Салярыс
Шрифт:
Раптам я ўбачыў Снаўта каля сябе; ён, нахiлiўшыся, уважлiва зазiраў мне ў вочы.
— Дзе яна?
— Яе няма.
— Але… але Хэры…
— Няма больш Хэры, — паволi i выразна прамовiў ён, нагнуўшыся яшчэ нiжэй да майго твару, быццам ён ударыў мяне, а зараз хацеў паглядзець, што з гэтага атрымалася.
— Яна вернецца, — прашаптаў я, заплюшчваючы вочы.
I ўпершыню я нiчога не баяўся, не баяўся прывiднага вяртання, не разумеючы, як мог баяцца некалi.
— Выпi.
Снаўт
— Гэта ты?!
— Пра што ты гаворыш?
— Не хлусi, сам ведаеш, пра што. Ты размаўляў з ёй мiнулай ноччу? I загадаў ёй даць мне снатворнае, каб… Што ты з ёю зрабiў? Кажы!!!
Снаўт пашукаў нешта ў нагруднай кiшэнi, дастаў змятую капэрту. Я выхапiў яе. Капэрта была заклеена, не падпiсана. Я расклеiў яе. Выняў складзены ў чатыры столкi лiсток. Буйны, крыху дзiцячы почырк, няроўныя радкi. Я пазнаў яго.
«Каханы, я сама папрасiла яго. Ён добры. Страшна, што мне давялося падмануць цябе, нельга было iнакш. Ты можаш зрабiць для мяне толькi адно слухай яго i шануй сябе. Ты цудоўны».
Унiзе стаяла адно закрэсленае слова, я здолеў прачытаць яго: «Хэры». Яна напiсала, пасля замазала; была яшчэ адна лiтара — цi то X, цi то К — не разабраць. Я прачытаў адзiн раз, другi. Яшчэ раз. Я працверазiўся ўжо, не мог нi крычаць, нi стагнаць.
— Як? — прашаптаў я. — Як?
— Пасля, Кельвiн. Трымайся.
— Я трымаюся. Кажы! Як?
— Анiгiляцыя.
— Як? Гэта ж апарат?.. — вырвалася ў мяне.
— Апарат Роша не прыдатны. Сарторыус змайстраваў iншы, спецыяльны дэстабiлiзатар. Малы. Радыус дзеяння — некалькi метраў.
— Што з ёй?..
— Яна знiкла. Успышка i паветраная хваля. Слабая хваля — i ўсё.
— Кажаш, малы радыус дзеяння?
— Так. На большы не было матэрыялу.
Сцены раптам пачалi падаць на мяне. Я заплюшчыў вочы.
— Божухна… яна… вернецца, праўда, вернецца…
— Не.
— Чаму?
— Не вернецца, Кельвiн. Ты памятаеш пену, што ўздымаецца? Пасля гэтага яны не вяртаюцца.
— Нiколi?
— Нiколi.
— Ты забiў яе, — цiха прамовiў я.
— Так. А ты хiба не зрабiў бы гэтага? На маiм месцы?
Я ўскочыў i пачаў бегаць ад сцяны да кута i назад. Дзевяць крокаў. Паварот. Дзевяць крокаў. Я спынiўся перад Снаўтам.
— Паслухай, давай пададзiм рапарт. Запатрабуем прамой сувязi з Саветам. Гэта можна зрабiць. Яны пагодзяцца. Павiнны. Планета будзе выключана з Канвенцыi Чатырох, усе сродкi магчымыя. Выкарыстаем генератар антыматэрыi. Думаеш, што ёсць нешта такое, што можа супрацьстаяць антыматэрыi? Нiчога няма! Нiчога! — пераможна
— Ты хочаш яго знiшчыць? — спытаўся Снаўт. — Навошта?
— Iдзi! Пакiнь мяне!
— Не пайду.
— Снаўт!
Я пазiраў яму ў вочы. Ён адмоўна пакруцiў галавой.
— Чаго ты хочаш? Чаго ты ад мяне дабiваешся?
Снаўт падышоў да стала.
— Добра. Пададзiм рапарт.
Я адвярнуўся i зноў замiтусiўся па пакоi.
— Сядай.
— Адчапiся.
— Ёсць два пытаннi. Першае — факты. Другое — нашы жаданнi.
— I пра гэта трэба гаварыць менавiта цяпер?
— Так, цяпер.
— Не хачу. Разумееш? Гэта мяне не датычыць!
— Апошнi раз мы паслалi паведамленне перад смерцю Гiбарыяна. Больш як два месяцы таму. Мы абавязаны падрабязна далажыць пра працэс з’яўлення…
— Ты змоўкнеш? — Я схапiў яго за руку.
— Бi мяне, калi хочаш, але я ўсё адно не змоўкну.
Я выпусцiў яго руку.
— Рабi што хочаш.
— Разумееш, Сарторыус паспрабуе схаваць пэўныя факты. Я амаль упэўнены ў гэтым.
— А ты не будзеш?
— Не. Зараз не. Гэта не толькi наша справа. Ты ж разумееш, пра што гаворка. Акiян выявiў здольнасць да разумных дзеянняў, здольнасць да арганiчнага сiнтэзу вышэйшага парадку, якi нам не вядомы. Акiян ведае будову, мiкраструктуру, абмен рэчываў нашага арганiзма…
— Добра, — пачаў я. — Чаму ты замоўк? Акiян правёў на нас серыю… серыю доследаў. Псiхiчная вiвiсекцыя. Заснаваная на ведах, украдзеных у нас. Ён не ўлiчыў тое, да чаго мы iмкнёмся.
— Кельвiн, гэта ўжо не факты, нават не вывады. Гэта гiпотэзы. У пэўным сэнсе ён лiчыўся з тым, чаго хацела нейкая абмежаваная, глыбока схаваная частка нашай свядомасцi. Гэта мог быць — падарунак…
— Падарунак! Божа мой!
Я засмяяўся.
— Перастань! — крыкнуў Снаўт, хапаючы мяне за руку.
Я сцiснуў яму пальцы. Я сцiскаў iх усё мацней i мацней, аж пакуль не хруснулi суставы. Снаўт спакойна, прымружваючы вочы, пазiраў на мяне. Я адпусцiў руку i адышоўся ў кут. Стоячы тварам да сцяны, я прамовiў:
— Пастараюся без iстэрыкi.
— Дробязь. Што мы будзем патрабаваць?
— Кажы ты. Я не маю сiлы. Яна сказала што-небудзь перад тым, як?..
— Не. Нiчога. Я лiчу, што зараз з’явiўся шанц…
— Шанц? Якi шанц? Якi?.. А-а… — прамовiў я цiшэй, пазiраючы яму ў вочы, i раптам усё зразумеў. — Кантакт? Зноў Кантакт? Нам усё мала? I ты, ты сам, i ўвесь гэты вар’яцкi дом… Кантакт? Не, не, не. Без мяне.
— Чаму? — спытаўся Снаўт абсалютна спакойна. — Кельвiн, ты па-ранейшаму, а зараз яшчэ больш, чым калi-небудзь, насуперак розуму прымаеш яго за чалавека. Ты ненавiдзiш яго.