Пад страхам смерцi (на белорусском языке)
Шрифт:
Не было ў гэтых словах нi злосцi, нi асаблiвай цвёрдасцi, але разам з тым адчуваўся ў iх настолькi ўладны загад, што рыбак скарыўся i нiхто больш i не думаў спынiць судна, якое само па сабе выплывала ў мора.
А тут яшчэ i сам Лябро сказаў рыбаку:
– Кiнь, Вiяль?..
Усе зразумелi: на iх вачах адбываецца нешта дужа незвычайнае.
Дарэчы, i Лябро, i аднаногi гаварылi прыблiзна адным тонам, амаль аднолькавым голасам, i ў абодвух быў вiдавочны паўднёвы акцэнт.
Нават сам Лябро, лоб у якога
Жуль рушыў да Лябро.
Тры крокi... Чатыры... Рух пляча, сцягна, рывок драўлянай нагi - увесь правы бок ягонай фiгуры неяк дзiўна ўздрыгваў, то падымаўся, то апускаўся...
– Прывiтанне, Аскар!
– зноў пачуўся ягоны голас, якi можна было б назваць лагодным, нават вясёлым.
Лябро, застыўшы на месцы, бы статуя, не выпускаў з зубоў люлькi.
– Ты бачыш, я тут!
– усмiхаўся Жуль.
– Хадземце да мяне, - ледзь вымавiў у адказ Лябро.
– Ты не хочаш быць са мною на "ты"?
Нi слова ў адказ. У горле ў Лябро захрас камяк. Люлька ў зубах дрыжала.
Жуль агледзеў Лябро з галавы да ног, памацаў рукою тканiну пiжамы, кiўнуў на пантофлi.
– А ты, я гляджу, позна ўстаеш! Яшчэ не адзеўся як след...
Здавалася, Лябро пачне зараз прасiць прабачэння.
– Нiчога!.. Нiчога!.. Гэй ты, карантыш! Але, ты, кухар!
– крыкнуў аднаногi Марысу, гаспадару "Ноевага каўчэга", якi i праўда быў нiзкi ростам i хадзiў у белым кухарскiм халаце.
– Скажы, каб мой куфар аднеслi да вас!.. I падрыхтуй мне найлепшы пакой!
Марыс зiрнуў на Лябро. Той кiўнуў галавою.
– Слухаю, пане...
– Жуль.
– Прабачце.
– Я сказаў, што мяне завуць Жуль... Скажы яму, Аскар, што мяне завуць Жуль.
– Яго завуць Жуль, - паслухмяна паўтарыў Лябро.
– Iдзеш, Аскар?
– Iду.
– У цябе, напэўна, вока не ў парадку? Ану, здымi на хвiлiнку акуляры, каб я мог паглядзець!
Лябро зняў акуляры, праўда, не адразу. Разгледзеўшы выбiтае вока, Жуль прысвiснуў, усё роўна як выказаў гэтым сваё захапленне ўбачаным:
– Нiшто сабе, га?.. У цябе адно вока, а ў мяне адна нага. Добрая кампанiя!
Ён узяў Лябро за руку, быццам старога сябра, i павёў яго, падскокваючы, да гатэля. Пры кожным кроку Лябро адчуваў рывок драўлянай нагi.
– Ведаеш, я спынiўся б лепш не ў цябе, а ў "Ноевым каўчэзе". Не люблю замiнаць людзям. Дый жонка ў цябе не надта памяркоўная.
– Ягоны гучны голас быў адначасна i злы i насмешлiвы.
– Я распытаў пра цябе на "Баклане"... Гэтая старая малпа расказала мне ўсё, што трэба...
Старою малпаю быў капiтан судна Батыст - Жуль празваў марака так, напэўна, таму, што яго загарэлы твар парос сiвым шчацiннем. Батыст нешта незадаволена буркнуў. Зiрнуць на яго Лябро не асмелiўся.
– Калi хочаш, можаш iм сказаць, каб яны паставiлi лодку на месца... Яна яшчэ нам спатрэбiцца... Палаўлю i я рыбку... Скажы iм! Ну, чаго ты чакаеш, га?
– Вiяль!
– крыкнуў Лябро рыбаку.
– Злавi лодку i пастаў на месца!
Па твары ў Лябро цёк пот. Акуляры ссунулiся ўнiз i блiшчалi на мокрым пераноссi.
– Трэба трошкi перакусiць, га?..
– запытаўся Жуль.
– А мясцiны тут прыгожыя, нiчога не скажаш...
Дарога iшла ўгару - яны ўзбiралiся ўверх павольна i важка, бы надавалi гэтай хвiлiне ўрачысты характар.
Плошча. Рады эўкалiптаў з пяшчотнай лiстотаю. Маленькая жоўтая царква, падобная на цацачны дамок.
– Дзе тут твая хацiнка?.. Вось гэтая?.. Ты, я бачу, любiш герань... Паслухай, гэта не твая кабета на нас пазiрае?..
Панi Лябро, у бiгудзi, развешвала на другiм паверсе бялiзну.
– Дык праўда гэта, што яна ў цябе не надта памяркоўная?.. Будзе злаваць, калi мы замочым нашу сустрэчу шкляначкай беленькага?
У гэты момант пану Лябро, нягледзячы на яго пяцьдзесят гадоў, вялiкi рост i вагу, аўтарытэт багатага чалавека i былога мэра выспы, захацелася ўпасцi прылюдна на каленi i ўголас малiць: "Пашкадуйце!.."
Больш таго, ён ледзь не зрабiў яшчэ горш. Бо гатовы ўжо быў завыць: "Забiце мяне адразу ж!"
I не таму не зрабiў ён гэтага, што баяўся страцiць павагу людзей. Проста пан Лябро не ведаў ужо больш, дзе ён знаходзiцца, не валодаў нi целам сваiм, нi думкамi, проста госць трымаў яго за руку, абапiраўся на яго i паволi i ўладна цягнуў да чырвона-зялёнай тэрасы "Ноевага каўчэга".
– Ты, мабыць, часта сюды заходзiш, га?
Лябро адказваў, бы вучань настаўнiку:
– Некалькi разоў на дзень.
– Выпiваеш?
– Не... Трохi...
– Але зрэдку хоць напiваешся?
– Нiколi...
– А ў мяне бывае... Убачыш яшчэ... Толькi не бойся... Гэй, там ёсць хто-небудзь?
З гэтымi словамi Жуль падштурхнуў Лябро ў залу кавярнi, да бара, якi зiхацеў у змроку нiкелем.
З кухнi выйшла маладзенькая афiцыянтка. Яна яшчэ, мусiць, нiчога не ведала пра прыезд такога дзiўнага госця.
– Дзень добры, пан Лябро...
– А мяне завуць Жуль... Дай нам, крошка, пляшку беленькага... I што-небудзь паесцi...
Дзяўчына зiрнула на Лябро.
– Анчоўсы?
– спыталася яна.
– Няхай будуць анчоўсы, - адказаў за Лябро Жуль.
– Я бачу, Аскар iх любiць. Анчоўсы дык анчоўсы... Падай нам на тэрасу.
Ён сеў, цi, хутчэй, упаў у лазовае крэсла, выцягнуў драўляную нагу, выцер твар вялiкай чырвонай насоўкаю - горача было i яму.
Пасля доўга пляваўся, харкаў. Урэшце паднёс шклянку з вiном да вуснаў, паглядзеў яе на святло, уздыхнуў.