Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Тады Аўгуст Моцны арганізаваў серыю замахаў на Ляшчынскага, намагаючыся захапіць або забіць канкурэнта. Саксонскі афіцэр Л. Лакруа з падкупленымі дванаццаццю салдатамі і крымінальнымі злачынцамі прыбыў у Цвайбрукен і запланаваў захапіць (або забіць) Станіслава Ляшчынскага 15 жніўня 1716 г. падчас ягонай паездкі ў капліцу Гравенталь са сталіцы графства. Аднак С. Панятоўскі выкрыў змову. Злачынцы былі арыштаваныя і судом прыгавораныя да смяротнага пакарання. Станіслаў Ляшчынскі памілаваў злачынцаў, даў ім свабоду і нават грошы на выезд у Саксонію. У Еўропе гэты акт амністыі падвысіў аўтарытэт С. Ляшчынскага: вестка пра тое шырока распаўсюдзілася ў Рэчы Паспалітай. Аўгуст II вымушаны быў выдаць публічную пратэстацыю, у якой заявіў, што нічога не ведаў пра змову і планы забойства Ляшчынскага.
Замах, смерць Карла ХІІ (загінуў у 1718 г. падчас
Раптам усё змянілася. Каралеўскі ўрад Францыі пасля абвяшчэння паўналецця французскага караля Людовіка XV (1710–1774), якому споўнілася 14 гадоў, пачаў шукаць яму нявесту. Прыдворныя перш за ўсё паглядзелі ў еўрапейскі генеалагічны каляндар, у якім былі пералічаны ўсе члены каралеўскіх і княжацкіх сем'яў. Выбар упаў на каралеўскую дачку — Марыю Ляшчынскую (1703–1768), якой ужо быў 21 год. Разлічвалі, што яна — прыгожая дзяўчына, шчырая каталічка, добрага здароўя, значыць, можа даць каралю шмат дзяцей. Бралася ў разлік і тое, што яна бедная і яе сям'я не мае аніякіх уплываў на прыдворнае жыццё Францыі. Значыць, і каралева няздольная да прыдворных інтрыг, а будзе займацца толькі сямейнымі справамі. У гэтым яны не памыліліся. Каралю партрэт дзяўчыны спадабаўся, і ён вырашыў ажаніцца з ёй.
Нечакана для Станіслава Ляшчынскага ў Вісэмбург, гэтае невялікае мястэчка ў Эльзасе, з'явілася пасольства ад караля на чале з прынцам дэ Раганам, біскупам страсбургскім. Біскуп ад імя караля папрасіў у С. Ляшчынскага дазволу на шлюб з ягонай дачкой. Калі бацька гэта пачуў, ён самлеў ад нечаканасці і ўражання. Потым ужо Станіслаў Ляшчынскі перасяліўся ў Страсбург, дзе 15 жніўня 1725 г. ва ўрачыстай цырымоніі пракурацыйнага шлюбу ўдзельнічаў ад імя караля (на месцы жаніха ў касцёле) сваяк Людовіка XV — герцаг Луі Арлеанскі. Урэшце 5 верасня 1725 г. у Парыжы адбылася цырымонія шлюбу з удзелам самога караля. Каралева Марыя Ляшчынская, сапраўды, стала маці 10 каралеўскіх дзяцей (праўда, трое памерлі ў дзяцінстве).
Сын яе, дафін Луі (1729–1765), быў здольным чалавекам, але памёр раней за бацьку. Маці вельмі перажывала страту любімага сына, які, дарэчы, быў бацькам ажно трох каралёў Францыі — Людовіка XVI (загінуў на гільяціне ў 1793 г.), Людовіка XVIII і Карла X. Нашчадкі Марыі Ляшчынскай па жаночай лініі жывуць і цяпер (пармская лінія Бурбонаў, у тым ліку вялікі герцаг люксембургскі Жан I, Габсбургі, іспанская лінія Бурбонаў, у тым ліку цяперашні кароль Іспаніі Хуан Карлас I і іншыя).
Аднак сямейнае жыццё каралевы Марыі ўрэшце стала нешчаслівым. Малады муж стаў шукаць уцехі з іншымі кабетамі, з'явіліся вядомыя фаварыткі — маркіза Пампадур, графіня Дзюбары і шмат іншых жанчын і дзяўчат.
Але ўсё гэта было потым. Цяпер жа Станіслаў Ляшчынскі перасяліўся з жонкаю ў Парыж, жыў у блізкіх да сталіцы замках Версаль, Шамбор, Мядон, карыстаўся павагай як каралеўскі цесць.
Сітуацыя зноў змянілася, калі ў ноч на 1 лютага 1733 г. у каралеўскім замку ў Варшаве памёр Аўгуст Моцны. Французская дыпламатыя, якую ўзначальваў кардынал Флеры, вылучыла на каралеўскі пасад у Рэчы Паспалітай кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага. Кардынал, якога падтрымаў Людовік XV, разлічваў, што Расія і Аўстрыя будуць процідзейнічаць гэтай кандыдатуры. Станіслаў Ляшчынскі з дапамогай Францыі здолеў бы абараніць незалежнасць Рэчы Паспалітай, а гэта сарвала б планы Расіі і Аўстрыі канчаткова падпарадкаваць гэтую краіну.
У Рэчы Паспалітай, асабліва ў Польшчы, кандыдатура Ляшчынскага была ўспрынята добра, бо людзям надакучыла панаванне чужаземнага манарха, якое прынесла краіне шмат непрыемнасцяў, бяду і войны. Агітацыя ў Варшаве французскага пасла маркіза дэ Манці павялічыла колькасць прыхільнікаў
Але Расія і Аўстрыя не маглі пагадзіцца з гэтым. Меншасць выбаршчыкаў была супраць Ляшчынскага. Не падтрымалі яго і часці літоўскага-беларускага войска. На тэрыторыю ВКЛ праз Горадню і Смаленск і маршам далей на Варшаву прайшлі расійскія арміі генерал-аншэфа П. П. Ласі і генерал-паручніка Загражскага пад агульным камандаваннем генерал-фельдмаршала Б. К. Мініха. Ужо 1 кастрычніка расійская армія заняла прадмесце Варшавы Прагу. Туды з'ехаліся выбаршчыкі з меншасці выбарчага сойма, у тым ліку кракаўскі ваявода Т. Любамірскі, наваградскі ваявода М. Ф. Радзівіл, расійскі фельдмаршал Я. К. Сапега, Агінскі, Завіша і іншыя. Пад аховаю расійскіх войскаў яны 5 кастрычніка 1733 г. абвясцілі каралём і вялікім князем літоўскім саксонскага курфюрста Фрыдрыха Аўгуста IІ, сына караля Аўгуста Моцнага, які быў абвешчаны каралём польскім і вялікім князем Аўгустам III (1696–1763). Такім чынам, Станіслаў Ляшчынскі быў каралём у Варшаве толькі 14 дзён, а потым вымушана выехаў у Гданьск, дзе чакаў дапамогі з Францыі: каронныя войскі былі слабыя, і дастатковага адпору расійскаму войску даць не здолелі. Аднак вайна за польскую спадчыну цягнулася два гады (1733–1735). 7 ліпеня 1734 г. Гданьск капітуляваў. Хоць на баку Станіслава Ляшчынскага выступіла ў 1734 г. Дзікоўская канфедэрацыя шляхты, аднак экс-кароль не змог яе ўзначаліць. Ён здолеў уцячы з Гданьска ў Прусію. Вайна за польскую спадчыну перакінулася ў Еўропу. Францыя ваявала з Аўстрыяй і Саксоніяй, якім дапамагала Расія. Вайна скончылася ў 1735 г. прэлімінарным мірам (канчатковы быў падпісаны ў 1738 г.). Францыя прызнала польскім каралём і вялікім князем літоўскім Аўгуста III, Станіслаў Ляшчынскі адмаўляўся ад кароны і атрымліваў герцагства Латарынгію (на ўсходзе Францыі), якое пасля ягонай смерці павінна была перайсці да Францыі. За ім пажыццёва захоўваўся тытул караля польскага. 26 студзеня 1736 г. Станіслаў Ляшчынскі адмовіўся ад кароны на карысць Аўгуста III. Яму вярталіся маёнткі ў Польшчы. Сваім каралеўскім актам Станіслаў Ляшчынскі вызваліў усіх сваіх прыхільнікаў ад прысягі, дадзенай яму, і ў чэрвені 1736 г. вярнуўся ў Францыю.
Раней некалькі стагоддзяў Латарынгія была асобным герцагствам у складзе Свяшчэннай Рымскай імперыі. Апошні герцаг латарынгскі Франц Стэфан на пачатку 1736 г. ажаніўся з дачкой імператара Карла VI Марыяй Тэрэзіяй, якой у спадчыну перайшлі ўсе аўстрыйскія землі. Францыя падчас вайны за польскую спадчыну фактычна адваявала Латарынгію для сябе, даўшы ў якасці кампенсацыі Францу Стэфану вялікае герцагства Таскану ў Італіі.
Ляшчынскі вёў шырокае будаўніцтва ў латарынгскіх гарадах. У Люневілі, Нансі, Камерсі былі пабудаваны палацы, пасаджаны паркі. Для насельніцтва будаваліся свірны для захавання зерня, праводзіліся дабрачынныя акцыі. Стваральная дзейнасць былога польскага караля павялічыла колькасць ягоных прыхільнікаў сярод насельнікаў Латарынгіі, якія спачатку не вельмі ахвотна прынялі чужынца з Усходняй Еўропы ў ролі валадара. Народ нават даў яму мянушку Дабрачынны. Захаваліся ягоныя партрэты гэтага перыяду, на пляцы Станіслава ў Нансі — ягоная статуя, у касцёле Нотр-Дам-дэ-Бон-Секур можна пабачыць ягонае надмагілле.
Апошнія дзесяцігоддзі Станіслаў Ляшчынскі, нягледзячы на свой век, прызвычаіўся да дзвюх рэчаў — добра пад'есці і прыемна правесці час з кабетамі. У апошнія гады жыцця ён ужо не нагадваў маладога стройнага прыгажуна. Гэта быў вельмі тоўсты стары, які хадзіў з палкай, абапіраючыся на яе. Але трымаўся ён даволі моцна і, бадай, мог пражыць яшчэ некалькі гадоў, каб не той няшчасны выпадак. 15 лютага 1766 г. ён стаяў ля каміна ў сваім кабінеце ў адным з аддаленых пакояў палаца, далёка ад слуг. Раптам яго шлафрок загарэўся. Ён хацеў патушыць агонь рукамі, але занадта нахіліўся і паваліўся ў агонь каміна, ягоная левая рука пачала гарэць.