Пайсці і не вярнуцца
Шрифт:
— Так. А цяпер падрубаем, а вы пагледзіцё, — без ценю гумару абвясціў сяржант, дастаючы з кішэні нешта, загорнутае ў паперку, і Зоська адвярнулася. Ежа яе мала цікавіла, яна ўсё думала, як бы ёй вызваліцца ад апекі ці арышту гэтых людзей.
16
Стоячы на снезе ў раўку, Антон не пазіраў ні на Зоську, ні на двух партызан, якія ўзяліся есці з паперкі, і пах варанага мяса пакутна дражніў яго нюх. У каторы раз за сённяшні ранак і ноч Антон быў аглушаны і збянтэжаны, амаль раздушаны тымі нечаканасцямі, што абрынуліся на яго галаву. Мала яму было нязломнай упартасці Зоські, вераломнай выхадкі гаспадара хутара,
Калі толькі дазволяць гэтыя абармоты з Ліпічанскай пушчы, якія звязалі ягоныя рукі і вядуць невядома куды. Ужо ці не на той бок Нёмана? У такім выглядзе ён не мог паявіцца ў партызанскай зоне, дзе яго адразу возьмуць пад арышт, ужо там яму не мінуць следства. Усякую магчымасць абвінавачвання трэба было пагасіць тут. Але як? З гэтым зласлівым недамеркам, якога яны называюць сяржантам, нават і паразмаўляць немагчыма, ён загадзя ўсё ведае і ўпэўнены, што Антон — вораг. Ды і Зоська таксама ашчэрылася супраць — не падысці. Але, разважыўшы, Антон падумаў, што ў ягоным становішчы, як ні дзіўна, выручыць яго можа менавіта адна толькі Зоська. Можа ўтапіць канчаткова, а можа і вызваліць — гэта ўжо будзе залежаць ад яе да яго адносін.
Сяржант з таўстуном тым часам, напэўна, даелі мяса і ляніва дажоўвалі хлеб, пазіраючы на абрыў, дзе павінен быў паявіцца некуды пасланы імі Салей. Зоська дэманстратыўна адвярнулася ад яго і засяроджана калупала ботам у снезе. У раўку было схоўна, не дужа ветрана, падаў рэдкі сняжок. Ногі ў непрасохлых ад ночы ботах пачалі хутка мёрзнуць на невялікім марозе, але Антон не спяшаўся выпраўляцца адсюль, ён напружана меркаваў, што рабіць, як падступіцца да гэтага сяржанта ці хаця б да Зоські. Ён адчуваў, што пакуль была такая магчымасць, пасля яна можа знікнуць, і ён ні да каго ні з якога боку ўжо не падступіцца.
Ён не надумаў нічога, хаця мінула, мабыць, болей чым дваццаць хвілін, і Салей не вяртаўся. Гэтая яго затрымка пачала прыкметна трывожыць сяржанта, які, стоячы на дне раўка і засунуўшы рукі ў кішэні старога, з рудымі падпалінамі ад агню шыняля, усё пазіраў на абрыў і нецярпліва таптаўся ў снезе — ужо вытаптаў невялікую, з квадратны метр, пляцоўку. Нарэшце, мабыць, згубіўшы трыванне і нядобрым словам памянуўшы японскага гарадавога, палез на схіл. Там, над раўком, дзе пачыналася ворыва, было трохі раўней, і назіраць адтуль было болей зручна. Скамечыўшы ў руках снежку, ён шпурнуў ёю ў равок і скамандаваў:
— Ану давай усе сюды! Усе, усе! I вы таксама.
Зоська, за ёй таўстунок Пашка і апошні Антон пачалі лезці па схіле ўгору. Лезці па слізкай, засыпанай снегам траве было нязручна наогул, а са звязанымі рукамі дык і зусім немагчыма. На сярэдзіне схілу Антон паслізнуўся і бездапаможна выцяўся грудзямі аб зямлю, адразу пачуўшы на вуснах саленаваты прысмак крыві. Сяржант угары зласліва, коратка рагатнуў, і Антону спатрэбілася немалое намаганне, каб не паддацца шаленству, якое хлынула на яго.
— Што раскрывяніўся?! — незадаволена сказаў сяржант, перастаючы ўсміхацца. — Ану вытрыся! Неча тут крывёю смаркацца.
Антон стаяў моўчкі, з нямым дакорам у позірку і не варухнуўся нават, калі збоку да яго нечакана ступіла Зоська. Працягшы руку, яна рукавом сачка коратка выцерла яго бараду, зрабіўшы гэта моўчкі, двума кароткімі рухамі рукі, і Антон ледзьве ўтрымаўся, каб не скалануцца ад яе дотыку. Толькі калі яна адышлася з такім выглядам, быццам ёй няма больш да яго справы, штось унутры ў яго варухнулася — сум па страчанаму ці, можа, надзея.
— Так, так! — з’едліва ўхмыльнуўся сяржант. — Цяпер бачу, японскі гарадавы!..
Ён не скончыў, аднак, — усе разам павярнуліся да недалёкага грэбня пагорка, дзе трошкі ў баку ад ланцужка сваіх ранейшых слядоў паказаўся Салей. Ён хутка шыбаваў уніз да раўка, часам шырока слізгаючы па снезе, і сяржант з таўстуном, мабыць, штосьці ўчуўшы, прыціхлі. Антон, трошкі адвярнуўшыся, выцер аб каўнер кажушка кроў, што ўсё сачылася з драпіны на барадзе, і таксама глядзеў на Салея. Ён адчуваў, што той нясе вестку, якая і для яго можа аказацца важнай.
— Ну што? — нецярпліва крыкнуў сяржант, калі пасыльны падышоў крокаў на дваццаць. Але той толькі махнуў рукой.
— Што, не дайшоў? — запытаў таўстун Пашка.
— Дайшоў. Але што карысці…
— Чаму так?
— Сівага ўзялі! — аб’явіў Салей, падышоўшы, і скінуў вінтоўку прыкладам на снег, ссунуў на патыліцу шапку. Ад яго спатнелага лба ішла пара.
— А гэта… Баба яго? — напомніў сяржант.
— Баба асталася. Ад яе і дазнаўся. Цераз беразнячок не прайсці.
— Ды ну?
— Аблава там. Паліцыя і жандары. Акурат у бярозах заселі.
— А калі правей. Полем?
— А вёска там. З вёскі ўсё на віду. Не пусцяць.
— Дзяла, японскі гарадавы! — паныла сказаў сяржант і павярнуўся назад да раўка. Паўхвіліны ён звузелымі вачмі ўзіраўся ў прытуманеную шэрань прасторы.
— Што ж нам цяпер, дняваць тут? — ціха сказаў да яго Пашка.
— А хрэн яго знае…
— Я так думаю, — пасля паўзы запараным голасам сказаў Салей. — Можна паспрабаваць ля чыгункі. Насыпка там невысокая, але… Якіх паўвярсты.
— А цераз насып не бачна? — усумніўся Пашка.
— Не, не ўбачаць. Калі паўзком…
— Паўзком? З гэтымі во? — злосна кіўнуў сяржант на Антона.
— Калі толькі паўзком, — настойваў Салей.
— Ну і задача, японскі гарадавы! — вылаяўся сяржант і сеў задам у мяккі, неглыбокі тут снег.
Антон насцярожана слухаў, стараючыся нешта ўцяміць з іхняй размовы, але толькі і зразумеў, што прайсці дзесьці нельга, што недзе на іхнім шляху немцы. Цяпер ён нават не ведаў, як аднесціся да гэтай няўдачы. З аднаго боку, ён адчуў міжвольную радасць, што ў гэтых абармотаў штось не заладзілася, і хай — не толькі ж яго спасцігаць няўдачам. Але, разважыўшы, ён адчуў няпэўную яшчэ небяспеку, каб усё гэта не абярнулася для яго яшчэ горшым чынам.