Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка ў сусьветную вайну
Шрифт:
Мельнічыха корміць нахабнага хлопца, а потым пачынаецца сямейная трагедыя.
Мельнік досьвіткам устаў, На варотах прачытаў: «Ваша дочка гэтай ночы Гонар страціла дзявочы».Швэйк у канцы песьні даў такое forto, што ўся канцылярыя ажыла; старшы пісар Ванэк прачнуўся і запытаўся:
— Колькі часу?
— Хвіліну таму назад пратрубілі ранішнюю зору.
«Устану ўжо пасьля кавы, — надумаўся Ванэк, сьпяшацца было не ў яго натуры, — і бяз гэтага зноў будуць пароць гарачку, дарэмна ганяць, як учора па гэтыя консэрвы…»
Ванэк пазяхнуў і запытаўся:
— Ці доўга я яшчэ балбатаў, як вярнуўся дадому?
— Так толькі чутачку з дарогі, — сказаў Швэйк. — Вы ўвесь час разважалі самі з сабой пра нейкія формы, што форма ня ёсьць форма, а тое, што ня форма, ёсьць форма, і тая форма зноў ня форма. Але гэта вас хутка стаміла, і вы зразу пачал: храпці, як піла, калі пілуюць.
Швэйк змоўк, прайшоў да дзьвярэй
— Што асабіста да мяне, пан старшы пісар, то калі я пачуў, што вы гаворыце пра гэтыя формы, я ўспомніў пра ліхтарніка Затка. Ён служыў на газавай станцыі на Летне, і яго абавязкам было запальваць і тушыць ліхтары. Быў гэта асьвечаны чалавек і хадзіў па розных начных шынкох на Летне: паміж запальваньнем і тушэньнем ліхтароў шмат-жа часу. Потым, пад раніцу, на газавай станцыі ён вёў вось якраз такія размовы, як учора вы, напрыклад: «Гэтыя косьці для гуляньня, бо на іх бачу рэбры і грані я». Я гэта сваімі вушамі чуў, калі мяне раз адзін п‘яны паліцэйскі прывёў за незахаваньне чыстаты на вуліцы памылкова замест паліцэйскага камісарыяту на газавую станцыю. З часам, — сказаў Швэйк ціха, — гэты Затка скончыў вельмі дрэнна. Уступіў ён у конгрэгацыю сьв. Марыі, хадзіў з нябеснымі козамі [98] на казані патэра Амелькі да сьвятога Ігната на Карлаў пляц і забыўся, калі прыехалі місыонэры да сьв. Ігната, патушыць усе газавыя ліхтары, і там бесьперапынна тры дні і тры ночы гарэў газ на вуліцах. Бяда, — гаварыў далей Швэйк, — калі чалавек раптам пачне філёзофстваваць, — гэта заўсёды пахне белай гарачкай. Некалькі гадоў таму пазад да нас перавялі з 75-га палка майора Брюгера. Той заўсёды, бывала, раз у месяц зьбярэ нас, выстраіць у карэ і пачне разам з намі філёзофстваваць: «Што такое афіцэрская годнасьць»? Ён нічога апрача сьлівянкі ня піў. «Кожны афіцэр, хлопцы, — растлумачваў ён нам на дварэ казармаў, — зьяўляецца сам па сабе найдасканалейшаю істотаю, якая надзелена розумам у сто разоў большым, як вы ўсе разам узятыя. Вы ня можаце ўявіць сабе нічога больш дасканалага. як афіцэр, нават калі-б усё жыцьцё стараліся сабе гэта ўявіць. Кожны афіцэр ёсьць істота, неабходная ў той час як вы, радавыя, зьўяляецеся выпадковым элемэнтам, вы можаце існаваць, але не абавязаны. Калі-б справа дайшла да вайны і вы-б памерлі за гасудара імпэратара — вельмі добра! Ад гэтага шмат што не зьмянілася-б, але калі-б першым паў ваш афіцэр, тагды-б вы адчулі, у якой ступені вы ад яго залежыце і якая вялікая гэта страта. Афіцэр павінен існаваць, а вы існуеце толькі дзякуючы паном афіцэрам; вы ад іх паходзіце, вы бяз іх ня абойдзецеся, вы без начальства і п… ня можаце. Афіцэр для вас закон моральны — усёроўна, разумееце вы гэта ці не, з прычыны таго, што кожны закон павінен мець свайго законадаўцу, дык такім для вас зьяўляецца афіцэр, якому вы адчуваеце сябе ўдзячнымі і павінны быць удзячнымі за ўсё, і кожны бяз выключэньня яго загад павінен вамі выконвацца, незалежна ад таго, падабаецца вам ці не». А раэ, пасьля таго, як скончыў сваю прамову, ён стаў хадзіць уздоўж фронту і пытаць аднаго за другім, што ён адчувае, калі спозьніцца ў казарму. Ну, яму адказалі неяк няскладна, накшталт таго, што ці яшчэ не пазьніліся ці што ў выпадку спазьненьня яго пачынае нудзіць, а адзін адказаў, што ён, пасьля таго як спазьніўся, адрааў адчуў, што зусім застанецца бяз водпуску. Усіх гэтых тут-жа загадаў майор Блюгер адвесьці ў бок, каб потым яны за кару пасьля абеду на дварэ папрактыкаваліся ў вольнай гімнастыцы, за тое, што ня ўмеюць выказаць, што яны адчуваюць. Раней, чым чарга дайшла да мяне, я ўспомніў, пра што ён апошні раз гаварыў, і, калі ён падышоў да мяне, я зусім спакойна яму адказаў: «Асьмелюся далажыць, пан майор, калі я спазьнюся, я адчуваю ў сябе ў сярэдзіне якісьці непакой, страх і мукі сумленьня. А калі вярнуся сваячасова з гораду, — мяне ахапляе надзвычайны спакой, мяне апамоўвае ўнутраное задаваленьне». Усе наўкол разрагаталіся, а майор Блюгер на мяне закрычаў: «Цябе хіба, ёлап, клапы апаноўваюць, калі ты пухнеш ў сябе на ложку! Ён, сукін сын, яшчэ дурыцца!» — І закаціў мне такія шпанглі, што толькі трымайся.
98
Гіронічная мянушка жанчын, членаў каталіцкіх конгрэгацый і наогул багамолак.
— На вайсковай службе іначай нельга, — сказаў старшы пісар, гультайскі пацягваючыся на сваім ложку, — гэта ўжо так спрадвеку вядзецца: як ні адкажы, як ні зрабі, — заўсёды над табою вісяць хмары і пляжыць цябе гром і маланка. Бяз гэтага няма дысцыпліны.
— Правільна сказана, — сказаў Швэйк. — Ніколі не забудуся, як пасадзілі рэкрута Пэха. Ротным камадзірам быў у нас лейтэнант Моц. Вось сабраў ён рэкрутаў і пытаецца: хто адкуль. «Перш-наперш, жаўтаротыя, — зьвярнуўся ён да іх, вы павінны навучыцца адказваць коратка і ясна, як бізуном ляснуць. Дык вось пачнем. Адкуль вы, Пэх?» Пэх быў інтэлігентны хлопец і адказаў так: «Ніжні Боўсаў — Unter Bautzen, дзьвесьце шэсьцьдзесят сем дамоў, тысяча дзевяцьсот трыццаць шэсьць чэскіх абываталяў, гэтманства і чын, воласьць Соботка, былая вотчына Косьці, прыхадзкая царква сьвятой Кацярыны з чатырнаццатага стагодзьдзя, рэстаўравана графам фон-Вацлавам Вратыславам Нэтоліцкім, школа, пошта, тэлеграф, станцыя чэскай таварнай лініі, цукровы завод, млын з пільняй, хутар Вальха, шэсьць кірмашоў на год…» Лейтэнант Моц кінуўся на яго і пачаў біць яго па мордзе, прыказваючы: «Вось табе першы кірмаш, вось табе другі, трэці, чацьверты, пяты, шосты…» А Пэх, хоць і быў рэкрут, падаў рапарт камандзіру батальёна, у канцылярыі была тагды вясёлая шантрапа. Ну, і напісалі яны там, што ён накіроўваецца з рапартам да батальённага камандзіра з прычыны кірмашоў у Ніжнім Боўсаве. Камандзірам быў тагды майор Рогель. «У чым справа?» — запытаўся ён у Пэха, а той і ляпнуў: «Асьмелюся далажыць, пан майор, у Ніжнім Боўсаве шэсьць кірмашоў». Ну, тут майор Рогель на яго закрычаў, затупаў нагамі і зараз-жа загадаў завесьці яго ў вайсковы шпіталь у аддзяленьне для вар‘ятаў. З таго часу Пэх стаў самым апошнім салдатам — не салдат, а няшчасьце.
— Салдат выхаваць справа нялёгкая, — сказаў, пазяхаючы старшы пісар Ванэк. — Салдат, які ня быў ні разу пакараны на вайсковай службе, — не салдат. Гэта, можа, у мірны час так было, што салдат, які адбыў сваю службу бяз ніводнага пакараньня, потым меў усялякія перавагі на грамадзянскай службе. Цяпер якраз наадварот, тыя самыя салдаты, якія ў мірны час ня выходзілі з пад арышту, на вайне выявіліся, як найлепшыя салдаты. Помню я радавога з 8-й маршавай роты Сыльвануса. У таго, бывала, што ні дзень — то пакараньне. Ды якія пакараньні! He саромеўся ўкрасьці ў таварыша апошні крэйцэр. А калі папаў у бой, дык першы прарваў драцяную загароду, трох узяў у палон, і аднаго тут-жа па дарозе застрэліў за тое, быццам, што здаваўся яму няпаўным. Ён атрымаў вялікі сярэбраны мэдаль, нашылі яму дзьве зорачкі, і, каб яго потым не павесілі пад Дуклей, быў-бы ён ужо даўно камандзірам разодзелу. А не павесіць яго ніяк нельга было. Пасьля бою раз падахвоціўся ён ісьці на рэкогносцыроўку, a патруль другога палка застаў яго, калі ён шнырыў у кішэнях трупаў. Нашлі ў яго гадзіньнікаў штук восем і шмат пярсьцёнкаў. Павесілі яго ля штабу брыгады.
— З гэтага відаць, — глыбокадумна заўважыў Швэйк, — што кожны салдат павінен сам сабе заваёўваць становішча.
Пачуўся тэлефонны званок. Старшы пісар падышоў да тэлефону. Нават збоку можна было разабраць голас паручніка Лукаша, які пытаўся, што з консэрвамі. Потым пачаў даваць дыхту.
— Праўда-ж іх няма, пан обэр-лейтэнант! — крычаў у тэлефон Ванэк. — Адкуль ім там узяцца, гэта толькі фантазія інтэнданцтва. Зусім дарэмна было пасылаць туды людзей. Я хацеў вам тэлефонаваць. Я быў у кантыне? Хто сказаў. Кухар-окультыст з афіцэрскай кухні? Сапраўды я дазволіў сабе туды зайсьці. Ведаеце, пан обэр-лейтэнант, як назваў гэты самы окультыст усю паніку з консэрвамі? «Жах ненароджанага». Зусім не, пан обэр-лейтэнант, я зусім цьвярозы. Што робіць Швэйк? Ён тут. Загадаеце яго паклікаць?.. Швэйк да тэлефона, — крыкнуў палкавы пісар і ў дадатак шапнуў: — калі вас запытаюць, у якім выглядзе я вярнуўся, скажэце, што ў поўным парадку.
Швэйк пры тэлефоне:
— Асьмелюся далажыць, пан обэр-лейтэнант, пры тэлефоне Швэйк.
— Слухайце, Швэйк, як справа з консэрвамі?
— Няма іх, пан обэр-лейтэнант. Hi слуху ні духу пра іх няма!
— Я хацеў-бы, Швэйк, каб вы, пакуль мы ў лягеры, кожную раніцу зьяўляліся да мяне з рапартам. Калі-ж кранёмся, вы ўвесь час будзеце знаходзіцца каля мяне. Што вы рабілі ўночы?
— Быў усю ноч пры тэлефоне.
— Былі якія-небудзь навіны?
— Былі, пан обэр-лейтэнант.
— Швэйк, ня дурэцеся зноў. Паведамлялі што-небудзь важнае, тэрміновае?
— Так точна, пан обэр-лейтэнант, але толькі к дзевяці гадзінам.
— Што-ж вы зразу мне пра гэта не далажылі?
— He хацеў вас турбаваць, пан обэр-лейтэнант, не адважыўся пра гэта і падумаць.
— Дык кажэце-ж, — каб вас чорт узяў! — што будзе ў дзевяць гадзін?!
— Тэлефонограма, пан обэр-лейтэнант.
— Я вас не разумею.
— Я гэта запісаў, пан обэр-лейтэнант. Прымеце тэлефонограму. Хто пры тэлефоне?.. Ёсьць. Чытай…
— Каб вас чорт узяў, Швэйк! Пакута мне з вамі… Скажэце мне зьмест ці я вас так трэсну, што… Ну?!
— Зноў нейкая нарада, пан обэр-лейтэнант, сягодня ў дзевяць гадзін раніцы ў пана палкоўніка. Хацеў вас пабудзіць уночы, але потым перадумаў.
— Яшчэ-б вы пачалі праз кожнае глупства будзіць мяне, на гэта часу хопіць і раніцою. Зноў нарада, каб іх чорт пабраў усіх! Павесьце трубку, паклічце мне да тэлефона Ванэка.
Старшы пісак Ванэк пры тэлефоне:
— Пры тэлефоне старшы пісар Ванэк, пан обэр-лейтэнант.
— Ванэк, знайдзеце мне зараз-жа другога дзяншчыка. Падлюга Балёўн пад раніцу зжор у мяне ўвесь шоколад. Прывязаць?.. He, аддамо яго ў санітары. Дзяцюк няўломак, дык няхай цягае параненых з поля бою. Пашлю яго зараз-жа да вас. Зрабеце ўсё гэта ў палкавой канцылярыі зараз-жа і варочайцеся ў роту. Па-вашаму, хутка паедзем.
— Сьпяшацца няма куды, пан обэр-лейтэнант. Калі мы адпраўляліся з 9-й маршавай ротай, дык нас цэлых чатыры дні вадзілі за нос. З 8-й тое самае. Толькі з 10-й было лепш. Былі мы ў поўнай баявой нарыхтаванасьці, у дванаццаць гадзін атрымалі мы загад, а вечарам ужо крануліся, але потым затое нас ганялі па ўсёй Вэнгрыі і ня ведалі, якую дзірку на якім фронце намі заткнуць.
З таго часу, як паручнік Лукаш стаў камандзірам 11-й маршавай роты, ён ня выходзіў з стану, які завецца сынкрэтызмам, гэта значыць стараўся зблізіць нясумяшчальныя паняцьці шляхам компромісу, які даходзіць да блытаніны пунктаў погляду.
А таму ён адказаў:
— Так, можа бывае. Па-вашаму, мы сягодня не кранёмся? У дзевяць гадзін у нас нарада ў палкоўніка. Ага, дарэчы, ведаеце пра тое, што вы дзяжурны? Я толькі так. Складзеце мне… Пачакайце, што гэта, бок, вы павінны мне скласьці? Сьпіс унтэр-афіцэраў з паказаньнем, з якога часу кожны з іх служыць… Потым харчы для роты. Нацыянальнасьць?.. Так, так, і нацыянальнасьць… А галоўнае прышлеце мне новага дзяншчыка. Што сягодня прапаршчыку Плешнэру рабіць з камандаю? Падрыхтавацца да адпраўкі. Патрабаваньне?.. Прыду падпісаць паеьля абеду. Нікога ня пускайце ў горад. У кантыны ў лягеры? Пасьля абеду на гадзіну… Паклічце сюды Швэйка…