Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)
Шрифт:
Як толькi сонца зайшло, ён улёгся ў ложак, збiраючыся адразу ж заснуць. Але сон не iшоў да яго. Зноў вярнулася хваляванне, i ён усё круцiўся ды варочаўся ў ложку.
Жонцы, безумоўна, таксама было не да сну, i хутка яна пачала распытваць, што з iм такое.
– Ды нiчога, - па сваёй звычцы адказваў ён.
– Вось толькi справа адна ў мяне з галавы не выходзiць.
– Так, чула я сягоння пра гэта не аднойчы, - прамовiла жонка, - цяпер давай выкладвай, што задумаў. Ужо ж не такiя, пэўна, небяспечныя
Пачуўшы гэтыя словы, Борд уявiў, што ён тут жа засне, калi раскажа жонцы.
– Ды вось ляжу я i ўсё думаю, - сказаў ён, - цi замуравалi генералаў склеп, цi ён усю ноч прастаiць адкрыты.
Жонка засмяялася.
– I я пра гэта думала, - сказала яна, - i здаецца мне, што кожны, хто быў сягоння ў царкве, аб гэтым жа думае. Але чаго ж табе з-за гэтакай справы не спiцца?
Борд узрадаваўся, што жонка не прыняла яго словы блiзка да сэрца. У яго стала на душы больш спакойна, i ён рашыў быў, што цяпер ужо абавязкова засне.
Але як толькi ён улёгся зручней, неспакой вярнуўся да яго. Яму здавалася, быццам з усiх бакоў, з усiх хацiн падкрадваюцца да яго чалавечыя ценi. Усе яны выйшлi з адным i тым жа тайным намерам, усе накiроўваюцца да могiльнiка i да таго самага адкрытага склепа.
Ён паспрабаваў быў ляжаць не рухаючыся, каб даць жонцы заснуць, але ў яго забалела галава i пот праняў. I нехаця ён пачаў круцiцца i варочацца ў ложку.
Нарэшце ў жонкi цярплiвасцi не хапiла, i яна нiбы жартам кiнула яму:
– Далiбог, мужычок, цi не лепей ужо табе самому схадзiць на могiльнiк ды паглядзець, цi ўсё добра з магiлай, чым ляжаць тут ды варочацца з боку на бок, вачэй не заплюшчваючы.
Не паспела яна вымавiць гэтыя словы, як муж яе ўскочыў з пасцелi i пачаў нацягваць на сябе кафтан. Ён вырашыў, што жонка праўду кажа. Ад Ольсбю да царквы ў Бру хады было не больш за паўгадзiны. Праз гадзiну ён вернецца дамоў i спакойна праспiць усю ноч напралёт.
Ды не паспеў ён выйсцi за парог, як жонцы падумалася, што мужу будзе, пэўна, не па сабе на могiльнiку, калi ён пойдзе туды адзiн-адзiнюсенькi. Яна жвава ўскочыла i гэтак жа быстра надзела сукенку.
Мужа яна дагнала на ўзгорку каля Ольсбю. Пачуўшы яе крокi, Борд зарагатаў.
– За мной пайшла, даведацца, цi не сцягну я генералаў пярсцёнак? запытаўся ён.
– Ах ты мой любы! Я ж ведаю, што нiчога такога ў цябе i ў думках няма. Я пайшла толькi каб быць з табой, калi прад табой з'явiцца могiльнiкавы дух цi конь-мярцвяк*.
* У Швецыi iснуе паданне пра каня, якi калiсьцi быў пахаваны на могiлках замест чалавека. Паводле павер'я, дух якога, на трох нагах i без галавы, бадзяецца па начах на могiлках, прадракаючы пагiбель кожнаму, хто яго ўбачыць, бо iменна гэты конь перавозiць людзей пасля смерцi ў царства мёртвых.
Яны паскорылi крок. Надышла ноч, i ў беспрасветнай цемры вiднелася на захадзе толькi вузкая светлая палоска. Муж з жонкай выдатна ведалi дарогу. Яны размаўлялi i былi ў добрым настроi. На могiльнiк жа яны iшлi толькi для таго, каб зiрнуць, цi адкрыты склеп, i каб Борду не пакутаваць без сну, ламаючы сабе праз гэта галаву.
– Не, нiяк не паверыць, быццам яны там у Хедэбю такiя ратазеi, што не замуруюць пярсцёнак зноў.
– Ды ўжо хутка аб усiм даведаемся, - сказала жонка.
– А вось, здаецца, i могiльнiкавая агароджа!
Селянiн спынiўся, падзiвiўшыся з вясёлага жончынага голасу. Не, быць таго не можа, каб яна накiравалася на могiльнiк з iншымi намерамi, чым ён.
– Перш чым увайсцi на могiльнiк, - сказаў Борд, - нам, вiдаць, патрэбна б дамовiцца, што будзем рабiць, калi магiла адкрыта.
– Ужо i не ведаю, цi закрыта, цi адкрыта, а толькi наша справа вярнуцца дамоў ды легчы спаць!
– I гэта слушна, твая праўда!
– сказаў, зноў пакрочыўшы, Борд.
– I не чакай, каб могiлкавыя вароты былi ў гэты час не зачынены, - дадаў ён.
– Бадай, сапраўды, - падхапiла жонка.
– Прыдзецца нам пералезцi цераз сцяну, калi захочам наведаць генерала ды паглядзець, як яму там.
Муж зноў здзiвiўся. Ён пачуў, як з лёгкiм шумам пасыпалiся ўнiз дробныя каменьчыкi, i тут жа ўбачыў, як на фоне светлай палоскi на захадзе вырысоўваецца жончына фiгура. Яна ўзлезла ўжо наверх, на сцяну, i нiчога мудронага ў тым не было, таму што сцяна была невысокая - усяго некалькi футаў. Дзiўным падалося яму толькi тое, што жонка праявiла такую жвавасць, узлезшы наверх раней за яго.
– Ну вось, - сказала яна.
– Давай руку, я дапамагу табе ўзлезцi!
Хутка сцяна засталася ззаду, i цяпер яны моўчкi i асцярожна прабiралiся сярод невысокiх магiльных грудкоў.
Адзiн раз Борд спатыкнуўся аб такi грудок i ледзь быў не павалiўся. Яму падалося, быццам хтосьцi падставiў яму ножку. Ён так спалохаўся, што ўвесь задрыжаў i загаварыў гучна, на ўвесь голас, каб мярцвякi зразумелi, з якiмi намерамi ён прыйшоў на могiльнiк.
– Не хацеў бы я прыйсцi сюды, калi б справа мая была несправядлiвая.
– Яшчэ чаго скажаш, - запярэчыла жонка.
– Ужо тут ты маеш рацыю! А вунь ужо i магiла вiднеецца!
Пад цёмным начным небам ён разгледзеў вывернутыя з зямлi магiльныя плiты.
Неўзабаве яны былi ўжо каля самай магiлы i ўбачылi, што яна адкрыта. Пралом у склепе не быў замураваны.
– Ну i няўклюды ж яны, - вылаяўся Борд.
– Быццам знарок хочуць спакусiць тых, хто ведае, якая каштоўнасць там схавана.
– Пэўна, спадзяюцца, што нiхто не адважыцца крануць нябожчыка, сказала жонка.