Ручнік з пеўнямі
Шрифт:
— Удавец, — ціха адказала Пелагея Іванаўна.
Тут Дзям'ян Лукіч рэзкім, як бы злосным махам, ад краю да верху, разарваў спадніцу і адразу яе адкрыў. Я зірнуў, і тое, што ўбачыў, было звыш майго ўяўлення. Левай нагі, проста кажучы, не было. Пачынаючы ад раструшчанага калена, ляжалі крывавыя ашмёткі, чырвоныя пажмаканыя мышцы, і востра ва ўсе бакі тырчалі белыя раструшчаныя косці. Правая нага была пераломана ў галёнцы так, што абедзве косці канцамі выскачылі наверх, прабіўшы скуру. Ад гэтага ступня яе знежывела, як бы асобна ляжала, павярнуўшыся набок.
— Н-але, — ціха сказаў фельчар і нічога
Тут я выйшаў са здранцвення і ўзяўся за яе пульс. У халоднай руцэ яго не было. Толькі пасля некалькіх секунд знайшоў я ледзьве чутную рэдкую хвалю. Яна прайшла… пасля была паўза, за час якой я паспеў зірнуць на пасінелыя крылы носа і белыя губы… Хацеў ужо сказаць: канец, але шчасліва ўстрымаўся… Зноў прайшла нітачкаю хваля.
«Вось як патухае раскрамсаны чалавек, — падумаў я. — Тут ужо нічога не зробіш…»
Але раптам сурова сказаў, не пазнаючы свайго голасу:
— Камфары.
Тут Ганна Мікалаеўна схілілася да майго вуха і шапнула:
— Навошта, доктар? Не мучце. Навошта яшчэ калоць? Зараз сканае… Не выратуеце.
Я злосна і строга азірнуўся на яе і сказаў:
— Папрашу камфары…
Ганна Мікалаеўна з зачырванелым, пакрыўджаным тварам зараз жа кінулася да століка і зламала ампулу.
Фельчар таксама, відаць, не ўхвальваў камфары. Тым не менш ён спрытна і скоранька ўзяўся за шпрыц, і жоўтая аліва пайшла пад скуру пляча.
«Памірай, памірай хутчэй, — падумаў я, — памірай. А то што ж я буду рабіць з табою?»
— Зараз памрэ, — як бы ўгадаўшы маю думку, шапнуў фельчар. Ён пакасіўся на прасціну, але, відаць, раздумаў: шкада было крывавіць прасціну. Аднак праз некалькі секунд ёю прыйшлося прыкрыць. Яна ляжала, як труп, але яна не памерла. У галаве маёй раптам стала светла, як пад шкляною столлю нашага далёкага анатамічнага тэатра.
— Камфары яшчэ, — хрыпла сказаў я.
І зноў пакорліва фельчар упырснуў аліву.
«Няўжо ж не памрэ?.. — з адчаем падумаў я. — Няўжо давядзецца…»
Усё святлела ў галаве, і раптам без усялякіх падручнікаў, без парад, без дапамогі я зразумеў — упэўненасць, што зразумеў, была жалезная, — што зараз мне давядзецца першы раз у жыцці на непрытомным рабіць ампутацыю. І чалавек гэты памрэ пад нажом. Ах, пад нажом памрэ! У яе ж няма крыві! За дзесяць вёрст выцекла ўсё цераз раструшчаныя ногі, і невядома нават, ці адчувае яна што-небудзь цяпер, ці чуе. Яна маўчыць. Ах, чаму яна не памірае? Што скажа мне звар'яцелы бацька?
— Рыхтуйце ампутацыю, — сказаў я фельчару чужым голасам.
Акушэрка паглядзела на мяне дзіка, але ў фельчара мільганула іскра спачування ў вачах, і ён забегаў каля інструментаў. Пад рукамі ў яго зароў прымус…
Прайшла чвэртка гадзіны. З богабаязным жахам я ўзіраўся ў патухлае вока, прыпадымаючы халоднае павека. Нічога не разумею. Як можа жыць чалавек, што стаў, па сутнасці, трупам? Кроплі поту бесперастанку беглі ў мяне па лбе з-пад белага каўпака, і марляю Пелагея Іванаўна выцірала іх. У астатках крыві ў жылах у дзяўчыны цяпер плаваў і кафеін. Трэба было яго ўпырскваць ці не? На сцёгнах Ганна Мікалаеўна ледзьве чутным дакрананнем гладзіла выпукліны, што паўздымаліся ад фізіялагічнага раствору. А дзяўчына жыла.
Я ўзяў нож, стараючыся быць падобным (раз у жыцці ва ўніверсітэце
За мяне працаваў толькі мой здаровы сэнс, падагнаны незвычайнасцю абставін. Я наўкруга і са спрытам, як спрактыкаваны мяснік, ваструсенькім нажом краянуў сцягно, і скура разышлася, не даўшы ні адной расінкі крыві. «Сасуды пачнуць крывавіцца, што я буду рабіць?» — думаў я і, як воўк, касавурыўся на кучу тарзіённых пінцэтаў. Я зрэзаў вялізны кусок мяса і адзін з сасудаў — ён быў падобны на белаватую трубачку, — але ні адной кроплі крыві не выступіла з яго. Я заціснуў яго тарзіённым пінцэтам і пайшоў далей. Я панатыкаў гэтых тарзіённых пінцэтаў усюды, дзе меліся быць сасуды… «Arteria… Arteria… як, чорт, яе завуць?..» У аперацыйнай стала падобна на клініку. Тарзіённыя пінцэты віселі гронкамі. Іх марляй адцягнулі ўгору разам з мясам, і я пачаў драбназубаю, ярка-блішчастаю пілою пілаваць круглую косць. «Чаму не памірае?.. Проста дзіва… ох, які жывучы чалавек!»
І косць адпала. У руках у Дзям'яна Лукіча асталося тое, што было дзявочаю нагою. Акраўкі мяса, косці! Усё гэта адкінулі ўбок, і на стале аказалася дзяўчына як бы ўкарочаная ў тры разы, з адтатурчанай убок куксаю. «Яшчэ, яшчэ трошкі… не памірай, — акрылена думаў я, — пацярпі да палаты, дай мне выскачыць шчасліва з гэтага жахлівага выпадку майго жыцця».
Потым вязалі лігатурамі, потым, пстрыкаючы коленам, я пачаў рэдкім швом зашываць скуру… але спыніўся, шчасліва скеміўшы… пакінуў месца для сцёку… уставіў марлевы тампон… Пот засцілаў мне вочы, і мне здавалася, што я ў лазні…
Аддыхаўся. Цяжка паглядзеў на куксу, на васковы твар. Папытаўся:
— Жывая?
— Жывая, — як маўклівае рэха, адгукнуліся адразу і фельчар, і Ганна Мікалаеўна.
— Яшчэ хвілінку пражыве, — аднымі губамі, без гуку ў вуха сказаў мне фельчар. Потым запнуўся і далікатна параіў: — Другой нагі можна і не чапаць, доктар. Марляю, ведаеце, заматаем… а то не дацягне да палаты… А? Усё ж лепш, калі не ў аперацыйнай сканае.
— Гіпс давайце, — сіпла адгукнуўся я, падштурхнуты невядомаю сілаю.
Уся падлога была заляпана белымі плямамі, усе мы абліваліся потам. Напаўмёртвае цела ляжала нерухома. Правая нага была забінтавана гіпсам, і ззяла на галёнцы пакінутае мною «акно» на месцы пералому.
— Жыве… — здзіўлена хрыпнуў фельчар.
Потым яе пачалі падымаць, і пад прасціною быў відзён страшэнны правал — трэцюю частку яе цела мы пакінулі ў аперацыйнай.
Потым калыхаліся цені ў калідоры, шмыгалі сядзелкі, і я бачыў, як па сцяне пракралася растрапаная мужчынская постаць і суха застагнала. Але яго вывелі. І сціхла.
У аперацыйнай я мыў акрываўленыя па локці рукі.
— Вам, доктар, мабыць, прыходзілася рабіць аперацыі? — раптам папыталася Ганна Мікалаеўна. — Вельмі, вельмі добра… Не горш, як у Леапольда…
У яе вуснах слова «Леапольд» заўсёды гучала, як «Дуайен».
Я спадылба зірнуў на твары. І ва ўсіх — і ў Дзям'яна Лукіча, і ў Пелагеі Іванаўны — заўважыў у вачах здзіўленне і паважанне.
— Кхм… я… я толькі два разы рабіў, калі сказаць праўду.
Навошта я зманіў? Цяпер я гэтага не разумею.