.
I сам сябе ён хвалiць цiха,
I так на сэрцы праяснiлась,
Як бы гара з плячэй скацiлась.
I думаў ён i пацяшаўся,
Што ўжо з законам паквiтаўся,
I цэлы дзень ён быў вясёлы,
Як бы яго няслi анёлы.
Ды памылiўся ён без меры:
Прыходзiць бацька па вячэры,
Алеся з запеку ён клiча
Ды ў нос "начаткi" яму тыча:
– Глядзi ж ты iх цяпер, як вока:
Папруга ўжо не так далёка;
Калi каты iх зноў парвуць,
То пухiры тут паўстаюць!
I тое месца сына-блазна
Айцец
Алесь, у смутку джургануўшысь,
Пашыўся ў запечак, сагнуўшысь.
I доўга ён заснуць не можа:
Зноў Лот, Абрам... Мой моцны Божа!
Ўваччу "начаткi" мiтусяцца,
Ад iх няможна адвязацца;
Зноў тая самая бядота,
Зноў слёзы, крыўда i згрызота.
Адно Алеся суцяшала
I Кастуся бяда спаткала:
Кастусь на "веруi" сеў макам,
Абодвум кепска, небаракам!
I кажа раз Алесiк брату:
– Закiнем кнiгi ў снег, за хату,
Ты "верую", а я "начаткi",
I пойдуць iншыя парадкi.
– А будуць бiць?
– То што? паплачам,
Затое ж потым мы паскачам.
– А тата кнiжак зноў дастане?
– Ну й што? i тым дамо мы рады,
А там падыдуць i Каляды,
А там, дасць Бог, вясна настане...
Эх, брат: якi ты баязлiвы!
Не бойся, Костусь: будзем жывы!
Чаго баяцца? нiчагутка!
Закiнем iх у снег цiхутка.
А ты маўчок! нi шэп! нi слова,
I ўсё, брат, пойдзе адмыслова.
– Не, брат Алеська, не рабi ты,
Бо тата наш такi сярдзiты!
– Дык ты не хочаш?
– Не: баюся!
– Адзiн i я, брат, адступлюся,
Сказаў Алесь i засмуцiўся
I ў свае думкi углыбiўся.
На скорым часе ранiчкою
Алесь у кепскiм быў настроi:
Хадзiў, бурчаў, не змоўчваў маме,
Ўсё дагары вярнуў нагамi.
– Бадай яны былi згарэлi!
I дзе чарты iх тут падзелi?..
– Чаго ты шворышся, мармотка?
Ў пытаннi маткi злосцi нотка
Зусiм Алеся угнявiла.
Зiрнуў на матку ён нямiла.
– Няма "начатак"!
– Зноў "начаткi"?
Калi ўжо будуць iм канчаткi?
Ён ператрос i вугалочкi,
Як ёсць, аблазiў i куточкi;
Глядзеў за бэльку i ў пячуру,
Падняў такую шуру-буру,
Што хоць ты з хаты выбiрайся
I тых "начатак" адцурайся.
Алесь раскiс i не ў гуморы.
– Мо iх забраў Марцiн з каморы?
(Марцiн нядаўначка з кватэры
Прыносiў нейкiя паперы.)
Алесь Марцiна прыплятае
I ўсё шукае ды шукае,
I не знаходзiць сваю страту.
З гуменца бацька шусь у хату!
I, не гаворачы нiчога,
Рвануўся раптам да малога!
Аж задрыжаў. I ў момант вока
Ўгары матнуўся пас высока
I ў тую ж самую хвiлiну
Агнём апёк Алесю спiну.
Алесь заенчыў праразлiва,
Упаў i зноў схапiўся жыва,
А дзецi ў плач, у енк, у слёзы,