Пайсці і не вярнуцца
Шрифт:
— Як? Трываць можаш?
Яна нешта сказала, але ён не пачуў і павалок яе праз хвойны гушчар далей ад узлеску, у глыб гэтага маладога хвойніку, пакуль той не абклалі паліцаі. Абкладуць, тады зноў прабівайся з боем, што можа скончыцца новай крывёй, калі не пагібеллю абаіх.
Але неяк нечакана хутка хвойнічак скончыўся, яны выбеглі на рэдкаваты ўзлесак, і Антон дазволіў сабе спыніцца, каб перавесці дыханне. Зоська адразу ўпала на прысыпаны снегам мох, а ён спярша агледзеўся. Наперадзе ляжала нешырокае снежнае поле, зводдаль цямнелася паласа новага ўзлеску. Разглядзець яго здалёк было цяжка — густа сыпаў снег. Але снег цяпер, можа быць, дарэчы, падумаў Антон, ён схавае сляды, замгліць, дасць уцячы ад пагоні. Трохі аддыхаўшыся, Антон павярнуўся да Зоські, якая, схіліўшы галаву, бокам ляжала між хвоек.
— Ну, ты як?
Яна
— Ану дай!
Здаецца, усё ж дзяўчыне пашэнціла — куля трохі зачапіла галаву, а калі б узяла глыбей, дык перавязка ўжо не спатрэбілася б. Моршчачыся ад крыві, якая ўсё сачылася з раны, Антон абматаў свой шкумат па залепленых снегам і крывёй валасах, як-колечы завязаў канцы, Зоська, дужа збялеўшы, ціхенька стагнала, яе правае вока, брыво і нават шчака заплывалі мяккай сінюшнай пухлінай. Перавязваючы яе, Антон увесь час адчуваў нейкае дзіўнае, непадуладнае яму пачуццё, перамешанае са спагадай і амаль неадольнай фізічнай гідлівасцю.
— Нічога! — слаба суцешыў ён, скончыўшы перавязку. — Галоўнае — ногі цэлыя! Куды-небудзь дойдзем.
Яна сама асцярожна завязала на ягоны ласкут сваю хустку, ад чаго яе галава стала нязграбна-вялікай. З Антонам яна не размаўляла, відаць, ледзьве адольваючы боль, і ён не даймаў яе роспытамі. Ён болей услухоўваўся ў невыразныя гукі лесу і аднастайны шум хвой, з трывогай ловячы галасы паліцаяў. Але тыя, мабыць, адсталі, лес быў спакойны, роўна шархацеў снег па кажушку на плячах.
— Як, ісці можаш?
Замест адказу Зоська зрабіла нямоглую спробу падняцца, і ён падаў ёй руку, памог стаць на ногі.
З кароткімі супынкамі яны перайшлі поле і ўперліся ў новую сцяну хвойніку, якая рабіла тут плаўны выгінасты паварот, як Зоська раптам спынілася, пераламалася ўся на сярэдзіне, і Антон, азірнуўшыся, зразумеў: яе бралі ваніты. Пакуль яна скаланалася ў сутаргах, ён разгублена стаяў насупраць, думаючы, што як бы не давялося несці яе на плячах. Але не давялося, Зоська пакрысе абціхла, выпрасталася, і яны пайшлі далей. Праўда, яна ўвесь час адставала, змушаючы Антона прытрымліваць свой крок, і ішла нібы п’яная, спатыкаючыся, гатовая на кожным кроку ўпасці. Руку не апускала ад галавы, глядзела адно сабе пад ногі, адставала, і Антон цярпліва чакаў яе ў часе супынак, калі яна дагоніць яго. Напэўна, ёй трэба было б адпачыць, але ён імкнуўся адысці як мага далей ад чыгункі, а пасля… Але ён і сам мала разумеў, што будзе пасля.
Мінуўшы хвойнік, яны доўга брылі па голай снегавой роўнядзі невядома куды. Антон даўно ўжо не пазнаваў мясцовасці, напэўна, ён тут ніколі не быў, і ішоў абы-куды. Снег не пераставаў. Снегавая завея секла з абодвух бакоў, і ён думаў, што напрамак вытрымліваў правільна. Бачнасць вакол была кепская, а сярод раўніннага поля і зусім не стала нічога відаць — у густой белай імгле толькі мільгалі, скакалі, несліся сняжынкі. Але вось трошкі ў баку ад яго напрамку штось зашарэла цьмянай круглаватаю плямай — здалося, стажок ці, можа, сцірта саломы. Аднак спакваля Антон здагадаўся, што гэта адзінокае дрэва ў полі. Падумаўшы, што пара адпачыць, ён збочыў да гэтага дрэва і, трохі пратупаўшы, праз сетку завеі ўбачыў здаля і другое высокае дрэва, а за ім рад дрэў ніжэйшых, цені будынін, саламяную страху з комінам. Здаецца, яны прыбрылі да вёскі. Вёска цяпер была ім дарэчы, у ёй, мабыць, прыйдзецца пакінуць Зоську. Але — калі б ноччу. Удзень паяўляцца ў незнаёмай вёсцы — заўжды вялікая рызыка, тым болей пад носам у немцаў.
Шырока ступаючы ў неглыбокім снезе, Антон падышоў да дрэва і спыніўся. Гэта была старая раскошная груша-дзічка з цэлым воблакам калючага сучча, што раскінулася на мяжы двух зямельных надзелаў. Пад грушай напаўзамеценая снегам грувасцілася вялікая крушня камення, сабранага з поля. Калі сесці ніжэй, дык за крушняй можна было затуліцца ад ветру і старонняга вока, іншага прытулку паблізу нідзе не было відаць.
— Вунь вёска, бачыш? — кіўнуў Антон Зосьцы, калі тая прыплялася да грушы.
— Княжаводцы, — нейкім незнаёмым голасам ціха сказала Зоська. Антон уважліва зірнуў на яе
— Што, знаёмая вёска?
— Знаёмая. Улетку тут у сяброўкі была.
— Во і добра. Ёсць дзе прытуліцца. Пацямнее — пойдзем. А пакуль сядай, трэба чакаць.
Ён вывернуў з-пад снегу плоскі вялікі камень на краі крушні, і Зоська з гатоўнасцю апусцілася на яго, зноў, быццам ад зубнога болю, левай шчакой паклала галаву на далоні.
— Ляснула тваё заданне, — сказаў Антон, сядаючы на другі камень побач. — I маё таксама. Што рабіць?..
Ціха стогнучы, Зоська маўчала, і ён, павярнуўшы затвор, зірнуў у магазінную каробку вінтоўкі. Там было ўсяго два патроны і стрэленая гільза ў патронніку. Гільзу ён выкінуў на снег, патроны ўціснуў глыбей у каробку. Два патроны, вядома, мала, амаль нічога, хіба што на крытычны выпадак. Добра, аднак, што здабыў вінтоўку. Праўда, сам ледзьве не трапіў у паліцэйскія лапы, але вінтовачку ўсё ж падхапіў. Шкада, не паспеў памацаць у Салея ў кішэнях, мабыць, там знайшоў бы якую пару абоймаў. Але і так ледзьве дабег да хвойніку. Ва ўсякім выпадку з вінтоўкай ужо можна будзе вярнуцца ў атрад, вось толькі што ён скажа ў атрадзе аб сваёй трохдзённай адсутнасці? Чорт, як няскладна ўсё атрымалася! I трэба ж было яму выбраць такі недарэчны момант. Не, каб пачакаць пару дзён у лагеры і дачуцца аб тым, што здарылася пад Сталінградам. Але хто мог думаць, што справы ў Сталінградзе абернуцца такой нечаканасцю і ў такі менавіта час? Ды і Зоську ніколі раней не пасылалі ў Скідзель, як можна было ўпусціць такі здатны шанец? Эх, Зоська, Зоська! Гэта яна па-дурному парушыла ўсе ягоныя планы і ледзьве не загубіла яго і сябе таксама… А можа, яна ўратавала сябе і яго? — раптам падумаў Антон. Калі на ўвазе мець Сталінград, дык сапраўды ўтрымала ад згубнага апошняга кроку. Ведала роўна столькі, колькі ведаў і ён, а глядзі, здагадалася… Што значыць жаночае адчуванне! У яго ж такога адчування не аказалася, і ён ледзьве не сунуўся ў гэты паліцэйскі мурашнік у Скідзелі. Цяпер няцяжка было ўявіць, чым бы ўсё скончылася, калі б ён прывалокся да таго ж Капыцкага. Вось і атрымліваецца, што Зоська была разумнейшая за Антона і хоць бы ўскосным чынам ратавала яго.
Адвярнуўшыся ад ветру, Антон цярпліва сядзеў на камені, падняўшы каўнер кажушка, вінтоўку паклаў на калені. У гэтай беганіне, мітусні і перастрэлцы ён не заўважыў, колькі мінула часу, і думаў, што неўзабаве пачне вечарэць. Але пакуль што было відна, усё сыпаў снег, і праз якія-небудзь паўвярсты ад грушы відаць былі голыя кроны дрэў і стрэхі хат у Княжаводцах. Трэба было яшчэ пачакаць. Ён не адчуваў сцюжы, і каб не вецер, дык у кажушку яму наогул было цярпіма сярод гэтага завейнага поля пад грушай.
Вось як толькі Зоська?
— Яна дзе жыве, сяброўка твая? — Антон павярнуўся да Зоські. — З якога канца?
Зоська марудна прыўзняла абсыпаную снегам галаву і коратка зірнула на яго з пакутным выразам на апухлым твары.
— А табе што?
— Ну, як падысці? Калі з гэтага канца, дык можна рызыкнуць і цяпер. Каб не цягнуць да ночы.
Яна зноў апусціла няўклюдна абвязаную галаву левым бокам на рукі і ледзь чутна спыталася:
— Спяшаешся?
— Спяшаюся, а як жа. Пагуляў, і годзе. Трэба за справу брацца.
— Скідзель недалёка. Пятнаццаць кіламетраў.
— А нашто Скідзель? Мне ў атрад трэба.
— Во як! Значыць, перадумаў?
— А хоць бы і перадумаў. Ты ж чула: замінка ў вайне палучылася. Немцаў ад Сталінграда пагналі. А там у іх лепшыя сілы.
Зоська маўчала, і ён пачаў падцягваць самаробны рэмень на вінтоўцы. Відаць, гэты Салей быў такі партызан, як і яго вінтоўка з іржавым, забітым гразёй затворам і трэснутым пасяродку прыкладам, рэмень замест трэнчыка быў прывязаны да ложа матузом. Трэба будзе ўсё гэта прывесці ў належны выгляд, інакш які ж ён партызан з гэткаю зброяй. Цяпер, калі, на бяду ці на шчасце, у яго сарвалася з гэтым Скідзелем, Антон нават ажывеў неяк, нягледзячы на перажытае, — усё ж ён вяртаўся да труднага, але звыклага жыцця ў лесе, сярод сваіх, знаёмых людзей. Але як яны паставяцца да яго пасля такой доўгай самавольнай адлучкі — гэта пытанне, як стрэмка ў целе, сядзела ў яго трывожнай свядомасці. Ён яшчэ нічога да канца не дадумаў, але ўжо адчуваў, што ўсё будзе залежаць ад Зоські. Зоська можа яго ўратаваць, а можа і загубіць, калі ён вернецца ў атрад. Значыць, перш за ўсё трэба наладзіць адносіны з Зоськай.