Чтение онлайн

на главную

Жанры

Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.

Грицкевич Анатолий Петрович

Шрифт:

Станіслаў Ляшчынскі, адзіны сын Рафала Ляшчынскага (1650–1703) і Ганны Ябланоўскай (1660–1727), нарадзіўся 20 кастрычніка 1677 г. у Львове. Бацька ў гэты час быў яшчэ стольнікам каронным (значны, але не галоўны дзяржаўны і прыдворны тытул). Больш у сям'і дзяцей не было, і бацькі ўсю сваю пяшчоту і любоў аддалі сыну. Адукацыю Станіслаў атрымаў у доме бацькі. Яго вучылі гувернёры, якія далі яму агульныя веды па розных прадметах, як таго вымагала выхаванне. Дадаткова навучалі французскай мове. Аднак Станіслаў, мусіць, не меў здольнасцяў да моў, бо пісаў з арфаграфічнымі памылкамі і так і не навучыўся пісаць па-французску правільна.

Далейшай ступенню адукацыі былі замежныя падарожжы. Малады Станіслаў Ляшчынскі аб'ехаў амаль усю Еўропу, пабываў ва ўсіх вялікіх

еўрапейскіх дварах. І вучоба, і падарожжы, і асабістыя рысы характару зрабілі з яго чалавека куртуазнага, добразычлівага, які лёгка знаходзіў сяброў. Станіслаў Ляшчынскі быў на той час чалавекам высокай культуры і добрага выхавання. Пасля вяртання на радзіму ён увайшоў у магнацкую эліту Рэчы Паспалітай.

У 1697 г. 20-гадовы Станіслаў Ляшчынскі атрымаў ганаровы тытул падчашага кароннага, а праз год ажаніўся з 18-гадовай Кацярынай Апалінскай (1680–1747), адзінай дачкой Яна Караля Апалінскага, кашталяна пазнанскага. Яна прынесла яму ў пасаг багатыя маёнткі і добрыя грошы, падвоіўшы ягонае багацце. Ляшчынскі стаў адным з найбагацейшых магнатаў Рэчы Паспалітай. Праўда, сямейнае жыццё было не з лепшых. Жонка, не вельмі прывабная і без фантазіі, літаральна прывязала яго да сябе. Жыла не з ім, а пры ім, дзяліла яго ўдачы і няўдачы, але памочніцай, дарадцам у ягоных справах не была.

Палітычная дзейнасць

Пачатак палітычнай дзейнасці маладога магната адносіцца да 1696 г., калі ён быў абраны паслом (дэпутатам) на канвакацыйны сойм пасля смерці караля Яна Сабескага. Потым быў дэпутатам выбарчага (элекцыйнага) сойма ў чэрвені 1697 г., дзе спачатку выступіў як прыхільнік сына Яна Сабескага Якуба, але, калі за яго выказалася меншасць, перайшоў на бок Аўгуста II Моцнага, які і быў абраны на каралеўскі трон. Падчас сойма выявіў своеасаблівыя здольнасці мірыць вяльможаў, гатовых узяцца за зброю.

За прыхільнасць новы кароль падчас сваёй каранацыі 15 верасня 1697 г. прызначыў Станіслава Ляшчынскага падчашым вялікім каронным (ганаровы тытул, які за некалькі стагоддзяў да таго абавязваў падчашага падносіць каралю кубак з віном, але спачатку мусіў пакаштаваць яго сам, каб упэўніцца, што там няма атруты). Праз два гады свайго валадарання Аўгуст II прызначыў Ляшчынскага ваяводам пазнанскім, даў яму пажыццёва Адалянаўскае, Дубенскае і Навадворнае староствы.

Бацька Станіслава ўзначальваў апазіцыю ў Вялікай Польшчы. Пасля ягонай смерці (1703 г.) Станіслаў Ляшчынскі ўзначаліў антыкаралеўскую апазіцыю сам. Сітуацыя ў Рэчы Паспалітай змянілася. У 1700 г. кароль Аўгуст II у саюзе з Пятром I пачаў вайну супраць Карла XII — караля Швецыі, але не як польскі кароль і вялікі князь літоўскі, а як курфюрст Саксоніі. Ён хацеў захапіць для сябе ў шведаў Ліфляндыю з Рыгай. Рэч Паспалітая спачатку заставалася нейтральнаю ў Паўночнай вайне. Саксонскія войскі каля Рыгі былі разбіты, і Карл XII з войскамі праз Літву ўвайшоў у Польшчу. Асноўнай мэтай Карла XII было пазбаўленне Аўгуста II трона ў Рэчы Паспалітай. Грамадства Рэчы Паспалітай было ў разгубленасці: адна частка выступала за тое, каб захаваць уладу за каралём Аўгустам II, другая частка патрабавала новых выбараў, трэцяя імкнулася да заканчэння вайны і замірэння з Карлам XII. Станіслаў Ляшчынскі становіцца прыхільнікам саюзу са Швецыяй і выступае за абранне каралём Якуба Сабескага. Ён — адзін з ініцыятараў Варшаўскай генеральнай канфедэрацыі, якая 14 лютага 1704 г. абвясціла дэтранізацыю Аўгуста II і бескаралеўе.

На каралеўскі пасад!

Карл XII схіляўся да думкі правесці на трон каралевіча Якуба Сабескага. Аднак Аўгуст II, прадухіляючы гэты крок, загадаў арыштаваць двух старэйшых сыноў Яна III Сабескага — Якуба (1667–1737) і Канстанціна (1680–1726), якія знаходзіліся ў Сілезіі. Яны былі пасаджаны ў саксонскую крэпасць Кёнігштайн. На волі застаўся іх брат Аляксандр (1677–1714), якому Карл ХІІ прапанаваў каралеўскую карону. Але той адмовіўся на карысць старэйшага брата. Тады шведскі кароль прапанаваў карону Станіславу Ляшчынскаму, якога высока цаніў.

Па загаду Карла XII на полі каля Варшаўскага прадмесця

Воля сабраліся нешматлікія выбаршчыкі, якіх абкружылі шведскія войскі. У такіх абставінах 12 ліпеня 1704 г. Станіслаў Ляшчынскі быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім, пра што абвясціў біскуп пазнанскі Мікалай Свянціцкі. У наступным годзе, 4 кастрычніка, Ляшчынскі быў каранаваны ў Варшаве арцыбіскупам львоўскім Канстанцінам Зяліньскім. Тады ж Станіслаў Ляшчынскі заключыў з Карлам XII трактат аб прыязні, паводле якога Рэч Паспалітая знаходзілася ў поўнай залежнасці ад Швецыі. У Станіслава Ляшчынскага не было шматлікага войска і прыхільнікаў, і без шведаў улада яго была нетрывалая.

З абраннем новага караля грамадства Рэчы Паспалітай падзялілася на два лагеры: хаця Аўгуста II не любілі, але патрыятычныя колы мусілі пагаджацца з ім. Як казалі тады: «Адны пайшлі да Саса, другія — да Ляса» (Ляшчынскага). Калі Карл XII нанёс чарговую паразу Аўгусту II і расійскім войскам у Польшчы і перанёс ваенныя дзеянні ў Саксонію, Аўгуст Моцны вымушаны быў заключыць Альтранштэцкі мір (1706) і адмовіцца ад польскай кароны на карысць Станіслава Ляшчынскага.

Толькі тады Ляшчынскі быў прызнаны каралём большасцю магнатаў у Польшчы і ВКЛ. Ад самага пачатку яго падтрымлівалі саюзнікі шведаў — Сапегі. Цяпер караля Станіслава падтрымалі таксама Радзівілы, Пацы, Вішнявецкія, Чартарыйскія.

Аднак Сандамірская канфедэрацыя і генеральная канфедэрацыя Вялікага Княства Літоўскага на чале з польным гетманам Грыгорыем Агінскім, якія падтрымаў Пётр I, працягвалі барацьбу супраць шведаў і Станіслава Ляшчынскага. Большасць шляхты, што найбольш цярпела ад шведскіх парадкаў, Ляшчынскага не прызнавала. Праўда, у 1707 г. расійскія войскі былі выціснуты з Польшчы, у 1708 г. — з большай часткі ВКЛ. Некаторы час здавалася, што Станіслаў Ляшчынскі стане каралём. Ён прызначыў новых саноўнікаў і намагаўся навесці парадак у дзяржаве. Аднак бітва пад Палтавай у ліпені 1709 г. перакрэсліла ягоныя планы. Прыхільнікі Станіслава Ляшчынскага сталі пакідаць яго ў масавым парадку, асабліва пасля таго, як з усходу на тэрыторыю ВКЛ, а потым і Польшчы, зноў увайшлі расійскія войскі, а з захаду ў Рэч Паспалітую ўступілі саксонскія войскі на чале з Аўгустам II. З рэшткамі шведскіх войскаў Станіслаў Ляшчынскі адышоў на тэрыторыю Пярэдняй Памераніі, якая належала Швецыі, і застаўся ў Шчэцінскай крэпасці, а адтуль пераехаў у Швецыю. Яго маёнткі ў Польшчы былі канфіскаваныя.

У эміграцыі

Карл XII, які застаўся ў Бендэрах (Малдова) пасля паразы пад Палтавай, спрабаваў схіліць Турцыю да вайны з Расіяй. Адтуль ён прызначыў Станіслава Ляшчынскага камандаваць шведскай арміяй, якая ў 1712 г. павінна была пачаць наступ з тэрыторыі шведскай Памераніі на Польшчу.

Але фактычна арміяй камандавалі шведскія генералы. У Швецыі Станіслава Ляшчынскага не любілі, бо лічылі, што гэта менавіта з-за яго Швецыя вядзе бесперспектыўную вайну, на якую траціцца шмат грошай. Станіслаў Ляшчынскі бачыў, што і ў Рэчы Паспалітай яго не чакаюць. Ён вырашыў адмовіцца ад кароны.

Але дзеля гэтага трэба было атрымаць згоду Карла XII, і кароль Станіслаў з двума афіцэрамі паехаў у далёкае падарожжа ў Малдову. Пры сустрэчы Карл XII не згадзіўся з ягоным планам адмовы ад трона. Планы ўцягнуць Турцыю ў вайну скончыліся няўдачай, і ў 1714 г. абодва каралі адзін за адным вяртаюцца ў Швецыю. Карл XII перадае Станіславу Панятоўскаму ў кіраванне сваё спадчыннае графства ў Пфальцы (Заходняя Нямеччына) — Цвайбрукен (шведскі кароль па далёкай жаночай лініі паходзіў ад дому Вазаў, а па бацькоўскай — ад Вітэльсбахаў з Пфальца). Прадстаўнік шведскага караля — Станіслаў Панятоўскі (бацька апошняга караля і вялікага князя) абвясціў Станіслава Ляшчынскага мясцовым уладаром з захаваннем тытула караля польскага. Ляшчынскі меў шанцы зноў заняць трон у Варшаве — з-за вялікага незадавальнення Пятра I паводзінамі Аўгуста II, які спрабаваў пазбавіцца апекі расійскага цара. Да Аўгуста дайшлі звесткі, што шведскі міністр барон Гёрц, упаўнаважаны Карлам XII, вядзе перамовы з Пятром I аб міры і аб замене Аўгуста Станіславам Ляшчынскім.

Поделиться:
Популярные книги

Отмороженный 7.0

Гарцевич Евгений Александрович
7. Отмороженный
Фантастика:
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Отмороженный 7.0

Довлатов. Сонный лекарь

Голд Джон
1. Не вывожу
Фантастика:
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Довлатов. Сонный лекарь

Измена

Рей Полина
Любовные романы:
современные любовные романы
5.38
рейтинг книги
Измена

Идеальный мир для Лекаря 4

Сапфир Олег
4. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 4

Развод и девичья фамилия

Зика Натаэль
Любовные романы:
современные любовные романы
5.25
рейтинг книги
Развод и девичья фамилия

Сила рода. Том 1 и Том 2

Вяч Павел
1. Претендент
Фантастика:
фэнтези
рпг
попаданцы
5.85
рейтинг книги
Сила рода. Том 1 и Том 2

Измена. Не прощу

Леманн Анастасия
1. Измены
Любовные романы:
современные любовные романы
4.00
рейтинг книги
Измена. Не прощу

Тринадцатый II

NikL
2. Видящий смерть
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Тринадцатый II

Замуж второй раз, или Ещё посмотрим, кто из нас попал!

Вудворт Франциска
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Замуж второй раз, или Ещё посмотрим, кто из нас попал!

Бестужев. Служба Государевой Безопасности

Измайлов Сергей
1. Граф Бестужев
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Бестужев. Служба Государевой Безопасности

Седьмая жена короля

Шёпот Светлана
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Седьмая жена короля

Чужое наследие

Кораблев Родион
3. Другая сторона
Фантастика:
боевая фантастика
8.47
рейтинг книги
Чужое наследие

Начальник милиции 2

Дамиров Рафаэль
2. Начальник милиции
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Начальник милиции 2

Оружейникъ

Кулаков Алексей Иванович
2. Александр Агренев
Фантастика:
альтернативная история
9.17
рейтинг книги
Оружейникъ