Чтение онлайн

на главную

Жанры

Пайсці і не вярнуцца

Быкаў Васіль

Шрифт:

Атупеўшы ад няспыннага сустрэчнага ветру, снегу і знямогі, Антон набрыў уначы на невысокі чыгуначны насып, амаль без засцярогі перайшоў яго ў рост і пабрыў далей, стараючыся не згубіць напрамак, узяты ад Княжаводцаў. Не адразу ён зразумеў, што мае на мэце той польскі хутар, дзе так няўдала прабыў апошнюю ноч з Зоськай. Чаму менавіта той, а не які-небудзь іншы, ён не мог сабе адказаць. Можа быць, ён ішоў туды толькі таму, што там усё ж былі знаёмыя яму людзі, і ён разлічваў перакусіць у іх і пагрэцца. Прытым яму было малаважна, як яны паставяцца да яго, злосці на іх ён не меў, хаця першы ўрок трэба было запомніць на будучае. Цяпер ён не выпусціць з хаты нікога, пакуль сам не выйдзе з яе. Але перш за ўсё ён пад’есць і трохі адпачне ў цяпле,

а пасля будзе відаць. Пасля ён што-небудзь прыдумае.

Яму тэрмінова трэба было нешта прыдумаць дзеля свайго паратунку, але думкі яго не ішлі далей бліжняга клопату гэтай ночы і таго знаёмага хутара, а што рабіць далей, ён так і не мог даўмецца. Зразумела было толькі тое, што да партызанаў яму ісці нельга, да Капыцкага нельга таксама. Да Капыцкага быў нейкі сэнс прыйсці разам з Зоськай, без яе ж яго ў паліцыі не чакае нічога добрага. Ось жа д’ябальскае становішча, у якое яго загнала вайна!

Здаецца, аднак, ён усё ж аслабеў за гэтыя суткі няспыннай хады па снезе, без сну і без харчу. Некалькі разоў ён заўважаў, што пачынае драмаць на хаду, адчуванне небяспекі прытупілася ў ягонай свядомасці, ён не пазнаваў мясцовасці і быццам бы ішоў не туды. З намаганнем стросшы з сябе дрымоту, ён паазіраўся і зразумеў, што зноў зблытаў напрамак. Як і пазамінулай ноччу, перад ім пралегла на поплаве Котра. «Гэта ж трэба двойчы заблудзіць на адным месцы!» — думаў ён, гледзячы на крывуляку кустоўя ўздоўж рэчкі. Мяркуючы па ўсім, хутар застаўся справа, бліжэй да Скідзеля. Зноў жа, пачынала світаць. Нядаўна яшчэ густы, затканы снегападам змрок прыкметна радзеў, снегавыя прыцемкі разбавіліся празрыстай світальнай сінькай, доўгая зімовая ноч уступала свае правы дню. Антон не заўважыў нават, калі перастаў сыпаць снег, якога тут намяло амаль па калена. Ззаду за ім цягнуліся свежыя, бачныя нават у змроку сляды, і ён падумаў, што з такімі слядамі далёка не пройдзеш. Так яго хутка дагоняць у полі.

Як і пазамінулаю ноччу, яму нічога не заставалася, як павярнуць па рацэ направа. Праўда, ён мог бы павярнуць і налева, але там на мыску пры ўпадзенні Котры ў Нёман была вялікая вёска, а ў вялікай вёсцы заўжды лютуе паліцыя. Антон палічыў за лепшае не выпрабоўваць свой лёс і трымацца ад вёсак далей. Але і да хутара было далекавата, па прыцемках ён проста мог не паспець. I тады ён з палёгкай прыпомніў, што недзе паблізу адгэтуль была тая самая развалюха абора. Іншага прытулку ў гэтай мясціне, мабыць, ужо не знайсці.

Недалёка адышоўшыся ад ракі, ён неўзабаве знайшоў гэтую абору, яшчэ здалёку ўбачыў над ёй старое, аблепленае вараннём дрэва. Ужо зусім развіднела, поле наўкола было пустое, дзьмуў марозны паўночны вецер. Антон асцярожна вылез з хмызняку, услухаўся. Было надта холадна. Нават вароны нерухома сядзелі на дрэве, без звычайнай сваёй валтузні. Людскіх слядоў каля аборы быццам не было відаць, і ён з невядома чаму задрыжэўшым сэрцам увайшоў у яе шырока расчыненыя вароты.

За ноч снегавая гурбіна ля дзвярэй куды пабольшала і даставала да наступнай сцяны, каля шула відаць былі напаўзамеценыя сляды ног, але, здаецца, гэта былі ягоныя з Зоськай сляды. Нізенькія дзверы ў кубавую былі расчынены, і ён нерашуча пераступіў высакаваты парог.

Тут было трохі зацішней ад ветру, але сцюдзёна, як і ў полі. Антон апусціўся на зляжалую гнілую салому, прысланіўся спіной да валуна ў сцяне. Настылыя рукі засунуў за пазуху, калені затуліў палой кажушка. Было б някепска трохі заснуць, дваццаці хвілін яму б, напэўна, хапіла, каб зняць атупеласць і займець патрэбную жвавасць. Большага ён не мог дазволіць сабе.

З пакорай аддаючыся прыемнай знямозе, якая адразу ахапіла яго, ён нейкі час яшчэ вастрыў слых, баючыся празяваць небяспеку. Але, апроч невыразнага шорхату саломы на даху, сюды не пранікала болей ніякіх гукаў, было спакойна, ціха і глуха. Рыхтуючыся задрамаць, Антон думаў, што не мінула яшчэ двух сутак, а як усё катастрафічна змянілася ў ягоным лёсе. Два дні назад з ім была Зоська,

і з ёй жыла ў ім надзея. Хай сабе марная, дурная надзея, але ёю цешылася яго ачарсцвелая ў лясных нетрах душа. Ды вось стала так, што яны разышліся ворагамі, абаім жыць на гэтай зямлі зрабілася нельга. Ён прыдбаў адзіноту, Зоська назаўжды знікла з яго жыцця, але ад таго яму не стала лягчэй. Па-ранейшаму ён пакутаваў ад безвыходнасці і перастаў разумець чаму. Няўжо ўся справа ў Зосьцы? Але як тады зразумець, што ён, здаровы, разумны мужчына, трапіў у такую залежнасць ад гэтай смаркачкі! Хіба Зоська мацнейшая за яго, разумнейшая ці болей падрыхтаваная да гэтай крывавай вайны? Пасля свайго ранення яна ледзьве ліпела на свеце, адной нагой стаяла ў магіле, і ён толькі ціхенька папіхнуў яе. I тым не менш яна выжыла, недзе схавалася і па-ранейшаму ўладарыла над ягоным лёсам.

Ён задрамаў, як здалося яму, не болей чым на пяць хвілін і тут жа прачнуўся ад блізкага голасу за сцяной. Хтось вялаю, без злосці лаянкай паганяў каня. Як і два дні назад, Антон спалохана выскачыў з кубавой і адразу ж у праёме варот убачыў на дарозе сані. У іх, стоячы на каленях, нейкі дзядзька ў ватоўцы глухім голасам паганяў рыжага, з аблезлымі бакамі коніка. Ехаў ён у напрамку да Скідзеля.

— Гэй, стой! — крыкнуў Антон, паяўляючыся ў варотах.

Дзядзька азірнуўся на абору і прытрымаў каня, не ведаючы, што рабіць далей. Антон таксама не ведаў, нашто ён спыніў яго, хіба каб разжыцца харчам. Ці распытаць пра абстаноўку на гэтай дарозе і прыняць нейкае рашэнне. Ён адчуваў, што без пэўнага рашэння доўга тут не прабудзе. Немагчыма жыць між зямлёй і небам, трэба хутчэй злазіць на зямлю. Дзе толькі драбіна на гэтую страчаную ім зямлю?

У полі і на дарозе быццам нікога больш не было, можна было выйсці з аборы, але Антон палічыў за лепшае паклікаць да сабе чалавека.

— Ты, давай сюды!

Ён не сумняваўся, што дзядзька зараз жа выканае ягоны загад, і для пераканаўчасці перахапіў у руцэ вінтоўку. I на самай справе, дзядзька зачапіў за капыл лейцы і, пакінуўшы на дарозе сані, нетаропка, з яўнаю бояззю пайшоў да аборы. Пакуль ён ішоў па снезе, Антон разгледзеў яго самаробную з аўчыны шапку на галаве, старую залапленую ватоўку і лапці-чуні з накручанымі на брудныя анучы вяроўкамі. Маленькія слязлівыя вочкі на зарослым шчаціннем твары яшчэ зводдаль насцярожана ўставіліся на ўзброенага чалавека ля аборы.

— Стой! — загадаў Антон, калі дзядзька крокаў на пяць не дайшоў да варот, і той паслухмяна спыніўся. — Хлеба няма?

— Не-е, — трохі здзіўлена сказаў чалавек. — Які ж хлеб? Дома…

— Ясна. I нічога болей? Каб пажраць?

— Нічога. Дарога ж нядальняя. Так што навошта ж…

— А куды едзеш?

— Дык у Скідаль, — махнуў ён рукой на дарогу і знерухомеў, чакаючы новых пытанняў.

— На базар?

— Не. Які ж базар у панядзелак? Па доктара еду.

— Захварэў?

— Ды не. Я не захварэў. Але…

— Баба, значыць? — вёў малацікавую гутарку Антон, маючы на ўвазе неўпрыкмет выпытаць у гэтага выпадковага праезджага што-колечы з таго, што яго найболей цікавіла.

— Не баба, — дзеўка.

— Ах, дзеўка… А там на дарозе, не бачыў, паліцаяў няма?

— Не, не бачыў. Можа, дзе і ёсць, а на дарозе не бачыў.

— I партызанаў не чутна?

— Не-е. Не чуваць. У нас, ведаеце, не чуваць нічога. Глуха жывём.

— А ты з якой вёскі?

— Ды з Княжаводцаў, — сказаў дзядзька і махнуў у другі канец дарогі.

Антон спалохана змоўк. Упамінак пра Княжаводцы прымусіў яго забыцца на ўсе іншыя пытанні — здаецца, з’явілася магчымасць дазнацца, можа, пра самае для яго важнае, і ён, звузіўшы вочы, рэзка спытаў:

— Ах, па доктара едзеш?

— Ну.

— Да дзеўкі?

— Ну.

— Яна што, дачка?

Міргнуўшы слязлівымі вачмі, дзядзька раптам збянтэжыўся, быццам заікнуўся перад адказам, і Антон, не даючы адумацца, схапіў яго за куртаты каўнер ватоўкі.

— Кажы, да каго — доктара! Быстра!

Поделиться:
Популярные книги

Фиктивная жена

Шагаева Наталья
1. Братья Вертинские
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Фиктивная жена

Прометей: каменный век

Рави Ивар
1. Прометей
Фантастика:
альтернативная история
6.82
рейтинг книги
Прометей: каменный век

Сердце Дракона. Предпоследний том. Часть 1

Клеванский Кирилл Сергеевич
Сердце дракона
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Сердце Дракона. Предпоследний том. Часть 1

Дайте поспать! Том III

Матисов Павел
3. Вечный Сон
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Дайте поспать! Том III

Охота на эмиссара

Катрин Селина
1. Федерация Объединённых Миров
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Охота на эмиссара

Боги, пиво и дурак. Том 3

Горина Юлия Николаевна
3. Боги, пиво и дурак
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Боги, пиво и дурак. Том 3

Целитель

Первухин Андрей Евгеньевич
1. Целитель
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Целитель

"Фантастика 2023-123". Компиляция. Книги 1-25

Харников Александр Петрович
Фантастика 2023. Компиляция
Фантастика:
боевая фантастика
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Фантастика 2023-123. Компиляция. Книги 1-25

Мужчина моей судьбы

Ардова Алиса
2. Мужчина не моей мечты
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
8.03
рейтинг книги
Мужчина моей судьбы

Измена. Возвращение любви!

Леманн Анастасия
3. Измены
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Возвращение любви!

Нефилим

Демиров Леонид
4. Мания крафта
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
рпг
7.64
рейтинг книги
Нефилим

Ваше Сиятельство 6

Моури Эрли
6. Ваше Сиятельство
Фантастика:
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Ваше Сиятельство 6

Магия чистых душ 2

Шах Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.56
рейтинг книги
Магия чистых душ 2

Чиновникъ Особых поручений

Кулаков Алексей Иванович
6. Александр Агренев
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Чиновникъ Особых поручений