Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)
Шрифт:
Калi пярсцёнак генерала i на самай справе быў такi, якiм ён адлюстраваны на партрэце, то гэта была вельмi нязграбная штучка, якую ў цяперашнiя часы наўрад цi пажадаў бы хто насiць на пальцы. Аднак пярсцёнак Лёвеншольдаў вельмi высока цанiўся дзвесце гадоў таму назад. Нельга забываць, што ўсе ўпрыгожаннi i посуд з высакароднага металу неабходна было тады за рэдкiм выключэннем здаваць у казну, што даводзiлася змагацца з Гёртцавымi далерамi i з дзяржаўным банкруцтвам* i што для многiх золата было чымсьцi такiм, аб чым яны ведалi толькi па чутках i чаго нiколi ў вочы не бачылi. Так i здарылася, што ў народзе не маглi забыць пра залаты пярсцёнак, якi быў пакладзены
* Карл XII, вярнуўшыся ў Швецыю пасля чатырнаццацiгадовай адсутнасцi (1715), застаў краiну ў стане поўнага эканамiчнага краху, але нягледзячы на гэта, вырашыў сабраць сродкi для працягу вайны. Наткнуўшыся на супрацiўленне дзяржаўнага савета i рыксдага, ён адхiлiў iх ад кiравання дзяржавай i перадаў усю паўнату ўлады ў рукi гальшэйнгаторпскага мiнiстра Гёртца (1668-1718), якi правёў шэраг эканамiчных мерапрыемстваў з мэтай выцягвання з насельнiцтва сродкаў для новых ваенных намераў караля. У лiку гэтых мерапрыемстваў былi канфiскацыя каштоўнасцей, а таксама выпуск абясцэненых, так называемых фальшывых грошай, празваных у народзе "Гёртцавымi далерамi". Перыяд уладарання ненавiснага чужаземнага мiнiстра лiчыцца адным з самых змрочных эпiзодаў шведскай гiсторыi i вядомы пад назвай "Гёртцавага часу".
Але хоць многiя i жадалi завалодаць гэтай вялiкай каштоўнасцю, не знайшлося нiкога, хто б сапраўды падумваў прысвоiць яе. Пярсцёнак так i ляжаў у труне з прыкручаным векам, у замураваным склепе, пад цяжкiмi каменнымi плiтамi, недасяжны нават самаму дзёрзкаму злодзею; i думалi, што так ён i застанецца там да сканчэння вякоў.
II
У сакавiку месяцы 1741 года памёр генерал-маёр Бенгт Лёвеншольд, а праз некалькi месяцаў у тым жа годзе здарылася так, што маленькая дачка ротмiстра Ёрана Лёвеншольда, старэйшага генералавага сына, якi жыў у той час у Хедэбю, памерла ад крывавага паносу. Хавалi яе ў нядзелю, адразу пасля службы, i ўсе малельшчыкi прама з царквы пайшлi за пахавальным шэсцем i праводзiлi нябожчыцу да Лёвеншольдавай фамiльнай грабнiцы, дзе абедзве вялiзныя магiльныя плiты былi зрушаны на самы край. У скляпеннi пад плiтамi муляр зрабiў пралом, каб маленькую труну мёртвага дзiцяцi можна было паставiць побач з дзядулiнай.
Пакуль прыхаджане, якiя сабралiся каля склепа, слухалi надмагiльнае слова, мабыць, сёй-той i ўспомнiў аб каралеўскiм пярсцёнку i пашкадаваў, што вось ляжыць ён, маўляў, схаваны ў магiле без усякай карысцi i радасцi.
А магчыма, сёй-той i шапнуў суседу, што цяпер не так ужо i цяжка дабрацца да пярсцёнка: бо да заўтрашняга дня склеп наўрад цi замуруюць.
Сярод тых, каго трывожылi такiя думкi, быў i нейкi селянiн з сядзiбы Маламстуга ў Ольсбю. Звалi яго Борд Бордсан. Ён быў зусiм не з тых, хто гараваў бы да сiвых валасоў з-за пярсцёнка. Наадварот, калi хто-небудзь пачынаў размову пра пярсцёнак, Борд звычайна казаў: што ў яго, маўляў, i так добрая сядзiба i яму няма чаго зайздросцiць генералу, калi б ён забраў з сабой у магiлу хоць цэлы шэфель* золата.
* Шэфель - старадаўняя шведская мера ёмiстасцi для цвёрдых i сыпучых целаў, роўная 20,9 лiтра.
I вось цяпер, стоячы на могiльнiку, Борд Бордсан, як i многiя iншыя, падумаў: "Дзiўна, што склеп застанецца адкрытым". Але не абрадаваўся гэтаму, а занепакоiўся. "Ротмiстру, бадай, патрэбна б загадаць, каб склеп замуравалi сягоння ж пасля паўдня, - падумаў ён.
– Знойдуцца такiя, каму захочацца дабрацца да пярсцёнка".
Справа гэта яго зусiм i не тычылася, але як бы там нi было, а ён усё больш i больш звыкаўся з думкай, што небяспечна пакiдаць склеп адкрытым на ноч. Стаяў жнiвень, ночы былi цёмныя, i калi склеп не замуруюць сягоння ж, то туды можа прабрацца злодзей i завалодаць скарбам.
Яго ахапiў такi страх, што ён ужо пачаў быў падумваць, цi не пайсцi яму да ротмiстра, каб папярэдзiць яго. Але Борд цвёрда ведаў, што ў народзе лiчыцца дурнем, i яму не хацелася выстаўляць сябе на пасмешышча. "У гэтай справе ты маеш рацыю, гэта ўжо дакладна, - падумаў ён, - але калi перастараешся, цябе падымуць на смех. Ротмiстр маху не дасць i ўжо абавязкова распарадзiцца, каб замуравалi пралом".
Ён так паглыбiўся ў свае думкi, што нават не заўважыў, як пахавальны абрад закончыўся, i працягваў стаяць каля магiлы. I прастаяў бы яшчэ доўга, калi б жонка не падышла да яго i не тузанула за рукаў кафтана.
– Што гэта на цябе найшло?
– запыталася яна.
– Стаiш тут i вачэй не зводзiш, быццам кот каля мышынай норкi.
Селянiн уздрыгнуў, узняў вочы i ўбачыў, што, апрача iх з жонкай, нiкога на могiльнiку ўжо няма.
– Ды нiчога, - адказаў ён.
– Стаяў тут, i прыйшло мне ў галаву...
Ён ахвотна расказаў бы жонцы, што iменна яму прыйшло ў галаву, але ведаў, што яна куды больш здагадлiвая за яго. I палiчыла б толькi яго трывогi дарэмнымi. Сказала б, што замураваны склеп цi не - нiкога гэта справа не тычыцца, апрача ротмiстра Лёвеншольда.
Яны накiравалiся дамоў i вось якраз тут, на дарозе, павярнуўшыся спiнай да могiльнiка, Борду Бордсану i выкiнуць бы з галавы думкi аб генеральскай грабнiцы, ды дзе ўжо там. Жонка ўсё гаварыла аб пахаваннi: аб труне i аб тых, хто яе нёс, аб пахавальнай працэсii i аб надмагiльных прамовах. А ён час ад часу ўстаўляў слоўца, каб не заўважыла яна, што ён нiчога не бачыць i не чуе. Жончын голас гучаў дзесьцi далёка. А ў галаве ў Борда ўсё круцiлiся адны i тыя ж думкi: "Сягоння ў нас нядзеля, i, мабыць, муляр не захоча замуроўваць склеп у свой вольны дзень. Але раз так, ротмiстр мог бы даць далакопу далер, каб той папiльнаваў магiлу ноччу. Эх, каб ён здагадаўся гэта зрабiць!"
Нечакана Борд Бордсан пачаў размаўляць услых сам з сабой:
– Што нi кажы, а трэба было мне пайсцi да ротмiстра! Так, трэба было! Такая важнасць, калi б людзi i паднялi мяне на смех!
Ён зусiм забыўся, што побач з iм iшла жонка, i апамятаўся, толькi калi яна раптам спынiлася i ўтаропiлася ў яго.
– Ды нiчога, - сказаў ён.
– Гэта я ўсё над той справай галаву ламаю.
Яны зноў пакрочылi дадому i хутка апынулiся ў сябе ў Меламстузе.
Ён спадзяваўся, што хоць тут ужо пазбавiцца ад трывожных думак, i так яно, можа, i было б, калi б ён узяўся за якую-небудзь работу; але дзень жа быў нядзельны.. Паабедаўшы, жыхары Меламстугi разышлiся хто куды. Ён адзiн застаўся сядзець у пакоi, i на яго зноў напаў ранейшы роздум.
Трохi счакаўшы, ён падняўся з лавы, выйшаў на двор i пачысцiў каня скрабнiцай, намерваючыся з'ездзiць у Хедэбю i пагаварыць з ротмiстрам. "Iнакш пярсцёнак украдуць сягоння ж ноччу", - падумаў ён.
Аднак ажыццявiць свой намер яму не давялося. Ён быў чалавек нясмелы. Замест таго ён пайшоў да суседа на двор пагаварыць аб тым, што яго непакоiла, але сусед быў не адзiн, i Борд па сваёй празмернай нясмеласцi зноў не адважыўся пачаць размову. Ён вярнуўся дамоў, так i не сказаўшы нi слова.