Пінская шляхта
Шрифт:
З’ява апошняя
Тыя самыя і Куторга
Куторга (кланяецца ўсім). Дзякуй, дзякуй, панове грамада! Буду старацца ўшчаслівіць Марысю.
Кручкоў. Маўчы, стары хрэн, не аб табе тут ідзе дзела! Бяры кубак ды выпі за здароўе маладых, Грышкі Ліпскага з Марысяю, і падзякуй Богу,
Куторга. Дык гэта не я – малады? Не за мае пілі здароўе?
Кручкоў. Пакінь, стары хрыч, думаць аб жаніцьбе, а заматай сабе на вус, каб крэпка дзяржаць язык за зубамі.
Куторга. Ой, найяснейшая карона! Буду сабе часта браць на розум філасофскую прыпавесць: на тое Бог даў людзям язык, каб умець маўчаць. (П’е з кубка.)
Кручкоў. Дзесяцкі! (Той уваходзіць.) Коні гатовы?
Дзесяцкі. Запрагаюць, найяснейшая карона! (Выходзіць.)
Кручкоў. Ну, панове шляхта-брацця! Я вам родны, я вам брат, дык на прашчанне вып’ем яшчэ па кубку крупніку, заспяваем нашу родную песню ды паскачам на заручынах. Пане Куторга, у цябе яшчэ не вельмі курыцца чупрына, – ты вядзі пункты, а мы пакруцімся, прыпяваючы.
Усе. Віват наш брат, найяснейшая карона!
Хор
Эй, чух чумадра, Чумадрыха весяла!Куторга
Нашы Пінскі акаліцы – Жыцце хоць цару, царыцы! Ўсяго досыць – прызірніся: Еж, пі, хоць расперажыся.Хор
Эй, чух чумадра, Чумадрыха весяла!Куторга
Ёсць гарэлка, луста хлеба, Уюны і сушона рыба. Чаго ж болей людзям трэба? Пінчуку тут даў Бог неба!Хор
Эй, чух чумадра, Чумадрыха весяла!Куторга
Як збяром дабро дачыста, Завязём на торг да места, Тады квартаю чырвонцы, Гарцам мерым карбавонцы.Хор
Эй,Куторга
Дзяўчаты нашы, як лані, Харашэйшы як ясны пані. Зіркне катора – маспане! – Сэрца з-пад жыбра дастане.Хор
Эй, чух чумадра, Чумадрыха весяла!Чуваць звонікі. Шляхта, ап’янелая, хістаецца па сцэне без парадку; гутарка агульная без сэнсу; Куторга пасярэдзіне сцэны выпускае з рук кубак i зaсынае; Кручкоў бярэ ўбок Альпенскага і кажа яму
Кручкоў. Ведаеш, што на цябе казаў Статкевіч?
Альпенскі. А што?
Кручкоў. Ён казаў, што ты не шляхціц.
Альпенскі. Што? Ён мяне так зневажае? Вось я ж яму пакажу маё шляхецтва!
Кручкоў. Не пры мне, – як паеду, тады з ім расправішся! (Адыходзіцца, бярэ ўбок Статкевіча.) Знаеш? Цябе Альпенскі аблаяў мужыком.
Статкевіч. Ён смеў назваць мяне мужыком? Мне сам Юры Кабылінскі падпісаў грамату, – дык я ж на шкуры яго выпішу сваё шляхецтва! (Шугаецца да Альпенскага і пачынаюцъ біцца.)
Ліпскі. Найяснейшая карона! Шляхта напілася і завялася біцца. Бойцеся Бога, раздыміце, а то і з вас штраф будзе належыць!
Кручкоў. Не ка мне, не ка мне, – няхай у суд падаюць, тады прыеду на следства! Бывайце здаровы! (Выходзіць з Пісулькіным.)
Ціхон. Віват, найяснейшая карона!!
Усе (апрача тых, што б’юцца). Віват, найяснейшая карона! (Заслона апускаецца, пакідаючы наперадзе сцэны Куторгу; той прачынаецца.)
Куторга. Што? Ужо разышліся? А там чутна і бойка! Добра прыпавесць кажа: пінска шляхта як нап’ецца, то напэўна падзярэцца. (Да публікі.) Ды вы ўжо, найяснейшыя панове, спаць хочаце? А што? Няпраўда? Дык:
Найяснейшая публіка! Прашу цябе, не дзівіся, Бяда гэта невяліка, Што мы крыху папіліся. Няхай шчасная развязка Пінскай шляхце ад вас будзе, – Дайце брава, калі ласка, Ды і з Богам, добры людзі!