Прышлы (на белорусском языке)
Шрифт:
Мiхась Ларын
Прышлы
Пераклад: Мiхась Шупенька
1. Салдаценкаў
На турбазе ўжо пяты дзень запар роў архаiчны рэпрадуктар. Я ўжо пракляў усё на свеце i еў сябе поедам. Паддаўся, iдыёт, на ўгаворы супрацоўнiкаў нашага канструктарскага аддзела. Асаблiва Светка Нiкiшова, капiроўшчыца, распiналася.
– Дык вы яшчэ зусiм не былi на нашай турбазе, Мiкалай Мiкалаевiч?
– Не быў, - адказваю.
У яе - вялiзныя здзiўленыя вочы.
– Як жа гэта так, Мiкалай Мiкалаевiч? Шэсць гадоў робiце ў аддзеле i нi разу... Шмат страцiлi. Там райскiя мясцiны, скажу вам. Я ўжо была двойчы. Як у казцы! А якая рыбалка! Шашлыкi - аб'ядзенне!
Добрая цаца! Паехаў у гэтую iдыёцкую глухамань.
Пакруцiўшыся на панцырнай сетцы з гадзiну, я падняўся з цвёрдым намерам альбо заткнуць на гэты раз звану "рот", альбо падацца ад гэтага кашмару куды вочы глядзяць. Няхай лепш з мяне камары здзекуюцца. А камароў у гэтым годзе тут безлiч. У, крывапiўцы!
Каменданта турбазы Канстанцiна Iванавiча Фiлiпоўскага дык i шукаць не трэба было. У пастаўленага непадалёк ад кухнi мангала ён адчытваў памочнiцу паварыхi Клаву. Мiнiяцюрнае стварэнне стаяла, апусцiўшы вочы перад загарэлым ледзь не да чарнаты жывоцiкам Канстанцiна Iванавiча. Утаропiўшы поўныя слёз вочы ў зямлю, Клава штосьцi малявала на вiльготным пяску кончыкам амаль дзiцячага туфлiка. Я разумеў, што абыходжуся не па-джэнтльменску, але iдыёцкая музыка так мяне злавала, што я не стрымаўся. Пагрэбаваўшы правiламi прыстойных паводзiн, я падышоў да Фiлiпоўскага i Клавы.
– Прабачце, што перапыняю вас, Канстанцiн Iванавiч, - сказаў я.
Ён, схамянуўшыся, неяк адразу падцягнуў свой жывоцiк, якi расплыўся паверх рэменя ад джынсавых штаноў.
– Так, так, слухаю вас, Мiкалай Мiкалаевiч. А ты, Клава, - Фiлiпоўскi адразу ж перайшоў на мiрны лад, - iдзi, i каб... зразумела?
Клава, убачыўшы мяне, зачырванелася, потым кiўнула галавой i затэпала сваiмi таненькiмi ножкамi ў бок кухнi.
– Цi нельга, Канстанцiн Iванавiч, каб гэты "звер" змоўк?
– спытаўся я.
– Чаму нельга? Усё можна. Толькi iнструкцыя, Мiкалай Мiкалаевiч, не дазваляе. У мяне распараджэнне наконт гэтага ёсць. Яго Кандрат Мiхайлавiч падпiсаў.
– А калi я вельмi папрашу?
– Цяпер, - Фiлiпоўскi глянуў на гадзiннiк, - палова дванаццатай. Будзем круцiць да паловы трэцяй. Там гадзiна на адпачынак. Няхай турысты паспяць. А потым, прабачце, iзноў. Такое распараджэнне.
Я слухаў яго гаворку i лавiў сябе на тым, што менавiта такiмi катэгорыямi думае i наш намеснiк дырэктара. Вось ужо выбраў сабе памочнiка!
Я нiчога не адказаў каменданту. Гэтага шасцiдзесяцiгадовага бюракрата, у якога ёсць Папера, не пераканаеш, што калi трэба - i мыш задам поўзае. Таму моўчкi прайшоў праз адчыненую брамку турбазы i накiраваўся па няпэўнай сцежцы ў бок лесу.
Каб я ведаў, што траплю ў такi пераплёт, дык лепш застаўся б на рыпучым ложку.
– Абед у нас роўна ў трынаццаць сорак пяць, - дагнаў мяне голас Фiлiпоўскага.
– Калi ласка. Не спазняйцеся, - перакрычаў "звон" камендант.
Цi то натура ў яго была злая, цi яшчэ паводле якiх прычын, але я часта назiраў падобныя карцiны. Мне было шкада ўсiх, хто працаваў на турбазе пад кiраўнiцтвам Фiлiпоўскага. Асаблiва Клаву, якая мне спадабалася фактычна з першага позiрку. Аднак ужо праз колькi хвiлiн гэта адышло на другi план - я ступiў у лес. Шпацыр мой быў тым больш прыемны, што чым далей я адыходзiў ад турбазы, тым цiшэйшая станавiлася музыка. Я паступова акунаўся ў свет цiшынi i сасновага водару.
Да турбазы, мяркуючы па тым, што пратупаў я нямала, бо падышоў да крынiчкi, было гадзiны з паўтары хуткай хады. Цеплыня ўжо прабiлася ўнiз, i праз нячастыя вершалiны соснаў праглядвалi сонечныя блiкi. Вырашыў адпачыць менавiта тут. Лёг на спiну каля велiзарнай сасны, расслабiўся. Заплюшчыў вочы. Сон, якi, здавалася, вiсеў нада мной, як невядомасць, нечакана прайшоў. На душы было лёгка i радасна. Напэўна, таму, што практычна злiўся з прыродаю. У вершалiнах сосен выў вецер.
Я не глядзеў на гадзiннiк i не ведаю, колькi прайшло часу. Сказаць, што я спаў, - не магу. Хутчэй драмаў. Апамятаўся ад таго, што стала неяк няўтульна, золка. Расплюшчыў вочы. Сонца схавалася за ствол велiчэзнай ялiны, якая, нiбы панi, стаяла на невялiчкiм адхоне. Устаў з хваёвай посцiлкi i нечакана ўцямiў: заблудзiўся. Знiкла сцежка, па якой я столькi часу iшоў. Напэўна, не звярнуў увагi, як збочыў з яе. Калi гэта здарылася - не ведаю. Разгублена азiраючыся па баках, я лавiў сябе на тым, што мой погляд абавязкова натыкаўся толькi на цёмныя, сырыя, непрыветныя сукаватыя ствалы соснаў, вялiзныя лапы елак. Я пачаў кiдацца па паляне. Мне здалося, што нiколi не знайду дарогу назад.Усе дрэвы былi быццам на адзiн выгляд. Стала страшна, але затым развага i самавалоданне ўсё ж такi ўзялi верх. Пайшоў, як некалi вучыў мой школьны сябра Федзя Слонаў, ад вялiзнай елкi па спiралi, якая ўсё пашыралася. Як я ўзрадаваўся, калi пасярод лесу нарэшце натрапiў на вузкую малаходжаную сцяжынку. Яна паступова адыходзiла ў бок ад ракi i павiнна была куды-небудзь мяне прывесцi.
Iшоў па знойдзенай сцяжынцы ўжо дзве гадзiны. Хацеў быў павярнуць назад, але сцяжынка, зрабiўшы невялiкае паўкола, нечакана абарвалася перад непраходнымi двухметровымi зараснiкамi. Гэта былi шыпшына, глог i яшчэ нейкае незнаёмае мне, аднак вельмi ўжо калючае кустоўе з вузкiмi, амаль чырвонымi лiстамi.
"Дарога ў нiкуды?
– здзiўлена падумаў я тады.
– Але ж такога не можа быць!" - вырашыў я.
I тут я ўбачыў невялiкi, соткi на тры, добра дагледжаны агародзiк. "Добранька, - мiльганула думка, - падпольны гарод. Але чый? I навошта ў лесе? Далей ад вачэй людскiх? Што ж тут вырошчваюць? Наркотык мо якi?"
Цiкаўнасць перамагла. Прайшоў я ў гарод. Зямля на iм даўно ўжо не палiвалася, але, нягледзячы на гэта, на вялiзных плецях з ярка-зялёным лiсцем, быццам бананавыя банчы, вiселi, сабраныя ў гронкi, агуркi. У такую глухамань забрацца, каб вырошчваць агуркi? Цiкава...
Моцна хацелася пiць ужо даўно. Я сарваў некалькi зялёненькiх агуркоў з невялiчкiмi цёмнымi пухiркамi. Агурок прыемна захрумсцеў у мяне на зубах. Жаданая прахалода адразу ж разлiлася па целе. Я адкусваў ад яго за раз амаль палову, а ён, здавалася, не меншаў. Быццам бы за той час, пакуль я жаваў, адкушаны агурок паспяваў адрасцi зноў. Гэтая дзiўнасць крыху азадачыла мяне. Выходзiла, што гэта былi незвычайныя агурочкi.
Нечакана збоку пачуўся лёгкi шоргат. Быццам нехта цiха ступаў босымi нагамi па ўшпiлянай глыбокiмi трэшчынамi, сухой, як каменне, зямлi. Я азiрнуўся на шоргат, але нiкога не ўбачыў. Пазапiхаўшы ў кiшэнi тыя сарваныя агуркi, што засталiся, я, нiбы шкадлiвы школьнiк, паспрабаваў выскачыць з агародзiка. I тут раптоўна зразумеў, што хтосьцi мяне злавiў. Цi не было ўжо гэта маё сумленне?
Ды не, пры чым тут сумленне? Хтосьцi толькi што несумненна быў за маёй спiнай, там, на агародзiку. Не мог я памылiцца! Мне нават здалося, што гэты, нябачны, перарывiста дыхаў мне ледзьве не за каўнер. I тая затуманеная галiнка, якая гайданулася...