Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
У жніўні 1733 г. Фрыдрых Аўгуст II дамовіўся з урадам імператрыцы Ганны Іванаўны. Ад імя Рэчы Паспалітай ён павінен быў адмовіцца ад прэтэнзій на Ліфляндыю, абяцаў як курфюрст саюз паміж Саксоніяй і Расіяй, на 18 гадоў прызнаваў за царыцай імператарскі тытул і запэўніваў, што пасля выбрання каралём зробіць усё магчымае, каб і Рэч Паспалітая прызнала гэты тытул. Ён абяцаў захаваць у Рэчы Паспалітай усе свабоды (па сутнасці анархічны лад). Фаварыту царыцы Ганны — Эрнэсту Ёгану Бірону — на словах збіраўся аддаць герцагства Курляндскае як васальную дзяржаву ў дачыненні да Рэчы Паспалітай. Мусіць, гэтае апошняе абяцанне пераважыла ўсе іншыя. Ганна Іванаўна падтрымала кандыдатуру саксонскага курфюрста. Аўстрыю ён таксама пераканаў. Карл VI быў апошнім мужчынскім прадстаўніком роду Габсбургаў. Спрэчка вялася за аўстрыйскую спадчыну пасля яго. Карл VI
Але 12 верасня 1733 г. 12 тысяч шляхты-выбаршчыкаў абралі Станіслава Ляшчынскага каралём польскім і вялікім князем літоўскім, спадзеючыся, што ён абароніць незалежнасць дзяржавы. Меншасць выбаршчыкаў пакінула сход выбарчага сойма. Гэтае выбранне і стала зачэпкай для ўвядзення на тэрыторыю Рэчы Паспалітай расійскіх войскаў. Пачалася вайна 1733–1735 гг. за польскую спадчыну. Прыхільнікамі Фрыдрыха Аўгуста былі польскія і ў значнай ступені літоўскія-беларускія магнаты і шляхта, залежная ад іх (Любамірскія, Радзівілы і Сапегі). Пераважалі Радзівілы і Сапегі. Яны ўлічвалі небяспеку з боку расійскіх войскаў сваім багатым маёнткам і да таго ж знаходзіліся ў апазіцыі да польскіх магнатаў.
Расійскі ўрад у верасні 1733 г. увёў свае войскі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай. Ім супрацьстаялі малалікія часці кароннай арміі. Расійская армія генерал-аншэфа графа П. П. Ласі імклівым маршам падышла да Варшавы і заняла прадмесце сталіцы — Прагу. Туды пераехала тысяча прыхільнікаў саксонскага курфюрста (а хутчэй праціўнікі Станіслава Ляшчынскага). Яны абвясцілі канфедэрацыю. Галоўную ролю адыгрывалі кракаўскі ваявода князь Т. Любамірскі, наваградскі ваявода князь М. Ф. Радзівіл, расійскі генерал-фельдмаршал Я. К. Сапега. 5 кастрычніка 1733 г. гэтая меншасць выбаршчыкаў, у сваю чаргу, у вёсцы Камень, ля прадмесця Прага, абвясціла саксонскага курфюрста каралём пад імем Аўгуста III. У Еўропе Аўгуста III лічылі кандыдатам царыцы Ганны Іванаўны. Такая сітуацыя вельмі нагадвала абранне Станіслава Ляшчынскага каралём у 1704 г., але тады антыкароль не ўтрымаўся на троне.
Станіслаў Ляшчынскі мусіў адступіць у Гданьск, дзе дарэмна чакаў дапамогі ад Францыі. Дапамога прыйшла невялікая, ды і позна. Расійскія войскі займалі галоўныя пункты ў Польшчы. З захаду на тэрыторыю Польшчы ўступілі саксонскія войскі. Каб замацаваць сваё становішча, 17 студзеня 1734 г. Аўгуст III разам з жонкай каранаваўся ў Кракаве.
На баку Станіслава Ляшчынскага ў 1734 г. выступала канфедэрацыя, якая арганізавалася ў Дзікове (цяпер частка горада Тарнабжэга) пад камандаваннем люблінскага ваяводы А. Тарлы. Яе праграмай была барацьба за незалежнасць краіны і дзяржаўнае рэфармаванне. Але гэтая канфедэрацыя не здолела адбіць наступу інтэрвентаў. Расійскія войскі пад камандаваннем генерал-фельдмаршала Б. К. Мініха аблажылі Гданьск, і ў ліпені 1734 г. горад капітуляваў, а С. Ляшчынскі ўцёк у Прусію, потым эміграваў зноў у Францыю. Большасць польскіх магнатаў перайшла на бок Аўгуста III. І ўсё ж Аўгусту III давялося змагацца з Дзікоўскай канфедэрацыяй.
Вайна за польскую спадчыну набыла агульнаеўрапейскі характар. Фармальна ў абарону Станіслава Ляшчынскага выступіла Францыя — выступіла супраць Расіі, Аўстрыі і Саксоніі. Французы нанеслі паражэнне аўстрыйскім войскам у Італіі. Вайна закончылася ў кастрычніку 1735 г. падпісаннем прэлімінарнага дагавора. У лістападзе 1738 г. быў падпісаны канчатковы Венскі трактат паміж Аўстрыяй і Францыяй, да якога ў 1739 г. далучыліся Расія, Саксонія і Рэч Паспалітая. Францыя дамаглася аслаблення Аўстрыі. Каралём польскім і вялікім князем літоўскім, рускім і жамойцкім прызналі Аўгуста III. Станіслаў Ляшчынскі захаваў пажыццёва тытул караля і вялікага князя і атрымаў (таксама пажыццёва) герцагствы Латарынгію і Бар (тамсама, дзе і Латарынгія). Расія ўзмацніла свой уплыў на Рэч Паспалітую і захавала яе слабы, паўанархічны дзяржаўны лад, карысны для далейшых мэтаў расійскай палітыкі.
Так ва ўмовах інтэрвенцыі пачалося панаванне навязанага Рэчы Паспалітай караля і вялікага князя. Але даволі хутка
Пацыфікацыйны (міратворчы) сойм, які засядаў у чэрвені - ліпені 1736 г., урэшце скончыў грамадзянскую вайну. Падчас панавання Аўгуста III гэта быў адзіны сойм, праведзены да канца. Наступныя соймы зрываліся дзякуючы правілу аднагалосся (ліберум вета). У асноўным інспіратарамі зрыву соймаў (ад 1738 да 1752 г.) была «рэспубліканская апазіцыя» на чале з Патоцкімі; яны выступалі супраць караля, а потым і Чартарыйскіх за захаванне так званых рэспубліканскіх вольнасцяў без каралеўскай цэнтральнай улады. Да зрыву соймаў мелі дачыненне таксама расійскі і прускі пасланнікі. Але і ў 1754–1762 гг. соймы таксама зрываліся. Наогул пры Аўгусце III было сарвана 14 соймаў. Ніводнага закону за гэты перыяд не было прынята. Цэнтральная ўлада была вельмі аслаблена. Фактычна кіраўніцтва дзяржавай было дэцэнтралізавана, а ўлада ў паветах перайшла да соймікаў, якія вырашалі фінансава-падатковыя праблемы зыходзячы з мясцовых, павятовых, задач і патрэбаў.
Сам Аўгуст III гэтай краіны не любіў і не ведаў. Ён так і не навучыўся гаварыць па-польску, ездзіў у Варшаву вельмі рэдка, і то пад прымусам абставін. Каб прымаць дзяржаўныя акты, трэба было знаходзіцца на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Аўгуст III прыязджаў з Саксоніі на некалькі дзён ці тыдняў у памежны горад Усхову, дзе адбываліся ягоныя нарады з Сенатам Рэчы Паспалітай, і намагаўся хутчэй вярнуцца ў Дрэздэн. Прыязджаў таксама на соймы. Двойчы наведаў Горадню, дзе збіраліся соймы ў 1744 і 1752 гг., але не столькі для удзелу ў соймах (дарэчы, сарваных), колькі дзеля паляванняў у Белавежскай пушчы. Аднак ліхалецце Сямігадовай вайны, калі прускія войскі займалі Саксонію, прымусіла Аўгуста III пераехаць у нейтральную Рэч Паспалітую.
Акрамя паляванняў у лясах Саксоніі, недалёка ад свайго замка Губертсбурга, Аўгуст III любіў страляць у сабак, якіх спецыяльна вабілі на двор ягонага замка, любіў выразаць фігуркі з паперы, ахвотна праводзіў час з прыдворнымі блазнамі. А ўвогуле гэта быў апатычны і недаступны чалавек, але вельмі давяраў сваім фаварытам, якіх праз некаторы час мяняў. Акрамя айцоў-езуітаў, спачатку вялікі ўплыў на караля меў ягоны сябра ў маладых гадах Аляксандр Юзаф Сулкоўскі, граф, а потым і князь Свяшчэннай Рымскай імперыі, лоўчы надворны літоўскі і першы міністр саксонскага кабінета (1733–1738), ён жа генерал саксонскай пяхоты. Але ў лютым 1738 г. Сулкоўскі патрапіў у няміласць караля і быў звольнены. Яго замяніў здольны і спрактыкаваны палітык — Генрых фон Бруль, які стаў і ягоным міністрам у Польшчы. Каля Аўгуста III былі ягоныя даўнейшыя прыхільнікі Я. Малахоўскі, Ліпскі, Я. Ф. Сапега, Я. К. Л. Браніцкі, Радзівілы, Вішнявецкія. У 1743 г. на першае месца ў Рэчы Паспалітай выйшлі Чартарыйскія, але ў 1752 г. «першую скрыпку» зноў займеў Бруль і Е. Мнішак (апошні прымірыў караля з Патоцкімі, якія былі ў апазіцыі).
З гэтага спісу трэба адзначыць Чартарыйскіх, якія, карыстаючыся даверам караля, намагаліся правесці неабходныя рэформы ў Рэчы Паспалітай: заснаваць спадчынную манархію, абмежаваць магнацкую алігархію і скасаваць ліберум вета. Але падтрымкі караля і ягонага двара не было, таму гэтая спроба скончылася няўдачай. Увогуле ж Аўгуст III цікавіўся рэформамі толькі ў той ступені, каб з іх дапамогай забяспечыць трон у Рэчы Паспалітай каму-небудзь са сваіх сыноў.
У асноўным магнаты Рэчы Паспалітай у перыяд панавання Аўгуста III падзяліліся на дзве групоўкі, якія аспрэчвалі ўладу ў краіне паміж сабой. Караля падтрымлівалі Чартарыйскія і іх шматлікія прыхільнікі, у тым ліку Радзівілы і Сапегі. Адзін з Чартарыйскіх, Міхал, доўгі час быў падканцлерам літоўскім (1752–1775). Ён меў вялікі ўплыў на падзеі ў Літоўскай-Беларускай дзяржаве. Арыентаваліся Чартарыйскія на Расію, а з 50-х гг. XVIII ст. і на Прусію.