Чтение онлайн

на главную

Жанры

Ручнік з пеўнямі

Булгакаў Міхаіл

Шрифт:

Насоўваўся вечар, і я асвойтваўся.

«Я ні ў чым не вінаваты, — думаў я ўпарта і пакутліва, — у мяне ёсць дыплом, я маю пятнаццаць пяцёрак. Я ж перасцерагаў яшчэ ў тым вялікім горадзе, што хачу ісці другім доктарам. Не. Яны ўсміхаліся і гаварылі: „Асвойтаецеся“. Вось табе і „асвойтаецеся“. А калі кілу прывязуць? Растлумачце, як я з ёю асвойтаюся? І асабліва як будзе пачуваць сябе хворы з кілою ў мяне пад рукамі? Асвойтаецца ён на тым свеце (тут у мяне холад па пазванку…).

А загноены апендыцыт? Га! А дыфтэрыйны круп у вясковых дзяцей? Калі трахеатомія

паказана? Ды і без трахеатоміі будзе мне не вельмі соладка… А… а… роды? Роды ж забыў? Няправільнае ляжанне! Што ж я буду рабіць? А? Які я легкадумны чалавек! Трэба было адмовіцца ад гэтага ўчастка. Трэба было. Дасталі б сабе якога-небудзь Леапольда».

У сумоце, у вечаровым сутонні я прайшоўся па кабінеце. Калі параўняўся з лямпаю, убачыў, як у бяскрайнім цямноцці палёў мільганула маё бледнае аблічча поруч з агеньчыкам лямпы ў акне.

«Я падобны на Лжэдзмітрыя», — раптам недарэчна падумаў я і зноў усеўся за стол.

Гадзіны дзве ў самоце я мучыў сябе і дамучыў да таго, што ўжо больш мае нервы не вытрымлівалі натвораных мною страхаў. Тут я пачаў супакойвацца і нават строіць некаторыя планы.

Ну так-с… Прыём, яны кажуць, цяпер невялікі. Па сёлах труць лён, бездараж… «Вось тут табе кілу і прывязуць, — бабухнуў суровы голас у мазгах, — бо ў бездараж чалавек з насмаркам не паедзе, а кілу прыцягнуць, будзь пэўны, дарагі калега-доктар».

Голас быў не такі дурны, ці не праўда? Я скалануўся.

«Маўчы, — сказаў я голасу, — неабавязкова кіла. Дый што за неўрастэнія? Узяўся за гуж, не кажы, што не дуж».

«Назваўся грыбком, лезь у сявеньку», — яхідна абазваўся голас.

Што ж… з даведнікам я расставацца не буду… Калі што выпісаць, можна, пакуль мыеш рукі, абдумаць. Даведнік ляжацьме разгорнуты проста на кнізе запісвання хворых. Буду выпісваць карысныя, але няцяжкія рэцэпты. Ну, напрыклад, натрый саліцыліці — 0,5, па адным парашку тры разы на дзень…

«Соду можна выпісаць!» — яўна здзекуючыся, абазваўся мой унутраны субяседнік.

Пры чым тут сода? Я і іпекакуану выпішу інфузум… на 180. Або на дзвесце… Хвіліначку…

І тут жа, хоць ніхто і не патрабаваў ад мяне цяпер на адзіноце з лямпаю іпекакуаны, я маладушна перагарнуў рэцэптурны даведнік, праверыў іпекакуану, а заадно прачытаў машынальна і пра тое, што існуе на свеце нейкі «інсіпін». Ён не што іншае, як «сульфат эфіру хініндыгліколевай кіслаты»… Аказваецца, смаку хініну не мае! Але навошта ён? І як яго выпісаць? Ён што — парашок? Чорт на яго!

«Інсіпін інсіпінам, а як жа ўсё-такі з кілою будзе?» — упарта прыставаў страх у выглядзе голасу.

«У ванну пасаджу, — азвярэла абараняўся я, — у ванну. І паспрабую ўправіць».

«Зашчэмленая, мой ты анёл! Якія тут, к чортавай мацеры, ванны! Зашчэмленая, — шайтанскім голасам спяваў страх. — Рэзаць трэба…»

Тут я здаўся і траха не заплакаў. І мальбу ў цемнату за акно паслаў: усё, што хочаш, толькі не зашчэмленую кілу.

А стомленасць напявала:

«Лажыся ты спаць, няшчасны эскулап! Выспішся, а ўранні будзе відаць. Супакойся, юны неўрастэнік. Глядзі: у цямноцці за вокнамі спакой, спяць

акалелыя палі, няма ніякай кілы. А ўранні будзе відаць. Асвойтаешся… Спі… Палажы атлас… Усё роўна нічагутка цяпер не разбярэш. Абкальцаваная кіла…»

Як ён уляцеў, я нават не ўцямлю. Памятаю, клямка ў дзвярах бразнула, Аксеня нешта піснула. Ды яшчэ за вокнамі рыпнулі калёсы.

Ён без шапкі, у расплікнутым кажусе, са злямчанаю бародкаю, з шалёнымі вачыма.

Ён перахрысціўся, і ўпаў на калені, і бухнуўся лбом у дол.

«Я прапаў», — у роспачы падумаў я.

— Што вы, што вы, што вы! — замармытаў я і пацягнуў за шэры рукаў.

Твар яго перакрывіўся, і ён, захліпаючыся, пачаў падганяць непаслухмяныя словы:

— Пане доктар… пане… адзіная, адзіная… Аднюсенькая! — крыкнуў ён раптам па-юначы звонка, так, што заскакаў абажур на лямпе. — Ах ты, божухна! Ах… — Ён у роспачы заламаў рукі і зноў забухаў ілбом у маснічыны, як бы хацеў разбіць яго. — За што? За што кара? Чым прагнявілі?

— Што? Што здарылася?! — выкрыкнуў я, чуючы, што халадзею.

Ён ускочыў на ногі, хіснуўся бліжэй і прашаптаў:

— Пане доктар… што хочаце… грошай дам… Грошы бярыце якія хочаце. Якія хочаце! Харчы будзем прывозіць… Толькі каб не памерла. Толькі каб не памерла. Калекаю астанецца — няхай сабе. Няхай сабе! — крычаў ён у столь. — Хопіць пракарміць, хопіць.

Бледны Аксенін твар вісеў у чорным квадраце дзвярэй. Скруха абвілася вакол майго сэрца.

— Што?.. Што? Гаварыце! — крыкнуў я пакутліва.

Ён сціх і шэптам, як бы сакрэтам, сказаў мне, і вочы яго сталі бяздонныя:

— У мялку папала…

— У мялку… у мялку? — перапытаў я. — Што гэта такое?

— Лён, лён цёрлі… пане доктар… — шэптам патлумачыла Аксеня, — у мялцы… лён труць…

«Вось пачынаецца. Вось… О, навошта я прыехаў!» — з жахам падумаў я.

— Хто?

— Дачка мая, — адказаў ён шэптам, а потым крыкнуў: — Памажыце! — І зноў паваліўся, і пастрыжаныя ў кружок яго валасы звіслі яму на вочы.

Лямпа-«маланка» са скрыўленым бляшаным абажурам гарэла зырка, двума рагамі. На аперацыйным стале, на белай, са свежым пахам, цыраце я яе ўбачыў, і кіла патухла ў маёй памяці.

Светлыя, крышачку рыжаватыя валасы звешваліся са стала злямчаным закарэлым каўтуном. Каса была велічэзная, і канец яе кранаўся падлогі.

Паркалёвая спадніца была ўшчэнт падрана, і кроў на ёй рознага колеру — пляма рудая, пляма тлустая, пунсовая. Святло «маланкі» здалося мне жоўтым і жывым, а яе твар папяровым, белым; нос завостраны.

На белым твары ў яе, як гіпсавае, нерухомае, патухала папраўдзе найрадчэйшае хараство. Не заўсёды, не часта сустрэнеш такі твар.

У аперацыйнай хвілін з дзесяць было паўнюткае маўчанне, але за зачыненымі дзвярыма чутно было, як глуха выкрыкваў нехта і бухаў, усё бухаў галавою.

«Крануўся розумам, — думаў я, — а сядзелкі, відаць, яго адпойваюць… Чаму такая красуня? Але ж і ў яго правільныя рысы твару… Відаць, маці была прыгожая… Ён удавец…»

— Ён удавец? — машынальна шапнуў я.

Поделиться:
Популярные книги

Истребитель. Ас из будущего

Корчевский Юрий Григорьевич
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
альтернативная история
5.25
рейтинг книги
Истребитель. Ас из будущего

Огненный князь 4

Машуков Тимур
4. Багряный восход
Фантастика:
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Огненный князь 4

Пенсия для морского дьявола

Чиркунов Игорь
1. Первый в касте бездны
Фантастика:
попаданцы
5.29
рейтинг книги
Пенсия для морского дьявола

Истинная поневоле, или Сирота в Академии Драконов

Найт Алекс
3. Академия Драконов, или Девушки с секретом
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.37
рейтинг книги
Истинная поневоле, или Сирота в Академии Драконов

Мимик нового Мира 10

Северный Лис
9. Мимик!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
альтернативная история
постапокалипсис
рпг
5.00
рейтинг книги
Мимик нового Мира 10

Кровь на эполетах

Дроздов Анатолий Федорович
3. Штуцер и тесак
Фантастика:
альтернативная история
7.60
рейтинг книги
Кровь на эполетах

Я все еще не князь. Книга XV

Дрейк Сириус
15. Дорогой барон!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я все еще не князь. Книга XV

Возмездие

Злобин Михаил
4. О чем молчат могилы
Фантастика:
фэнтези
7.47
рейтинг книги
Возмездие

Ратник

Ланцов Михаил Алексеевич
3. Помещик
Фантастика:
альтернативная история
7.11
рейтинг книги
Ратник

Мимик нового Мира 3

Северный Лис
2. Мимик!
Фантастика:
юмористическая фантастика
постапокалипсис
рпг
5.00
рейтинг книги
Мимик нового Мира 3

Удиви меня

Юнина Наталья
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Удиви меня

Идеальный мир для Лекаря

Сапфир Олег
1. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря

Наследник

Шимохин Дмитрий
1. Старицкий
Приключения:
исторические приключения
5.00
рейтинг книги
Наследник

Бездомыш. Предземье

Рымин Андрей Олегович
3. К Вершине
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Бездомыш. Предземье