Пагарэльцы
Шрифт:
Бусько. Што? Не падабаецца? А ты як рабіў? Не так? Та-ак! А людзі цярпелі. Колькі ты патаптаўся па мне. I я ўсё сцярпеў. (Скрозь слёзы.) Муху лавіў!.. Эх, Хведзька, Хведзька…
Ухватаў. Хведар Паўлавіч!!!
Бусько. Та ні! Хведзька! Апамятайся! Не Хведар Паўлавіч ужо. Хвядот, ды не тот! Пара зразумець ужо. Ну, шо ты крычыш? Шо крычыш? Перад кім ты крычыш? Перад імі? (Паказаў на залу.) Быццам ты — цаца, а я — бяка. Ты думаеш, яны цябе не ведаюць? Ведаюць як аблупленага. Спытай у іх, які ты харошы. Ну, спытай, спытай! Баішся?
Ухватаў. Ну, нарэшце ты раскалоўся. А я цябе за дурачка лічыў.
Бусько. Дарэмна! Не цаніў! Крыўдна! Разумееш? Крыўдна! Мне!
Ухватаў. Ацаню! Не-е! Будзе табе пераацэнка! Што-што, а пасаліць табе я яшчэ магу. Гарэлага дам панюхаць.
Бусько. Не пужай! Не пужа-ай! Бачыў я такіх.
Ухватаў. Адплацілі! Аддзячылі! Не-е, я на вас аброцьку знайду. Я табе такую кару егіпецкую зараз прынясу, на ўсё жыццё табе хопіць! Да смерці будзеш насіць, як язву, як пракачу! Я табе такую кару, такія мукі ўстрою… Пачакай!.. Я табе… Будзеш помніць!
Хведар Паўлавіч выходзіць у прыёмную. А там Стэла і Гарык. Ухватаў нібы спрасонку ці п'янаваты ідзе да выхаду. На парозе сутыкаецца з Наталляй Мікалаеўнай.
Бусько (расчыняе дзверы ў прыёмны пакой, загадвае). Не прымаць! Нікога не прымаць! А тым больш яго! Толькі цераз твой труп! (Гарыку.) I цераз твой! (Ляпнуў дзвярыма, шчоўкнуў замком.)
Гарык. Максімаліст! Толькі цераз мой пуп. I цераз твой, Стэла.
Наталля Мікалаеўна. А што гэта з імі? Нейкія вельмі ўстрывожаныя. Асабліва той — Хведар Паўлавіч. Што з ім?
Гарык. Тонка падмецілі, бабуся. Устрывожаны. Чалавек апынуўся ў непрывычных абставінах. Бачыце, у свой час ён высока лётаў. У маштабах горада. За аблакамі. Ну, як бы вам сказаць? Для параўнання… На арбіце быў. У космасе. I раптам вываліўся з карабля. Вываліўся на хаду. З дзяржаўнага карабля. I нідзе ніякай апоры. У невясомасці. Страціў вагу. А вагу ён меў. Груз!
Наталля Мікалаеўна. Знала я яго. Цяжкі быў. Праўда. Свінцовы.
Звоніць тэлефон.
Стэла (бярэ трубку). Вас слухаюць. Так. Так. Яго няма. Што перадаць? Добра. Калі? Добра. Я пастараюся яго знайсці. Не. Ён нікуды не паехаў. Добра. Перадам. (Кладзе трубку, стукае
Бусько. Аляксей Аляксеевіч?
Стэла. Прасіў, каб вы былі на месцы. Яны хутка будуць.
Бусько з'яўляецца на парозе свайго кабінета.
Бусько (да Наталлі Мікалаеўны). А вы пачакайце пакуль у калідоры.
Наталля Мікалаеўна выходзіць.
(Стэле). Не магла сказаць, што мяне няма тут?
Стэла. Як заўсёды, я так і сказала. Ён загадаў знайсці вас.
Бусько. Дык вось — ты мяне не знайшла. Мяне няма. I не будзе. Я не магу. Хай Кудасаў сустрэне. Дзе ён? (Гарыку.) Пакліч!
Гарык знікае.
А прыедзе Аляксей Аляксеевіч, скажы: мяне выклікалі… у гэта…
Цікаўнасць не адпускае Гарыка. У калідоры ён пасоўвае абгорнуты грубай паперай нейкі бюст на самы край шафы, любуецца яго няўстойлівасцю, бо шафа з падломанай ножкай. Гэтым заняткам ён маскіруе сваю ўвагу да гутаркі шэфа.
Стэла. Куды вас выклікалі?
Бусько. Ну… у гэта… у кіраўніцтва…
Стэла. Якое?
Бусько. Ну ў гэта, як яго… Гэта што? Допыт? У кіраўніцтва, і ўсё. Тэрмінова. (Вяртаецца ў свой кабінет.)
Гарык (адчыніўшы дзверы Кудасава). Вас кліча шэф. Неадкладна! Зараз жа!
З кабінета выходзіць Кудасаў і таропка накіроўваецца ў прыёмны пакой Бусько. Спяшаючыся, ён спатыкнуўся, зачапіў шафу, шафа хістанулася, і скрутак грохнуўся вобзем. Забрынчалі асколкі.
Кудасаў. Фу ты, чорт!
Гарык. Гэта не чорт. Вы знаеце, каго вы ўранілі?
Кудасаў. Не каго, а што.
Гарык. Не-е, — каго. Бюст!
Кудасаў. Не я. Гэта вы мяне піхнулі.
Гарык. Вы не толькі ўранілі, вы яго разбілі. А ён яшчэ не спісаны.
З кабінета выходзіць Бусько.
Бусько. Што тут за грохат?
Гарык. Ды вось тут…
Кудасаў (апярэджвае). Гарык разбіў бюст.
Гарык. Таварыш Кудасаў!..
Бусько. Ладна! Прыбярыце гэтыя чарапкі! Калі трэба — разбяромся. А цяпер… Кудасаў! Прыедзе Аляксей Аляксеевіч… А помніш, кім ён быў?
Гарык выносіць разбіты бюст.
Кудасаў. А як жа, — вадзіцель. Вырас.