Пайсці і не вярнуцца
Шрифт:
Трошкі беручы ўбок, каб затуліцца за хатай, яна кінулася назад на падворак. Хвіліну назад, выбегшы з хаты, яна ўбачыла ўбіты ў калоду тапор. Цяпер, нібы кошка, крадучыся каля сцяны, яна ўбегла на дрывотню і схапілася за гладкае сцюдзёнае тапарышча, аберуч з натугай выдзерла тапор з калоды. Пасля абабегла хату з другога боку, пералезла цераз невысокі штыкетнік агароджы, ускочыла на знаёмы ганак з вялізным замком на дзвярах. Але на ганку схавацца не было дзе, усё тут было адкрыта, а зноў бегчы цераз дрывотню ў хату ўжо не ставала часу. Ведама, яна нічога як след не абдумала і нават не агледзелася, але інакш яна не магла. Па-ранейшаму яе душыла крыўда, слёзы не давалі
— Ах ты, курва тваю маць! Што ўдумала… Ах, курва!..
Нядоўга, але без літасці збіўшы яе на снезе, Антон уцягнуў Зоську ў трысцен. На гэты раз яна не супраціўлялася, адразу абяззброеная не так яго азвярэлым напорам, як сваёй страшэннай няўдачай. У думках яе злосна пыхнула: «Забівай, гад!» I яна спярша нават не адчула болю, зразумеўшы нарэшце, што цяпер ужо ўсё. Цяпер ужо надзеі ў яе не засталося ніколечкі.
— Мярзаўка, што ўдумала! Ах, курва! — распалены шаленствам, хрыпеў Галубін, кінуўшы яе на падлогу. — Я да яе па-добраму, а яна… А вы! — раптам вызверыўся ён да разгубленых і напалоханых гаспадароў хутара, што прыціхлі ля печы. — Ты яе выпусціла, сцерва! — закрычаў ён і пагрозліва ступіў да гаспадыні.
— Не, не, пан! Ніц не вем…
— Не вем! Я табе пакажу — не вем! Усіх разам прыкончу! I таго выпаўзка таксама! Падла! — пагрозліва вертануўся Антон да гаспадара. — Каня ўсё ж схаваў, сволач! Цяпер сам яе панясеш!
Паволі, без сіл, прыўзняўшыся ў доле, Зоська выплюнула крывавую сліну. Здаецца, ён выбіў ёй зуб, вельмі балела сківіца, заклала ў баку, не было як дыхаць. Пакуль ён пагражаў гаспадарам, яна села, знямогла абаперлася рукамі аб зямлю. З рота ўсё ішла кроў, і яна думала: што будзе далей? Раззлаваны няўдачай, ён мог кожную хвіліну пазабіваць усіх у гэтай хаце. Праўда, за наган ён яшчэ не хапаўся, напэўна, жывыя яны былі яму болей патрэбныя. I болей за ўсіх, канешне, патрэбна была яму Зоська. Інакш з кім ён прыйдзе Да той паліцыі ў Скідзелі? Значыць… Значыць, будзе лепш, калі ён яе не давязе да Скідзеля. ёй трэба памерці раней. Так будзе лепш для яе самой, для тых, хто ў атрадзе, для сувязных у вёсках. Нарэшце, для яе маці ў Скідзелі. Зосьцы трэба як найхутчэй памерці і тым адвесці ганьбу і вялікую бяду ад многіх.
Новы паварот у яе становішчы асвятліў усё іншым святлом, надаў новае адценне ўсім яе думкам, па-іншаму павярнуў яе намеры. Яна ўся аціхла, сцялася, засяродзілася на сваёй новай мэце. Цяпер ёй стала не да задання, якога яна не магла выканаць, адпаў клопат аб тэрмінах, нават прапала спачуванне да гэтай во добрай жанчыны і яе сына Вацыка. Каб не нарабіць ім бяды, яна павінна як мага хутчэй развітацца з жыццём, у якім чакала яе горшае, чым сама смерць.
Але як гэта зрабіць?
Яе доўга і падрабязна інструктавалі ў атрадзе, пасылаючы на гэта заданне, яна вывучыла на памяць усе паролі і водзывы, запомніла нямала імён людзей і назваў
Седзячы на падлозе, яна крадком агледзела змрочныя закуткі трысцена, зірнула ў цемру пад лаўкай, пад стол, разы два зірнула на сцяну ля парога. Там вісела нейкая вопратка, каромысла, стары картух на цвіку, але не было нічога такога, што магло б спатрэбіцца ёй. На падлозе ляжаў кавалак вяроўчыны, перарэзанай Вацыкам, але што карысці цяпер з вяроўкі? Заставалася адно: выхапіць у Антона наган і застрэліць яго і сябе. Гэта было б здорава!.. Але калі забіваць яго, дык нашто забіваць сябе? — падумала Зоська. Тады, можа, удасца выратавацца. Значыць, так: забіць яго і выратавацца. Адна спроба не ўдалася, можа, удасца другая.
Здаецца, зноў паявілася хоць слабенькая надзея, і Зоська, трохі аддыхаўшыся, пачала патрошку сачыць за Антонам, які хадзіў па трысцене. Яна чакала, што ён падыдзе бліжэй і тады… У руках яе была яшчэ сіла, мабыць, яна б яшчэ змагла выхапіць наган, рукаятка якога заўжды трохі тырчэла ў яго з-за пазухі. Але Антон быў заняты гаспадарамі і на яе амаль не звяртаў увагі. Яму зноў карцела наконт каня.
— Дык дзе ўзяць каня? — строга запытаў ён, спыняючыся перад гаспадаром. Той недаўменна паціснуў плячыма.
— Не вем, пан. Нема коня. Пан бачыў…
— Бачыў! Схаваў, зараза! Цяпер ты во што… Вёска далёка?
— Яку пан мысліць вёску?
— Любую. Якая бліжэй. Колькі кіламетраў? Гаспадар моўчкі зірнуў на жонку.
— Вёска? Вёска ест блізка. Пенць кілёмэтраў, — сказала гаспадыня, і абое яны ўставіліся на Антона, відаць, не разумеючы, што той удумаў.
— А хутар? Хутар ёсць бліжэй?
— Хутор ест.
— Колькі кіламетраў?
— Кілёмэтраў два бэндзе, — адказаў гаспадар. — Блізко ест хутор.
— Ага! Значыць, так! — узрадавана рашыў Антон. — Ты топай на хутар і каб праз гадзіну быў тут з канём. Паняў? Перш чым што-небудзь сказаць, гаспадар цяжка ўздыхнуў.
— Так, пан. Але сасед не бардзо дасць коня. Многа лепш бэндзе, калі пан сам сходзіць на хутор.
— Не, так не выйдзе. Ты пойдзеш, а я астануся. Паняў? А будзеш хітраваць, не прывядзеш каня — спалю хутар. Паняў?
Гаспадар маўчаў, гаспадыня таксама маўчала, затуліўшы фартушком твар, і гаспадар зважліва абняў яе за плечы.
— Не тшэба, кохана. Нех бэндзе, як пан сказаў. Я пшыпрувадза коня, нех пан чэка.
— Гэта другая размова, — спакойней сказаў Антон. — Толькі жыва мне! Даю гадзіну часу.
Зоська паспрабавала зручней сесці доле, але толькі варухнулася, як моцна забалела ў баку, і яна застагнала. Яна зразумела, што гэтая гадзіна часу стане мераю і яе магчымасцей. За гэты час чакання абавязкова трэба нешта зрабіць, пасля, мабыць, ужо будзе позна. Пасля магчымасцей у яе не застанецца, час будзе служыць толькі яму, працуючы супраць яе.
Але што можна было зрабіць?
Гаспадар зашпіліў кажух, надзеў рукавіцы і, нешта ціха сказаўшы жонцы, пайшоў да дзвярэй. Антон прыдзірлівым позіркам праводзіў яго да парога і, як толькі дзверы за ім зачыніліся, крута павярнуўся да гаспадыні.
— Ану марш туды! — паказаў ён на другую палову хаты. — I не шавяліся мне!
Гаспадыня не прымусіла сябе чакаць і адразу знікла за філёнчатымі, абклеенымі шызымі шпалерамі дзвярыма. Антон абвёў позіркам трысцен і, напэўна, не знайшоўшы таго, што шукаў, абедзвюма рукамі схапіў стол, які размашыста, праз усё памяшканне пасунуў да дзвярэй, падпершы іх з гэтага боку.