Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
27 лютага 1670 г. у Чэнстахове адбыўся шлюб. Такі палітычна-сямейны саюз узмацніў пазіцыі Міхала Вішнявецкага. Цяпер ён у сваёй унутранай палітыцы абапіраўся на Габсбургаў і схіліў на свой бок аўстрыйскую партыю магнатаў. Ды і каралева Элеанора хутка стала вернаю сяброўкаю караля. Ад гэтага шлюбу дзяцей не было (у каралевы было два выкідышы), і гэта стала прычынаю дамаганняў апазіцыі разводу караля. (Праз чатыры гады пасля смерці мужа 25-гадовая каралева Элеанора выйшла замуж за герцага латарынгскага Карла, нарадзіла 6 дзяцей і стала продкам Габсбург-Латарынгскага дому, які панаваў у Аўстрыі і Аўстра-Венгрыі да 1918 г.)
Фактычна патрабаванні разводу былі спробамі разарваць саюз з Аўстрыяй. У красавіку 1670 г. апазіцыя сарвала чарговы сойм. Адзін з дэпутатаў
А ў гэты час нарастала пагроза вайны з Турцыяй. Крымскія татары пачалі нападаць на паўднёвыя раёны Рэчы Паспалітай на Украіне. Тым не менш барацьба апазіцыі супраць караля працягвалася. Наступныя соймы зноў зрываліся. У чэрвені 1672 г. апазіцыя патрабавала ад караля скласці карону, але, увогуле нерашучы чалавек, на гэты раз ён адмовіў. Вакол караля арганізавалася генеральная канфедэрацыя шляхты (вайсковы саюз, які меў характар сойма, але ўжо пастановы канфедэрацыі прымаліся не аднагалосна, як на сойме, а большасцю галасоў). Кароль абвясціў аб скліканні паспалітага рушэння (агульнага апалчэння шляхты).
Тады апазіцыя (ці «незадаволеныя», як іх называлі) абвясціла сваю канфедэрацыю. Мэтаю яе была дэтранізацыя Вішнявецкага і выбары новага караля з французскіх прынцаў. «Незадаволеныя» звярнуліся па дапамогу да караля Францыі Людовіка XIV. Гэты акт падпісалі 38 сенатараў, міністраў вышэйшых чыноўнікаў і афіцэраў на чале з прымасам М. Пражмоўскім і гетманам вялікім каронным Я. Сабескім. Апазіцыя вылучыла новую кандыдатуру на трон — французскага герцага Шарля дэ Лангвіля (нашчадка няшлюбнай лініі папярэдняй дынастыі Валуа). Нават прапанавалі развесці караля з каралевай і выдаць яе замуж за французскага герцага. Але герцаг загінуў 12 чэрвеня 1672 г. у бітве падчас вайны паміж Францыяй і Галандыяй. Апазіцыянеры пачалі збірацца ў Гданьску. Спробы караля неяк дамовіцца з апазіцыяй не ўдаліся. Тады кароль сабраў паспалітае рушэнне для барацьбы з ворагамі.
Унутраным непарадкам у Рэчы Паспалітай карысталіся суседнія дзяржавы. Так, у 1670 г. кароль, пацвердзіўшы Андрусаўскае перамір'е 1667 г. з Масковіяй, вымушаны быў пакінуць Кіеў Масковіі (хаця па ўмовах перамір'я Кіеў перадаваўся Масковіі толькі на два з паловай года). Брандэнбургскі курфюрст Фрыдрых Вільгельм загадаў арыштаваць на польскай тэрыторыі лідэра апазіцыі ў Прусіі Л. Калькштэйна-Сталінскага і пакараць смерцю ў Мемелі (Клайпедзе). Акрамя папяровага пратэсту, Міхал Вішнявецкі нічога не змог зрабіць.
Яшчэ ў сярэдзіне 1672 г. арганізаваліся дзве канфедэрацыі: адна за караля — Галомбская (у Галомбе), другая супраць яго — Шчэбжэшынская на чале з гетманам вялікім каронным (галоўнакамандуючым войскам) Янам Сабескім, за якім стаяла войска. Рэч Паспалітая раскалолася на два лагеры. Грамадзянскую вайну ў краіне прадухіліў напад Турцыі.
Улетку 1672 г. войскі турэцкага султана Мехмеда IV напалі на паўднёвыя межы Польшчы. 100-тысячная турэцкая армія 18 жніўня асадзіла моцную крэпасць Камянец-Падольскі і 27 жніўня 1672 г. прымусіла яе гераічных абаронцаў капітуляваць. Далей турэцкія войскі разгарнулі наступ на Бучач і Львоў. Але Львоў узяць не змаглі. Туркі здолелі захапіць гарады і замкі Збораў, Злочаў, Бучач. Атрады крымскіх татараў рассыпаліся па Украіне, знішчаючы і рабуючы населеныя пункты, ажно за ракой Сан. У гэтай сітуацыі Ян Сабескі з трыма тысячамі конніцы рушыў на поўдзень, разбіваючы па дарозе татарскія атрады. Зрабіўшы хуткі марш, у першай палове кастрычніка Ян Сабескі пры дапамозе мясцовых украінскіх сялян разбіў каля 20 тысяч татараў і вызваліў з палону каля 44 тысяч людзей.
Аднак становішча Рэчы Паспалітай было крытычным, і яна мусіла 18 кастрычніка 1672 г. заключыць з Турцыяй ганебны Бучацкі мір. Турцыя атрымлівала ад Польшчы Падолію разам з Камянцом, а Брацлаўскае ваяводства і паўднёвая частка Кіеўскага перадаваліся турэцкаму стаўленіку — казацкаму
Нягледзячы на гэтае паражэнне, кароль Міхал не засцерагаў паўднёвыя землі краіны ад далейшых нападаў туркаў і іх саюзнікаў — крымскіх татараў і казакоў. Ён працягваў збіраць войска, каб расправіцца з апазіцыяй. Але на генеральным з'ездзе шляхты ў Варшаве напачатку студзеня 1673 г. перамаглі прыхільнікі патрыятычнай лініі. Некалькі тыдняў біскуп кракаўскі Анджэй Тшэбіцкі і ваявода віцебскі Ян Храпавіцкі пры дапамозе каралевы Элеаноры і папскага нунцыя Франчэска Буанвізі вялі перамовы з абодвума бакамі. I толькі новая турэцкая пагроза прымусіла абодва лагеры пайсці на згоду (сакавік 1673 г.). «Незадаволеныя» прыбылі ў Варшаву, а генеральны з'езд пераўтварыўся ў так званы пацыфікацыйны (міратворчы) сойм, які выпрацаваў праграму абароны краіны ад турэцкага нашэсця. Сойм зрабіў вялікую саступку шляхце Літоўскай-Беларускай дзяржавы. На сойме 1673 г. было пранятае рашэнне: кожны трэці сойм «станаў каронных і Вялікага Княства Літоўскага» збіраць не ў Кароне, а ў «Вялікім Княстве Літоўскім у горадзе Горадні, за выключэннем соймаў канвакацыйных, падчас міжкаралеўя, а таксама элекцыйных (выбарчых. — А. П) і каранацыйных, якія ў Кароне павінны адбывацца». Сойм адхіліў Бучацкі мірны дагавор у красавіку 1673 г., і вайна працягвалася. Ваенныя дзеянні адбываліся яшчэ і ўвосень.
Напачатку верасня 1673 г. кароль Міхал Вішнявецкі ўрэшце рушыў да вайсковага лагера, але да канца месяца даехаў толькі да Львова. Хаця адчуваў сябе кепска, усё яшчэ хацеў камандаваць арміяй. 8 кастрычніка кароль прыехаў у вайсковы лагер каля Сваравы (на ўсход ад Львова) і правёў агледзіны 40-тысячнага войска кароннага. Але нечакана здароўе караля пагоршылася, і 13 кастрычніка ён вярнуўся ў Львоў. Адразу ж паслалі ганца да каралевы, каб хутчэй ехала да мужа. А ў гэты час польскае войска і 12-тысячнае войска літоўскае пад камандаваннем Яна Сабескага рушыла на турэцкую армію, якая знаходзілася каля крэпасці Хоцін, за Днястром. Кароль Міхал Вішнявецкі ўжо не дачакаўся вестак пра генеральную бітву з туркамі, бо 10 лістапада 1673 г. памёр. Было каралю ўсяго 33 гады. Каралева так і не даехала да Львова і вярнулася ў Варшаву. Прах караля быў пахаваны ў Вавельскай катэдры ў Кракаве ў той самы дзень — 31 студзеня 1676 г., што і прах Яна Казіміра, прывезены з Францыі.
Чатырохгадовае панаванне караля Міхала Вішнявецкага было нешчаслівым для Рэчы Паспалітай. Ён аказаўся няздольным манархам, не змог сканцэнтраваць грамадскія сілы ні на пытаннях унутранай, ні на пытаннях знешняй палітыкі. Ягоная аўстрыйская арыентацыя ў знешняй палітыцы не прынесла поспехаў і не абараніла дзяржаву ад турэцкага нашэсця.
У ВКЛ ў 60-я - першай палове 70-х гг. XVII ст. найбольшага палітычнага ўплыву дамаглася магнацкая сям'я Пацаў. Пасля выбрання Міхала Вішнявецкага Пацы перайшлі на яго бок. Яны былі кіраўнікамі магнацка-шляхецкай прааўстрыйскай групоўкі. Заняўшы асноўныя дзяржаўныя пасады, на якія іх прызначыў кароль, яны фактычна кіравалі Вялікім Княствам Літоўскім. Такім вось чынам, падчас панавання караля Міхала Вішнявецкага, Вялікае Княства Літоўскае падтрымлівала караля.
Ян Сабескі (1629–1696)
Ян Сабескі быў другім «Пястам» на каралеўскім троне ў Польшчы і вялікім князем літоўскім. Шляхта зноў выбрала ў 1674 г. караля са свайго асяроддзя. Зноў не Радзівіл, Любамірскі, Патоцкі, Пац ці Сапега — не радавіты магнат, і не замежны прынц ці кароль, а нашчадак заможнай шляхты заняў трон у Рэчы Паспалітай.
Ян Сабескі (малюнак Яна Матэйкі)